З вялікай затрымкай, але ўсё-такі ў год 800-годдзя Нясвіжа выйшаў 2-гі выпуск літаратурна-мастацкага зборніка “Нясвіжскі ўток”.
У зборнік уключаны выняткі з творчага даробку нясвіжскіх літаратараў за 2018 – 2023 гг. 319 ст.
Укладальнік: Валянціна Шчарбакова.
Рэдактар: Станіслаў Суднік.
Скарыстаны здымкі Святланы Польскай, Наталлі Плаксы, з сямейных архіваў аўтараў і з газеты “Нясвіжскія навіны”. На 1-й старонцы вокладкі: замак у Нясвіжы і “замак” у Сейлавічах (2022 г.). Аўтары здымкаў не ўстаноўлены.
На перыяд, блізкі да даты выхаду, прыпадае шмат памятных датаў з гісторыі нясвіжскай літаратуры. Пра гэта гаворыцца ў прадмове да зборніка.
“Сёлета Нясвіжу – 800 гадоў.
А летась споўнілася 460 гадоў ад моманту, як у 1562 г. беларускім гуманістам і асветнікам Сымонам Будным ў Нясвіжы былі аддрукаваны “Катэхізіс” і “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”, у якіх перашадрукар выклаў свае рэлігійныя, палітычныя і філасофскія ідэі.
1562 год мы можам лічыць годам, калі пачалася нясвіжская літаратура.
Пазалетась споўнілася 420 гадоў ад моманту выдання ў 1601 годзе кнігі «Перагрынацыя, ці Палом-ніцтва ў Святую зямлю» Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі.
У 2025 годзе споўніцца 320 гадоў з дня нараджэння пісьменніцы Францішкі Уршулі Радзівіл.
У 2019 годзе споўнілася 200 гадоў з дна нараджэння Аляксандра Незабытоўска (02.10.1819, в. Смалічы Нясвіжскага раёна) беларускага пісьменніка, філосафа, гісторыка.
Сёлета споўнілася 200 гадоў (1823) з дня нараджэння Людвіка Кандратовіча (Уладзіслава Сыракомлі) і 190 гадоў (1833) ад моманту пачатку яго навучання ў павятовай школе пры дамініканскім кляштары ў Нясвіжы.
У 2025 годзе споўніцца 125 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Жылкі (27 траўня 1900, в. Макашы, цяпер Нясвіжскі раён, Менская вобласць), беларускага паэта, перакладчыка, крытыка.
Летась споўнілася 120 гадоў, як у 1902 годзе Кастусь Міцкевіч (Якуб Колас) скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, у якой навучаўся на працягу пяці гадоў (1898-1902).
Летась споўнілася 115 гадоў, як вясной 1907 года ў маёнтак Дольны Сноў прыехаў працаваць Янка Луцэвіч (Янка Купала). Тут дачакаўся ён весткі пра выданне свайго першага зборніка “Жалейка”.
Пазалетась споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння паэта, драматурга, празаіка, выдаўца і грамадскага дзеяча Сяргея Новіка-Пеюна (1906-1994).
Пазалетась было 105 гадоў, як у 1916 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю Кузьма Чорны, але скончыць яе не здолеў, бо ў 1919 годзе семі-нарыю зачынілі польскія ўлады.
Сёлета споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Пранузы.
Летась споўнілася 100 гадоў ад нараджэння паэта з нясвіжскіх Юшавіч Івана Гурбана, сябра СП Беларусі з 1994 года, аўтара зборнікаў “Пахі вясны,” “Чубаценькі будзільнік”, “Калі ветрык спачывае”.
Сёлета споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння Алеся Стадуба (нарадзіўся 24.04.1938 г. у в. Юшавічы Нясвіжскага раёна). Скончыў 10 класаў у Нясвіжы”.
Гэта самы беглы агляд літаратурнага мінулага Нясвіжчыны. А гэтым зборнікам да нясвіжскай літара-турнай гісторыі дадаецца 21 сучасны нясвіжскі аўтар. Іх можна аднесці да розных пакаленняў, але, на жаль, моладзі вельмі мала. А хацелася б, каб яна была, каб нясвіжскія школьнікі, навучэнцы каледжа далучыліся да літаратурнага працэсу.
Зборнік пачынаецца эпіграфам:
Каб пазбыцца душэўных аковаў,
Каб не страціць ні волі, ні мовы,
Трымайце адзін запавет:
Хай ваша прыгожае слова
Робіць прыгожым наш свет.
У адпаведнасці з гэтым эпіграфам і фармаваўся зборнік.
У зборнік увайшлі вершы такіх паэтаў, як: Уладзімір Жылко, Людміла Круглік, Лілея Мялешка, Марыя Падамацька, Вольга Жэрка, Галіна Нупрэйчык, Тамара Прыгун, Алег Пракарына, Марына Суднік, Алена Шаблоўская, Валянціна Шчарбакова, Аляксандар Яцук, Станіслаў Суднік.
Яблык духмяны ўпаў на зямлю
Яблык духмяны ўпаў на зямлю,
У кроплях расы спаласнуўся.
Сонца прамень аблашчыў раллю –
Так восеньскі ранак прачнуўся.
Воблакі ціха па небе плывуць,
Вецер ім песні спявае.
Пчолы ў садзе больш не гудуць:
Антонаўка ўжо ападае.
Верасень паліць на дрэвах кастры,
Восень у сілу ўступае.
А пах які, водар у гэтай пары –
А ці хто яго з чым параўнае?
Марына Суднік.
Змешчаны пераклады з польскай мовы вершаў Вікторыі Жукевіч-Дзівоты.
Проза прадстаўлена апавяданнямі: Раісы Хвір, Марыі Падамацькі, Валерыя Чабатарова, Ірыны Кіпець; аповесцямі Кастуся Нясвіжскага і Уладзіміра Бруя. Змешчаны ўрывак з рамана Зоі Капусты.
У раздзеле “Пуліцыстыка” публікуюцца нарысы Валянціны Шчарбаковай, Вольгі Жэркі, Барыса Вят-лугіна.
Успамінамі дзеліцца Святлана Ціхонка.
У раздзеле “Літаратуразнаўства” друкуюцца два артыкулы Сяргея Чыгрына са Слоніма пра нясвіжскага і ўсябеларускага паэта Сяргея Новіка-Пеюна.
Завяршае зборнік мемарыяльны матэрыял “Памяці Алеся Стадуба”.
Не ўсе нясвіжскія творцы трапілі ў зборнік, але такой задачы і не стаяла. Праз нейкі час будзе новы. Таму, пішыце, сябры, і напісанае не толькі застанецца, але і апублікуецца.
Прэзентацыя ж гэтага зборніка папярэдне плануецца на 8 снежня.
Яраслаў Грынкевіч.