Марафонам выступленняў адзначыўся на Гарадзеншчыне Літаратурны клуб “Экватар” 23-24 жніўня бягучага года. За два дні прайшло ажно пяць мерапрыемстваў – розных па масштабе і па колькасці сабраўшыхся на іх людзей, але ўсе яны былі прысвечаны выхаду новай кнігі паэта з маляўнічай вёскі Пачуйкі Мікалая Іваноўскага “Духмяны падарунак”.
23 жніўня распачала серыю творчых сустрэч імпрэза ў Ваўка-выскай раённай бібліятэцы, арганізаваная яе загадчыцай Наталляй Лешчык. Спадарыня Наталля заўсёды вельмі гасцінна сустракае творчых людзей. Так было і на гэты раз. Пасля чаявання бібліятэкараў з гасцямі імпрэза пачалася. Вядучай мерапрыемства з боку бібліятэкі стала Ірына Кароль, якая пачала з таго, что коратка азнаёміла прысутных з творчай біяграфіяй Мікалая Іваноўскага, пералічыла ўсе яго выдадзеныя кнігі і шчыра павіншавала пачуйскага паэта са з’яўленнем яго новага паэтычнага зборніка. Потым спадарыня Ірына перадала слова віноўніку ўрачыстасці. Але Мікалай Іваноўскі зазначыў, што хоча, каб спачатку выступілі ягоныя госці: Вячаслаў Корбут і Інга Вінарская, якія дапамаглі яму выдаць сем з васьмі выйшаўшых у свет ягоных кніг, а таксама Тарэза Кавальчук. Сказана – зроблена.
Кіраўнік Літаратурнага клуба “Экватар”, пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут распавёў прысутным, што ў кнізе для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнга ўзросту “Духмяны падарунак” ён з’яўляўся рэдактарам і рэдактарам-укладальнікам, асабіста падзяліў выданне на пяць частак. Спадар Корбут прачытаў некалькі асабліва запаўшых яму ў сэрца вершаў з новай кнігі пачуйскага паэта, а потым зазначыў, што перад самым прыездам у Ваўкавыск напісаў верш, прысвечаны гэтаму гораду, з якім і азнаёміў прысутных:
Ваўкавыск – тых дзён калыска,
Нашай памяці на ўздым.
І са мной далёкі, блізкі,
А на выгляд – малады.
Рупны погляд, і з табою
Робім рух у новы час.
Светлы, чысты дзень з хадою
Наталяе лепей нас.
Ваўкавыск дарогай шчасця
Крочыць з поспехам найперш,
Каб на заўтра не адкласці
Крок наперад – гэтак лепш!
Сваім людам ганарыся,
Горад з існай дабрынёй.
Нам у радасці адкрыйся,
Сэрцам будзь заўжды са мной!
Пісьменніца і журналістка, шэф-рэдактар альманаха “Літаратурны экватар” Інга Вінарская зазначыла, што працавала над макетамі сямі кніг Мікалая Іваноўскага з выдадзеных ім васьмі. Таксама спадарыня Вінарская часцяком пісала ўступныя артыкулы для гэтых паэтычных зборнікаў. Не стаў выключэннем і “Духмяны падарунак”: напачатку кнігі змешчаны артыкул Інгі Вінарскай “Падарунак з водарам малой радзімы” – ён і быў прачытаны перад сабраўшыміся. Таксама спадарыня Інга ўзгадала, што некалі прысвяціла верш Мікалаю Іваноўскаму і ягоным Пачуйкам, і прысутныя пачулі паэтычны твор “Спявалі там чароўна салаўі…”
Загадчыца бібліятэкі ДУА “Гімназія № 2 г. Ваўкавыска” Тарэза Кавальчук распавяла, што вельмі рада супрацоўніцтву з паэтам Мікалаем Іваноўскім. Яна зазначыла, што правяла ў сваёй гімназіі ўжо некалькі сустрэч школьнікаў розных узростаў з гэтым цікавым аўтарам. Асабліва ж дзецям, па сцвярджэнні Тарэзы Кавальчук, падабаецца кніга Мікалая Іваноўскага “Загадкі на ўсе выпадкі”, вельмі яркая і прыгожая. Спадарыня Тарэза нават прачытала прысутным адтуль некалькі загадак, і аўдыторыя іх разгадвала.
Віноўнік урачыстасці Мікалай Іваноўскі, канешне, распавядаў пра сваю новую кнігу, дзе галоўнымі героямі з’яўляюцца ўнук і дзед, які ў паэтычнай форме павучае свайго нашчадка, распавядае пра тое, якія бываюць грыбы ды ягады, садавіна і гародніна, апісвае крылатых і чатырохлапых жыхароў роднага краю. Прагучалі вершы: “Вішня”, “Журавіны”, “Траўнёвы ранак”, “Пчаліны спеў”, “У госці да баброў” і інш.
Адметнай рысай мерапрыемства стала прысутнасць на ім загадчыка аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Ваўкавыскага райвыканкама спадара Івана Маржалы. Іван Фадзеевіч ад імя Ваўкавыскай адміністрацыі шчыра павіншаваў Мікалая Пятровіча з новай кнігай і ўручыў аўтару каштоўны падарунак.
Але ўвечары 23 жніўня выступоўцаў чакалі ў старажытных чароўных Вярэйках на яшчэ адну творчую сустрэчу, якая была аргані-завана па ініцыятыве мясцовага паэта Віктара Курыловіча. Забягаючы наперад, зазначым што спадар Віктар таксама прысутнічаў на гэтым мерапрыемстве і прачытаў шэраг сваіх глыбокіх, дасканала зробленых вершаў. Непасрэднай жа арганізацыяй сустрэчы займаліся бібліятэкар Вярэйскага дома культуры Тамара Вялічка і рэжысёр з гэтай жа культурнай установы Алена Бязгодава. Жанчыны ветліва і радасна сустрэлі пры-ехаўшых выступоўцаў. Сустрэча пачалася.
Да слова сказаць, і ў Вярэйках, і на на яшчэ трох мерапрыемствах наступнага дня і Вячаслаў Корбут, і Інга Вінарская пачыналі свае выступленні не толькі з расповедаў пра кнігу Мікалая Іваноўскага “Духмяны падарунак” і пра сваю працу над ёй, але таксама чыталі па некалькі вершаў Мікалая Іваноўскага. Потым пераходзілі да сваіх уласных твораў.
У Вярэйках Вячаслаў Корбут прачытаў наступныя свае вершы: “Ці будзе тое?”, “Мой жнівень”, “Мала песняў, мала спеваў”, “У думках запісы хаваю” і інш. Таксама прагучалі байкі “Андруха-уратар” і “Крочыў вучань на ўрок”.
Інга Вінарская выказала сваё захапленне прыгажосцю Вярэйскіх пейзажаў. Спадарыня ўзгадала, што ў яе ёсць цыкл летніх вершаў, змешчаны ў яе кнізе “Гучы, маё сэрца, гучы…”, які яна і хоча прачытаць. Аўтарка выканала наступныя паэтычныя творы: “Рамонкавы луг і світанак…”, “Дзень вынырнуў, гуляка, з-за вады…”, “У спрадвечнасці вечара…”, “Рамонкі, макі, васількі…” і інш. Таксама спадарыня Вінар-ская зазначыла, што ў яе ёсць прыгожы верш пра летнюю залеву, а як усім вядома, Бог – у дажджы…
Сусвет прыціх прад подыхам дажджу
Замёрлі рухі велічных стагоддзяў,
Паветра змоўкне, згледзеўшы мяжу
Залевы, мкне дзятва ад непагоды.
Сцяна вады – цудоўнай сілы вір,
На каштанах аж свечкі задрыжэлі,
Таполі дождж імкнуцца блаславіць,
Да неба іх маркоты паляцелі.
Пірамідальна струнаў чуўся звон…
Вада, вада – там шэпт і шамаценне…
У лужы дзень свой накіруе скон,
Свой вопыт і энергію сталення.
О, час перад дажджом – цудоўны міг,
У покрыве той Боскае залевы…
Вялікі свет! Шчаслівы, хто спасціг
Яго красу – у гэтых летніх спевах!
У выкананні Мікалая Іваноўскага на Вярэйкаўскай імпрэзе прагучалі вершы рознай тэматычнай накіраванасці: пра прыгажосць навакольнага сусвету, пра прыроду, пра каханне, а таксама пра занепакоенасць аўтара сучаснымі варожымі ваеннымі пагрозамі. Прысутныя пачулі творы: “Лёнавая кашуля”, “Вяртанне буслоў”, “Раніца ля ракі”, “Пчолкі”, “Зачараваны”, “Нам памяць не сцерці”, “Мір Беларусі” і інш.
24 жніўня да групы нашых выступоўцаў далучыўся падпалкоўнік бранетанкавых войскаў у адстаўцы, кіраўнік Гарадзенскай камісіі па ахове помнікаў Дзмітрый Аўсейчык. Па сумяшчальніцтве Дзмітрый Сяргеевіч – яшчэ і сваяк Мікалая Іваноўскага, муж ягонай сястры. Дык вось, спадар Дзмітрый прыняў удзел у трох наступных выступленнях прадстаўнікоў Літаратурнага клуба “Экватар” – у Рэплі, Вялікіх Эйсмантах і Гудзевічах. Гэта канешне, было эфектна – пабачыць статнага баявога афіцэра ў строгай ваеннай форме з безліччу ўзнагародаў, ад якіх пры руху чуўся лёгкі перазвон. Таксама было цікава паслухаць, што думае такі бывалы чалавек пра сучасны палітычны стан, пра сяброў і ворагаў нашай дзяржавы…
Але, усё па парадку, калі размова пайшла пра імпрэзы 24 жніўня. З раніцы нашых выступоўцаў чакалі ў гістарычным месцы, знакамітым сваім высокім гатычным касцёлам, – у Рэплі. З вялікай радасцю сустрэла завітаўшых да яе пісьменнікаў загадчыца Рэплеўскага дома культуры Марыя Гжэсяк. Выбачалася, што людзей няшмат, бо ўсё ж такі яшчэ лета. Але імпрэза адбылася цёплая і файная, амаль хатняя.
Распачала сустрэчу Інга Вінарская. Яна зазначыла, што рада зноў выступаць у зале Рэплеўскага дома культуры, бо ён мае чароўную глыбокую акустыку, і вельмі ёй прыемна тут чуць гукі свайго голасу. Спадарыня распавяла пра тое, што выдаваць дзіцячыя кнігі значна больш цяжка, чым дарослыя, бо для іх існуе шмат правілаў і абмежаванняў. Але гэта цікавая справа, і асабліва радасна, калі ў свет выходзяць такія прыгожыя кнігі, як у Мікалая Іваноўскага. У Рэплі Інга Вінарская чытала свае дзіцячыя вершы: “Ледзь ружовым падсечана воблака…”, “Нашым коткам…”, “Дзяўчынка такая смяшлівая…”, “Па слядах Алісы ў краіне цудаў…” і інш.
Тэму складанасці выдання дзіцячых кніг, а таксама падручнікаў падтрымаў Вячаслаў Корбут, які шэраг год кіраваў Беларускім літаратурным фондам і выдавецтвам “Беллітфонд”, якім быў выдадзены шэраг падручнікаў для розных школьных узростаў. Дзіцячыя кнігі там выходзілі таксама. Дакладна, розных пра-вілаў і абмежаванняў было нямала, але ўсе падручнікі і кнігі былі выдадзены паспяхова.
У выкананні Вячаслава Корбута прагучалі творы: “Паводкі”, “Ізноў наперад”, “Матуля”, “Крыніца”, “Пра роднае”, “Балада пра маёра Гаўрылава” і інш.
Мікалай Іваноўскі пачаў сваё выступленне з таго, што падзякаваў Марыі Гжэсяк за шматгадовае плённае з ім супрацоўніцтва. Распавёў, што спадарыня Марыя працуе на пасадзе загадчыцы Дома культуры шмат год, і выказаў спадзяванне, што ягоныя з ёй сяброўскія адносіны захаваюцца і надалей.
Спадар Мікалай прачытаў сабраўшымся наступныя свае вершы: “Знайдзіце мове каляіну”, “Юбілей школы”, “Шчасце – лекі”, “Няпрошаныя госці”, “Раніца ля ракі”, “Пчалярства – навука” і інш. Не абмінуў Мікалай Іваноўскі і аднайменны верш, які даў назву ягонай кнізе, – “Духмяны падарунак”:
– О, колькі вас мне трэба гушкаць? –
Пытала яблынька ў пладоў.
Люляла ўчора я ў пялюшках,
Цяпер – вы прыгажосць садоў.
Духмяны спее падарунак…
Хутчэй адчыняцца скляпы,
Бо холад мае накірунак,
Як вецер гойсае сляпы.
Вас зберагчы я не здалею,
Згублю лістоту там сама.
І гаспадар наш разумее:
Пільнуе побач нас зіма.
На Новы год ці на Каляды
Нясіце смакату садоў.
Важней наш яблык шакаладу,
Здароўе майце шмат гадоў.
Сад сакавіцкі зноў абудзіць,
Ён твар памые наш ад сну.
Сукенкі вам пабеляць людзі,
І стрэнем з кветкамі вясну!
У абед нашыя творцы завіталі ў Вялікія Эйсманты. Там іх чакалі ў Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе. Вельмі прыгожая навучальная ўстанова: такое адчуванне, што пах кветак адчуваецца здаля… Насамрэч, прыгожых дрэваў і раслін вакол той школы вельмі многа.
На парозе выступоўцаў ветліва сустрэла дырэктарка школы Галіна Аляксееўна Македон. Творцам перад пачаткам мерапрыемства была прапанавана экскурсія па “Музеі землязнаўства “Каменны летапіс Зямлі”, які знаходзіцца ў будынку гэтай навучальнай установы. Створаны ён быў па інціцыятыве і пры непасрэдным удзеле настаўніка гісторыі і геаграфіі Леаніда Калесніка. Цяпер Леанід Раманавіч – кіраўнік гэтага музея. Між іншым, экскурсію для гасцей праводзіў непасрэдна ён сам. Вельмі павучальна атрымалася.
Непасрэдна сама імпрэза пачалася цікава. Справа ў тым, што пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ірыны Іванаўны Швед вучні старэйшых класаў часцяком пішуць навуковыя працы, і работы гэты нават перыядычна пера-магаюць на розных рэспубліканскіх конкурсах. З адной з такіх навуковых прац пад назвай “Канцэпт “Дом” у лірыцы Мікалая Іваноўскага на прыкладзе зборніка “Пяром і сэрцам” пазнаёміла прысутных вучаніца 11 класа Аляксандра Швед.
Нашы выступоўцы: Вячаслаў Корбут, Інга Вінарская, Мікалай Іваноўскі прачыталі перад сабраўшыміся настаўнікамі, вучнямі, гасцямі мерапрыемства свае вершы. Да праграмы імпрэзы далучылася таксама мясцовая паэтка Галіна Жывіца з паэтычнымі творамі на тэму прыгожосці навакольных краявідаў і любові да роднага краю.
Увечары 24 жніўня адбылася творчая імпрэза ў Гудзевіцкай сельскай бібліятэцы, дзе сабраліся для сустрэчы з пісьменнікамі ўдзелькі мясцовага клуба творчасці “Залаты ўзрост” пад кіраўніцтвам загадчыцы гэтай установы Валянціны Пронькі.
Як і на папярэдніх імпрэзах, гучала шмат вершаў у выкананні Вячаслава Корбута, Інгі Вінарскай, Мікалая Іваноўскага. Але была адна адметная рыса ў гэтай творчай сустрэчы: тут гучалі спевы пад акампанемент баяна, на якім па-майстэрску грала спадарыня Яніна Цуркан. Сярод выкананых аўдыторыяй песень былі творы на вершы Мікалая Іваноўскага: “За цеплыню душы”, “Як вы там?” і інш. Падпалкоўнік Дзмітрый Аўсейчык, які таксама выступаў на гэтым мерапрыемстве, з задавальненнем спяваў разам з усімі, а таксама выступіў з невялічкай сольнай праграмай. А спявае ён добра, бо з’яўляецца адным з салістаў Гарадзенскага хору ветэранаў.
Вось такая канцэртная вандроўка па Гарадзеншчыне атрымалася ў сяброў Літаратурнага клуба “Экватар” з нагоды выхаду ў свет кнігі Мікалая Іваноўскага “Духмяны падарунак”. Было шмат ўсмешак, апладысментаў, песень і кветак… Дарэчы, кветкі з Вялікіх Эйсмантаў – тры агромністых букета рознакаляровых гладыёлусаў, палевых і барвовых ружаў – шчасна даехалі са сваёй новай гаспадыняй да яе хаты і, несу-мненна, натхнялі яе сваёй прыгажосцю пры напісанні гэтага артыкула…
Інга Вінарская.