У Менску выйшла з друку літаратурная спадчына аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры, нашаніў-ца, перакладчыка, бібліяфіла, мастака і музыканта Гальяша Леўчыка (1880-1944). Кніга называецца “Божая ліра”.
Шмат гадоў збіраў спадчыну Гальяша Леўчыка. Усё, што ўдалося адшукаць у архівах, бібліятэках, музеях, увайшло ў кнігу. Гэта вершы, пераклады, проза, пропаведзі, артыкулы і шмат здымкаў, вельмі многа рэдкіх і раней невядомых. Дзякуй таксама даследчыку нашай літаратуры Юрасю Бачышчу, які дапамагаў у выданні гэтай кнігі і з’ўляецца суаўтарам.
Няма на Чырвонаармейскай вуліцы (да верасня 1939 года гэта была вуліца 3 Мая) ў Слоніме хаткі, дзе жыў Гальяш Леўчык (Ілья Міхайлавіч Ляўковіч). Гэта была не хата, а сапраўдны скарб! Пэўны час там, дзе яна стаяла, знаходзіўся Слонімскі аўтарамонтны завод, а цяпер і завода няма, а памяшканне арэндуюць розныя фірмы і прыватнікі.
Праект уласнай хаты склаў і яе будаваў у 1920 годзе сам паэт, разабраўшы старую бацькаву хату. Яна прастаяла да пачатку 1960-х гадоў, але пасля была знесена, бо пашыралася тэрыторыя завода. Шкада, а мог бы быць там добры музей нашаму паэту.
Хата Гальяша Леўчыка нагадвала маленькі своеасаблівы архіў-музей. Усе сцены былі пазавешаны малюнкамі ў пазалочаных рамачках яго работ, фотаздымкамі, сярод якіх вісеў вялікі алейны партрэт самога Гальяша работы варшаўскага мастака Мечыслава Барвіцкага. Шмат знаходзілася розных кніжак, роспісаў, старых рэчаў. Паэт цікавіўся гісторыяй Беларусі, збіраў народную творчасць, калекцыяніраваў усё беларускае – кнігі, паштоўкі, значкі, музычныя інструменты. Ды і сам добра іграў на гітары, скрыпцы і акарыне.
Падобны музей беларускай літаратуры і мастацтва быў і ў ягонай кватэры ў Варшаве. Летам Гальяш Леўчык жыў у Слоніме, а зімою – у сталіцы Польшчы. Але давайце з Варшавы зноў вернемся ў Слонім, дзе жыў наш дзядзька Гальяш.
Дзядзькам Гальяшом яго звалі маладзейшыя слонімскія паэты, мастакі, музыканты. У доміку № 73 на вуліцы 3-га Мая ў Слоніме часта бывалі паэты Анатоль Іверс, Сяргей Хмара, Сяргей Новік-Пяюн, мастак Антон Карніцкі, паэтка Наталля Арсеннева, якая некалькі гадоў жыла ў Слоніме, а таксама Ядвіся. Так-так, тая самая Ядвіся, пра якую пісаў Якуб Колас у аповесці “У палескай глушы”. Пра гэта пры жыцці не раз расказваў Сяргей Новік-Пяюн. Ён нават меў сустрэчу з Ядвісяй, іх пазнаёміў менавіта Гальяш Леўчык. Ядвіся, сапраўды, жыла ў Сло-німе на Ружанскай вуліцы. Прозвішча ў яе было – Бараноўская. Яна пісала вершы і друкавала ў “Нашай ніве” пад псеўданімам Юстына. У 1945 годзе Ядвіся пакінула горад над Шчарай і выехала ў Польшчу.
Да Гальяша Леўчыка ў Слонім прыязджалі многія беларускія дзеячы. Гасцявалі ў яго хатцы мастак Язэп Драздовіч, пісьменніца і беларуская грамадска-культур-ная актывістка Зоська Верас, фалькларыст і кампазітар Антон Грыневіч, пісьменнік Міхась Лынькоў, ксёндз і публіцыст Адам Станкевіч і нават заязджаў Янка Купала. А было гэта 14 лістапада 1939 года. Пясняр вяртаўся з Беластока з Народнага сходу Заходняй Беларусі. Па дарозе на Менск ён заехаў у Слонім, бо ведаў, што тут жыве Гальяш Леўчык. На сваім “Шаўрале” Янка Купала пад’ехаў да хаткі паэта, дзе яны сустрэліся. Пасля гутаркі, Янка Купала запрасіў Гальяша ў “Першы беларускі рэстаран”, які знаходзіўся ў цэнтры Слоніма. Яны паабедалі разам і развіталіся. Больш у жыцці паэтам сустрэцца не давялося. Эх, знайсці хаця б сёння той услончык, дзе ў гэтай хатцы сядзелі Янка Купала і Гальяш Леўчык!..
Ілья Ляўковіч меў шмат сяброў. Яны прыязджалі не толькі ў Слонім, але і часта пісалі пісьмы, дасылалі кнігі, паштоўкі, часопісы. А вось сяброўкі, гаспадыні ў доме ў яго не было. І неяк у 1932 годзе паэт прачытаў у газеце “Кур’ер Кракаўскі” аб’яву, дзе 30-гадовая жанчына з Ваўкавыска, якая піша апавяданні, хоча выйсці замуж. Гальяш Леўчык “клюнуў” на гэтую аб’яву і напісаў жанчыне пісьмо. Пачалася перапіска, а праз пэўны час яны спаткаліся. Жанчына аказалася прыгожай і вельмі спадабалася слонімскаму паэту. Праўда, яна была даволі лёгкіх паводзін і любіла жыць раскошна. І гэта Гальяша Леўчыка трохі насцярожвала. Ён нават заехаў у мястэчка Дзярэчын да свайго сябра пратэстанцкага прапаведніка Яна Пятроўскага (1905-2001, пазней жыў і памёр у ЗША), каб пагутарыць пра сваю будучую жонку. Той яго адгаворваў, каб не жаніўся на польскай дзяўчыне з Ваўкавыска. Але Гальяш не паслухаў сябра, і праз пэўны час слонімскі паэт і польская дзяўчына Зося ўзялі шлюб.
Вельмі цяжка жылося Гальяшу Леўчыку з Зосяй Ляўковіч. Яна яго не кахала і не берагла, а жыла, як хацела сама. Усе зберажэнні мужа жанчына праз некаторы час поўнасцю расходавала. А ў гады Другой сусветнай вайны за ёю сачыла нямецкая паліцыя, якой не падабаліся яе частыя выезды ў Варшаву. Паліцыя ўзяла ў яе распіску аб нявыездзе са Слоніма. Зося ўсё ж працягвала свае паездкі. Яе хутка арыштавалі, і ў камеру паліцыя падаслала правакатаршу, якой жанчына расказала, што яна захоўвае ў падушчы польскі сцяг з арлом. На кватэры немцы сапраўды знайшлі сцяг і незадоўга пасля гэтага ў 1942 годзе яе расстралялі на Пятралевіцкай гары каля Слоніма.
Гальяш Леўчык цяжка перажываў страту Зосі, відаць, моцна яе кахаў. Дзяцей у іх не было. У 1942 годзе са Слоніма ён падаўся ў Варшаву, каб выратаваць сваю кватэру і архіў. Паэт неяк дабраўся да свайго дома і кватэры. Але ў ёй ужо жыла іншая сям’я, якая нічога не ведала пра папярэдніх кватарантаў. Так беларус застаўся без жонкі, без кватэры і без уласных архіваў. У акупаванай немцамі Варшаве ён галадаў, а напачатку 1944 года паэта не стала.
Нарадзіўся Ілья Ляўковіч 20 ліпеня 1880 года ў Слоніме, куды пераехаў яго бацька з-пад Ружан у пошуках “шчасця-долі ў шырокім свеце”. Ілья скончыў Слонімскае гарадское вучылішча, служыў пісарчуком у каморніка, а пасля працаваў у канцылярыі суддзі. Напачатку 1920-х гадоў Ілья Ляўковіч спрабаваў перабрацца ў Вільню, але ўрэшце рэшт вярнуўся назад у Варшаву і жыў там на становішчы то дробнага службоўца, то беспрацоўнага.
Пра беларускі рух у Варшаве ў першай палове ХХ стагоддзя зрэд часу ў друку згадвалі Пятро Ластаўка, Францішак Каравацкі, Юры Туронак і іншыя літаратуразнаўцы і гісторыкі. Але гэта былі невялікія згадкі-імгненні пра беларусаў і беларускія таварыствы ў Варшаве. І, наогул, беларускі перыяд у даваеннай Варшаве першай паловы ХХ стагоддзя ў Польшчы і ў Беларусі сур’ёзна і грунтоўна не даследаваны. Ён патрабуе дасканалага ака-дэмічна-манаграфічнага падыходу і даследавання, ды і сіламі аднаго даследчыка тут не абыйсціся.
Нялёгкі быў пачатак ХХ стагоддзя для Варшавы, а тым больш ён быў няпростым для беларусаў, якія там жылі, працавалі, стваралі беларускія таварыствы, саюзы, арганізацыі. Але гэта ўсё было, гэта факт, і пра гэта трэба распавядаць сёння, каб захаваць для нашых нашчадкаў, для нашай агульнай гісторыі. Давайце паспрабуем заглянуць ў беларускую Варшаву напачатку ХХ стагоддзя. Ну, хаця б зрабіць туды невялікую вандроўку-згадку.
Беларускае жыццё ў Варшаве хутчэй за ўсё пачало закладвацца, калі ў 1893 годзе ў Варшаўскі імператарскі ўніверсітэт на працу прыехаў беларускі акадэмік і філолаг Яўхім Карскі. Спачатку ён працаваў прафесарам, затым экстраардынарным прафесарам на кафедры рускай і стараславянскай моў і гісторыі рускай літаратуры. Пасля прафесар выкладаў там славянскую палеаграфію, рускую дыялекталогію і граматыку царкоўнаславянскай мовы.
У варшаўскі перыяд сваёй педагагічнай дзейнасці, карыстаючыся ўсеагульнай павагай, Яўхім Карскі два разы выбіраўся рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта – у 1905 і 1908 гадах. Адначасова з педагагічнай дзейнасцю наш вучоны праяўляў вялікую цікавасць да беларускага жыцця ў Варшаве, спрыяў гэтаму, як мог, дапамагаў беларускім студэнтам. У 1908 – 1913 гады там было арганізавана і праведзена шмат беларускіх мерапрыемстваў. У іх прымалі ўдзел і сам Карскі, яго жонка і дзеці. Быў нават такі выпадак. Аднойчы ў Варшаву прыехаў з трупай Ігнат Буйніцкі. А напярэдадні беларуская моладзь надрукавала і расклеіла па горадзе афішу на беларускай мове. Гэта выклікала гнеў царскай паліцыі, бо дазвалялася друкаваць улёткі толькі на рускай мове і на польскай. Гэты выпадак ледзь не сарваў правядзення мерапрыемства. Але дзякуючы Яўхіму Карскаму, усё наладзілася і супакоілася. Тады ў справе гэтых афішаў былі замешаны Аркадзь Салаўевіч і Гальяш Леўчык. ён з’яўляўся ў той час адным з арганізатараў розных беларускіх спраў у Варшаве. Там упершыню Леўчык і пазнаёміўся з Яўхімам Карскім.
Гальяш Леўчык у Варшаву трапіў у 1904 годзе. Ён улаткаваўся на працу чарцёжнікам у гарадскі магістрат і наведваў лекцыі ў школе мастацтваў. За гэты час Леўчык знаходзіць у Варшаве шмат беларусаў, знаёміцца з імі, арганізоўвае сустрэчы, ладзіць вечарыны. Першая інфар-мацыя пра беларускую дзейнасць Гальяша Леўчыка і яго сяброў у Варшаве змясціла “Наша ніва” 1(14) снежня 1911 года. Аўтар Саўка Бурывой (Рамуальд Зямкевіч) паведамляў, што 21 лістапада адбылася вечарына студэнтаў-беларусаў Варшаўскага ўніверсітэта. Аўтар пісаў пра нейкага Пшчолку, які “гаварыў на сцэне сьмешных казак у расейско-беларускай гутарцы”, пра маленькую дзяўчынку ў пекнай беларускай апратцы, якая мовіла словамі Янкі Купалы: “Чаго нам трэба” і “Чаго б я хацеў”… Пасля пра другую дзяўчынку, якая чытала вершы “Не цурайся мяне, панічок” і “Панская ласка”. Потым на сцэну выйшаў Гальяш Леўчык, якога, як апісвае аўтар, “мы ўбачылі на лаўцы хвораго, слабого, ледзь жывога мальца беларуса, у згрэбнай сарочцы, прыкрытаго старэнькай сьвітай – тып праўдзівага беларуса-мужыка. Быў то малады песьняр Леўчык Гальяш. Ён слабым голасам пад гітару прапеяў: “Мне трэба ўмерці” і апрыч таго пасьля шмат чаго дэклямаваў. Усё выпаўніў шчыра і публіцы надта спадабаўся”. Далей выступаў хор, які спяваў беларускія песні.
Жывучы ў Варшаве, Гальяш Леўчык сабраў вялікую і каштоўную бібліятэку, ён калекцыяніраваў усё беларускае: кнігі, паштоўкі, творы мастацтва, музычныя інструменты, значкі, фотаздымкі. На жаль, у гады Другой сусветнай вайны ўсё гэта бясследна прапала. Але гэта было пазней. А тады кожнаму беларусу Варшавы і беларусам, якія прыязджалі сюды, Гальяш Леўчык з радасцю паказваў сваю калекцыю, дапамагаў матэрыяламі ў напісанні той ці іншай працы. Хачу адзначыць, што тады ў Варшаве жыў і яшчэ адзін беларускі калекцыянер кніг і рукапісаў Рамуальд Зямкевіч(1881-1944). Ён нават з’яўляўся больш заўзятым калекцыянерам і бібліяфілам, чым Леўчык. Кажуць, што Зямкевіч быў такі заўзяты бібліяфіл, што не прапускаў ніводнае старое беларускае кніжкі, асабліва, калі яна “дрэнна ляжала”. У выніку ён сабраў найвялікшую калекцыю рарытэтаў, але, на жаль, і яго ўся калекцыя згарэла ў вайну. Добра, што Рамуальд Зямкевіч хоць паспеў апублікаваць некаторыя рукапісы ў друку. Не ведаю толькі, як яны мірыліся і сябравалі – два калекцыянеры, два вялікія аматары беларускіх кніг – Рамуальд Зямкевіч і Гальяш Леўчык. У пісьме да Івана Луцкевіча ад 4 ліпеня 1911 года Гальяш Леўчык пісаў пра Рамуальда Зямкевіча: “Ну і цікавы з яго, аднак, экземпляр, наколькі я мог яго пазнаць!.. Зусім ён мяне здзівіў, асабліва знаннем беларускай бібліяграфіі. Ад яго я шмат чаго даведаўся. Калі ён махлюе, ды духам не ўпадзе, і будзе ісці крэпка, то смела можна сказаць, што вялікую карысць ён калісьці Беларусі прынясе! Шкада, што нямаш яму як там у Вільні альбо ў Варшаве пакуль што аперціся, каб матэрыяльна яму было лягчэй, а то, бедны, зусім ужо вытрасся!.. Я яму крыху памог, але далей трудна! Але, здаецца, ён не махлюе, а кажа праўду…” (ЦБАН Літвы. Ф.21, спр. 260, арк. 2-3).
У 1913 годзе на курсы садоўніцтва, агародніцтва і пчалярства прыехала ў Варшаву Зоська Верас (Людвіка Войцік, 1892-1991). Там яна пазнаёмілася з Гальяшом Леўчыкам. Аднойчы яе і Марысю Галубянку, якая жыла ў Варшаве і працавала настаўніцай у школе Вавэльберга, Гальяш паклікаў да сябе ў госці. “Жыў тады Леўчык на вуліцы Леапальдыны, 35, кв.32. Кватэра была, здаецца, на трэцім паверсе”, – згадвае Зоська Верас (газета “Рунь”( Літва), 3 жніўня 2000). Далей Зоська Верас прыгадвае: “Пакой здаваўся вузкім, таму што ягоная сцяна была абсталявана даволі шырокімі паліцамі ад падлогі да столі. І на іх стаялі кніжкі, кніжкі, кніжкі… Сапраўды, гэта была вялікая, цікавая і каштоўная бібліятэка. Сабранае было хіба што ўсё, што выйшла з друку ў беларускай мове… Усе паліцы былі ўпрыгожаныя партрэтамі пісьменнікаў, паштоўкамі, краявідамі. Шмат што было купленае, але й шмат падараванае аўтарамі ды знаёмымі. Тыя кнігі, што стаялі ніжэй, мы з Марысяй аглядалі самі, а тыя, што высока, Леўчык здымаў і паказваў сам. Не адну гадзіну гэты занятак забраў нам. Нарэшце Гальяш сказаў: “Ну й замучыў я вас… Пара адпачыць!”. Мы адмаўляліся, не жадаючы клопату, але былі змушаныя пагадзіцца. Пілі добра прыгатаваную гарбатку, і да яе было сёе-тое смачнае. Пасля Леўчык прапяяў нам пару песняў пад акампаніямэнт гітары. Голас меў прыгожы. Пяяў і граў умела. Развіталіся мы з ім позна вечарам”.
Калі я сустракаўся з Зоськай Верас у Вільні ў 1987 годзе, то таксама запытаўся ў яе пра Гальяша Леўчыка. Пісьменніца вельмі цёпла ўспамінала пра яго. Расказала мне пра тое, як Гальяш Леўчык у Варшаве пазнаёміў яе з многімі беларусамі. Яны часта ездзілі ў Ажарова, што пад Варшавай, да беларускай сям’і Сталыгваў, якія там мелі свой дом. Памятаецца, як Зоська Верас мне згадвала і пра тое, што Леўчык лічыў сваім абавязкам ведаць кожнага беларуса, які прыязджаў у Варшаву, прыцягнуць у сваю групу, каб ён не згубіўся ў людскім моры і не забываўся сваёй мовы, як ён сам казаў. А калі беларусу не было дзе начаваць, ён клікаў яго да сябе ў маленькую кватэру на вуліцу Леапальдыны. Неяк Гальяш Леўчык завёў Зоську Верас і да збіральніка беларускага фальклору Міхала Федароўскага (1853-1923), які прыняў іх шчыра і ветліва.
У 1919 годзе ў Варшаве арганізоўваецца Беларускі камітэт. Вакол яго хутка згуртаваліся многія вядомыя беларусы Варшавы, якія актыўна пачалі пашыраць нацыянальную свядомасць. Часопіс “Беларускі летапіс” (1938, № 4. С.11) пісаў, што Беларускі камітэт выпісваў ўсе беларускія газеты і часопісы, а таксама кніжкі. З іх была створана бібліятэка. А Гальяш Леўчык быў адным з самых актыўных сяброў камітэта. У Слонімскім раённым краязнаўчым музеі захоўваецца адзін фота-здымак. На здымку фатограф зрабіў надпіс на беларускай мове лацінкай: “Беларускія валасныя старшыны Слонімскага павету Гарадзенскай губерні”. У кожнага з іх маецца на грудзях медаль. На адваротным баку здымка ёсць штамп “Беларускі камітэт у Варшаві” і круглая пячатка з такім жа надпісам. Магчыма фотаздымак у Слонім трапіў праз Гальяша Леўчыка. Гэта ён яго прывёз з Варшавы пасля таго, як не стала там Беларускага камітэта ў 1922 годзе. Дзейнасць камітэта была спынена тадышняй польскай уладай.
З 1922-га да 1930-га года беларускі рух у Варшаве не меў актыўнай дзейнасці. У 1928 годзе зямляк Гальяша Леўчыка – Павел Крынчык быў выбраны паслом польскага сейма па спісу, выстаўленаму КПЗБ. Павел Крынчык некалі згадваў, што быў добра знаёмы з Леўчыкам. Гальяш Леўчык часам заходзіў да яго ў беларускі пасольскі клуб “Змаганьне”, які месціўся ў Варшаве на Маршалкоўскай, 76. Беларускія палітыкі ў Варшаве часам яму аказвалі фінансавую дапамогу.
У 1930 годзе ў польскай сталіцы ствараецца Саюз беларускіх студэнтаў у Варшаве. Разам з віленскімі студэнтамі беларускія хлопцы і дзяўчаты з Варшавы ладзяць розныя цікавыя мерапрыемствы: выступаюць з лекцыямі, дэкламацыямі літаратурных твораў, з тэатральнымі пастаноўкамі і г.д. Праіснаваў гэты Саюз усяго тры гады і дзейнасць яго была спынена польскай уладай.
Жывучы ў Варшаве, Ілья Ляўковіч далучаецца да метадысцкай царквы і актыўна пачынае працаваць на яе карысць. У сярэдзіне 1920-х гадоў ён быў абраны сакрата-ром метадысцкага Амерыканскага камітэта ў Варшаве. На гэтай пасадзе Ляўковіч пазнаёміў многіх беларускіх дзеячаў з Метадысцкай царквой. У выніку паспяховай дзейнасці, беларусы ў Вільні стварылі Віленскі Амеры-канскі камітэт. У яго склад увайшлі сенатар Аляксандр Уласаў, пасол польскага сейма Браніслаў Тарашкевіч, старшыня Варшаўскага Беларускага нацыянальнага камітэта Адам Більдзюкевіч, настаўнік беларускай гімназіі ў Вільні Язэп Гаўрылік, пастар Станіслаў Нядзведзкі і Вера Тарашкевіч. Падобны камітэт быў створаны ў мястэчку Радашковічы недалёка ад Менска. Дарэчы, у Доме метадыстаў у Варшаве з 1925 года месціўся Беларускі нацыянальны камітэт, сакратаром якога быў усё той жа Гальяш Леўчык.
Памяшканне Беларускага камітэта знаходзілася ў Варшаве на вуліцы Макатоўскай, 12, якраз у Доме метадыстаў. Як пісаў гісторык Юры Туронак, “лакалізацыя Беларускага камітэта ў Доме метадыстаў выклікае зразумелую цікавасць. Нячаста здараецца, каб адна арганізацыя трымала бескарысна пад сваім крылом іншую арганізацыю. Гэта наводзіць на думку магчымасць узаемных сувязей, супрацоўніцтва” (Юры Туро-нак. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006. С.810).
Узаемасувязь метадычнай царквы Гальяш Леўчык актыўна наладжваў з беларускай інтэлігенцыяй. Ды і сам паэт шмат перакладаў рэлігійнай літаратуры на беларус-кую мову, якая з’яўлялася ў выданнях “Арфа Сіану” і “Новае жыццё”.
Беларусаў у метадыскіх камітэтах найперш цікавілі фінансавыя сродкі, каб укладваць іх у беларускія справы. А метадысцкі Амерыканскі камітэт задавальняла тое, што пашыралася кола іх вернікаў на тэрыторыі усходняй Польшчы. Праз гэтыя два камітэты метадысты пачалі ава-лодваць беларускімі вёскамі і мястэчкамі, у якіх адчынілі шмат метадысцкіх парафій. Асабліва важнай падзеяй для прыхільнікаў метадызму была інспекцыя беларускіх мета-дысцкіх арганізацый, якую праводзіў шведскі месіянер Джон Віт (Ян Эмануіл Віт). У 1925 годзе ён прыехаў у вёску Старое Сяло Слонімскага павета.
Джон Віт шмат ездзіў па землях Заходняй Беларусі, сустракаўся з беларускімі дзеячамі, цікавіўся станам беларускага культурнага і адукацыйнага жыцця. У паездках яго часта суправаджаў Гальяш Леўчык, які і знаёміў Джона Віта з вядомымі беларускімі асобамі.
У другой палове 1920-х гадоў шведскі месіянер метадыстаў вельмі часта наведвае Вільню, дзе ён сустракаўся з беларускімі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі Радаславам Астроўскім, Браніславам Тарашкевічам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Аляксандрам Уласавым і Антонам Луцкевічам. Спадар Віт цікавіўся не толькі царкоўнымі справамі, але і праблемамі беларускага нацыя-нальнага руху. Як піша гісторык Алег Латышонак, з гэтае пары ён стаў самым шчырым заступнікам беларусаў у царкве метадыстаў.
Джон Віт быў вельмі адукаваным чалавекам. Акрамя роднай шведскай мовы, добра валодаў англій-скай, нямецкай, польскай. Ведаў рускую мову, хаця яе не любіў. Хутка пачаў вывучаць беларускую мову, стараўся на ёй размаўляць з беларусамі, вучыў і ведаў беларускія народныя песні. Сярод беларусаў яму было добра і дужа цікава. Ён адразу зразумеў праблемы беларускага люду, праблемы беларускай інтэлігенцыі. І колькі ў яго хапала сіл, стараўся дапамагаць беларусам.
Паводле ўспамінаў заходнебеларускага дзеяча Адольфа Клімовіча, Гальяш Леўчык шукаў падтрымкі і апірышча ў асяроддзі заходнебеларускіх радыкалаў. Са студзеня 1927 года ён выдаваў у Варшаве штомесячнік “Дух і праўда” як дадатак да выдання “Pielgrzym Polski”. Ад Радашковіцкага таварыства беларускай школы ўдзе-льнічаў у школьнай акцыі метадычнай місіі па арганізацыі беларускіх прыватных школ на вёсцы.
Гальяш Леўчык шчыра супрацоўнічаў з дзіцячым беларускім часопісам “Заранка”, на старонках якога вы-ступаў з вершамі і прозай. У 1912 годзе ў Вільні выходзіць першы і адзіны паэтычны зборнік “Чыжык беларускі”. У 1930 годзе ў Вільні пад яго рэдакцыяй свет пабачыў і спеўнік з нотамі “Хрысціянскія духоўныя песні. Божая ліра”, выдадзены Паўночна-Амерыканскай суполкай “Sothem Trade”.
І хоць не ўдзельнічаў Гальяш Леўчык у кіраўніцтве Асветнага таварыства ў Варшаве (іншыя яго згадваюць як Беларускае культурнае таварыства ў Варшаве), гэтае таварыства з’явілася восенню 1936 года і праіснавала да пачатаку Другой сусветнай вайны. Але паэт прымаў у таварыстве самы актыўны ўдзел. Ён часта выступаў перад сябрамі таварыства з вершамі і заўсёды спяваў свае песні пад уласны акампанімент гітары.
Асветнае таварыства беларусаў у Варшаве, нягле-дзячы на няпростыя палітычныя і эканамічныя ўмовы, разгарнула вялікую і актыўную беларускую дзейнасць. Старшынёй таварыства быў Яўген Гапановіч, сакрата-ром – Пятро Ластаўка. Сябры таварыства арганізоўвалі розным творчыя сустрэчы, канцэрты, вечары. Іх мэтай было стварэнне беларускіх бібліятэк, клубаў, аказанне матэрыяльнай і маральнай падтрымкі сябрам АТБ і ўсім беларусам, якія жылі ў Варшаве. Часопіс “Беларускі летапіс” (№ № 6-7, 8, 1937) апублікаваў тады цікавае пісьмо беларускага работніка з Варшавы. Артыкул так і называецца “Беларускія работнікі ў Варшаве”. Аўтар пісьма – Фабіян Вайцілёнак. Дык вось спадар Вайцілёнак піша: “Падаць дакладны лік беларусаў у Варшаве трудна: у кожным выпадку даходзіць ён да некалькі тысяч. Аб гэтым што беларусаў тут значная колькасць сьведчыць і той факт, што на вуліцах Варшавы часта можна пачуць беларускую мову. Сярод натоўпу людзей, прахо-дзячых па тратуарах, мы, беларусы, пазнаём адзін аднаго якраз па мове. Вельмі скора пры гэтым завязы-ваецца знаёмства і паўстае шчырая прыязьнь. Наймац-ней за ўсё нас тут лучыць у вадну цесную сям’ю родная мова…”. Што датычыць асветы, дык аўтар Вайцілёнак на гэты конт вось як разважае: “Ня можна сказаць, што беларусы ў Варшаве выракліся сваёй мовы, але беларускае друкаванае слова пашыраецца слаба. Дзеля гэтага заклікаю беларусоў у Варшаве зьвярнуць увагу на беларускае друкаванае слова, каторае выходзе пераважна ў Вільні і каштуе сьмешна танныя складкі, на каторыя сяньня можа сабе пазволіць амаль кожны беларус у Варшаве… Найгорш з дзяцьмі, каторыя падрастаюць бяз школы. Сумна глядзець на тых дзяцей, якія ўжо разумеюць, што яны дзеці беларускіх бацькоў, прагнуць чытаць і пісаць у роднай мове і ня маюць дзе гэтага навучыцца…”.
Тым не менш, у траўні 1937 года Сяргей Паўловіч у Варшаве пры газеце “Слово”, якая выдавалася Права-слаўнай мітраполіяй, пачынае выдаваць дадатак да газеты – беларускі часопіс “Снапок”. Гэта быў царкоўна- і культурна-асветны часопіс з малюнкамі для дзяцей. Ён выдаваўся на 16 старонках. У ім друкаваліся творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Янкі Быліны, Максіма Танка, Ніны Тарас, Янкі Журбы, Міхася Васілька і многіх іншых беларускіх літаратараў, а таксама бела-рускія казкі, каляндарна-земляробчыя святы, народныя звычаі, артыкулы аб прыродзе, пераклады з рускай і польскай моў і г.д. Падпіска на часопіс прымалася ў Варшаве на вуліцы Парыска, 27. Цана аднаго нумара каштавала 10 гр. з перасылкай. Гэта былі невялікія грошы. Часопіс не толькі можна было выпісваць, але і купіць у Варшаве, а таксама ў Вільні ў кнігарні “Пагоня”, якая месцілася на Завальнай вуліцы, 1.
Часопіс “Снапок” спыніў сваё існаванне ў верасні 1939 года. Але ён усё ж адыграў пэўную ролю ў пашырэнні асветы на роднай мове, садзейнічаў фарміраванню дэмакратычных поглядаў, абуджаў нацыянальную свядомасць, прапагандаваў родную літаратуру і культуру.
У 1936 годзе ў Варшаву з Познані прыязджае беларускі спявак Міхась Забэйда-Суміцкі. Тут ён жыве, выступае з канцэртамі і спявае на польскім радыё. У свае радаёканцэрты спявак заўсёды ўключаў і беларускія песні. Вакол Міхася Забэйды-Суміцкага, кажучы сённяшнім слэнгам, тусаваліся беларусы Варшавы. Са спеваком добра быў знаёмы і Гальяш Леўчык. Бацька Гальяша быў родам з вёскі Шэйпічы, што блізу Ружанаў. У гэтай вёсцы нарадзіўся і Міхась Забэйда-Суміцкі. Спявак нават кахаў Стасю Ляўковіч – сваячніцу Гальяша Леўчыка, бо сапраўднае прозвішча ў паэта было Ляўковіч. У Варшаве землякі сустрэліся. Ім было пра што пагутарыць, каго і што ўспом-ніць. Аднойчы сябры Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве наладзілі ў кансерваторыі канцэрт Міхася Забэйды-Суміцкага. Часопіс “Калосьсе” (№1(10), 1937) пісаў: “27.02.37 у варшаўскай кансэрваторыі адбыўся канцэрт песьні. Выступаў слаўны тэнар Міхась Забэйда-Суміцкі. З прасьпяваных ім песень, найлепш спадабаліся публіцы песьні беларускія”. А Пётр Ластаўка згадваў (Беларускі каляндар. Беласток, 1980. С.148): “Пакідаючы кансерваторыю, слухачы гаварылі, што вось і беларусы маюць свайго Кепуру, а “Express Poranny” у сваёй карэспандэнцыі пісаў 28 мая: “Цудоўныя гэтыя беларускія песні, ды яшчэ ў такім выкананні!”. Прыхільна адгукнуліся аб выступленні Забэйды таксама і іншыя газеты, падкрэсліваючы, што даўно не было ў кансер-ваторыі такога добрага канцэрта”.
Летам 1939 года сябры Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве наладзілі сустрэчу з Максімам Танкам. На сустрэчу прыйшлі 50 польскіх літаратараў, дзесяткі беларусаў з усёй Варшавы. Вечарына, як згадвае Пятро Ластаўка ў вышэй названым “Беларускім кален-дары”, працягвалася тры гадзіны. Максім Танк чытаў свае вершы і па-беларуску, і па-польску. У тагачаснай польскай прэсе з’явіліся артыкулы з наступнымі загалоўкамі: “Максім Танк у Варшаве”, “Максім Танк – беларускі Ясенін” і г.д. Беларускі паэт тады проста зачараваў усіх прысутных сваёй паэзіяй і сваім выступленнем…
На вялікі жаль, Другая сусветная вайна спыніла працу Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве. Міхась Забэйда-Суміцкі ў траўні 1940 года пакінуў Варшаву і выехаў у Прагу. А Гальяш Леўчык летам 1944 года цяжка хворы памірае ў Варшаве, а магчыма па дарозе з Варшавы ў Слонім.
Данінай светлай памяці Гальяша Леўчыка з’яўляецца кніга “Божая ліра”. Амаль усё лепшае, што паспеў напісаць Гальяш Леўчык, увайшло ў гэта выданне. Разам з творамі вяртаецца на Беларусь і імя таленавітага чалавека і шчырага беларуса з яго цяжкім і трагічным лёсам.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Фотаздымкі з кнігі “Божая ліра”.