Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Адзін з заснавальнікаў беларускага літаратуразнаўства

Адзін з заснавальнікаў беларускага літаратуразнаўства

20 снежня 2023, 22:46 літаратура, Навука 60
Адзін з заснавальнікаў беларускага літаратуразнаўства

Адным з заснавальнікаў беларускага літаратуразнаўства, выдатным вучоным і лектарам быў Яўген Барычэўскі (1883-1934), якому 17 снежня споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння.

 Ён нарадзіўся ў Менску ў сям’і натарыуса. Скончыўшы Менскую гімназію, у 1903 годзе паступіў у Берлінскі ўніверсітэт, праз год перавёўся на гістарычна-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы быў пакінуты пры ўніверсітэце. Акрамя навуковай дзейнасці Яўген Барычэўскі займаўся педагагічнай (выкладаў рускую літаратуру ў сярэдніх навучальных установах Масквы) і літаратурнай (у газетах і часопісах друкаваліся яго шматлікія артыкулы і даследаванні). З 1918 па 1922 год быў вучоным сакратаром Галоўмузея РСФСР, сакратаром музейнага аддзела Наркамасветы РСФСР, адначасова чытаў лекцыі па філасофіі ў Маскоўскім і Петраградскім універсітэтах.

Вясной 1922 года Яўген Барычэўскі пераехаў у Менск. Пачаў працаваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе выкладаў рускую, антычную і замежную літаратуры, а таксама тэорыю літаратуры. У 1928 годзе атрымаў званне прафесара. Пасля адкрыцця ў Менску Вышэйшага педагагічнага інстытута Яўгена Барычэўскага запрасілі на пасаду прафесара літаратурна-лінгвістычнага факультэта. Адначасова з’яўляўся навуковым супрацоўнікам Інбелкульта, затым Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР (1927-1934). У гэты перыяд акрамя напружанай педагагічнай дзейнасці займаўся даследаваннямі ў галіне агульнай паэтыкі, а таксама эстэтыкі новай беларускай літаратуры. Пачаў друкавацца ў выданні “Працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”, часопісах “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя” і іншых. Асабліва цікавымі з’яўляюцца яго даследаванні “О природе эстетического суждения”, “Аб акадэмічным выданні твораў Максіма Багдановіча”, “20 гадоў беларускага друку”, “Беларуская літаратура ў асвятленні расейскіх энцыклапедый” і іншыя. У 1927 годзе вышлі з друку кнігі “Паэтыка літаратурных жанраў” і “Тэорыя санету”.

Працы Яўгена Барычэўскага вызначаюцца глыбінёй навуковага аналізу літаратурных з’яў і фактаў, выяўляюць багатую эрудыцыю аўтара. Тут упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве тэарэтычныя пытанні паэтыкі ілюстраваліся прыкладамі з твораў Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Змітрака Бядулі і Міхася Чарота і многіх іншых пісьменнікаў. Манаграфія Яўгена Барычэўскага “Паэтыка літаратурных жанраў”, якая пазнаёміла са станаўленнем найбольш важных жанравых форм эпасу, лірыкі, драмы, з’явілася для нашай краіны адкрыццём, падсумаваннем зробленага ў сусветнай літаратуры, грунтам для ўсведамлення нацыянальнага літаратурнага працэсу. Асаблівае месца ў ёй займае характарыстыка песні – самага старажытнага віду народнай творчасці. У 1928 годзе была выдадзена кніга “Матчын дар” Алеся Гаруна”. Шэраг артыкулаў напісаў Яўген Барычэўскі для “Литературной энциклопедии”. Як выкладчык, ён складаў праграмы для студэнтаў універсітэта па курсах рускай і замежнай літаратур. Для студэнтаў-завочнікаў падрыхтаваў падручнік “Паэтыка: курс для завочнага педфаку” (1929-1930). Яўген Барычэўскі з’яўляецца адным з першых бібліёграфаў у беларускім літаратуразнаўстве. Ён прымаў удзел у падрыхтоўцы збору твораў Максіма Багдановіча (т. 1-2, 1927-1928).

Яўген Барычэўскі таксама даследаваў творчасць класікаў рускай і заходнееўрапейскай літаратур. Добра ведаў нямецкую, французскую, лацінскую, старажытна-грэчаскую і іншыя мовы, быў таленавітым перакладчыкам заходнееўрапейскай літаратуры. Яго пяру належаць артыкулы “Літаратурныя погляды і густ сучаснай Нямеччыны”, “Праблемы паэтыкі ў новай кнізе О. Вальцэля”, “Гётэ і яго Фаўст”, “Песні Беранжэ”, “Вершы Беранжэ ў кніжнай графіцы” і іншыя. Не страціла навуковай каштоўнасці анталогія “Мир искусства в образах поэзии”, складзеная Яўгенам Барычэўскім і выдадзеная ў Маскве ў 1922 годзе. Сярод перакладаў на беларускую мову выдзяляюцца “Афарызмы” Гётэ.

 Напачатку 1930-х гадоў, калі ў БССР пачаліся рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, Яўгену Барычэўскаму ставілі ў віну і “ідэалістычны” падыход да выкладання, і сацыяльнае паходжанне (“сын пана”), і “нацдэмаўшчыну”. Акалічнасці смерці не ясныя, паводле адных крыніц, вучоны быў рэпрэсаваны, паводле іншых, не быў арыштаваны, памёр 12 верасня 1934 года ад анкалогіі. Пахаваны на Вайсковых могілках у Менску.

Навукова-педагагічная дзейнасць Яўгена Барычэўскага, уклад у развіццё беларускай навукі і культуры варты таго, каб яго імя назаўжды засталося ў памяці нашчадкаў.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5920
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0019
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0017
Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Грамадства

Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

9 ліпеня 2024, 19:3216
Далучайцеся да нас