У Лідзе выйшла кніга “Беларускія думкі, звычаі, абрады з Лідскага павета ХІХ стагоддзя”. Этнаграфічны зборнік, 2023 г. На беларускай мове. Ліда, 72 с. Наклад 120 асобнікаў.
У выходных дадзеных пазначана, што гэта выданне часопіса “Лідскі летапісец” і ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
Укладальнікі: Леанід Лаўрэш, Станіслаў Суднік.
Рэдактар: Станіслаў Суднік.
Аснову зборніка складаюць 42 “Беларускія думкі
з вёскі Глыбокага ў Лідскім павеце Віленскай губерні,
у 1885 годзе запісаныя Уладзіславам Вярыгам”, апублікаваныя ў 1889 годзе ў часопісе “Збор звестак па краёвай антрапалогіі, выдадзены стараннем Антрапалагічнай камісіі Акадэміі навук у Кракаве”. Том ХІІІ (з 6 табліцамі). У Кракаве, друкарня Ягелонскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам А.М. Кастаркевіча, 1889. (“Zbior wia-domosci do antopologii krajowej” 1889. Т. 13.).
Да думак, запісаных Уладзіславам Вярыгасм дададзены яшчэ дзве невялікія публікацыі.
Гэта “Астрынскі прыход” (Віленскай губерні Лідскага павета) прафесара Літоўскай семінарыі І. Юркевіча. Нарыс быў апублікаваны ў Этнаграфічным зборніку, які выдаваўся Імператарскім рускім геаграфічным таварыствам. Выпуск 1. Санктпецярбург, 1853. С. 283-293. (Юркевич И. Остринский приход // Этнографический сборник, выдаваемый Императорским русским географическим обществом. Выпуск 1. Сантпетербург, 1853. С. 283-293.) Калі меркаваць па даце публікацыі, то гэта самы ранні этнаграфічны матэрыял з Лідчыны ў шырокім доступе.
Другая публікацыя “Дажынкі ў Шаўрах Лідскага павета” належыць Біруце (Амеліі Даравінскай). Абрад Дажынак яна запісала ў 1887 годзе ў маёнтку Баляслава Нарбута, сына Тодара Нарбута. Баляслаў Нарбут у паўстанні 1863 года быў ад’ютантам Людвіка Нарбута, быў сасланы ў Сібір. Маёнтак Шаўры быў секвестраваны, але, як бачым, нейкім чынам вярнуўся да Нарбутаў. Бірута апублікавала нарыс у 1889 годзе ў польскім часопісе “Вісла”. (Biruta (Amelia Derewinska). Dozynki na Litwie, Szawry, pow. Lidzki // Wisla. 1889. T. III. z. 1. S. 92-94).
У 2017 годзе было зроблена перавыданне кіры-лічнай часткі зборніка Земавіта Фядэцкага “Цёплыя вечары, ды халодныя ранкі…” паводле выдання 1992 года. Песні гэтага зборніка былі запісаны ў в. Феліксава Лідскага раёна ў 1943 годзе.
У 2021 годзе выйшаў зборнік “Закуй, закуй, зязюленька, рана… Анталогія беларускіх народных песняў. Сабрана Аленай Іваноўскай на Лідчыне ў 1905-1912 гадах”.
“БЕЛАРУСКІЯ ДУМКІ з вёскі Глыбокага ў Лідскім павеце Віленскай губерні, у 1885 годзе запісаныя Уладзіславам Вярыгам”, і апублікаваныя ў 1889 годзе – гэта не спіс вынікаў працы мазгоў чалавечых, не мыслі, не разважанні, гэта невялікія балады. Слова “думка” тут – памяншальная форма ад слова “дума”.
Дума, як жанр вуснай народнай творчасці, была характэрная найперш для Украіны. Тут гэта – лірыка-эпічны твор украінскай вуснай славеснасці пра жыццё казакоў XVI-XVIIІ стагоддзяў, які выконвалі вандроўныя спевакі-музыкі: кабзары, бандурысты, лернікі ў Цэнтральнай і Левабярэжнай Украіне. Аналаг гістарычных песень у рускім фальклоры. У навуковую тэрміналогію назву “думы” ўвёў М. Максімовіч, які разумеў іх як свайго роду казацкі эпас. Найболей ярка ў думах адлюстраваны перыяды барацьбы казакоў з туркамі, татарамі, палякамі і іншымі вонкавымі ворагамі.
Як жанр літаратуры дума ўяўляе сабою лірыка-эпічны твор, падобны да балады, у якім выяўлены разважанні аўтара на сацыяльныя, філасофскія і сямейна-побытавыя тэмы. Кампазіцыйна дума падзяляецца на дзве часткі – жыццяпіс і маральны ўрок, які вынікае з яго. Прысутныя ў творы лірычны (аітацыйны) і эпічны (агіяграфічны) пачаткі цесна ўзаемазлучаны, пры гэтым першы з іх з’яўляецца галоўным, а другі іграе падпа-радкаваную ролю.
У рускай літаратуры жанр думы не атрымаў шырокага распаўсюду. Найболей часта ён сустракаецца ў творчасці Кандрата Рылеева. У яго кнігу “Думы” ўвайшлі такія творы, як “Барыс Гадуноў”, “Іван Сусанін”, “Марфа Пасадніца”, “Міхаіл Цвярскі”, “Смерць Ярмака” і інш. Сваю першую думу “Курбскі” паэт-дзекабрыст апублікаваў з падзагалоўкам “элегія”, і толькі, пачынальна з “Артэмона Мацвеева” ва ўжытак увайшло новае жанравае азначэнне – дума. Элегічныя матывы ў паэзіі Рылеева адзначалі шматлікія сучаснікі. Крытык П. А. Плятнёў ахарактарызаваў новы жанр як “лірычны аповяд якой-небудзь падзеі”, а па меркаванні Бялінскага “дума ёсць трызна гістарычнай падзеі ці проста песня гістары-чнага характару”. Сам жа Рылееў асабліва падкрэсліваў, што абраны ім жанр мае славянскае паходжанне. У прадмове да свайго зборніка ён пісаў: “Дума – старадаўняя спадчына ад паўднёвых братоў нашых, наша рускае, роднае вынаходства. Палякі запазычылі яе ад нас. Яшчэ дагэтуль украінцы спяваюць думы пра герояў сваіх: Дарашэнку, Нячая, Сагайдачнага, Палея, і самому Мазепе прыпісваецца складанне адной з іх”.
Спрабуючы стварыць шырокую панараму падзей, Кандрат Фёдаравіч у сваіх творах стварае манументальныя вобразы гістарычных герояў і звяртаецца да мовы грамадзянскай паэзіі XVIII – пачатку XIX ст.ст. Сваёй задачай паэт лічыць абуджэнне патрыятызму і свабодалюбнасці. Пры гэтым пэўны малюнак падзей і людзі, якія ўдзельнічаюць у іх, адыходзіць на другі план.
У беларускім фальклоры і літаратуры думы не знайшлі амаль ніякага адлюстравання, як быццам такога жанру і не было ў нас ніколі. І вось цэлы зборнік (42 тэксты) думак, запісаных Уладзіславам Вярыгам.
Уладзіслаў Вярыга не назваў запісаныя ім тэксты думамі, а толькі думкамі – маленькімі думамі. Выклікана гэта хутчэй за ўсё тым, што памеры тэкстаў невялікія, сюжэты простыя, амаль заўсёды аднаактавыя. Як правіла, у думцы дзве часткі: зачын і завяршэнне. І калі ўкраінскія народныя і рускія літаратурныя думы можна атаясаміць з гістарычнымі баладамі і паэмамі, якія ў сваёй сукупнасці ствараюць эпічныя палотны жыцця народаў і краін, то беларускія думкі – гэта нешта іншае. Іх нельга размясціць у гістарычнай паслядоўнасці, іх наогул цяжка прывязваць да часу. Недзе XVIII – XIX стагоддзі.
Думка амаль заўсёды апісвае нейкую падзею або з’яву, што выбіваецца з роўнай і манатоннай плыні жыцця. Падзеі гэтыя амаль заўсёды трагічныя, нават калі завяр-шэнне выглядае пазітыўным. Шмат бедаў было ў жыцці беларусаў: войны, пажары, эпідэміі, засухі, але што пра іх казаць, а тым больш спяваць. Яны непазбежныя, як бы абавязковыя. Але былі беды не абавязковыя, выкліканыя дурасцю, сквапнасцю, хцівасцю, зайздрасцю, злосцю, слабасцямі чалавечымі (п’янствам, разбоем). Вось гэтыя беды, падзеі, з імі звязаныя, выбіваліся са штодзённасці. Найбольш частыя: злая свякроўка, здрадлівая жонка, няшчасная праз каханне дзяўчына, падманутая дзяўчына, забраны ў рэкруты хлопец, забіты жаўнер, смерць з рознай нагоды. Такім чынам беларускія думкі – гэта таксама эпас, эпас бяды і гора, якія сустракалі беларуса на кожным кроку. І прычыны гэтых бедаў і гора не ў хцівасці ці сваволі паноў, не ў Божай кары для народа, не ў панаванні чужога караля ці цара, а ва ўнутраным бязладдзі і грахоўнасці чалавека. Калі б людзі былі без граху, то ні адной думкі з гэтага зборніка не існавала б. Нават думка № 28, якая ёсць варыянтам шырока вядомай гісторыі пра бандароўну і пана канюшага, падае прычыну трагічнай развязкі не ў адной толькі сваволі пана канюшага, а і ў тым, што бандароўна спачатку брала падарункі ад пана канюшага, а потым вырашыла ўцячы. Ну, і паплацілася жыццём. Янка Купала напіша сваю “Бандароўну” ў 1913 годзе і аднясе падзеі на Украіну. Тэкст жа пра бандароўну, аказваецца, бытаваў спакойна ў беларускім фальклоры яшчэ ў 19-м стагоддзі, а можа, і раней, і без усякага намёку на Украіну, наадварот, тут згадваецца ашмянская шляхта. І, па ўсім відаць, Янка Купала ведаў гэты ці падобны тэкст.
Уладзіслаў Вярыга запісваў думкі з голасу, на слых. Запісваў так, як чуў. Мы не ведаем, якой графікай гэта рабі-лася: кірыліцай ці лацінкай. Заканчваў Вярыга Пецярбургскую гімназію, рускую мову ведаў дасканала. Але сын ссыльных паўстанцаў 1863 года, безумоўна, ведаў і польскую мову. Надрукаваны думкі былі польскай лацінкай у польскім часопісе “Збор звестак па краёвай антрапалогіі, выдадзены стараннем Антрапалагічнай камісіі Акадэміі навук у Кракаве. Том ХІІІ” у 1889 годзе. Надрукаваны без усякага намёку на нейкую беларускую граматыку. І мы бачым тэксты на амаль сучаснай літаратурнай беларускай мове, але з абсалютна бессістэмным прымяненнем а-кання, я-кання, ь, ў і й. Запісаны архаічным беларускім правапісам. Пры гэтым празмернае а-канне і я-канне часта вядзе да такога скажэння слова, што не адразу можна здагадацца пра сапраўднае сучаснае гучанне і сэнс. Тым не менш, для гэтай публікацыі зроблена дакладная транслітарацыя, нягледзечы на адхіленні ад сучасных літаратурных нормаў. Была праведзена толькі невялікая карэкцыя знакаў прыпынку. На ўсе 42 тэксты сустракаецца некалькі русізмаў і некалькі паланізмаў. Пры гэтым паланізм dzis дажыў да нашага часу і часта чуцён на Лідчыне і сёння. У астатнім тут простая, без выкрунтасаў беларуская мова.
27 жніўня ў Мажэйкаве пройдзе 4-ты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага. На фестывалі будзе прэзентаваны новы зборнік і чакаецца, што прагучыць аўтэнтычная лідская “Бандароўна”. Справа не зусім простая, бо ў зборніку Вярыгі не пададзены ноты, але ж і талентамі Бог Лідчыну не абдзяліў. Ёсць каму аднавіць мелодыю. Калі ўсё ўдасца, то выкананне адбудзецца пад леру.
Чакаем аматараў.
Станіслаў Суднік.