Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Крывічах адзначылі 225-годдзе з часу з’яўлення ў мясцовай святыні цудадзейнай фігуры Езуса Журботнага

У Крывічах адзначылі 225-годдзе з часу з’яўлення ў мясцовай святыні цудадзейнай фігуры Езуса Журботнага

17 жніўня 2023, 19:41 Грамадства 16
У Крывічах адзначылі 225-годдзе з часу з’яўлення ў мясцовай святыні цудадзейнай фігуры Езуса Журботнага

6 жніўня, у свята Перамянення Пана, у парафіі святога Андрэя, апостала, у Крывічах, што непадалёк ад Будслава (Менска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат), урачыста адзначылі 225-годдзе з часу з’яўлення ў мясцовай святыні цудадзейнай фігуры Езуса Журботнага.

Разблёная скульптура Збаўцы ў цярнёвым вянку, вядомая як Ecce homo, паводле словаў Пілата, які, вывеўшы Езуса да натоўпу пасля бічавання, сказаў: “Вось, чалавек”, змешчана ў цэнтральным алтары касцёла ў Крывічах. Славутая цудамі фігура Збаўцы, прывезеная ў Крывічы з трынітарскага кляштара на Антокалі, прадмесці Вільні, здаўна аточана вялікай пашанай мясцовцых вернікаў.

 Цэлебрацыю святой Імшы з нагоды юбілейнай даты ўзначаліў у крывіцкім касцёле арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх засяродзіўся на духоўным значэнні свята Перамянення Пана, якое нагадвае пра апісаную ў Евангеллі падзею, калі Хрыстус узяў з сабой на гару трох вучняў і там на іх вачах перамяніўся: “Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло”.

Арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім звярнуў увагу на тое, што складанасці, з якімі вернікі сутыкаюцца ў гэтым свеце, – “нішто ў параўнанні з нябеснай славай, якая чакае верных Хрысту”.

Ён дадаў, што для гэтага неабходна слухаць Езуса, які заклікае да малітвы, навяртання і духоўнага ўдаска-налення, а таксама духоўна перамяняцца ў сакраманце пакаяння.

 Іерарх заўважыў, што Езус – дарога, праўда і жыццё для сваіх вернікаў, і менавіта пра гэта, на яго думку, нагадвае старадаўняя фігура Збаўцы з крывіцкага касцёла, якая знаходзіцца тут ужо 225 гадоў.

– За гэты час шмат чаго адбылося на нашай зямлі. Змяняліся ўлады, прайшлі дзве сусветныя вайны, мы перажылі дзясяткі гадоў ганенняў на веру, але касцёл у Крывічах увесь час быў адкрыты і дзейнічаў. Ці гэта не цуд?! – задаў рытарычнае пытанне арцыпастыр.

 Ён заўважыў, што “фігура Езуса адлюстроўвае праўду пра ўцелаўленне Сына Божага і пра тое, што нябачны Бог стаў чалавекам дзеля нас і дзеля нашага збаўлення”.

– Прыйсце Езуса ў свет перамяніла яго: у жыццё людзей увайшло заўсёды новае і актуальнае вучэнне Евангелля. У нашым свеце, дзе ідзе барацьба за тое, каб толькі быць першым, паспяховым і багатым, Езус адкрывае перад намі новую перспектыву, у якой мае значэнне не першае месца, а жыццё ў Божай ласцы, без якой няма збаўлення.

Таму ўрачыстасць Перамянення Пана і праслаўленне Езуса ў гэтай выяве з’яўляецца заклікам да духоўнага аднаўлення, каб мы, перамененыя Божай моцай, маглі змяняць свет на лепшы,- падкрэсліў іерарх.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітвай: “Пане Езу, перамяні нас сваёй ласкай, дапамажы заўсёды слухаць Бога і зрабі Тваімі апосталамі нашага часу, каб свет як мага хутчэй пазнаў нязменную праўду Евангелля і, жывучы ёю, будаваў мірнае жыццё на зямлі і прыйшоў у радасць неба”.

Catholic.by. Фота: Віктар Ведзень.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5919
Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!
Грамадства

Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!

9 лістапада 2018, 09:2818
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0018
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
Далучайцеся да нас