Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
З Міжнародным жаночым днём 8 сакавіка!

З Міжнародным жаночым днём 8 сакавіка!

7 сакавіка 2024, 09:38 Грамадства, літаратура 46
З Міжнародным жаночым днём  8 сакавіка!

Беларускія жанчыны

 

Не гартаў я фаліянтаў

пажаўцелыя старонкі,

Не шукаў пра вас паданняў,

пыл стагоддзяў не страсаў.

Чуў я змалку плач ваш горкі,

чуў я смех ваш срэбразвонкі,

Беларускія жанчыны –

неўміручая краса!

Станам – зграбныя бярозкі,

што павыбеглі край руні,

Замест воч – асколкі неба

яснай чэрвеньскай пары;

Валасы – ручайкі лёну,

галасы – напеў шматструнны,

А усмешкі – водбліск ясны

санцавейнае зары.

Гордасць, пэўна, узялі вы

ў Рагвалодавай Рагнеды,

Дум ясноту Ефрасіння,

пэўна, ў спадчыну дала.

Кроў свавольных крывічанак

не схіляла вас у бедах, –

Пакідалі вы святліцы,

бралі ў рукі вы булат.

Нёс тэўтонскі крыжаносец

на канцы мяча няславу,

На зямлю славян-суседзяў

ваяўнічы рушыў швед.

Адгукаўся Яраслаўне

голас цвёрды Гарыславы,

Клікаў віцязяў у бітве

затаптаць варожы след.

Крывічоў зямля лясная

не скаралася няволі,

Хоць не раз іх род нязломны

у пабоішчах палёг.

Паланянкамі былі вы,

а рабынямі – ніколі! –

Хоць у гневе неразумным

адварочваўся Стрыбог.

Колькі вы пакут зазналі –

не зазнаў ніхто на свеце!

Кветкі-браткі – вашы слёзы

прарасталі па лясах;

Сек няшчадна вам абліччы

ліхалеццяў снег ды вецер,

А не звяла, не змарнела

ваша гордая краса!

Гнулі спіны вы ў прыгоне,

жалі жыта Радзівілам,

Пелі песні немаўляткам

пры лучыне ў позні час;

Гадавалі веліканаў,

каб дужэў народ-асілак,

Налівалася каб сіла

незгінальная ў плячах!

Вы зазналі дым і попел,

спусташэнне лютых войнаў,

Хлеб з бядою-лебядою,

лёс салдаткі-удавы;

Вы трывожна сустракалі

век дваццаты неспакойны;

Не схілялі ў час нашэсцяў

непакорнай галавы.

Вам знаёмы кроў і порах,

партызанскія сцяжыны,

Помсты жар у сэрцах добрых,

дзе б каханню гнёзды віць;

Вы на смерць ішлі без страху,

беларускія жанчыны,

У імя Радзімы светлай,

міру, шчасця і любві!

Вы умелі быць гразою.

Чырванець умелі ружай.

Рассыпаць дабра алмазы.

Карчаваць карэнне зла.

Гэта ваша бессмяротнасць

увасоблена ў Харужай,

З вашай мужнасцю Мазанік

меч дамоклаў узняла!

Вы – пачатак прыгажосці,

вы – жыцця першапрычына,

Бачу будучыню вашу

я ў служэнні хараству.

Я цалую вашы рукі,

беларускія жанчыны!

Я схіляю перад вамі

ў знак пашаны галаву!

Алесь Звонак.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3417
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2816
У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята
Грамадства

У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята

25 верасня 2018, 00:2515
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0615
Далучайцеся да нас