Дзевяноста гадоў таму нарадзіўся Арсень Сяргеевіч Ліс. У старых беларускіх інтэлігентаў было ва ўжытку адно надзвычай ёмкае вызначэнне – шляхотны. Так гаварылася пра чалавека высокай годнасці, праніклівага розуму, з моцнай нацыянальнай сарцавінай, якую не маглі падтачыць самыя ўедлівыя шашалі. Такім шляхотным беларусам мне заўсёды бачыўся Арсень Ліс – доктар філалогіі, этнограф, мастацтвазнавец, фалькларыст, найлепшы спецыяліст па гісторыі і культуры Заходняй Беларусі. Ён быў чалавекам-энцыклапедыяй, заходнебеларускія рэаліі ведаў у падрабязнасцях і шчодра дзяліўся сваімі ведамі з маладзейшымі даследчыкамі.
Здабываў Арсень Ліс матэрылы для сваіх кніг не толькі з архіваў (пераважна віленскіх), але і з першакрыніц – ад непасрэдных удзельнікаў гістарычных падзей. Не азіраючыся на тое, што многія з іх, вярнуўшыся з лагераў і высылак, жылі пад наглядам спецслужбаў. Скажам, неяк наведаў у Гародні Браніслава Ржэўскага – былога інстытуцкага выкладчыка, асуджанага “за нацыяналізм” ужо ў паслясталінскія часы. Наколькі рызыкоўным быў той візіт, сведчыць і пазнейшы ўспамін Ліса пра тое, як яго тады цэлы дзень суправаджалі па гарадзенскіх вуліцах двое віжоў.
Калі яшчэ ў студэнцтве мне трапіла ў рукі і была прачытаная на адным дыханні яго кніга “Вечны вандроўнік” (пра мастака Язэпа Драздовіча), я зразумеў, што проста павінен пазнаёміцца з гэтым аўтарам як мага больш падрабязна. I з цягам часу у маёй бібліятэцы апынуліся ўсе кнігі Ліса. I пра Браніслава Тарашкевіча – расстралянага ў 1938-м лідара-арганізатара беларускага жыцця ў міжваеннай Полынчы. I пра Міколу Шчакаціхіна – загубленага ў 1940-м даследчыка беларускага мастацтва, які першым разгледзеў яго ў кантэксце агульнаеўрапейскім. I пра мастака Пётру Сергіевіча, які, жывучы пасля вайны ў Вільні, незаслужана апынуўся як бы наводшыбе. I пра яшчэ аднаго заходнебеларускага мастака Язэпа Горыда, вернутага даследчыкам літаральна з поўнага забыцця.
Зразумела, што ў маім кнігазборы з’явіліся – адразу ж па выхадзе ў свет – і дыхтоўна выдадзеная кніга “Цяжкая дарога свабоды”, і аб’ёмны выніковы фаліянт – 754 шырокафарматныя старонкі! – пад назвай “Gloria victis!” (“Слава пераможаным!”).
Герояў сваіх кніг сам даследчык называў дойлідамі беларускай дзяржаўнасці. Над іхнімі жыццяпісамі ён працаваў апантана – збіраў па каліўцу ў архівах, апытваў старажылаў (“віленскіх недабіткаў”, як яны самі сябе называлі). I – вярталіся з аплеценых павуці-най бяспамяцтва цёмных камораў Аляксандр Уласаў, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Аляксандр Цвікевіч, Тамаш Грыб, Аркадзь Смоліч, Антон Грыневіч, тыя ж Тарашкевіч і Шчакаціхін…
“Почему Лис поднимает этих мертвецов?” – яшчэ ў канцы 1960-х дапытваўся адзін служака з таго фронту, які прынята назывань нябачным, у выкліканых на размову супрацоўнікаў “падапечнай” яму Акадэміі навук. Няўцям было таму служаку, што малады даследчык “падымае” зусім не нябожчыкаў, а выбудоўвае пантэон нацыяна-льнай гісторыі.
Арсень Ліс насяляў той пантэон не бронзавымі помнікамі, а жывымі людзьмі. Скажам, рэдактар “Нашай Нівы” Аляксандр Уласаў у яго не толькі ўмелы выдавец і палітык, але і спрактыкаваны гаспадарнік, які яшчэ сто гадоў таму разумеў, што лес – нацыянальнае багацце беларусаў, з якім трэба абыходзіцца ашчадна. Пасля разбуральнай Першай сусветнай вайны Уласаў падлічыў, што на пабудову 200.000 хат пойдзе 36 мільёнаў дрэў. Адсюль выснова – Беларусь можа ператварыцца ў аравійскую пустэльню. I стары нашанівец прасіў знаёмых архітэктараў праектаваць будынкі з цэглы, каменю і жалеза. I насамрэч – дойлід.
У кнігах Арсеня Ліса цікава чытаць літаральна ўсё. Ён умеў глядзець на даследаваную з’яву ці постаць з нечаканых ракурсаў. Скажам, першым напісаў пра маральную адказнасць Максіма Танка перад рэпрэсаванымі савецкай уладай паплечнікамі (у ГУЛАГу апынуліся ксёндз Адам Станкевіч, выдавец Янка Шутовіч, рэдактар часопіса “Крыгалом” Юры Кепель). Аказваецца, народны паэт не баяўся стукацца ў высокія кабінеты і ўратаваў, прыкладам, паэта Міхася Васілька, якога ў 1944-м загрэбла НКВД толькі за тое, што друкаваўся ў антысавецкай газеце “Раніца”.
Арсень Ліс быў яшчэ і выдатным фалькларыстам – тэарэтыкам і практыкам, які з грувасткім бабінным магнітафонам абышоў не адзін дзясятак вёсак, вышукваючы залацінкі народнага меласу. Колькі ён запісаў тых песень – калядак і шчадровак, купальскіх і пятроўскіх, касецкіх і жніўных!
Ліс праз сваю энцыклапедычную дасведчанасць паўплываў на многіх. Легендарная Зоська Верас называла яго сваім будзіцелем. I абуджаных, раскатурханых ім ад летаргічнага сну – тысячы. Купалаўскі выраз “збіраць зярно к зярняці” быў яго жыццёвым крэда, нішто з напісанага папярэднікамі не павінна было прапасці. З якой любасцю Арсень Сяргеевіч публікаваў і каментаваў (часам ім жа інспіраваныя) мемуары Паўліны Мядзёлкі, Янкі Багдановіча, Мікалая Улашчыка, Юліі Бібіла!
Працу Арсеня Ліса можна параўнаць хіба з карчаваннем лесу пад поле. Гэтую цяжкую працу ў народзе спрадвеку называлі расцяробам. Расцерабіць лясны гушчар, прыбраць сукаватыя старадрэвіны, выдраць з зямлі карэністыя пні – дзеля будучага палетка, які засеюць нашчадкі. Думаецца, дбайныя расцяробы Ліса яшчэ дадуць свае ўраджаі.
Сваім апошнім прытулкам Арсень Ліс абраў слыннае Залессе на роднай Смаргоншчыне. Там над яго апош-нім прытулкам будзе вечна гучаць народжаны ў тым краі несмяротны паўстанцкі паланэз Міхала Клеафаса Агінскага, пра якога ён таксама паспеў напісаць…
Міхась Скобла.