Так называецца выстава акварэляў і свяцільняў мастачкі Марыі Каралёвай, якая адкрылася і працуе ў Ружанскім палацавым коплексе роду Сапегаў.
Выстава складаецца з трох частак. Першая з 15 акварэляў прысвечана страчаным будынкам у Менску. Харальная сінагога, велічны касцёл Тамаша Аквінскага, стракатая забудова колішняй Захараўскай вуліцы (сучаснага праспекта Незалежнасці), работы гэтай часткі напісаныя па фотаздымках з улікам апісання агульнага выгляду, матэрыялу даху і сценаў, адкуль і ствараўся меркаваны колер. Напісаныя на рэльефнай акварэльнай паперы з цэлюлозы, у асноўным па-сухому, з прымяненнем невялікіх залівак.
Другая частка – акварэлі, дзе паўстаюць усё тыя ж страчаныя будынкі, але ўжо па ўсёй Беларусі. Прынцы-пова адрозніваецца тэхніка напісання работ. Выкарыстоўвалася папера са 100% бавоўны, перад тым як пісаць, увільгатнялася з абодвух бакоў і выкладалася на падрыхтаваную паверхню (шкло, на якім раўнамерна расцягвалася мокрая баваўняная тканіна ці марля). Да таго, як пісаць, ліст, каб быў роўны, без хваляў, зверху яшчэ раз увільгатняўся мокрым пэндзлем. Дзякуючы такой падрыхтоўцы, атрымоўваюцца мяккія пераходы паміж колерамі, а дзе патрэбны дакладныя межы прадмета, перад напісаннем, трэба акуратна прамакнуць патрэбнае месца папяровай сурвэткай. Такім чынам, ліст застаецца максімальна вільготным, работа пішацца ў адзін этап, без лесіровак, што адпавядае тэхніцы “ала-прыма”. І яшчэ адно адрозненне – спроба ўявіць, як бы аб’екты глядзеліся зімой, з гурбамі снегу, ці восенню, сярод жоўтага лісця.
Трэцяя частка – свяцільні. Спецыяльна для выставы, была выразана вялікая свяцільня з выявай Ружанскага палаца, пакуль адзіная ў такім памеры ў практыцы мастачкі Марыі Каралёвай. А таксама свяцільні стандартнага памеру з выявамі касцёла ў Камаях, Заслаўя, Мірскага замка і Менскага кафедральнага сабора. Выстава працягнецца да канца студзеня 2024 года.
Наш кар.