ДАДОМУ!
Яшчэ пакуль не завіднеў усход,
Ды сэрцы падказалі нам напрамак –
Арлы Пагоні пачалі палёт
Да места сінявокай Вострай Брамы.
Усцяж маўчаць на досвітку званы,
Туман ахутаў Вежу Гедыміна,
Што зноўку сніць, як ейныя сыны
Жывымі выйшлі з пекла Радзыміна1.
Масква і Коўня, Лондан і Берлін
Падступна нас з табою разлучалі,
Святая Ганна, сёння ж як верлібр
Ламаным рытмам крокі загучалі.
Мы ўжо ідзем. Ці чуеш ты? Спачні,
Узняўшая ў літанні рукі ўгору.
Нібы крыж, цягнем зброю за плячмі,
Але суздром забыўшы пра пакору.
Няхай назаўтра будуць дакараць
І чын наш назаве Еўропа “збродняй”,
Навокал фарбы восені гараць,
Кляны ператвараючы ў паходні,
Якія ў згодзе асвятляюць шлях
Зваротны пашарэлым у атаках –
Да продкавых магілаў на кладах,
Да знуджаных чаканнем доўгім матак.
Там нашыя сусвет, жыццё і плён –
Бронь божа, іх аддаць “братам прыблудным” 2,
Таму, за батальёнам батальён,
Спяшаемся, бы ўчуўшы голас трубны.
З агню і смерці, скрозь апошні бой
Напорна, не зважаючы на стому,
Не меч вам несучы, а супакой,
Нарэшце мы вяртаемся дадому3.
1 Падчас Варшаўскай бітвы 1920 г. у вырашальных баях пад Радзымінам галоўную ролю адыгралі 1-я Літоўска-Беларуская і 10-я рэзервовая дывізія (апошняй камандаваў наш ген. Жалігоўскі).
2 Перад вераснёўскімі баямі з летувісамі ў 1920-м Пілсудскі заклікаў ставіцца да палонных не жорстка, а як да “прыблудных братоў”.
3 Ген. Жалігоўскі адказаў летувіскім парляменцёрам: “Мы ідзем не ваяваць з вамі, а толькі вяртаемся дадому”.
АПОШНЯЯ ЛІТАРА Ў АЛФАВІЦЕ
Я знікну ў немай глыбіні
Бяскрайняй вусцішнае ночы,
Давечны рыцар адзіноты
Не ўбачу раніцы агні.
Я буду верным да канца
Таму, што злучнасць статка страшыць,
Няхай пасля ён не заўважыць
Сыход чарговага наўца.
Я слова не пакіну след
У нетрах бездані бяззорнай,
Праз стогн сціханага акорда
Не змогшы даспяваць куплет.
Я сам з гармідару хацеў
Вярнуцца да першапачатку,
І прыйдзе час – растану згадкай
А цемра паглыне мой цень.
БРАМА
Ад калыскі і ў сквар, і ў завею
Нясем сэрцы да яснага храма,
Што здалёк у блакіце бялее,
Але ў храм той замкнёная брама.
З кожным крокам да мэты сталеем,
Моўчкі тоячы думак сакрамант.
Ці на ютрань назаўтра паспеем?
Хаця храма замкнёная брама.
Хай на сіверы прышласць цмянее
На вачах – не мяняем напрамак,
Жывіць нас на адхланне надзея,
Толькі храма замкнёная брама.
Хто спыніць апантаных пасмее? –
Не звяртаем увагі на шрамы
І на прыпавесці фарысеяў,
Шкада, храма замкнёная брама.
Дабрылі, як народ Маісея,
Цераз церні, аднак паміж намі
Паняверка бунтоўная спее,
Бо чаму ў храм замкнёная брама?
КРАТЫ (ПЕРАШКОДА)
Як у нябёсы ні імкні
З лятункаў чарадой крылатай,
А зраніш грудзі да крыві
Аб прэнты ўчэпістыя кратаў.
Былі скаваныя яны
Няздарамі на здзек з натхнёных,
Каб засталіся назаўжды
Там, дзе нагляд і харч казённы.
На волі пломнем залатым
Гарыць світанак спакушальна,
Ды толькі вырачаны ты
Да змроку цвілай катавальні.
На прэнгу роспачнай тугі
Знясільвае стан безвыходны –
Ён здольны вобміг астудзіць
Адчаем прагненне свабоды.
Жалеззем спляжаны пейзаж –
Малы шматок зямнога цела,
Што перакрэслілі наўсцяж
Мерыдыяны й паралелі.
Але няўцешна не крычы,
Прымі насмешку долі годна:
Уцям – і краты, і крыжы
Адно жывым ёсць перашкодай.
ДАРОГАЙ НА ДЗЯДЫ
Зацішна. І паркаль нябёс
Прыбраны белай выцінанкай
Аблокаў на ўзбуялым ранку,
Які працяў Сусвет наскрозь.
Празрыстых успамінаў рось
Нясу ад дзедавага ганка
Да бацькі вечнага прыстанку,
Так сканчваецца маладосць.
Пільнуюць ківеры бяроз
Маўчанне ўчорашняй буслянкі
Пра тое, што нас безустанку
Вяртае да даўнейшых гнёзд.
МІНУЧАСЦЬ
Лісцё ўгары кастрычнік закружыў –
Дзён колішніх краса ляціць над светам,
І ўсё, чым кагадзе нядбала жыў,
З вачэй знікае пад бязжальным ветрам.
Без сэнсу на час зменлівы грашыць:
Было – мінула, не шкадуй аб гэтым,
Як змылыя расу ў лагах дажджы,
Як сонца, што спаліла сухмень лета.
* * *
І лягуць першыя сляды
Лісцём на люстраных кілімах,
Якія хмары наткалі
На той зямлі, што нас абдыме.
І сонца, кінуўшы пасад,
Ніжэй і бліжай да заходу
Кругамі робіць свой агляд
Палёў, пазбаўленых аздобы.
Над імі блякла праміне.
А чэзлыя бадылін целы
Зацята хтось хвастаць пачне
Працяглым посвістам збалелым.
Грымоты ў шале навальніц
Нябёсы разаб’юць без жалю
І змыюць рэшткі цеплыні
Напорнасцю залеўных хваляў.
Пасля бязважкасць туманоў,
Паўстаўшы сонмам белых зданяў,
Маўкліва высляпіць акно,
Каб я не бачыў аджывання.
ХАЛОДНЫ ДОЖДЖ…
Халодны дождж працяў лязом
Дрымотнае паветра,
І шротам пырсканула золь
У шыбіны няветла.
Імгненна абязлюднеў двор
У немым абурэнні,
Як восеньскае хараство
Звялі на глум струмені.
Трымцела дробна на галлі
У сполаху лістота,
Бо адляцелых да зямлі
Братоў зглынала слота.
Не ўсім пакутваць у журбе –
Пад яблыняю-маткай
Рудзелі вабліва ў траве
Абмытыя ападкі.
Крый божа, люстарка разбіць,
Прыкмета – будзе кепска,
Але ўсцяж лужыны раслі –
Блішчастыя аскепкі.
У роўнядзь іх пасля дажджу
Ахутаны зацішшам,
Прыбраўшы парасон, гляджу –
Спрабую ўбачыць прышласць.
МУЗЫКАНТКА
Хтосьці ў парку лісце варушыць,
Што зямлю густа ўслала сабой,
Як жыццём сарваныя душы,
Тут абралыя вечны спакой.
І вярзецца – золкім сутоннем,
Дзе прыгаслі ліхтарняў агні,
Панна ў чорным з постаццю тонкай
Плачам скрыпкі смуткуе аб іх.
Стыне кроў праз голас засветны,
Зноў і зноў паўтараючы, што
Студзень люты, травень прыветны –
Гэта толькі мінучае тло.
Час згубіўся ў гамах няўлоўных
І прысадаў спакой пруцянеў,
Покуль з люстра бледнага поўні
Музыканткі твар слепа глядзеў.
А ў нястрымных нотных віхурах
Лісця нішчылася забыццё.
Танцавалі пальцы на струнах,
Узрушаючы ўсцяж груганнё.
З таго грання смык занядужыў,
І світанак праменне праліў
На расшкуматаныя душы,
Што спакою так і не знайшлі.
ПРАВОДЗІНЫ
Што пачуеш? Безгалась якая…
Спруцянела змізарнелае галлё,
Дзе на ўзлеску сонца адпускаю
Без гістэрыкі, спагады, слёз.
Адгасае бледнае ў празрыстасць,
Спаласканую сівой імжой ушчэнт,
Цераз гаю соннага абрысы
Лена цэдзячы ў быльнёг прамень.
Наўпатрап прастае долам цені,
Бы кратуе на зямлі спакой і сны,
І нябачных крылаў шамаценне
Не ўзрушае сталай цішыні.
На ўспамін адно паглыбіць зацін
Панарамай непапраўнай варажбы,
Бо нічога ўжо не перайначыць
Паўз абапал выцвілых сцяжын.
Затрымаецца на міг на ўзмежку,
Бескарыснага пазбавіцца цяжва –
У прадон азёраў кіне рэшту
(Меднаю драбніцаю)
Святла.
ПАХМУРНЫ ЭЦЮД
Вогкіх аблокаў радно
Засціла вышыню,
Сонца сышло за гумно –
Копціць азадак дню.
Золкі наўсцяж беспрасвет –
Хоць галавой аб рог!
Вецер і той пад павець,
Скінушы крылы, лёг.
Як спруцянеў далягляд,
Толькі ў глухім куце
Чорнымі пальцамі сад
Сну павуцінне рве.
Хопіць зацішша кладоў,
Бо лістапада стынь
Выправадзілі даўно
І спалілі масты!
Хай срэбрам зранку галлё
Вочы будзе пячы
І між берагамі лёд
Ад напругі трышчыць.
Каб звонкай шабляй мароз
Сцяў душы каламуць,
Саван калішніх нябёс
Яблыні ў садзе рвуць.
* * *
Са светам улагоджана, –
Здаецца, жыць і жыць,
Ды толькі з безвыходнасці
Штось у грудзях шчыміць.
Аб збаўным трызню выраі,
Хоць сэрца – на замок,
Там, над дзядоў магіламі,
Бязмежнасці парог.
Натхнёны ейнай праўдаю
Бяскрыласць перацьну –
Засуджаны, зняслаўлены
За небакрай памкну.
КРЫЖ ПРАВІНАЎ
Пакуль брыдзеш вандроўцам па зямлі
Сярод людскіх падзякаў і праклёнаў,
На змуленых пад цяжарам рамёнах
Адно сваіх правінаў крыж нясі.
Час на дакоры іншым не марнуй –
Жыццё бязжальна адгасае прыскам;
Ідзі дарогай, выбранай калісьці,
Паспець той выбар спраўдзіць паспрабуй.
Дарма з сябе гаротніка ўдаваць,
Бо ўсе нарэшце сыдзем нетаропка
Туды, дзе не гурмой, а паасобку
За кожны крок прымусяць адказаць.
Без скаргаў на нягодаў збег свавольны
За ўласны чын будзь адпавесці здольны.
ВЫЗВАЛЕННЕ
Хоць змаўчы, хоць закрычы –
Не здрыгануцца крумкачы,
Калі цень мой за плячмі
Следам больш не пабрыдзе
Між аблокаў на вадзе,
Стаўшы вольным кагадзе.
Не ўзрушае навіна,
Што жывільнага віна
Кубак выпіты да дна
І адкінуты ў рышток,
Незавершаны радок
Перацяў шнуры дарог.
Неба ў колеры сівым,
Нібы цешачыся тым
Згаслых свечак горкі дым
Шчэ плыве па-над зямлёй,
Развінуўся, як сувой,
Наўсцяж мёртвы супакой.
На загад цяжкой рукі
На палетках васількі
Паспляталіся ў вянкі,
Спруцянелы свет аглух,
Да грымотаў і вятруг
Адпускаю з цела дух.
З НІЗКІ “РУБАІ”
*
У цішы голас прагучаў грымотны
Па-над натоўпам млявым і дрымотным.
Ці здолее ўзняць спячых адзінец –
Хто першым будзіць, той заўжды самотны.
*
Той без прычын пустэльнікам сумуе,
А гэны ў тлуме дзень пры дні балюе.
Хто мае рацыю? Адказ адзін –
Абодвух смерць урэшце рэшт зраўнуе.
*
Няздары кпяць, і носіць вецер
Шматкі чарнавікоў, бы смецце,
Завершаны верш на дасвецці –
Увесь нажытак твой, паэце.