Краязнавец, педагог, руплівы збіральнік самабытнай беларускай народнай лексікі Алесь Зайка (1948-2018) жыў у вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна. 12 жніўня яму споўнілася б 75.
Шмат гадоў ведаў гэтага найцікавейшага і шчырага чалавека. Не раз пісаў пра яго кнігі, сустракаўся з ім, разам разважалі пра наша жыццё-быццё, пра радзімазнаўства і гісторыю, фальклор і літаратуру. Такога культурнага, інтэлігентнага і адукаванага чалавека, якім быў Алесь Фаміч Зайка, у жыцці выпадала сустракаць не часта. Але раптоўная і нечаканая яго смерць пяць гадоў таму мяне проста шакіравала. Я і сёння не магу паверыць, што ён мне не патэлефануе, не прыедзе на матацыкле ў мой Слонім, не паразважаем мы з ім пра цікавае, светлае, вартае, а, найперш, пра нашу Беларусь.
Такіх людзей, якім быў Алесь Фаміч, у беларускіх вёсках сёння ўжо няма. На вялікі жаль. А ён у сваім Заполлі, рабіў столькі карыснага, што немагчыма апісаць і расказаць. Працуючы амаль усё жыццё ў школе настаўнікам, ён, пасля працы, знаходзіў час вандраваць па родных ваколіцах, сустракацца і гутарыць з рознымі людзьмі, збіраць і запісваць прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычанні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара і г.д. Убачанае, пачутае знайшло адлюстраванне ў мініяцюрах, лірычных запісах і апавяданнях, якія склалі яго першую кнігу “Дым у коміне” (2011). Потым пры жыцці з’явіліся кнігі Алеся Зайкі “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” (2011), “Населеныя пункты Івацэвіччыны” (2012), “Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны” (2013), “Чысты чацвер” (2015), “Прыказкі і прымаўкі…з Косаўшчыны” (2015). Пасмяротна выйшлі кнігі “Мікратапаніміка Івацэвіччыны” (2018), “Крыніцы і вытокі” (2019), “Тэматычны слоўнік прыроды Косаўшчыны” (2021).
Памяталася з маленства
Нарадзіўся Алесь Зайка 12 жніўня 1948 года ў вёсцы Заполле на Івацэвіччыне ў сялянскай сям’і. Бацька яго Тамаш Якаўлевіч быў не з апошніх у сяле: выдатны цясляр, жартаўнік, спявак, чалавек здаровага аптымізму. Ён быў душой любой кампаніі. Памятаў Алесь Зайка, як доўгімі асеннімі ды зімовымі вечарамі ў хату да іх збіраліся мужчыны з усяго грудка. Успаміналі перажытае, гаварылі пра сённяшнія справы, расказвалі пра незвычайныя здарэнні са свайго жыцця. Самым уважлівым і ўдзячным слухачом на такіх пасядзелках быў хлопчык Алесь. Маці яго Аляксандры Пятроўне Бог даў шчасце выгадаваць шасцёра дзяцей. А яшчэ яна была надзелена вялікім талентам – унікальным голасам спявачкі. Яе меца-сапрана заварожвала, узносіла да нябёсаў. Пры лепшых абставінах – быць ёй опернай спявачкай.
Усе яго чатыры сястры, брат і ён у тым ліку, саграваліся любоўю і ласкай іх бабулі Марылі, якая жыла ў сваім доме за тры хаты ад іх. Яна апекавалася ўнукамі, песціла, частавала. А яшчэ ў іх сям’і шанавалася імя стрыечнага брата маці Грэцкага Івана Мікалаевіча, пасла польскага сойма (выбраны ў 1928 годзе), сябра пасольскага клуба “Змаганне”, сакратара ТБШ, шчырага беларуса. Яго, як і іншых паслоў, – Ігната Дварчаніна, Язэпа Гаўрыліка, Паўла Крынчыка, Сымона Рак-Міхайлоўскага – напаткаў трагічны лёс: ён сам і яго жонка трапілі пад рэпрэсіі.
У бацькі Алеся заўсёды было здаровае, моцнае пачуццё нацыянальнай годнасці. Гэта перадалося і яго дзецям. У дзяцінстве Алесь Зайка шмат чытаў. Літаратуру ў школе выкладалі настаўнікі, якія самі пісалі. У дзевятым класе, калі ўжо вучыўся ў Косаўскай сярэдняй школе, у бярозаўскай раённай газеце “Маяк камунізму” надру-кавалі першае невялікае апавяданне Алеся. Напісаў ён па-беларуску, але яго пераклалі на рускую мову і нават уключылі ў літаратурны конкурс. Прысудзілі яму заахвочвальную прэмію – выпісалі часопіс “Юность” на цэлы год. Тут ужо ён пачаў пісаць па-руску. Быў рэдактарам школьнай літаратурнай газеты. Выходзіла яна часта. Захвочваў і сваіх таварышаў да творчасці. Пісаў сентыментальныя апавяданні, бо на той час захапляўся творчасцю балгарскага пісьменніка Еліна Пеліна.
Роднае слова
У дзесятым класе выказаў настаўніцы сваё адмоўнае стаўленне да беларускай літаратуры. Яму здавалася, што творы, якія вывучаліся на ўроках, мелі невысокую мастацкую каштоўнасць. Зразумела, настаўніца магла проста прыкрыкнуць на вучня. Але яна гэтага не зрабіла, толькі сказала: “А ці ведаеш ты родную літаратуру так добра, каб рабіць такія паспешлівыя вывады?”. Гэтае пытанне закранула самалюбства хлопчыка, бо для сваіх аднакласнікаў ён быў аўтарытэтам. Захацелася даказаць марнасць, няспеласць, дзяціннасць твораў, напісаных па-беларуску. Усе канікулы (а кожнае лета працаваў у саўгасе) чытаў кнігі беларускіх пісьменнікаў. І слова, роднае, мілае, дарагое, адгукнулася ў дзіцячай душы. Гэтымі словамі прамаўлялі яго бабуля, маці з бацькам, вяскоўцы дый гараджане-косаўцы таксама. З таго часу пачаў пісаць толькі па-беларуску. У адзінаццатым класе на абласным конкурсе юных паэтаў і празаікаў, які праходзіў у Берасці, стаў пераможцам. Гэта быў 1966 год. Вёў семінар з ім літаратуразнавец Уладзімір Андрэевіч Калеснік. Пераможцам конкурсу прапанавалі паступаць у Берасцейскі дзяржаўны інстытут імя Пушкіна. Алесь Зайка падаў туды дакументы. А з 1966-га па 1971-ы год вучыўся на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта. Усяго было ў час вучобы – і добрага, і дрэннага. Добрае – сябры, дыскусіі, спрэчкі. Вучыліся тады Алесь Разанаў, Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Рыгор Сыраватка. Дрэннае – марна траціўся час у студэнцкіх пагулянках.
Потым была армія. Падмаскоўе. Горад Хімкі. Там Алесь Зайка стаў дывізіённым паштальёнам. У ваеннай частцы выпісвалі шмат перыёдыкі. Многа тады чытаў. У вайсковай бібліятэцы стварыў бібліятэчку з беларускіх кніг: купляў у Маскве ў магазіне “Дружба”. Салдаты-беларусы былі ўдзячныя. З арміі часта пісаў пісьмы бацькам, якія засталіся адны. Падумаў: трэба ж іх камусьці дагледзець у старасці. Палічыў, што гэта павінен зрабіць ён, як малодшы сын. Вярнуўся ў 1973 годзе дамоў. Пайшоў працаваць у родную школу. Вучыў дзяцей і збіраў з імі вусную народную творчасць. У 1979 годзе ажаніўся. Жонкай стала Антаніна Іванаўна з Альшаніц, недалёкай вёскі ад Заполля. Пабудавалі сваю хату. Вялі гаспадарку. Усё лета былі на прыродзе: ягады, грыбы, сенакос. Многа падарожнічаў, аб’ехаў палову Беларусі на матацыкле. Ездзіў, здымаў на слайдавую каляровую стужку помнікі прыроды, археалогіі, архітэктуры. Цяпер, слава Богу, амаль усе цэрквы, касцёлы адчынены, адрамантаваны. А тады фатаграфавалі, бо баяліся, што панішчаць да апошняга. Цудоўныя былі падарожжы, кожнае ён памятаў, у вачах яны стаялі да смерці. Многа чытаў, але мала пісаў. Усё адкладваў на потым. Трэба было моцна захварэць, каб адчуць, што жыццё не бясконцае. Узяўся за апрацоўку, сістэматызацыю свайго багатага архіву. Заду-маў цыкл кніг пад агульнай назвай “Духоўныя скарбы Косаўшчыны”. Наперадзе чакала шмат працы.
Убачанае і пачутае
Але першай кнігай Алеся Зайкі была кніга лірычных запісаў, мініяцюр і апавяданняў “Дым з коміна”, якая выйшла з друку ў Менску ў 2011 годзе. Наогул, любімым пісьменнікам Алеся Зайкі быў Янка Брыль – прызнаны майстар кароткай замалёўкі, навелы. Алесь Фаміч мне часта казаў, што часам іскраю апаліць успамін, гук, пах, ажыве, аб’явіцца з небыцця. Гэта турбуе душу, непакоіць, прымушае шукаць яркае, адзінадакладнае слова, каб перадаць тое, што праявілася гукам, колерам, пахам, уражлівай думкай. Няма формы больш патрабавальнай, чым невялікая навела, абразок.
Ён шмат падарожнічаў, сустракаўся, гутарыў з рознымі людзьмі. Убачанае, пачутае і знайшло адлюстраванне ў невялікіх замалёўках, якія склалі кнігу “Дым з коміна”. Паціху збіраліся матэрыялы і для новых кніг.
Адметнасць слоў
Потым з’явіўся “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” – плён шматгадовай працы Алеся Зайкі. У ім змешчана лексіка насельнікаў паўночнай часткі Івацэвіцкага раёна. Уражваюць як самі дыялекты, так і ілюстрацыйная частка да іх.
Гэты слоўнік складаўся Алесем Зайкам цягам трыццаці пяці гадоў. У ім змешчаны не толькі словы, выразы, сказы, для яго слоўнік гучаў, ён быў жывы, поўніўся галасамі людзей, што збераглі такое багацце. Ім Алесь Фаміч заўсёды выказваў вялікую падзяку. На жаль, многія з іх адышлі ў іншасвет – вечная ім памяць. А ад сваіх бацькоў Тамаша Якаўлевіча і Аляксандры Пятроўны колькі ён пачуў адметных, непаўторных слоў! Кожнае новае, прывезенае з вандровак, абмяркоўвалася і толькі з іх згоды ўхвалялася, папаўняла картатэку збіральніка фальклору. Гэтую кнігу ён ім і прысвяціў. А штуршком для збірання стала простая жыццёвая сітуацыя, выпадак, здарэнне.
Аднойчы ён назіраў за лыжнымі спаборніцтвамі. У Івацэвічы з’ехаліся дзеці з усяго раёна. Сучасны Івацэвіцкі раён, так склалася здаўна, яўна дзеліцца на тры рэгіёны: Косаўшчыну, Быценшчыну і Целяханшчыну. Калі Быценшчына ды Косаўшчына знаходзяцца ў арэале гарадзенска-баранавіцкай дыялектнай групы гаворак, то Целяханшчына – заходнепалескай. Целяханшчына – гэта ўжо палешукі, пачатак Палесся; Быценшчына ды Косаў-шчына – ліцвіны, ліцвінская зямля. Вось тады ён і пачуў, што адны дзеці лыжныя палкі называлі кіямі, калкамі, вожагамі, а нашы дзеці – апірачкамі. Настаўнік здзівіўся, калі гэтае слова не знайшоў у тлумачальным слоўніку беларускай мовы. Раней Алесь Фаміч падарожнічаў па далёкіх мясцінах, а з 1995 года ён ужо не выязджаў за межы свайго раёна. Запісваў усё, што казалася людзьмі, што было яркім, непаўторным. Запісваў нават сны, якія сніліся землякам, назвы ўрочышч, дзе бруіліся крыніцы, дзе ляжалі вялікія камяні-валуны, невядомыя пахаванні, векавыя дрэвы. Дарэчы, камень у Марачоўшчыне, да якога прымацавана мемарыяльная дошка ў памяць аб нараджэнні Тадэвуша Касцюшкі, прывезлі якраз з ваколіц Зайкавага Заполля. Гэткім чынам быў сабраны матэрыял на “Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны”. Вядома, што фразеалагічны склад кожнай мовы вызначае нацыянальную адметнасць народа, раскрывае самабытнасць яго духоўнагаа свету. Фразеалогія пэўнага дыялекта спрыяе пашырэнню і ўзбагачэнню агульнанароднай фразеалогіі.
Часцінка яго сэрца
У чарговай сваёй кнізе “Населеныя пункты Івацэвіччыны” у навукова-папулярнай форме аўтар разгледзеў гісторыю і сучаснасць кожнага населенага пункта Івацэвіцкага раёна, і растлумачыў іх назвы. Кніга ўнікальная, такой у межах нашай краіны пакуль няма. “Гэта кніга, – казаў мне Алесь Фаміч, — плён маёй шматгадовай працы ў архівах і кнігасховішчах не толькі Беларусі, але і замежжа. Сабраныя гістарычныя звесткі дапамаглі зазірнуць у далёкае мінулае кожнага населенага пункта Івацэвіччыны. Свае веды пра гісторыю і сучаснасць паселішчаў я пашырыў пад час вандровак па раёне, сустрэч, гутарак з людзьмі. Магчыма, уніклівыя крытыкі і знойдуць у ёй хібы, але, як казалі старажытныя рымляне, “хто зможа, хай зробіць лепей”. Адно магу сцвярджаць: у кнізе я пакінуў часцінку свайго сэрца.”
У архівах і бібліятэках Алесь Зайка працаваў у час школьных канікул. Гэта цяпер ў архівы цяжка папасці, а ў канцы 1980-х гадоў краязнаўцаў было яшчэ няшмат. Перапісвалі яны дакументы ад рукі. У яго атрымоўвалася так: вучнёўскі сшытак за дзень. Сілаў яго хапала на тыдзень – адымалася рука. Каб не траціць час, абедаць не хадзіў – абыходзіўся бутэрбродам. Працаваў ад ранку да вечара. Добрым словам згадваў ён супрацоўніка акадэ-мічнай бібліятэкі імя Якуба Коласа Анатоля Паўлавіча Фурса. Зайка толькі складаў картатэку патрэбных яму дакументаў, а ён ужо рабіў ксеракопіі. Трэба адзначыць, што ў тыя часы добра працаваў міжбібліятэчны аба-немент. Не было такога, каб заказаная чытачамі кніга па гісторыі Беларусі не высылалася.
Дарэчы, у Івацэвіцкім раёне 25 вёсак уганараваны памятнымі шыльдамі, на якіх пазначаны год іх першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах. І тут задумка і справа не абыйшлася без Алеся Зайкі. Найперш, гэта рабілася з добрай волі кіраўніцтва Івацэвіцкага раёна. Яны знаходзілі сродкі для гэтага, заказвалі мемарыяльныя дошкі. Памятныя знакі прымацавалі найбольш на валунах – помніках геалагічнай культуры. Апошнім часам у Івацэвіцкім раёне ўтварыліся новыя вуліцы, назвы якіх увекавечваюць памяць людзей, што праславілі свой край. Гэта, найперш, вуліца у гонар заснавальнікаў горада Івацэвічы слаўных Іллінічаў, Міхала Казіміра Агінскага, па волі якога пачаў дзейнічаць Агінскі канал, мужнага кіраўніка паўстання 1863-1864 гадоў Кастуся Каліноўскага, дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Івана Грэцкага, вядомага пісьменніка Яраслава Пархуты, заслужаных працаўнікоў сельскай гаспадаркі і прамысловасці.
Духоўныя скарбы
Напрыканцы лютага 2015 года Алесь Зайка трымаў у руках сваю новую кнігу духоўных скарбаў Косаўшчыны. Яна мае доўгую назву, а скарочана гучыць так: “Прыказкі і прымаўкі… з Косаўшчыны”. Гэтая кніга, на мой погляд, першае сістэматызаванае апісанне парэміялагічнага і фразеалагічнага багацця мовы жыхароў аднаго з куткоў Беларусі. Пачаў Алесь Фаміч збіраць матэрыялы да яе яшчэ ў далёкім 1966 годзе, калі вучыўся ў 11-м класе Косаўскай сярэдняй школы. Да яго бабулі Марылі прыходзілі яе таварышкі. Ад іх яшчэ тады збіральнік запісаў шмат прыказак, прымавак, песень, жартаў, пажаданняў на вяселлі.
Кніга цікавая і тым, што ў ёй даецца поўная паш-партызацыя: прозвішча і ініцыялы інфарманта, звесткі пра год яго нараджэння, час запісу, месца жыхарства і адміністрацыйная прыналежнасць сялібы. Алесь Зайка заўсёды дзякаваў сваім землякам, што збераглі, захавалі ў маўленні жывое народнае слова. Яго заўсёды здзіўлялі яркасць і моц іх мастацкага мыслення, уменне выказацца асацыятыўна, вобразна, дасціпна.
Пра кнігі настаўніка з Заполля станоўча адгукнуліся вучоныя-моваведы рэспублікі, якія напісалі рэцэнзіі на яго кнігі. Гэта Мікалай Даніловіч, Мікалай Крыўко, Павел Міхайлаў і Святлана Фацеева, гісторык і этнограф Сымон Барыс, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Шчырыя словы заўсёды казалі Алесю Фамічу Анатоль Вярцінскі, Данута Бічэль, Міхась Тычына, Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Анатоль Зэкаў, Ніна Мацяш, Уладзімір Ягоўдзік. А шлях у літаратуру праклала яму незабыўная Ніна Мацяш. Гэта яна падрыхтавала вялікую падборку яго абразкоў і змясціла іх ў газеце “Мясцовы час”.
Мова
Усё жыццё Алеся Фаміча Зайку трывожыў стан роднай мовы. Вядомы пісьменнік Янка Скрыган некалі сказаў: “Упора-вень са словам Радзіма заўсёды стаіць мова. Без мовы не можа быць народа. Калі памірае мова, памірае народ, сходзіць з гістарычнай сцэны”. Ірландскі вучоны Дэві пісаў: “Кожны народ павінен аберагаць сваю мову больш, чым граніцы, бо мова – галоўная яго абарона, куды больш моцная, чымся ўсе цытадэлі”. Падчас апошняй сустрэчы з Алесем Фамічом, ён мне сказаў, што нядаўна пачуў: “Калі б на Беларусі не было зусім беларускай мовы, то яе трэба было б выдумаць… Бо мова – найпершы паказчык адрознасці этнасу, нацыі, па мове вызначаюць граніцы”. Быў неяк у Поль-шчы, наведаў не адну школу. Здаецца, польскай мове нічога не пагражае, але там усё навучанне скіравана на выха-ванне павагі да гісторыі народа, да роднай мовы. Памятаю словы плаката: “Мы не гусі, мы сваю мову маем”. Гэта ж адны гусі аднолькава гагочуць па ўсім свеце… Ёсць мудрыя словы ў Алеся Разанава: “Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова”.
Служыў народу і Айчыне
Алесь Зайка ніколі не меў абярэгаў, талісманаў. Але адзін абярэг быў у яго хаце – каменная сякера, якой было сама меней чатыры тысячы год. Кажуць, па словах Алеся Фаміча, яна аберагае дом ад злых сілаў. Магчыма і яна аберагала дом у Заполлі Алеся Зайкі. Але вельмі шкада, што яна не зберагла гаспадара хаты – таленавітага вяскоўца, даследчыка, клапатлівага працаўніка. Алесь Фаміч вельмі жадаў нашым суайчыннікам жыць у згодзе са сваім сумленнем, адчуць радасць належнасці да нашага народа, любіць Айчыну, служыць ёй. Так, як любіў і служыў Бацькаўшчыне ён.
І апошняе. Пасля смерці Алеся Зайкі, Косаўская сярэдняя школа стала насіць яго імя. Ён стаў Ганаровым грамадзянінам Івацэвіцкага раёна.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Фотаздымкі з архіва аўтара.