Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“Не дбайце пра мяне…”

“Не дбайце пра мяне…”

10 студзеня 2024, 21:49 літаратура 50
“Не дбайце пра мяне…”

Я з тых, хто не вякуе,

Хто сее і хто жне.

Прашу, пакуль жыву я,

Не дбайце пра мяне…

 

Гэтыя радкі напісаў таленавіты беларускі паэт Уладзімір Марук (1954-2010), якому 6 студзеня споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння.

За тыдзень да смерці ён мне патэлефанаваў і гутарыў са мной хвілін трыццаць, нібыта развітваючыся, таму стараўся выказаць усё тое, што яму набалела на душы. Мы размаўлялі пра жыццё, літаратуру і сяброў. Найперш пра тых, хто рана пакінуў гэты свет, хто мог яшчэ жыць ды жыць.

А потым раптам не стала і Валодзі Марука, яму было толькі 56 гадоў. Жыць ды жыць яму яшчэ, пісаць і пісаць. А пісаць вершы ён умеў. У 1982 годзе з друку выйшаў першы зборнік вершаў Уладзіміра Марука “Зоркі ў кронах”. Палова вершаў з гэтага зборніка я ведаю на памяць. Яны лёгка чытаюцца і запамінаюцца. Дык як можна такія радкі не запомніць:

Ой, зарэчча, зарэччайка,

Не пытайся, як ёсць…

Палахлівыя плечыкі,

Пацалунак, як госць.

 

У першым сваім паэтычным зборніку Уладзімір Марук з захапленнем пісаў пра непаўторную прыгажосць роднага краю, яго гістарычнае мінулае і будучае. У асноўным тэмай многіх вершаў тады маладога паэта было духоўнае багацце яго равеснікаў. Вядома ж, была і тэма Радзімы, гераізм беларусаў, хараство іх душы.

Уладзімір Марук нарадзіўся ў вёсцы Гута Ганцавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Гуцянскай і Нацкай сярэдніх школах, потым – у Моўчадскай сярэдняй санаторнай школе-інтэрнаце, што ў суседнім Баранавіцкім раёне. У 1970 годзе, калі закончыў школу, паступіў на вучобу ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Гады вучобы ў тэхнікуме спрыялі творчаму станаўленню будучага паэта. Менавіта ў гэты перыяд у газеце “Магілёўская праўда” былі апублікаваны першыя вершы Уладзіміра Марука “Беларусі”, “Пазаслалі хмары ўсе шляхі” і іншыя.

Пасля заканчэння вучобы ў тэхнікуме, Уладзімір Марук прыехаў на сваю Ганцавіччыну. Працаваў у цэнтральнай раённай і раённай дзіцячай бібліятэках, Шашкоўскай сельскай бібліятэцы, у аўтаклубе. Работа бібліятэкарам, штодзённыя сустрэчы з кнігай заахвочвалі Уладзіміра да ўласнай творчасці. Менавіта ў той час у часопісе “Маладосць”, у 1974 годзе, з’явіўся цэлы цыкл вершаў маладога паэта, які засведчыў яго несумненны паэтычны талент.

У 1975 годзе Уладзімір Марук паступіў на фі-лалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Гады вучобы ў альма-матар спрыялі яго творчай дзейнасці. Вершы паэта ахвотна друкавалі газеты “Чырвоная змена”, “Знамя юности”, “Мінская праўда”, часопіс “Маладосць”. Пасля заканчэння ўніверсітэта Уладзімір Марук некаторы час выкладаў беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 106 у Менску. Потым ён працаваў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты “Звязда”, рэдактарам, загадчыкам аддзела выдавецтва “Юнацтва”, галоўным рэдактарам выдавецтва “Белфакс”, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”.

Хоць і нязвычна казаць пра Уладзіміра Марука ў мінулым часе, яго паэзія натхняе і сёння, яна спадарожнічае побач з намі заўсёды. Тады-сяды дый прыгадаюцца яго светлыя радкі, якія вылучаюцца багаццем і дасканаласцю мастацкіх вобразаў, саграваюць сваёй непадробнай чалавечнасцю, наталяюць прагай хараства. Асабліва шмат паэтычнай шчырасці і вобразнасці ў зборніках “Ліст рабіны”, “Інкрустацыя голасам”, “Кудмень”:

Я траву і за светам пачую,

Так пачую, як зараз жыву…

Я любоў ёй сваю ахвярую, —

Вось чаму я вышэй за траву.

Пісаў Уладзімір Марук і для дзяцей. У 1994 годзе з друку выходзіць яго кніжка вершаў “Ехаў чыж у Парыж”, а ў 2003 годзе – зборнік “Чыж вярнуўся з-за мяжы”. Жартаўлівыя паэтычныя радкі ў гэтых зборнічках чытаюцца з усмешкай, яны вельмі лёгка запамінаюцца, іх хочацца вучыць на памяць:

Баль наладзіў скарпіён –

Алімпійскі чэмпіён.

Скарпіён – не так сабе,

Чэмпіён па барацьбе.

Ён на гульнях перамог

Тарантулаў дваццаць трох.

На грудзях блішчыць медаль –

Заслужыў сумленна баль.

 

За час сваёй творчай дзейнасці Уладзімір Марук займаўся таксама перакладамі з рускай, армянскай, узбекскай, туркменскай моў на беларускую, пісаў шмат публіцыстычных артыкулаў. У іх пісьменнік узнімаў маральна-этычныя праблемы нашага часу, разважаў пра культуру вёскі і народныя традыцыі.

Зямны шлях Уладзіміра Марука раптоўна абарваўся ў самым росквіце жыццёвых і творчых сіл 23 студзеня 2010 года. Шмат задуманага ім засталося нерэалізавана. А ён так хацеў жыць і пісаць, і вельмі любіў Беларусь:

Пра цябе ж, Беларусь, не пытаю.

Буду сам, покуль вочы гараць,

Полю, небу і вольнаму гаю

Тваё вечнае імя шаптаць.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0326
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4024
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0616
Далучайцеся да нас