Пры ўсёй разнастайнасці святаў ёсць асаблівыя, напоўненыя сваёй непаўторнай атмасферай – атмасферай цяпла і дабрыні. Дзень маці з’яўляецца менавіта такім асаблівым святам. Дзень маці – выдатная нагода выказаць сваю любоў і глыбокую падзяку галоўнаму ў нашым жыцці чалавеку – маме. Бо мама – гэта ўвасабленне дабра, мудрасці і міласэрнасці.
Асаблівая аўра цеплыні вызначыла атмасферу мерапрыемстваў, якія прайшлі ў бібліятэках Лідскага раёна і былі прысвечаны матулі. Так, філіял “Дзітвянская сельская бібліятэка” ладзіў віншавальную гадзіну “Усё светлае – ад сонца, усё добрае – ад маці”, а філіял “Інтэграваная бібліятэка агрм. Тарнова” арганізаваў літаратурныя хвілінкі “Даносіць вецер голас маці”.
У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая” ладзілася літаратурна-музычная кампазіцыя “Мілая мама мая” для ўдзельнікаў клуба “Надзея”. Гэта свята было прысвечана самым добрым, самым чулым, самым пяшчотным, клапатлівым, працавітым і, вядома ж, самым прыгожым жанчынам – мамам… Удзельніцы мерапрыемства чыталі вершы, спявалі песні, прысвечаныя мамам, дзяліліся сакрэтамі выхавання дзяцей і ўнукаў.
У філіяле “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка” прайшла святочная феерыя “Мая мама – супермама!”. Дзеці ласкавымі словамі называлі сваіх мам, расказвалі, што яны любяць, чым займаюцца, паўдзельнічалі ў конкурсе “Маміна прафесія”. У гульні “Маленькія памочнікі” дзеці даказалі, што яны ўмеюць дапамагаць ім спраўляцца са справамі па гаспадарцы. Мамы прысутных гасцей у свята не засталіся без кветак, няхай папяровых, але з любоўю і пяшчотай размаляваных іх дзецьмі.
Супрацоўнікі філіяла “Лідская гарадская бібліятэка №1” на паэтычным калейдаскопе “Материнское сердце согрето любовью” разам з прысутнымі чыталі вершы пра маці, слухалі запісы песень, збіралі самы прыгожы букет з загадак аб кветках, праслухалі бібліяграфічны агляд літаратуры ля кніжнай выставы. Вельмі чуллівым момантам былі расказы аб дзяцінстве, аб маці. Пасля ўрачыстай часткі за кубкам духмянай гарбаты доўга яшчэ абменьваліся ўражаннямі аб сустрэчы. Усе ўдзельнікі атрымалі вялікі зарад станоўчай энергіі і яркія ўражанні. Свята атрымалася вельмі чуллівае і добрае.
У філіяле “Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Дворышча” ў рамках работы клуба “Калаўрот” ладзілася этнаграфічная гасцёўня “Матчына калыханка”. Дзеці даведаліся, што перш чым палажыць дзіця ў калыску, нашы продкі клалі туды розныя падарункі – хлеб, грошы, разумныя парады, напісаныя на паперках. Дзякуючы калыханкам маці магла растлумачыць дзецям, дзе праўда, а дзе хлусня. На мерапрыемстве гучалі калыханкі з пажаданнямі, праводзіліся гульні: “Апрані ляльку”, “Гаспадар”, дзе трэба было напячы аладак, зварыць кашу, сабраць кукурузу і папрасаваць бялізну старадаўнім прасам. Усё гэта дала добрую магчымасць дзецям лепей пазнаць жыццё сваіх продкаў, далучыць іх да народнай мудрасці.
Конкурс “Самае светлае імя” быў арганізаваны супрацоўнікамі філіяла “Лідская гарадская бібліятэка №2”. На мерапрыемстве дзеці даведаліся пра гісторыю свята Дня маці і пастараліся выказаць сваю ўдзячнасць і падзяку мамам праз вершы і песні. А таксама прынялі ўдзел у конкурсах разам са сваімі мамамі і бабулямі. З азартам складалі калаж з самых любімых сэрцу імёнаў, бо сэрца – гэта сімвал кахання, а каханне і мацярынства – дзве непарыўныя з’явы. У заключнай частцы юнакі і дзяўчаты былі ўзнагароджаны граматамі за ўдзел у конкурсе малюнкаў.
Шырока і з размахам прайшоў Дзень маці ў аграгарадку Далекія. Святочная праграма “Любімай матулі прысвячаецца!”, арганізаваная супрацоўнікамі філіяла “Далекская сельская бібліятэка-клуб”, выклікала ў прысутных пачуцці са слязамі на вачах. Дзеці з задавальненнем дэманстравалі свае творчыя здольнасці, чыталі вершы, спявалі песні для любых матуль.
У філіяле “Бярозаўская гарадская бібліятэка” прайшло мерапрыемства “Душы мацярынскай святло”, на якім прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення і традыцыямі свята ў розных краінах свету, даведаліся пра сувязь Дня маці і праваслаўнага свята Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Успомнілі любімыя мелодыі сваёй маладосці, а таксама стравы, якія абавязкова былі на святочным стале за савецкім часам. Прысутныя адказалі на пытанні “Літаратурнага аўкцыёну”, пачулі шмат каштоўных парад аб дамаводстве.
У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ладзілася музычна-паэтычная праграма “Только мама всё помнит, мама не забывает…”. Да сустрэчы была аформлена кніжная выстава “Выдатны свет, каханне і мацярынства”. На мерапрыемстве прысутнічалі і прынялі актыўны ўдзел члены клуба “Актыўнае даўгалецце”. Шмат цёплых слоў пачулі маці на свой адрас ад бібліятэкараў, якія праводзілі праграму. А яркі калейдаскоп гульняў, віктарын і конкурсаў суправаджаўся добрым настроем і ўсмешкамі, песнямі і танцамі прысутных гасцей.
У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 3” прайшла гадзіна паэзіі “Сказ от сердца и души, о том, как мамы хороши”, прымеркаваная да Дня маці. У самым пачатку ўспомнілі, як з’явілася свята, для чаго яно было створана. Затым дзеці падзяліліся гісторыямі пра сваіх маці, чыталі вершы, гаварылі самыя далікатныя і добрыя словы, а таксама з задавальненнем адгадвалі загадкі, складалі прыказкі, удзельнічалі ў гульнях і конкурсах. У завяршэнні цікавым і карысным стаў майстар-клас “Падарунак для матулі”.
Для кожнага з нас гэты дзень напоўнены бясконцай любоўю да самага роднага чалавека – сваей маці, а таксама прызнаннем і павагай да ўсіх, хто гадуе і выхоўвае дзяцей.
Бібліятэкар
Кацярына Сандакова.