Лідзянка Ірына Мікалаеўна Клышко (дзявочае прозвішча – Барысевіч), далёкая сваячка паэта Валянціна Таўлая, ужо пяць гадоў падтрымлівае сувязь з Домам Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Яна перадала сюды напісаныя ад рукі ўспаміны сястры Валянціна Таўлая Ніны Паўлаўны Радзюкевіч, якая жыве ў Літве (гэтыя ўспаміны пад назвай “Раны сэрца майго” былі змешчаны ў 9-м нумары літаратурна-мастацкага зборніка “Ад лідскіх муроў”), а таксама складзеныя Нінай Паўлаўнай радаводы Таўлаяў і Дарашкевічаў, падрабязны план раёна Ліды, у якім жылі бацька і мачаха Валянціна Таўлая. А на днях Ірына Мікалаеўна разам з навуковым супрацоўнікам Лідскага гісторыка-мастацкага музея, адказным за Дом Валянціна Таўлая, Алесем Хітруном наведалі могілкі па вуліцы Савецкай, каб адшукаць магілы Дарашкевічаў з радні мачахі Валянціна Таўлая. У той дзень магіл не знайшлі, але праз пару дзён ад сястры паэта быў дасланы прыблізны план тых могілак. Пошукі будуць працягвацца. Завітала сваячка паэта на днях і ў Дом Валянціна Таўлая.
– Як вядома, у 1937-1938 гадах бацька Валянціна Таўлая Павел Дзям’янавіч і мачаха Сцепаніда Паўлаўна пераехалі ў Ліду і жылі там да 1943 года, – расказвае Ірына Мікалаеўна пра сваю сваяцкую сувязь з сям’ёй паэта. – Мая бабуля Вольга была стрыечнай сястрой Паўла Дзям’янавіча, а мой дзед Ілля – на той час найлепшым музыкам у Лідзе, іграў на вечарынах. Добрым музыкам быў і Павел Дзям’янавіч, музычны слых перадаўся ад яго Валянціну Таўлаю. Як вядома, дачка Валянціна Таўлая Галіна, якая жыве ў Санкт-Пецярбурзе, усё сваё жыццё звязала з музыкай. Ніна Паўлаўна да гэтага часу помніць, як бабуля Вольга з пяшчотай частавала яе любімымі сырнікамі, і іх смак застаўся ў яе памяці з дзяцінства. Мая мама таксама ведала Паўла Дзям’янавіча. Калі яна вучылася ў школе, бацька паэта часта гаварыў ёй, што трэба шмат чытаць, развівацца, кнігі трымаць у парадку, увогуле падтрымліваць і ў доме парадак і чысціню.
– Мая мама – траюрадная сястра Ніны Паўлаўны, сястры Валянціна Таўлая, – працягвае Ірына Клышко. – Ніна Паўлаўна была частай госцяй у нашай сям’і. Мама мая называла яе Ніначкай. Калі нарадзілася я, сястра паэта стала маёй хроснай мамай (ёй тады было дваццаць два гады). Нават пераехаўшы ў Літву, хросная не забывала пра мяне, кожны год віншавала з днём нараджэння, дасылала паштоўкі, дарыла невялікія падарункі (падораныя ёю фартушок, хустачка і сёння беражліва захоўваюцца ў мяне). У ранейшыя часы сястра паэта па некалькі разоў на год прыязджала да нас у госці, і гэтыя сустрэчы з ёй заўсёды былі яркімі, запамінальнымі. У яе мяккі характар, які быў і ў Валянціна Таўлая. Цяпер мы з Нінай Паўлаўнай перазвоньваемся (у яе ўжо не той узрост, каб прыязджаць да мяне ў Ліду, – нядаўна яна адзначыла свой 90-гадовы юбілей). Тэлефаную я і яе дачцэ, такой жа мяккай і добрай, як і яе мама.
Як адзначае ў сваіх успамінах Ніна Паўлаўна, Павел Дзям’янавіч і Сцепаніда Паўлаўна жылі ў Лідзе ў раёне сучаснай вуліцы Чапаева. Дом той быў вялікі. У ім таксама жыла сястра Сцепаніды Анастасія Паўлаўна. Да нашых дзён дом не захаваўся – згарэў падчас вайны. Доўгі час супрацоўнікі Дома Валянціна Таўлая, абапіраючыся на ўспаміны сястры паэта, лічылі, што той дом знаходзіўся насупраць аптэкі на цяперашнім бульвары Гедыміна, аднак на днях Алесь Хітрун і Анастасія Каладзяжная разам з Ірынай Клышко ўважліва перагледзелі дасланы Нінай Паўлаўнай план участка горада. На падставе вусных успамінаў Ірыны Мікалаеўны высветлілася, што дом той знаходзіўся далей – каля будынка падатковай інспекцыі, цераз дарогу ад дома, у якім жыў Валянцін Таўлай.
– Некаторы час, прыкладна да 1960 года, наша сям’я жыла ў доме па вуліцы Чапаева (завулку Труханава) – здымала там кватэру ў Слукі, – дапаўняе свае ўспаміны Ірына Мікалаеўна. – Я тады была яшчэ вельмі маленькая, але добра памятаю, што ад таго дома была прамая дарога да дома, дзе жылі бацькі паэта, які размяшчаўся вельмі блізка да вуліцы Энгельса. А там, дзе цяпер бульвар Гедыміна, у тыя гады былі агароды.
- S. Супрацоўнікі Дома Валянціна Таўлая заўсёды рады бачыць у сценах дома-музея сваякоў паэта, занатоўваць іх аповеды. І адна з такіх жаданых гасцей – Ірына Мікалаеўна Клышко, праз якую ад сястры паэта Ніны Паўлаўны ў Дом Таўлая трапляюць каштоўныя матэрыялы і дзякуючы якой нядаўна з’явілася новая версія наконт месцазнаходжання дома бацькі і мачахі паэта ў Лідзе.
Аляксей КРУПОВІЧ.