Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Менску біскуп Касабуцкі цэлебраваў Імшу аб адзінстве хрысціянаў, а арцыбіскуп Станеўскі ўзначаліў экуменічнае набажэнства

У Менску біскуп Касабуцкі цэлебраваў Імшу аб адзінстве хрысціянаў, а арцыбіскуп Станеўскі ўзначаліў экуменічнае набажэнства

23 студзеня 2024, 22:37 Грамадства 41
У Менску біскуп Касабуцкі цэлебраваў Імшу аб адзінстве хрысціянаў, а арцыбіскуп Станеўскі ўзначаліў экуменічнае набажэнства

20 студзеня ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Менску Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў экуменічнае набажэнства.

У супольнай малітве, да якой далучыўся Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, узялі ўдзел прадстаўнікі некаторых традыцыйных хрысціянскіх канфесій нашай краіны.

Перад набажэнствам Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў галоўнай святыні сталіцы.

– Мы молімся аб гэтым адзінстве, якога, як мы ведаем, у рэальнасці няма: ёсць розныя канфесіі, ёсць розныя хрысціянскія супольнасці, дэнамінацыі. Мы па-рознаму ўспрымаем розныя праўды веры, розныя традыцыі. Але мы молімся, каб усе мы мелі адно сэрца, бо ўсе мы молімся аднаму Богу, праслаўляем таго самага Хрыста.

– Таму падчас гэтай Імшы я асабліва малюся аб еднасці хрысціянаў, аб еднасці ў нашай краіне паміж прадстаўнікамі розных канфесій і рэлігій, аб еднасці ў нашых сем’ях і аб адзінстве паміж усімі намі, – сказаў на пачатку цэлебрацыі іерарх.

У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі перадусім адзначыў, што “калі мы кажам пра адзінства хрысціянаў, мы звяртаем увагу на тое, што мы перш за ўсё павінны мець Духа Хрыстовага, Духа Божага ў нашым сэрцы”. Разважаючы на падставе біблійных чытанняў пра навяртанне, іерарх сцвердзіў, што яно дае свой плён у хрысціянскім жыцці. Малітва аб адзінстве хрысціянаў, паводле яго, павінна быць спалучана з імкненнем да навяртання і перамены жыцця, што неабходна кожнаму верніку.

– Таксама і для нас гучыць гэты заклік <…>, каб змяніць штосьці ў сабе і старацца набрацца гэтага Духа Хрыстовага, Духа Божага, які дазваляе нам убачыць у іншым чалавеку брата, які дазваляе нам палюбіць іншага чалавека такім, які ён ёсць, з яго слабасцямі, недахопамі; прабачыць іншаму чалавеку… Бо гэта – першыя крокі, якія вядуць да адзінства, – сцвердзіў біскуп Юрый Касабуцкі.

Пасля заканчэння святой Імшы да алтара ў працэсіі з крыжам выйшлі ўдзельнікі экуменічнага набажэнства на чале з арцыбіскупам Станеўскім. Звярнуўшыся да сабраных у катэдры вернікаў розных канфесій, сярод якіх былі таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, арцыпастыр паведаміў, што дэвізам сёлетняга экуменічнага тыдня сталі словы з Евангелля паводле Лукі: “Любі Пана Бога твайго <…>, а бліжняга свайго, як самога сябе” (Лк 10, 27). Іерарх дадаў, што матэрыялы для экуменічных малітваў былі падрыхтаваныя хрысціянамі з Буркіна-Фасо ў Афрыцы.

– Гасцям, стомленым падарожжам, там падаюць ваду, каб яны маглі наталіць смагу і абмыць запылены твар. Вітаючы вас, браты і сёстры, мы ахвяруем вам жыватворчую ваду нашай любові і ачышчальную ваду супольнай малітвы.

Сэрцам нашай малітвы з’яўляецца прыпавесць пра міласэрнага самараніна, у якой мы чуем Божы заклік аб любові да Бога і да бліжняга. Давайце падрыхтуемся да сустрэчы з Богам Любові, праславім Яго і падзякуем Яму,- запрасіў удзельнікаў экуменічнага набажэнства арцыбіскуп Станеўскі.

Пасля гэтага адбылася малітва праслаўлення і падзякі, а потым – чын пакаяння. Усе разам прысутныя ў катэдры супольна ўзнеслі малітву “Святы Божа, святы моцны, святы несмяротны, змілуйся над намі”, і выслухалі біблійныя чытанні. Пасля евангельскай прыпавесці пра добрага самараніна да прысутных звярнуліся прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.

Першым прамовіў найстарэйшы ўдзельнік экуменічнага набажэнства, Апостальскі адміністратар католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Святар зазначыў, што прыпавесць Хрыста звяртае ўвагу вернікаў на любоў да Бога і да бліжняга – “блізкага і далёкага”.

– Сёння молімся словамі: “Пане, адкрый нашыя сэрцы для тых, каго мы не заўважаем”. Сапраўды, патрэбна, каб Бог адкрыў нашыя вочы і нашыя сэрцы. Дзякуй Богу, хрысціяне, у тым ліку і ў нашай краіне, Беларусі, робяць шмат, каб заўважыць і адрэагаваць на патрэбы бліжніх: патрэбы матэрыяльныя.

Але застаецца шырокае поле, на якім можна паклапаціцца пра духоўныя патрэбы нашых бліжніх. Поле, на якім можам несці ім Божае слова: слова Божае запісанае ў Бібліі; слова Божае, пра якое мы павінны сведчыць нашымі ўчынкамі і справамі, – сказаў кіраўнік Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Ён нагадаў, што наступная нядзеля ў Каталіцкім Касцёле з’яўляецца нядзеляй Божага Слова, і адзначыў, што гэта нагода паўней выкарыстоўваць экуменічны патэнцыял Святога Пісання.

Пастыр Евангельска-Лютаранскай супольнасці з Гародні Уладзімір Татарнікаў у сваёй прамове падкрэсліў важнасць супольнай малітвы хрысціянаў “адно з адным і адно за аднаго”. Ён звярнуў увагу на тое, што менавіта любоў і прабачэнне займаюць у гэтым цэнтральнае месца.

Прадстаўнік Біблійнага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Камінскі зазначыў, што гэтае таварыства існуе перадусім дзеля міру, які ўсім людзям нясе Божае слова. Паводле яго, у час, калі паміж людзьмі так шмат варажнечы, малітва аб любові і адзінстве мае вялікае значэнне.

Аляксандр Камінскі падзяліўся сваёю мараю аб тым, каб людзі ва ўсім свеце селі за стол перамоваў і прыйшлі да міру.

Памочнік біскупа Аб’яднання супольнасцяў хрысціянаў поўнага Евангелля ў Беларусі пастыр Валерый Шэйбак, у сваю чаргу, з горыччу заўважыў, што сёння паміж хрысціянамі розных веравызнанняў яшчэ шмат непаразуменняў і ўзаемнага недаверу. Паводле яго, неабходна шырэй глядзець на Царкву Хрыстову для дасягнення адзінства, якое “пачынаецца з братэрскага прыняцця”.

Нарэшце, да прысутных звярнуўся арцыбіскуп Станеўскі. Каталіцкі іерарх перадусім узгадаў словы апостала Паўла пра любоў, якая “не чыніць бліжняму зла” і “ёсць выкананнем Закону”. Паводле арцыпастыра, прыпавесць пра міласэрнага самараніна заахвочвае ўсіх хрысціянаў клапаціцца пра кожнага, хто знаходзіцца ў патрэбе.

– Браты і сёстры, мы вучымся, бо экуменізм, сённяшняя малітва аб еднасці хрысціянаў – гэта навука ад Бога. Не адмаўленне ад праўды, а пошук праўды. Гэта барацьба за праўду, якая, урэшце, вызваліць нас ад таго, што падзяляе, – сцвердзіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Асабліва кранальным момантам экуменічнага набажэнства стала супольная малітва “Ойча наш”, калі ўдзельнікі ўзяліся за рукі на знак агульнага імкнення да адзінства ўсіх вызнаўцаў Хрыста – “каб усе былі адно”.

Паводле: Catholic.by.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3619
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію
Грамадства

Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію

28 сакавіка 2019, 17:0618
Час прывёў на Парнас
літаратура

Час прывёў на Парнас

21 лютага 2025, 09:0417
Далучайцеся да нас