Нямецкія ўніверсітэты больш не жадаюць прымаць у сябе аспірантаў з Кітая. Прынамсі тых з іх, хто атрымлівае стыпендыі ад дзяржаўнай Рады па стыпендыях КНР. У якасці падставы немцы кажуць пра пагрозу шпіянажу, сцвярджаючы, што кітайскія дзяржстыпендыі недастаткова “вольныя”.
Першым дзверы перад кітайскімі аспірантамі ў чэрвені зачыніў Універсітэт Эрлангена-Нюрнбернга, які лічыцца адной з лепшых ВНУ Германіі і ўваходзіць у пяцёрку самых інавацыйных універсітэтаў Еўропы. Сваё рашэнне кіраўніцтва ВНУ абгрунтавала неабходнасцю адпавядаць патрабаванням у сферы экспарту адчувальных тэхналогій, а фактычна – асцярогамі, што праз кітайскіх аспірантаў можа адбыцца ўцечка гэтых самых тэхналогій.
Ініцыятыву тут жа падтрымала міністр адукацыі і навукі Германіі Бетына Штарк-Ватцынгер.
– Кітай усё больш становіцца для нас канкурэнтам і сістэмным супернікам у навуцы і даследаваннях, – заявіла яна на мінулых выходных у інтэрв’ю медыягрупе Bayern, заклікаючы і іншыя нямецкія ВНУ рушыць услед прыкладу Універсітэта Эрлангена-Нюрнбернга. Па словах Штарк-Ватцынгер, кітайскія дзяржаўныя стыпендыі не дазваляюць іх атрымальнікам “у поўнай меры рэалізаваць волю меркаванняў і акадэмічныя свабоды”, а таксама звязаны “з падвышанай рызыкай навуковага шпіянажу”. Пры гэтым, як паведамляе выданне Table.Media, яшчэ некалькі нямецкіх універсітэтаў ужо разглядаюць пытанне пра тое, каб адмовіць у прыёме кітайскім аспірантам, прынамсі па адпаведным спісе спецыяльнасцяў.
Заклікі да таго, каб абмежаваць акадэмічны абмен з Кітаем гучаць у Германіі ўжо некалькі гадоў, а з мінулага года яны прыкметна ўзмацніліся, і не без дапамогі ўсё той жа Штарк-Ватцынгер. У кастрычніку яна заклікала да “пільнасці” і “крытычнага падыходу” ў германа-кітайскіх навуковых стасунках, а ў сакавіку ўжо гэтага года міністр адправілася на Тайвань – першай з прадстаўнікоў нямецкага ўрада за апошнія больш, чым чвэрць стагоддзя. У Тайбэі Штарк-Ватцынгер падпісала дамову пра пашырэнне германа-тайваньскага супрацоўніцтва ў сферы навукі. Нямецкія СМІ расцанілі візіт як спробу замяніць Кітай у гэтай сферы новым, ідэалагічна бліжэйшым і зручным партнёрам.
Тады ж, у сакавіку, нямецкае выданне Correctiv апублікавала сваё расследаванне пра Раду па стыпендыях КНР. Журналісты высветлілі, што атрымліваючы ад Рады стыпендыі, кітайскія студэнты і аспіранты абавязваліся падтрымліваць кампартыю КНР і сацыялістычную сістэму, любіць радзіму, мець добрыя норавы і не здзяйсняць дзеянняў, накіраваных супраць Кітая. Такія абавязанні ў выданні палічылі парушэннем свабодаў, у тым ліку акадэмічных, і, мяркуючы па ўсім, менавіта гэтая публікацыя стала адным з абгрунтаванняў распачатых цяпер ганеннях на кітайскіх аспірантаў.
Трэба заўважыць, што аспірантам з Кітая, якія атрымліваюць стыпендыі ад нямецкіх фондаў і арганіза-цый, у навучанні ў Германіі ніхто не адмаўляе. Хоць з пункту гледжання абароны ад шпіянажу такі селектыўны падыход выглядае даволі сумніўным. Але магчыма, што прычына забароны на навучанне некалькі іншая, чым тая, якую агучваюць афіцыйна. Прынятая нядаўна новая стратэгія Германіі ў стаўленні да Кітая ставіць адной з мэт “утрымаць кітайскія таленты ў Германіі і Еўропе на працяглы тэрмін”. А стыпендыяты Рады па стыпендыях КНР абавязваюцца пасля заканчэння навучання вярнуцца ў Кітай. Па ўсёй бачнасці, гэта абавязанне больш за ўсё і турбуе нямецкія ўлады. Навучаць кітайскіх студэнтаў і аспірантаў Германіі гатовая, але толькі калі яны потым будуць на яе працаваць.
Васіль Федарцоў.