Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
I лесу шэлест верасны,
І ў полі дуб апалены.
Павярнуцца да гэтай спадчыны, згадаць яе, данесці да людзей – такую задачу мае Фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі”, які ў 4-ты раз праходзіў у аграмястэчку Мажэйкава Лідскага раёна.
Сёлета асаблівы фестываль, бо споўнілася як раз 100 год з дня нараджэння Земавіта Фядэцкага. Наш славуты зямляк нарадзіўся 22 жніўня 1923 года ў маёнтку Лебяда, непадалёк ад Мажэйкава. Тут правёў дзяцінства і перажыў вайну.У 1942-1943 гадах Земавіт Фядэцкі жыў у вёсцы Феліксава. I цяжкія часіны вайны не перашкодзілі яму, акрамя іншых спраў, яшчэ і запісваць у сшытак феліксаўскія песні.
Земавіт Фядэцкі хаваў рукапіс гэтых песень амаль 50 гадоў, як быццам не было нічога больш каштоўнага, што варта было б схаваць ці вазіць з сабой: і праз вайну, і праз пасляваенную разруху. За ўсім гэтым бачна вялікая любоў Земавіта Фядэцкага да малой радзімы.
І радзіма адказала яму такой жа любоўю. У 2017 годзе быў заснаваны фестываль яго памяці. Пра гэта гаварыла і кіраўнік спраў Мажэйкаўскага сельсавета Людміла Феліксаўна Роўба адкрываючы фестываль.
Аб прыгожай Бандароўне
I аб справах пана
Засталася ў народзе
Песня здавен-даўна.
Словамі нашага песняра, народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і распачаўся-такі сам Рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага.
На сцэну выйшла Алеся Ярунічава. Яна пад фанаграму “Славянская дуда”выканала ўрывак з беларускай думкі (балады) пра Бандароўну са зборніка “Беларускія думкі, звычаі, абрады з Лідскага павета”, асноўны збіральнік Уладзіслаў Вярыга. Вярыга запісаў на Лідчыне “Бандароўну” ў 1885 годзе, а Янка Купала напісаў сваю “Бандароўну” толькі ў 1913 годзе.
У нядзелю ранусенка
Дожджык пакрапляя,
Маладая бандаруўна
Валы паганяя.
Гдзе ўзяўся пан канюшы
З сваімі слугамі.
“Павярніся, бандаруўна,
З валамі да хаты”.
Наняў, наняў пан канюшы
Музыканты граці;
То для млодай бандаруўны
Пайсьці пагуляці.
Маладая бандаруўна
Мела сказаці:
“Я ня маю такой сукні
З канюшым гуляці”.
Купіў, купіў пан канюшы
Дарагую сукню,
Прыслаў, прыслаў пан канюшы
Цераз верную служку.
Маладая бандаруўна
Мела адказаці:
“Я ня маю такой стужкі
Ў гэту сукню класьці”.
Купіў, купіў пан канюшы
Дарагую стужку,
Прыслаў, прыслаў пан канюшы
Цераз верную служку.
Ўцекала бандаруўна
Ў зялёны лесы,
Даганялі бандаруўну
Ашмянскія шляхты;
Ўцекала бандаруўна
Ў зялёныя лугі,
Папалася бандаруўна
Канюшаму ў рукі.
Як даў пан канюшы
Бандаруўня ў плечы,
Паліліся з бандаруўны
Чырвоныя рэчы.
Казаў пан канюшы
Тры дні ня хаваці;
Спасылаў пан канюшы
Па айца і маці.
Як прышла бандарова
Спляснула рукамі:
“Адгуляла маё дзіця
З тымі дваракамі”.
А як прышоў сам бандар,
Тропнуў ён нагою:
“Залажыла маё дзеця
За ўсіх галавою”.
Лідзяне не чулі сваёй “Бандароўны” 130 гадоў, і нарэшце яна прагучала.
Пра зборнік “Беларускія думкі, звычаі, абрады з Лідскага павета” распавёў рэдактар зборніка Станіслаў Суднік, ён жа рэдактар папулярнага на Лідчыне часопіса “Лідскі летапісец”. С. Суднік нагадаў, што гэта ўжо трэці лідскі фальклорны зборнік. Акрамя зборніка Земавіта Фядэцкага, які тут перавыдалі ў 2017 годзе, у 2021 годзе выдалі зборнік “Закуй, закуй, зязюленька, рана”, складзены з песень запісаных Аленай Іваноўскай у 1905-1912 гг. і апублікаваных у англійскім часопісе “Фальк-лор”, дзе іх знайшоў Леанід Лаўрэш. І да трэцяга зборніка Леанід Лаўрэш таксама прыклаў руку. Тры фальклорныя зборнікі з аднаго павета – гэта добра.
І нарэшце конкурсная частка.
Сёлета ў фестывалі бралі ўдзел 17 канкурсантаў (пазалетась было 12).
У намінацыі “Лепшы дарослы фальклорны ансамбль” спаборнічалі:
– Народны фальклорны калектыў “Ульяніца” (Філіяла ‘Ганчарскі Дом культуры”) з сямейна-побытавай песняй “Ой, аралі хлопцы ніву”;
– Фальклорны гурт “Явар” (Філіял “Мажэйкаўскі Дом культуры”) з песнямі ”Ой, сівы конь бяжыць”, “Калі каліна не цвіце”;
– Народны фальклорны гурт “Талер” (Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры) з песняй са зборніка Фядэцкага “Ой, ляцелі гусанькі…”;
– Вакальны гурт “Надзея” (Філіял “Беліцкі Дом культуры”) з песняй “Кіну кужаль на паліцу”;
– Клуб народнай культуры “Сяброўкі” (ДУ “Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”) з песнямі “Ой, у лузе”і “Зялёны лісце, белы каштаны”;
– Сямейны ансамбль Ціховічаў (Філіял “Ваверскі Дом культуры”) з песняй “Быў у мяне белы конь”.
У намінацыі “Лепшы індывідуальны выканаўца” (сольныя спевы, дуэты, да 18 гадоў):
– Ева Ціховіч (Філіял “Ваверскі Дом культуры”) з песняй “Пасаджу каліну ў полі”;
– Дар’я Ваўчок, Эвеліна Бальцэвіч, Алёна Рамук (Філіял “Гудскі цэнтр творчасці і дасугу”) з песняй “Сівы голуб”.
У намінацыі “Лепшы індывідуальны выканаўца” (сольныя спевы, дуэты, пасля 18 гадоў):
– Галіна Сафонава (Філіял “Беліцкі Дом культуры”) з песняй “Жыта жала”;
– Надзея Ваўковіч (Філіял “Першамайскі Дом культуры”) з песняй “Селезень”;
– Наталля Шчаўканогава (Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры) з песняй “А ўчора з вячора”;
– Вера Дзянінічык, Лізавета Бразоўская (Філіял “Ходараўскі сельскі клуб-бібліятэка”) з песняй “Ехалі цыганы”;
– Мікалай Сакалоўскі, Зміцер Сакалоў (Філіял “Першамайскі Дом культуры”) з песняй “Дунаю, Дунаю!”;
– Інэса Парфенчык (Філіял “Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр”) з песнямі “Із-пад каменя” і “Мая маменька”.
Па выніках конкурсу журы ў складзе:
– Лісоўская Таццяна Віктараўна, намеснік дырэктара ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” – старшыня журы;
– Канцавенка Наталля Уладзіміраўна, загадчык аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” – сустаршыня журы;
– Роўба Людміла Феліксаўна, кіраўнік спраў Мажэйкаўскага сельскага савета;
– Суднік Станіслаў Вацлававіч, рэдактар часопіса “Лідскі летапісец”
вызначыла найбольш таленавітых у намінацыях:
– Народны фальклорны гурт “Талер” (Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры) У намінацыі “Лепшы дарослы фальклорны ансамбль”;
– Дар’я Ваўчок, Эвеліна Бальцэвіч, Алёна Рамук (Філіял “Гудскі цэнтр творчасці і дасугу”) у намінацыі “Лепшы індывідуальны выканаўца” (сольныя спевы, дуэты, да 18 гадоў);
– Мікалай Сакалоўскі, Зміцер Сакалоў (Філіял “Першамайскі Дом культуры”) у намінацыі “Лепшы індывідуальны выканаўца” (сольныя спевы, дуэты, пасля 18 гадоў).
За папулярызацыю ў інтэрнэт-прасторы традыцыйнай народнай творчасці дыплом атрымала Паліна Селезень.
За папулярызацыю народнай творчасці ў мола-дзевым асяроддзі дыпломы атрымалі сямейны ансамбль Ціховічаў і Ева Ціховіч.
За захаванне, развіццё і прапаганду традыцыйнай народнай творчасці дыпломы атрымалі Клуб “Сяброўкі” і Інэса Парфенчык.
Астатнія канкурсанты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў.
Пакуль журы працавала з канцэртнымі праграмамі выступілі слынная мажэйкаўская “Каханачка” і дзіцячая група “Крынічка”.
А бліскуча вялі імпрэзу Кацярына Вельб і Мікалай Сакалоўскі
Яраслаў Грынкевіч.