Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Тварыў усё для Беларусі

Тварыў усё для Беларусі

15 верасня 2023, 07:16 Культура, літаратура, Мова 73
Тварыў усё для Беларусі

Даўно не наведваў вёску Гудзевічы Мастоўскага раёна. Але такая аказія нядаўна надарылася, і я зноў у вёсцы са славутым дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеем, які ў 1965 годзе заснаваў заслужаны работнік культуры, настаўнік Алесь Белакоз (1928-2016). 11 верасня Алесю Мікалаевічу споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння.

На вялікі жаль, вядомасць музея і яго слава ўжо не тыя. Гудзевічы і музей без Алеся Мікалаевіча неяк прыцішыліся. Хаця сама вёска выглядае прыгожай і чыстай. Асабліва яе Цэнтральная вуліца, дзе знаходзяцца школа, клуб, крамы, сельсавет, музей, цэнтр рамёстваў і г.д. Вяскоўцы, як і ўсе беларусы, недзе спяшаюцца, нешта робяць, працуюць. Гляджу на іх і прыгадваецца Алесь Мікалаевіч Белакоз. Што ён сказаў бы, гледзячы на назвы крамаў у цэнтры вёскі? А гэта і “Чаровница”, і “Радуга”…

У цэнтры вёскі знаходзіцца кафэ “Пралеска”, дзе можна танна паабедаць. І абед даволі смачны. Настаўнікі, супрацоўнікі музея, сельсавета, госці вёскі часам забягаюць на абед. Усяго ў Гудзевічах сёння пражываюць каля 700 чалавек.

У 2012 годзе з вёскі Гудзевічы да мяне ў Слонім нечакана прыехалі некалькі чалавек і прывезлі шмат пакетаў розных дакументаў: лістоў, папер, ксеракопій, рукапісаў і г.д. Хлопцы былі з Мастоўшчыны і сказалі, што ўсе гэтыя тэчкі ад Алеся Мікалаевіча Белакоза, ён вам перадаў. У чым справа, навошта мне перадаў Алесь Мікалаевіч увесь свой творчы архіў – я не ведаў. Але вечарам таго ж дня патэлефанаваў мне сам настаўнік і папрасіў, каб я падрыхтаваў да друку яго кнігу. Адмовіць такому вядо-маму чалавеку я не змог.

Некалькі месяцаў я разбіраўся з архівам Алеся Белакоза, а потым набіраў на камп’ютары лепшыя матэрыялы. Ён часта тэлефанаваў, мы раіліся, гутарылі, абмяркоўвалі будучую кнігу. А напрыканцы 2012 года ў Менску ў выдавецтве “Кнігазбор” кніга Алеся Белакоза “Музей у Гудзевічах” выйшла з друку. Кніга атрымалася выдатнай. У ёй Алесь Мікалаевіч напісаў не толькі пра музей у Гудзевічах, але і пра гісторыю вёскі Гудзевічы, пра гісторыю Гудзевіцкага глыжавіка-маналіту, пра гісто-рыю пабудовы Гудзевіцкага ветрака, гісторыю царквы, пра Уладзіміра Караткевіча і Гудзевічы, пра паэта Міхася Явара і бібліёграфа Юлію Бібілу, пра паўстанне 1863-1864 гадоў і шмат іншых артыкулаў. Пісаў і пра тых людзей, якія дапамагалі і стваралі разам з Алесем Мікалаевічам і вучнямі вясковы музей. А таксама пра тых, хто шкодзіў музею, хто не хацеў, каб ён быў, існаваў, дзейнічаў.

Школьны музей Алеся Белакоза ў Гудзевічах прыняў сваіх першых наведвальнікаў 2 лютага 1968 года. Яго адкрыццё было прымеркавана да 130-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. Першыя экспанаты датуюцца 1965 годам. Менавіта яшчэ тады дзеці пад кіраўніцтвам Алеся Мікалаевіча Белакоза пачалі пісаць лісты пісьменнікам, мастакам, дзеячам навукі і культуры з просьбай даслаць выказванне пра беларускую мову, чарнавік ці рукапіс свайго твора, кнігу з аўтографам. Калі назбіра-лася многа матэрыялаў – і быў адчынены школьны літаратурна-краязнаўчы музей. Спачатку музей размяшчаўся толькі ў адным пакойчыку, а калі ў 1981 годзе пабудавалі новую двухпавярховую школу, тады пад музей аддалі цэлы будынак старой школы, які размясціў чатыры экспазіцыйныя залы і калідор. Яны былі адчынены ў 1984 годзе.

 Яшчэ ў 1980 годзе мясцовы калгас дапамог пера-везці з вёскі Семярэнкі да музея хатку, пабудаваную ў канцы XVIII стагоддзя. Першая экскурсія ў ёй была праведзена 6 студзеня 1981 года. А пазней калгас дапамог перавезці да хаткі свіронак. У 1990 годзе загадам Гарадзенскага ўпраўлення культуры № 10 ад 12 лютага 1990 года на аснове рашэння Мастоўскага раённага Савета народных дэпутатаў № 269 ад 17 студзеня 1990 года музей у Гудзевічах стаў дзяржаўным. Тады ж пад музей быў перададзены другі школьны будынак, дзе ў гэты ж год была адчынена зала “Народная медыцына”, праект якой бясплатна зрабіў мастак Алесь Ступень. У гэтым жа будынку ў 1990 годзе былі аформлены дзве залы “Лёну і народнага ткацтва”, дзе сабраны ўсе прылады, якія патрэбны для таго, каб лён ці воўна ператварыліся ў тканіну, паказаны ўсе ўзоры тканін, якія вырабляліся ў тамтэйшай мясцовасці, а таксама ўнікальная калекцыя падвойных дываноў. Потым адчыніліся экспазіцыйныя залы. А ў 1997 годзе была зроблена зала “Гісторыя Гудзевіч у дакументах і фотаздымках” і г.д.

 Так паціху музей пашыраўся і жыў. Хаця ў стварэнні яго, у пошуках матэрыялаў для яго, існавала нямала перашкод. Але іх змог адолець тады няўрымслівы і апантаны справай Алесь Белакоз. Чалавек-легенда, якім мы павінны заўсёды ганарыцца і памятаць. І мы памятаем пра яго, памятаем такім, якім ён быў – народным настаўнікам, збіральнікам, музейшчыкам, краязнаўцам, літаратарам, вялікім беларусам ХХ – пачатку ХХI стагоддзяў. Алесь Белакоз – гэта шчыры і мужны беларус, патрыёт, чалавек, для якога Беларусь заўсёды была сэнсам усяго яго жыцця.

У той час беларускія музеі ствараліся няпроста і нялёгка. Сколькі папахадзіў, паабіваў парогаў Алесь Мікалаевіч дзеля свайго музея. Яму запісвалі вымовы, наладжвалі ў школе праверкі, абзывалі нацыяналістам, а ён рабіў сваю справу, рабіў упарта і натхнёна, спакойна і… заўсёды.  Не ўсё задуманае ім спраўдзілася, адбылося, захавалася для нашчадкаў. Але ён вытрымаў, перажыў, адолеў. І ён дзеля гэтага жыў, каб мы жылі, каб жыла ў свеце Беларусь, каб жыла наша мова, каб захавалася наша багатая спадчына.

За сваё жыццё Алесь Белакоз напісаў і апублікаваў дзесяткі артыкулаў у розных выданнях. Ён пакінуў нам у спадчыну не толькі кнігу “Музей у Гудзевічах”, але і выданні “Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей” (1986), “Каб жыла Беларусь” (2003), “Крамянёўка” (2010). У 1987 годзе яму было прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларусі. А ў 2012 годзе Алесь Белакоз быў узнагароджаны прэміяй “За свабоду думкі”.

Мне таксама пашанцавала з ім зрабіць некалькі гутарак, я пісаў артыкулы пра лёс яго бацькі, брата Пятра і пра сястру Веру, якая памерла маладой. Вельмі любіў і шкадаваў Веру ўсё жыццё Алесь Мікалаевіч.

Яна вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі, была шчырай беларускай і патрыёткай. Калі ўспамінаў яе Алесь Мікалаевіч, на вачах з’яўляюцца слёзы, “Верачка ўвесь час думала, каб прынесці найбольш славы, дабра, карысці, закаханасці ў сваю Бацькаўшчыну”, — успамінаў Алесь Белакоз. Жыццёвым дэвізам настаўніка з Гудзевіч былі словы: “Усё для Беларусі!”.

У 2021 годзе на магіле Алеся Белакоза ў Гудзевічах быў пастаўлены помнік.  Яго паставілі з каменя. На ім выбіта прозвішча і гады жыцця Алеся Белакоза, а таксама  ефрасіннеўскі крыж. Такую просьбу пры жыцці меў сам Алесь Мікалаевіч. Ён прасіў, каб на яго магіле стаяў помнік у выглядзе каменя з мясцовых палетак. Просьбу беларускага грамадска-культурнага дзеяча і педагога выканалі.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3619
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію
Грамадства

Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію

28 сакавіка 2019, 17:0618
Я краінай сваёй ганаруся
Культура

Я краінай сваёй ганаруся

4 лютага 2025, 16:3117
Далучайцеся да нас