У канцы доўгага працоўнага жыцця часта настае расчараванне. На 2021 год сярэдні памер пенсіі пасля 40 гадоў працы ў Германіі складаў 1370 еўра. Як правіла, з дзяржаўнай пенсіяй у Германіі багатым не станеш. Нават з максімальнай стаўкай. Але які прыбытак для гэтага патрэбен?
Рашэнне пра падвышэнне пенсій у ліпені 2023 года сітуацыю не зменіць. Пенсіянеры на Захадзе змогуць разлічваць на падвышэнне на 4,39% – у новых федэральных землях пенсіі вырастуць на цэлых 5,86%. Аднак у большасці выпадкаў гэта не прывядзе да вялікіх фінансавых скачкоў. Бо інфляцыя толькі за травень 2023 года, па дадзеных Федэральнага статыстычнага кіравання, склала 6,1%. Але пры якім узроўні прыбытку ў Германіі чалавек сапраўды лічыцца багатым?
Каб вызначыць гэта…
… неабходна, першым чынам, зразумець, што і беднасць, і багацце не паддаюцца простаму і адназначнаму вымярэнню ў сілу мноства аспектаў. Менавіта так тлумачыць гэта ўрад Германіі ў сваім пятым Дакладзе пра беднасць і багацце за 2017 год.
Тым не менш, існуе крытэр, пры якім прыбытак у Германіі можна лічыць вялікім. Для гэтага неабходна дасягнуць парога больш за 200% ад сярэдняга ці медыяннага прыбытку. Паводле шостага Даклада пра беднасць і багацце за 2021 год, гэта складае “ў залежнасці ад крыніцы дадзеных – ад чуць менш за 3600 еўра да чуць менш за 3900 еўра”.
Столь унёскаў – 7 300 еўра
Дасягненне такой велічыні з дапамогай абавязковай пенсіі не толькі зусім ілюзорна, але і проста немагчыма. Памер пенсіі галоўным чынам разлічваецца ў залежнасці ад колькасці балаў, назапашаных працаўніком за сваё працоўнае жыццё. Тыя, хто сёння зарабляе 43 142 еўра брута ў год, могуць разлічваць роўна на адзін бал.
Калі вы зарабляеце больш, то атрымліваеце больш – а калі менш, то менш балаў. Акрамя таго, існуе максімальная сума, якую можна ўнесці ў сістэму абавязковага пенсійнага страхавання, – так званая столь унёскаў. Па дадзеных Фонду пенсійнага страхавання Германіі, у студзені 2023 года гэтая сума павялічваецца з 7 050 да 7300 еўра ў месяц у старых федэральных землях і з 6 750 да 7 100 еўра ў месяц у новых федэральных землях.
Для старых федэральных земляў гэта адпавядае гадавому заробку брута ў памеры 87 600 еўра. У новых федэральных землях дзейнічае максімальная мяжа ў 85200 еўра. “З прыбыткаў, якія перавышаюць гэтую суму, унёскі не выплачваюцца”, – паведамляе Пенсійнае страхаванне Германіі.
Максімальная пенсія пасля 45 гадоў адлічэнняў
Што гэта азначае для памеру пенсіі? Пры гадавым заробку брута, роўным лімітаваму памеру ўнёскаў, можна атрымаць прыкладна 2,03 бала ў год. Пасля 45 гадоў адлічэнняў гэта складзе каля 91 бала.
У наш час кошт аднаго пенсійнага бала – 36,02 еўра ў Заходняй Германіі і 35,52 еўра ва Усходняй Германіі. Пасля падвышэння кошт будзе аднолькавым – 37,60 еўра. Калі зараз памножыць бягучы кошт пенсіі для Заходняй Германіі на 90 балаў, то максімальная пенсія складзе 3 240 еўра брута.
Аднак, паводле разлікаў Фонду пенсійнага страхавання Германіі, нават гэтая велічыня не можа быць дасягнута. Працаўнік, які 45 гадоў – у перыяд з 1977 па 2021 год, плаціў максімальныя ўнёскі ў пенсійны фонд у заходняй Германіі, атрымае максімальную пенсію ў памеры 3141,82 еўра.
У параўнанні з той часткай насельніцтва, якая яшчэ працуе, нават максімальная пенсія ў Германіі не з’яўляецца дастатковай для таго, каб яе атрымальнік лічыўся забяспечаным. Вядома, сітуацыя змяняецца, калі параўноўваць усталяваную законам максімальную пенсію з медыянным прыбыткам самотных пенсіянераў. Па дадзеных Кёльнскага інстытута нямецкай эканомікі (IW), ён складае 1945 еўра. “Калі ў самотнага пенсіянера штомесячны сямейны прыбытак перавышае 1945 еўра, то ён ужо адносіцца да багацейшай часткі дадзенай групы насельніцтва”, – паведамляе газета Merkur.
FOTO: @ ANNA SHVETS AUF PEXELS.COM.