Сучаснае вяселле ў нашай краіне стала беларускай часткай еўрапейскага, а таму цікава пазнаёміцца з яго гісторыяй. А яна доўгая, налічвае звыш 2000 гадоў. Нас у першую чаргу цікавяць атрыбуты вяселля, у першую чаргу гісторыя пярсцёнкаў і вэлюма.
Заканадаўцам еўрапейскай вясельнай моды сталі антычныя дзяржавы старажытнай Грэцыі і Рыма. Менавіта адтуль прыйшла ільвіная доля традыцый і рытуалаў, якія еўрапейскія маладыя актыўна выкарыстоўваюць дагэтуль.
Гісторыя ўзнікнення заручальных пярсцёнкаў.
Традыцыя абменьвацца пярсцёнкамі (кольцамі) пры шлюбе ўзнікла са старажытных паганскіх часоў, ужо тады сімвалу гэтага рытуалу надавалі вялікае значэнне. Егіп-цяне першымі сталі насіць заручальныя пярсцёнкі з золата, прычым на безыменным пальцы левай рукі. Паводле павер’я, менавіта ад гэтага пальца да сэрца вядзе “артэрыя кахання”. У егіпцян іерогліф у форме круга азначае вечнасць, бо ён не мае ні пачатку, ні канца, таму пярсцёнкі тых, хто бярэ шлюб пачалі называць заручальнымі і яны сімвалізавалі сумеснае жыццё, якое доўжыцца нават пасля смерці.
З распаўсюджваннем хрысціянства пярсцёнкі сталі абавязковым атрыбутам вясельнай абраднасці. У IX стагоддзі Папа Рымскі Мікалай дазволіў хрысціянам выкарыстоўваць заручальныя пярсцёнкі. І з тых часоў яны пачалі служыць сімвалам вернасці, сталасці і кахання. Цікава, што ў XV стагоддзі ў адпаведнасці з царкоўным статутам пры шлюбе жаніху ў знак яго сілы надзявалі жалезны пярсцёнак, а нявесце ў знак пяшчоты і бязгрэшнасці – залаты. Яшчэ пазней жаніх атрымаў залаты пярсцёнак, а нявеста – сярэбраны. Падчас вянчання ў царкве маладыя тры разы абменьваюцца пярсцёнкамі. Муж і жонка ў нас носяць заручальныя пярсцёнкі на адным з пальцаў правай рукі, а разведзеныя або ўдаўцы – на пальцы левай рукі. Заручальныя пярсцёнкі пасля вяселля варта насіць пастаянна, бо кажуць, “калі астыне пярсцёнак, астыне і каханне”.
Навошта нявесце вэлюм?
Сучасны вэлюм – гэта рудымент старадаўняга вясельнага покрыва. Яно было доўгім, са шчыльнай, непразрыстай тканіны і цалкам закрывала твар і валасы нявесты. У розных народаў існавала свая трактоўка, навошта трэба такое покрыва. На Усходзе, напрыклад, старажытныя яўрэі лічылі покрыва сімвалам жаночага паслухмянства і пакоры жонкі волі мужа. У паўночнай Еўропе такія покрывы насілі толькі жанчыны, выкра-дзеныя для вяселля. У Рымскай імперыі вясельнае покрыва нявесты – фламеум – было лёгкім і празрыстым, валасы яно не закрывала і прымацоўвалася да прычоскі стужкамі. Дарэчы, як і сукенка маладой, вэлюм у эпоху Старажытнага Рыма быў жоўтым. Белым ён стаў значна пазней, у росквіт хрысціянства, ператварыўшыся ў сімвал бязгрэшнасці нявесты. А таму, калі жанчына выходзіла замуж другі раз, дык вянок і вэлюм яна ўжо не надзявала.
Чаму вясельная сукенка белая? Белым шлюбны убор еўрапейскіх нявест стаў не адразу. У сярэднявеччы, напрыклад, на вяселле проста апраналі самую прыгожую і багатую сукенку з наяўных у гардэробе. І зусім неабавязкова яна была беласнежнай. Хаця белы колер яшчэ старажытныя грэкі лічылі святочным. Але з цнотай яго пачалі асацыяваць католікі значна пазней.
Існуе некалькі версій, хто і калі ў Еўропе ўвёў моду на белы вясельны ўбор. Гэту ганаровую місію прыпісваюць англійскай прынцэсе Філіпэ, якая надзела на вяселле з каралём Даніі Эрыкам у 1406 годзе белую шаўковую туніку з футравай накідкай.
Раней нявесты з манаршых сем’яў часта апраналіся ва ўборы абсалютна розных колераў і адценняў, але найбольш распаўсюджаным быў чырвоны. Аднак пасля публікацыі фотаздымка з вяселля англійскай каралевы Вікторыі з прынцам Альбертам у 1840 годзе шлюбная мода змянілася назаўжды.
Для ўбору нявесты Вікторыя, якая любіла ўсё моднае, абрала не зусім традыцыйную сукенку, выраб-леную з шаўковага атласу высакароднага крэмавага адцення, упрыгожаную карункавымі валанамі ў вобласці дэкальтэ і рукавоў. Галаву нявесты ўпрыгожвалі вэлюм і карона з кветкамі. Дарэчы, сілуэт яе сукенкі і цяпер лічыцца класікай у заходніх краінах.
Першымі падхапілі новую моду іншыя каралеўскія дзяўчаты, бяручы шлюбы, а з часам белая вясельная сукенка стала класікай. Праўда спачатку сукенкі з белых і іншых светлых тканін былі даступныя толькі вышэйшым колам, бо яны былі вельмі маркімі, а мыццё ў XIX стагоддзі было дарагім задавальненнем. Тым больш, што раней пасля шлюбу сукенкі выкарыстоўваліся яшчэ шмат разоў. Нават сама каралева Вікторыя яшчэ не адзін раз апранала яе на розныя імпрэзы.
Калі каралева Вікторыя памерла, яна была пахаваная са сваім вянчальным вэлюмам на твары, а вясельная сукенка як рэліквія захоўваецца ў Кенсінгтонскім палацы.
Паколькі белы колер стаў папулярным для вясельных убораў, ён пачаў сімвалізаваць чысціню, нявіннасць, дабрабыт.
Дзе быў праведзены першы мядовы месяц?
Лічыцца, што ў Італіі, бо назву першаму месяцу сямейнага жыцця прыдумалі італьянцы, жыхары Старажытнага Рыма. Існавала традыцыя, паводле якой маладыя пасля вяселля 30 дзён ужывалі віно з мёдам, каб сумеснае жыццё склалася салодкім і шчаслівым.
Колькі сяброў і сябровак павінна быць у жаніха і нявесты на вяселлі? Продкі сучасных еўрапейцаў шчыра верылі, што маладыя, якія стаяць на парозе буйных жыццёвых змен – лёгкая мішэнь для інтрыг злых сіл. Каб заблытаць нячыстую сілу, на вяселле запрашаліся дзесяць сябровак для нявесты і столькі ж сяброў для жаніха. Іх адзенне было такое ж, як у маладых, каб ніхто з тагасветных нядобразычліўцаў не змог вызначыць галоўных дзейных асоб імпрэзы. З часам колькасць сябровак і сяброў (шаферак і шафераў) памяншалася разам са знікненнем забабонаў, пакуль не дасягнула гранічнага мінімуму – па адным з кожнага боку.
Калі ў СССР змагаліся з рэлігійнымі вераваннямі, дык маладыя на камсамолькіх вяселлях абыходзіліся без вясельных атрыбутаў – заручальных пярсцёнкаў і вэлюма. А студэнты ў пэўныя перыяд нават не рабілі ніякага вяселля, бо не мелі на яго грашовых сродкаў. Жаніцьба бедных студэнтаў заключалася ў юрыдычным афармленні шлюбу ў сельсавеце ці органе ЗАГС.
Артыкул падрыхтаваны па матэрыялах Інтэрнэт.
Перадрукавана з кнігі Сымона Барыса “Вяселле і яго паэзія” (Мінск, 2024).