Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Віктар Сазонаў адзначае юбілей

Віктар Сазонаў адзначае юбілей

19 кастрычніка 2023, 06:45 літаратура 16
Віктар Сазонаў адзначае юбілей

18 кастрычніка гарадзенскаму пісьменніку Віктару Сазонаву спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння.

Працоўны шлях Віктара Сазонава пачаўся з токара на Ашмянскім заводзе, а потым ён працягваўся ў Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі. Пасля  Віктар паспрабаваў быць прадпрымальнікам, грамадска-культурным актывістам: прайшоў “Паходню”, ТБМ, фонд імя Льва Сапегі, таварыства братоў Каліноўскіх, настаўніцкае згуртаванне “Вулей”, БСДГ, рэдагаваў інфармацыйна-аналітычнага бюлетэнь “Свой лад” і г.д. І, вядома ж, скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

А яшчэ Віктар Сазонаў вельмі добры празаік і паэт. З-пад яго пяра выйшлі з друку кнігі прозы “Занатоўкі кантрабандыста або Аповеды Сымона Нальшанскага” (2005), “Сандалі мітрапаліта або Маленькія гісторыі з вялікай палітыкі” (2012), “Паэзія прозы” (2013), “Суседскія былі” (2015), “Генетычны алфавіт” (2021) і іншыя. Вядома ж, на рабочым стале за камп’ютарам ствараюцца новыя кнігі на самыя розныя тэмы. І ў іх абавязкова будзе гумар, сарказм, “свята душы”.

Віктар Сазонаў піша таксама вершы. І даўно яму пара выдаць ладны паэтычны зборнік. Дзіўна атрымліваецца, бо ў вершах ён зусім не такі, як у сваёй прозе. Паэтычныя радкі Віктара Сазонава вельмі шчырыя, пяшчотныя, светлыя, лірычныя. Шмат напісана патрыятычных строфаў, радкоў-прызнанняў у любові да Бацькаўшчыны:

Беларусь – гэта гонар за даўні народ,

За Айчыну сваю, наш праслаўлены род,

Беларусь ёсць малітвай, дзе крыж і псалмы,

Беларусь – гэта ты, гэта я, гэта МЫ!

 

Шчыра віншуем Віктара Сазонава з юбілеем. Жа-даем яму творчых сіл, цярпення, натхнення, сямейнага дабрабыту і здароўя. А чытачоў “Нашага слова” запра-шаем пазнаёміцца з новымі вершамі юбіляра.

 

 

Новыя вершы Віктара Сазонава

 

Толькі што з таго мне?..

 

Прысвячэнне самаму сабе

напярэдні 60-годдзя.

 

Шэсць дзесяткаў міне…

Не так многа, але ж і не мала.

Шмат чаго там было,

Бо ўсяго нават не расказаць.

Толькі што з таго мне,

Бо не я тут загадваю балем,

Ды цмянее святло,

А так хочацца ўсё дапазнаць. 

Мне салгуць як у сне,

Што цяпер я намнога мудрэйшы,

Шмат зрабіў і спазнаў,

Ды магу зараз іншых вучыць.

Толькі што з таго мне,

Я раней быў напэўна прасцейшы,

Тую мудрасць не знаў,

Але мог без прычыны любіць.

 

Як салдат на вайне,

Самых лепшых сяброў я заводзіў,

У такой грамадзе,

Нават горы варочаць маглі.

Толькі што з таго мне,

Калі зараз іх лёс паразводзіў,

Хто ў выгнанні, хто дзе,

Хто ў астрозе, а хто і ў зямлі.     

 

Хтось пра творчасць пачне,

Ды раскажа, што добра ён знае,

Пра раманы, што я

У натхненні пісаў па начах.

Толькі што з таго мне,

Калі іх мой народ не чытае,

Ну а мова мая,

Памірае ў мяне на вачах.

 

Сэрца болем скране,

Сумаваць на чужынскім парадзе,

Бо заўсёды ж хадзіў,

Па пясках беларускіх дарог.

Толькі што з таго мне,

Як зямелька мая ў заняпадзе,

Хоць і шчыра рабіў,

Ды зрабіць я нічога не змог.

 

Можа хто распачне,

Пра любоў маіх блізкіх і шчасце,

Пра сям’ю намякне,

Бо такую яшчэ пашукаць.

Толькі што з таго мне,

Як і іх не мінулі няшчасці,

Ды яшчэ й за мяне,

Давялося ім пагараваць.

 

Я хлапчук, што ў акне,

Разгадаў ад марозу малюнкі.

Я юнак, што дзяўчыну,

Нясмела калісь абдымаў…

Толькі што з таго мне,

Яны дзесь у нябачным кірунку,

Я калісь іх пакінуў,

Ды зусім да канца не спазнаў.

 

Вось кавалак быцця,

І чаго толькі тут не ставала,

Не падняць, не спіхнуць,

Не магу зразумець аднаго,

У сакрэтах жыцця,

Толькі гэтага мне не хапала,

Шэсцьдзесят працягнуць,

Каб пытацца:

                      І што мне з таго?!

 

 

Гэта было калісьці…

 

Гэта было калісьці,

гэтак яшчэ раз будзе,

ціха зашэпча лісце,

ты мяне зноў пабудзіш.

Дзесь у жыцці чарговым,

можа другім, ці трэцім,

у вымярэнні новым,

альбо ў другім сусвеце.

Нават праз сотні лёсаў,

я цябе адшукаю,

між гарадоў і вёсак,

з тысяч другіх пазнаю.

Мусіць усё вярнуцца,

так жа, як першым разам,

сэрцы ізноў прачнуцца,

каб зіхацець алмазам.

Зноў у абдымках поўні,

душамі заначуем,

нават як што не ўспомнім,

сэрцам усё адчуем:

што мы знайшлі калісьці,

што мы не дарабілі,

што збераглі, як выйсце,

і што той раз згубілі.

Першы праменьчык сонца,

прагу кахаць аблашчыць,

хвалі святла бясконца,

будуць абдорваць шчасцем.

Птушачка на світанні,

нас прывітае з неба,

лес затаіць дыханне,

поле запахне хлебам.

Першай хвіліне скажам,

што мы ў жыцці палюбім,

і што вось гэтым разам,

шанца свайго не згубім…

Гэта ж было калісьці,

гэтак напэўна будзе,

ціха зашэпча лісце,

і ты мяне разбудзіш…

 

 

Дробны дожджык

 

Дробны дожджык у акно

стукае нясмела,

разварочаў, што даўно,

мне і так балела.

Як жаночы манікюр

кроплі барабаняць,

а кастрычніцкі гіпюр  

аж у сэрца раніць.

Восень, воўчая душа,

слёзы на дарозе,

нешта вырашы спярша,

бо цярпець не ў змозе.

Ці зусім не галасі,

не імжы імглою,

з дрэваў лісце не трасі,

дай жа ім спакою.

Ну няхай сабе вісяць,

ці ж таго нам шкода,

прыгажосцю зіхацяць,

калі ёсць нагода.

Ці хутчэй пакліч вятры,

яшчэ лепей буру,

ды душу мне падзяры,

не шкадуй і скуру.

Дрэвы гні аж да травы,

зверам завывай,

злыя думкі з галавы,

скразняком здувай.

Хмары ў небе скалыхні,

не суцішвай вецер,

спадзяванні разгані,

аж па ўсім сусвеце.

Толькі кроплі не драбні

на душу пагана,

таго болю не крані,

не залазь у раны.

 

 

Пяшчота

 

Гальшаны спаць ужо хацелі,

папілі людзі, ды паелі,

ды пачалі ўжо пазяхаць,

да ночы ложкі рассцілаць.

 

Але маркоціліся трошкі,

не разасланыя два ложкі,

там зноў ніхто не будзе спаць –

гаспадары пайшлі гуляць.

 

Маё мяне чакала ў хаце,

тваё ж у школьным інтэрнаце,

так і заснулі ў адзіноце,

у мроях і салодкай цноце.

 

І ад рачулкі і да пашы,

цяпер Гальшаны сталі нашы,

і аж да ранішняй пары,

мы тут з табой гаспадары.

 

Тут нашы дрэвы і пагоркі,

і толькі нашы ў небе зоркі,

і вуліца, і ўсе дамы,

і я, і ты, і разам мы…

 

Ужо і пеўні праспявалі,

ды толькі мы не засыналі,

які прыйсці там можа сон,

як сэрцы б’юцца ва ўнісон?!

 

Ужо і людцаў на работу,

цягнулі дзённыя турботы,

а мы хутчэй чакалі вечар,

які нам абяцаў сустрэчу.

 

І зноў адны з табою будзем,

і зноў пра іншае забудзем,

о, як жа гэта пачуццё,

нам захаваць на ўсё жыццё!

 

Калі нічога больш не трэба,

крыху зямлі, кавалак неба,

абдымкі нашы да рання,

і цішыня… і цішыня…

 

 

Салжы мне праўду…

 

Салжы мне праўду пра сябе,

салжы праўдзіва,

салжы ў мальбе, салжы ў журбе,

салгаць не дзіва.

Праўдзіва раскажы падман,

і не спыняйся,

так пачынаецца раман,

не сумнявайся.

Раман распаліцца мацней,

ад брудэршафта,

яго, нядоўгага, пазней,

разбурыць праўда.

Школьніца

 

Там ты і я… І больш няма…

Блукала ў поцемках зіма,

дзе толькі нашыя сляды…

Якая ноч была тады!!!

 

Жыццё заўжды ідзе па колу,

і зноў вяртаецца да школы,

дзе школьніца ў цяні нябёс,

нясмела свой чакае лёс.

 

*   *   *

 

Спіць зачарованая пляшка

Такія, сябра мой, часіны,

што і сабрацца выпіць цяжка…

Гады праходзяць як хвіліны,

спіць зачарованая пляшка,

кілішкі туляцца ў маркоце,

і нас з табой даўно чакаюць,

а мы, пустэльнікі ў самоце,

якія больш не наракаюць.

Што наракаць?! Такая доля!

І сэнсу плакацца не знойдзем!

Няволі патрабуе Воля,

і гэты шлях напэўна пройдзем.

Маліцца можна і не ў Рыме,

ды я не быў ніколі франтам,

лепш адпакутваць на радзіме,

чым румзаць слёзна імігрантам.

Даўно мы не маглі сустрэцца,

ні адпачыць, ні па рабоце,

кілішкам віскара сагрэцца,

я навучыўся ў адзіноце.

А з сябрам хочацца напіцца,

ды хляць пакуль не надакучыць,

калісьці ж трэба весяліцца,

а гараваць жыццё навучыць.

Ды ўжо даўненька навучыла,

не берагло, не шкадавала,

лупіла, штурхалася, біла,

здавалася яму ўсё мала.

А мы ўсядно кудысь імкнёмся,

і пром не прадыхнуўшы зранку,

і заўтра аж дасюль дапромся,

а сёння перакулім шклянку.

 

 

*   *   *

 

А я ляцеў пасярод ночы,

і парашыў мне снег у вочы,

пачуцці шчасцем абяляў,

надзеяй сэрца асвятляў.

А ты чакала як святая,

яшчэ такая маладая,

пяшчоты не спазнаўшы смак,

а я – зусім яшчэ юнак.

Завея ўсё змяла наўкола,

а мы стаялі каля школы,

нібы ў паслявурочны час,

настаўнік злы пакінуў нас.

Нас нават школа ратавала,

сабой ад ветру засланяла,

і плакалі у снах сады,

пад снегам тоячы сляды.

Бязгрэшным засталося места,

дзе я назваў цябе нявестай,

там дзе нявіннасць у снягах,

слядах, садах, слязах і снах…

На свеце ёсць адна прычына,

яна – каханая дзяўчына,

а гэты хлопец, што з табой,

тады і стаў самім сабой.

 

Белы Рысь

 

Адлятаюць і шпакі, і гусі,

пруцца людзі некуды ў журбе,

белы ж рысь заўсёды ў Беларусі,

і ў другой краіне не жыве.

Не жадае нікуды ён болей,

не шукае лепшае жыццё,

толькі тут сваю шануе волю,

за сваё змагаецца быццё.

Хай лісцём сцяжынкі замятае,

і трывожна ветрыць, і дажджыць,

нават бусел некуды злятае,

белы рысь нікуды не бяжыць.

Ночкі тут зімовыя марозяць,

вые шэры воўк кудысь у высь,

нават зубра сілаю вывозяць,

ды заўжды на месцы белы рысь.

Ён нястомна ў радасці, і ў скрусе, 

пільна паглядае ў даль і ўвысь…

Белы рысь – ёсць сімвал Беларусі,

Беларусь вартуе Белы Рысь.

 

Права на годны ўчынак

 

Не варта прыдумваць

                              якойсьці прычыны,

ваўком быць у шкурах авечых,

ёсць простае права

                             на годнасці ўчынак,

галоўнае з праў чалавечых.

На вартасць жыцця

                                не патрэбна заява,

хто з гонарам, той не напіша,

а годны ж учынак – галоўнае права,

бо гэта і выбар, і ніша.

Якой бы не стала жыцця пераправа,

(дзе радасці, там і нягоды),

на годны, на ўчынак, галоўнае права,

сабе пакідайма заўсёды.

Нікога на годнасць

                            з сабой не паклічаш,

і будучыні не ўгадаеш,

а вось калі нешта наперад пралічыш,

ніколі сябе не спазнаеш.

І каб чалавек заставаўся свабодны,

за кратамі, або на волі,

галоўнае права, на ўчынак, на годны,

згубіць ён не можа ніколі.

 

Там

 

У той прасторы дзе агонь

З сабой нясе крылаты конь,

І замак дзе стаіць стары,

У ім патухлі ліхтары,

І толькі зніч гарыць…

І звыклых там дарог няма,

Там не свабода, не турма,

Там нават самы доўгі дзень,

Ператвараецца на цень,

І час там не ідзе…

Там паўсюль сумневаў след,

І пакутуе паэт,

І мастак сваіх згрызот малюе раны,

Там блукае пілігрым,

Карабель ідзе скрозь дым,

І каханне праплывае акіяны.

Туды нам хочацца ісці

Каб хоць крыху сябе знайсці,

Убачыць зорны край нябёс,

І запытаць таемны лёс,

Куды ён нас занёс?

Каб зазірнуць за далягляд,

І назіраць планет парад,

Пакаштаваць таго віна,

Якое зведаў толькі ў снах,

І выпіць усё да дна.

Там паўсюль сумневаў след,

І пакутуе паэт,

І мастак сваіх згрызот малюе раны,

Там блукае пілігрым,

Карабель ідзе скрозь дым,

І каханне праплывае акіяны.

 

Парода

 

Тым, хто хоча быць народам,

трэба, каб: ці так, ці сяк,

у людзей пайшла парода,

ну, хаця б, як у сабак.

Годны звер не хоча згубы,

і сябе ён адстаіць,

калі што, пакажа зубы,

можа нават укусіць.

Тут гісторыя, карэнні,

свая праўда, свой падман,

і мінуўшчыны здарэнні,

і на будучыню план.

Як не біся, не круціся,

не змяніць гісторый ход,

хоць пайдзі і задушыся,

а народ ад слова “род”.

І не трэба без патрэбы,

агароджваць агарод,

без карэння нават дрэвы 

не цвітуць… А тут народ!

І нічога там не будзе,

дзе карэнні не ўраслі,

толькі з імі хочуць людзі,

быць сабою на зямлі.

Ды пакуль на людскасць мода

не прыйшла, то хоць бы так:

Людзям трэба хоць парода,

ну, хаця б, як у сабак.

Вось яшчэ каб з той пародай,

лепш было б, як ні вазьмі,

каб народу стаць народам,

людзям трэба быць людзьмі.

 

Рэанімова *

 

Якія не былі б умовы,

а выйдзе ўсё наадварот,

і нацыя без роднай мовы

не расквітнее як народ.

Заві дачкою, або сынам,

адказам будзе немата,

таму што кожная краіна

без роднай мовы – сірата.

Тады глядзіцца як у коме,

з сумневамі, ці будзе жыць,

хто на сваёй не можа мове

сябе на людзях прад’явіць.

Сіроцкія сагнуцца спіны,

у родных хатах, і ў гасцях,

бо мова – маці для краіны,

а яе бацька – герб і сцяг.

У тым вялікае значэнне,

каб ганарыўся даўні род,

бо толькі ў гэтым вымярэнні

квітнее іх дзіця – народ.

Адкіньце нудныя прамовы,

што нам рабіць, каго вучыць,

а паспрабуйце роднай мовай

хоць са сваімі гаварыць.

Злучаць сваё павінна слова,

што ёсць, што будзе і было,

бо маці для народа – мова,

што праз вякі нясе святло.

Падрыхтаваў Сяргей Чыгрын.

 

* Гэтым прыгожым словам “Рэанімова” ў 1980-х гадах называлася Гарадзенскае самвыдатаўскае выданне.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Алег Лойка пра Максіма Багдановіча і яго творчасць
Грамадства

Алег Лойка пра Максіма Багдановіча і яго творчасць

10 снежня 2019, 14:5622
36 разоў быў сватам на вяселлях…
Мова

36 разоў быў сватам на вяселлях…

1 лістапада 2023, 21:4920
"Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі"
Культура

"Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі"

24 жніўня 2023, 08:5918
У БДАМЛМ прайшлі XХІ Архіўныя чытанні
Навука

У БДАМЛМ прайшлі XХІ Архіўныя чытанні

19 кастрычніка 2023, 05:4817
Далучайцеся да нас