7 снежня выбітнаму беларускаму навукоўцу, акадэміку і члену-карэспандэнту Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, доктару геолага-мінералагічных навук, заслужанаму дзеячу навукі Радзіму Гарэцкаму споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння. Навуковыя працы Радзіма Гарэцкага прысвечаны тэктоніцы і геадынаміцы платформ, уключаючы тэрыторыю Захаду Усходне-Еўрапейскага кратона і Беларусі.
95 гадоў – ужо само па сабе пэўнае дасягненне. Словы гэтыя камусьці могуць падацца простымі і пуставатымі. Але варта падысці да першага-лепшага мінака з адкрыццём, што ёсць у Беларусі акадэмік, навукова актыўны і дзейны, усімі паважаны, на цэлы свет аўтарытэтны, а сёння яму споўнілася 95 гадоў – і рэакцыя будзе прадказальная.
Ён вывучае пытанні стратыграфіі, літалогіі, палеаграфіі, геафізікі, геалогіі нафтавых, газавых і іншых радовішчаў карысных выкапняў. Найбольш поўна апісаў і даў класіфікацыю своеасаблівых геалагічных цел – класічных даек. Унёс істотны ўклад у тэктанічны аналіз магутнасцей адкладаў. Развіў вучэнне аб тэктоніцы платформ: праблемы наследавання і накладання струк-тур, фармацыі, тыпы і класіфікацыі структур, разломы, стадыйнасць развіцця, некампенсаванае прагінанне, глыбінная будова (паверхні Моха, магутнасці літасферы, астэнасферы, шчыльнасці зямной кары). Разгледзеў асаблівасці будовы і развіцця кантынентальных палеарыфтаў, у прыватнасці на прыкладзе Прыпяцкага прагіну даказаў лістрычны характар разломаў, якія яго фарміруюць. Удзельнічаў у складанні многіх тэктанічных карт у якасці галоўнага рэдактара (Тэктанічная карта Беларусі, 1976, 2002; Міжнародная тэктанічная карта Паўднёва-Заходняга краю Усходне-Еўрапейскай платформы, 1986) або суаўтара (Тэктанічная карта Еўразіі, Міжнародная тэктанічная карта Еўропы, Геадынамічная карта Беларусі). Распрацаваў новы прынцып тэктанічнага раяніравання платформенных зон па асноўным этапе фарміравання структур. Радзім Гарэцкім з’яўляецца аўтарам 515 навуковых прац і больш за 300 навукова-папулярных выданняў, у тым ліку 46 манаграфій, 41 карты геалагічнага зместу, 5 вынаходстваў.
Не абазнаны ў найноўшых дасягненнях геалагічнай навукі паспаліты чытач ні каліва з таго спісу не зразумее, затое з лёгкасцю запомніць, што навуковых прац, манаграфій, тэктанічных картаў, вынаходніцтваў і да таго падобнага Радзім Гаўрылавіч стварыў агулам больш за паўтысячы, і карысці яны прынеслі нямала.
З іх дапамогай стала вядома, напрыклад, пра газаносныя раёны Прыаралля, пра Базайскае радовішча нафты ў Казахстане. Пры непасрэдным удзеле Радзіма Гарэцкага чалавецтва атрымала тэктанічныя карты Еўропы і Еўразіі, а Беларусь – нацыянальную школу тэктонікаў як вынік шматгадовай працы Інстытута геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і дзейнасці кафедры геалогіі на геафаку БДУ, якія ён узначальваў.
Скуль такія глыбокія веды пра далёкія краі? Так атрымалася.
Пацярпеў ад “тых самых” рэпрэсій 30-х гадоў.
Хоць з нейкай прычыны абвінаваціць паўтарагадовага хлопчыка ва ўдзеле ў “Саюзе вызвалення Беларусі” (тагачасны народны артыкул для інтэлігенцыі) або зрабіць фігурантам справы “Працоўнай сялянскай партыі” ГПУ ў 1930 годзе не даўмелася, цяжар гэты не абмінуў ягонага бацьку, акадэміка Гаўрылу Гарэцкага.
Яму двойчы выносілі расстрэльны прысуд і двой-чы замянялі яго лагерамі, дзе, на шчасце, прыдаваўся яго інжынерна-геалагічны талент, што дазваляла працаваць па спецыяльнасці. Але Радзіму, яго малодшаму сыну, жыць давялося ў высылцы.
Апісаць у адным абзацы ўвесь пакручасты жыццёвы шлях сям’і Гарэцкіх у наступныя пасля арышту 40 гадоў папросту немагчыма.
Нават сам Радзім Гаўрылавіч прысвяціў рэканструкцыі жыццёвага шляху свайго бацькі (а заадно і яго брата, класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага) не адну таўсценную дакументальна-эпісталярную кнігу: гэта і “Браты Гарэцкія”; і створаная на падставе архіваў КДБ, куды ў ліхія 90-я людзей пачалі былі пускаць, “Ахвярую сваім “Я””, і “Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі і Украіна”…
Найбольш кранальны том з гэтай серыі – “Лісты жыцця і кахання”. Сёння, калі ў Беларусі эпісталярны жанр з сумных нагодаў перажывае рэнесанс, “Лісты…” могуць прынесці сваім чытачам нямала карысці. Кніга ўтрым-лівае ліставанне бацькоў спадара Радзіма – Гаўрылы Іванавіча і Ларысы Восіпаўны – і ў пэўнай ступені з’яўляецца калі не рэцэптам, то дакументацыяй досведу захавання добрых адносін у сям’і, якая большую частку свайго жыцця вымушана пражыць у разлуцы.
Прайшоў шлях ад сына “ворага народа” да доктара навук і атрымальніка Дзяржпрэміі
Пра гэта ў Радзіма Гарэцкага таксама ёсць кніга, да якой мы чытачоў і адсылаем – называецца “Акадэмік Яншын – дарагі мой настаўнік і сябар”.
Для нас жа найдаражэй тое, што “апантаны Бацькаўшчынай” Радзім Гарэцкі вярнуўся ў Беларусь у 1971 годзе (ягоныя бацькі – на пару гадоў раней), за плячыма маючы досвед жыцця ў месцах з нянаскімі назвамі, накшталт “Тулома” ці “Мядзвежагорск”, атрыманую ў Маскоўскім нафтавым інстытуце вышэйшую адукацыю, досвед навуковай працы ў Геалагічным інстытуце Акадэміі навук СССР і доктарскае званне. Узначаліў аддзел, а пазней і Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР, а ў незалежнай Беларусі пабыў нават віца-прэзідэнтам Акадэміі навук.
Рабіў прэзідэнтам Бацькаўшчыны яшчэ да таго, як гэта зрабілася канстытуцыйным мэйнстрымам
Узначальваў Радзім Гаўрылавіч, што праўда, усяго толькі аднайменную арганіза-цыю, затое буйную, міжнародную і цягам васьмі гадоў – “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”” (ліквідавана рашэннем суда ў 2021 г.). І хоць прэзідэнтам ён быў не першым (першым прэзідэнтам быў, як усім вядома, Васіль Быкаў), абралі на пасаду Радзіма Гарэцкага падчас эпахальнай падзеі – Першага з’езду беларусаў свету.
Гэта быў прарыўны акт яднання грамадскасці, дыяспары і дзяржавы ў справе аб’яднання падзеленых савецкай самаізаляцыйнай палітыкай беларусаў замежжа з беларусамі тутэйшымі, таму можна смела казаць, што на карысць Радзіма Гарэцкага быў дэмакратычны выбар беларусаў усяго свету.
У якасці рэзюмэ.
Радзім Гарэцкі – актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху, а з 1993 года – старшыня Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, сябра Рады ТБМ імя Францішка Скарыны, сябра Рады Беларускага Фонду Культуры і іншых. Радзім Гарэцкі – сын выбітнага беларускага навукоўца і грамадскага дзеяча Гаўрылы Гарэцкага і пляменнік класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Радзім Гарэцкі – сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар дзясяткаў кніг. Ён з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР і Беларусі, іншых шматлікіх прэмій.
Паводле СМІ.