Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Кніга праз 50 гадоў

Кніга праз 50 гадоў

7 лютага 2024, 19:08 Выданні 57
Кніга праз 50 гадоў

Сымон Барыс. Вяселле і яго паэзія. – Мінск : Энцыклапедыкс, 2024. – с. 364 : іл.

У кнізе разглядаецца з эстэтычнага і этнаграфічнага бакоў традыцыйнае беларускае вяселле. Паказваюцца структура свята, яго абрады і мастацкае афармленне. Вялікая ўвага надаецца абрадавым песням і праводзіцца іх аналіз. Даецца класіфікацыя вясельнай паэзіі, выяўляюцца жанры вясельных песень. Аўтар зрабіў спробу разгляду паэтыкі вясельных песень і іх эвалюцыі на працягу сотні гадоў. Кніга складаецца з чатырох раздзелаў. У апошнім раздзеле паказана, як беларускае вяселле адлюстравана ў мастацтве і літаратуры.

Вясельныя абрады ў кнізе ілюстраваны каляровымі і чорна-белымі фотаздымкамі. Гэту кнігу можна назваць падручнікам па гісторыі вясельнай  абраднасці або хрэстаматыяй вяселля.

Кніга разлічана на работнікаў культуры, педагогаў і аматараў беларускай культуры.

Гэтай рукапіснай кнізе сапраўды ўжо больш за 50 гадоў, бо напісана яна як дысертацыя ў 1970-1975 гадах. Ёй як дысертацыі вельмі не пашанцавала. Я пісаў яе 2 ці 3 разы і не абараняў. І для таго былі значныя прычыны, якія ў большасці выпадкаў залежалі не ад мяне, а ад змены патрабаванняў да самой дысертацыі. Спачатку я напісаў яе па-беларуску, а яе запатрабавалі ўжо на рускай мове. Калі падрыхтаваў па-руску, тады ўзнікла яшчэ адно патрабаванне, каб яе памер быў не болей за 200 старонак, а ў мяне было нашмат больш, каля 300. Змяняліся патрабаванні і да кандыдацкіх экзаменаў. Патрэбна было здаваць дадатковыя экзамены па некаторых прадметах. Потым спатрэбілася ўменне працаваць на камп’ютары. Калі я асвоіў камп’ютар, тады спатрэбілася зноў здаваць экзамены кандыдацкага мінімуму. Я і без таго пры паступленні ў аспірантуру здаваў лішні экзамен па гісторыі КПСС. Гэта ў Акадэміі навук БССР прыдумалі ў 1969 годзе, каб туды не паступалі з іншых рэспублік СССР. Я прыехаў з Ноўгарада і ўжо на той час працаваў у рэдакцыі лагойскай раённай газеты “Ленінскі сцяг”. На тым экзамене я сказаў, што гэта незаконна для мяне, бо я нарадзіўся ў Вілейскім раёне, па нацыянальнасці беларус і ўжо жыву і працую ў Беларусі. Экзамен я здаў на выдатна. Са мной яшчэ некалькі чалавек здавалі той экзамен. І тыя таксама высокія адзнакі атрымалі. А калі я ўладкаваўся на працу рэдактарам у рэдакцыю часопіса “Беларуская мова і літаратура ў школе”, тады я зразумеў, што абарона кандыдацкай дысертацыі мне нічога не дае, апрача дыплома кандыдата навук. А такі дыплом мне ўжо быў і не патрэбны. А тады навошта мне лішнія клопаты і перажыванні. Стараўся трымацца за пасаду рэдактара часопіса. І тут я не памыліўся. Адпрацаваў 5 гадоў у рэдакцыі часопіса “Роднае слова” і 20 гадоў у рэдакцыі “Беларускага гістарычнага часопіса”. Пры гуманным галоўным рэдактары Васілі Фёдаравічы Кушнеры працаваць было цікава і радасна. А выкладчыкам ВНУ я працаваў два гады і зразумеў, што гэты хлеб цяжэйшы, чым у вясковага настаўніка. Перавага толькі ў тым, што ты працуеш у ВНУ са студэнтамі, а не са школьнікамі, – і на гэтым усё.

 Цяпер, калі стаў рыхтаваць гэтую кнігу да друку, таксама ўзніклі праблемы з афармленнем спасылак навуковага апарату. Некалькі гадоў таму былі зусім іншыя патрабаванні, а таму давялося ўсе навуковыя спасылкі прыводзіць да сучаснага навуковага стандарту.

Пры падрыхтоўцы кнігі да друку мне давялося прагледзець усе блакноты і тоўстыя сшыткі, якіх аказалася болей за 30. Першыя запісы песень мной былі зроблены ў 1962 годзе ў сваёй роднай вёсцы Касічы Вілейскага раёна, а апошнія запісы вясельных абрадаў і песень – у 1981 годзе ў вёсцы Хатынічы Ганцавіцкага раёна.

Даследаванне вяселля за гэты час я вёў у 127 вёсках, якія размешчаны ў 36 раёнах (Менская, Віцебская, Гарадзенская, Берасцейская вобласці; Магілёўская – 1 раён). Вясельныя абрады і песні запісаны мной ад 202 асоб (з іх толькі 2 мужчын). Запісаны тэксты 1562 вясельных  твораў (песні і песні-плачы), абрады 20 вяселляў. Віленскі музыка Павел Каруза падрыхтаваў ноты болей чым да 55 вясельных песень і склаў спіс з 460 песень, якія суаднесены з тымі 55 нотамі.

У Вілейскім раёне ў 19 вёсках ад 30 спявачак запіса-ны 350 вясельных песень і зроблены апісанні двух вяселляў (праваслаўнае ў вёсцы Касічы Нарачанскага сельсавета і каталіцкае ў вёсцы Юнцавічы Альковіцкага сельсавета ). У 8 вёсках Смаргонскага раёна ад 14 спявачак запісаны 163 вясельныя песні, у 11 вёсках Мядзельскага раёна ад 20 спявачак – 124 песні, у 8 вёсках Менскага раёна ад 20 спявачак – 98 песень. Па 50 і крыху болей вясельных песень запісана ў кожным раёне – Валожынскім, Маладзечанскім, Міёрскім, Верхнядзвінскім, Лепельскім, Наваградскім, Чашніцкім, Лагойскім, а ў Глыбоцкім раёне – 45.

Гэтая кніга – мая кандыдацкая дысертацыя, якой навуковай ступені яна заслугоўвае – хай яе ацэняць сучасныя фалькларысты, этнографы і будучыя навукоўцы.

Сымон Барыс.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3619
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію
Грамадства

Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію

28 сакавіка 2019, 17:0618
Час прывёў на Парнас
літаратура

Час прывёў на Парнас

21 лютага 2025, 09:0417
Далучайцеся да нас