Рашэнне аб святкаванні Дня незалежнасці менавіта 3 ліпеня прынялі ў 1996 годзе па выніках рэферэндума, калі было вырашана, што свята будзе прыпадаць на дзень вызвалення Менска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У 1992-1996 гадах Дзень незалежнасці ў Беларусі афіцыйна адзначаўся 27 ліпеня – па даце прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ў 1990 годзе. Беларусь – адзіная постсавецкая краіна, якая ў даце святкавання асацыявала сваю незалежнасць з падзеямі апошняй вайны.
Дзень Расіі, напрыклад, адзначаецца 12 чэверня – у дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ў 1990 годзе.
Дзень незалежнасці Украіны адзначаецца 24 жніўня, у гонар прыняцця Вярхоўным Саветам УССР Акта абвяшчэння незалежнасці Украіны.
У Казахстане, Таджыкістане, Кыргызстане, Арменіі – нашых саюзнікаў па ЕАЭС – свята незалежнасці таксама звязана менавіта з выхадам са складу Савецкага Саюза.
Цэнтральныя мерапрыемствы па святкаванні Дня незалежнасці распачаліся сёлета каля Кургана Славы.
Каля Кургана разгарнулася сапраўднае патрыятычнае свята. Тут можна ўспомніць старонкі гісторыі Беларусі, паспытаць свае сілы ў спартыўных мерапрыемствах, пакаштаваць разнастайныя пачастункі і набыць сувеніры з нацыянальным каларытам. Арганізавана таксама выстаўка сучаснага ўзбраення і ваеннай тэхнікі.
Выступаючы каля Кургана Славы Прэзідэнт Беларусі ў прыватнасці сказаў:
“Паважаныя суайчыннікі, госці нашай Беларусі!
Сёння наша краіна адзначае галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень незалежнасці.
Мы сустракаем яго ля падножжа велічнага помніка. Помніка, пабудаванага ў гонар герояў, якія вызвалілі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Курган Славы – святое месца. Тут грымелі бязлітасныя баі, тысячы салдат і афіцэраў аддавалі свае жыцці, каб жылі мы. Тут крывёй змацаваліся братэрскія повязі вялікай шматнацыянальнай краіны.
Байцы не дзялілі сябе на беларусаў і рускіх, украінцаў і казахаў, армян і грузін, таджыкаў і кіргізаў, азербайджанцаў, узбекаў і іншых. Не дзялілі зямлю на сваю і чужую. Яны змагаліся за нашу адну Айчыну.
Мы стаім на месцы, дзе замкнуўся “Мінскі кацёл”. Наступальную аперацыю “Баграціён” па праву называ-юць трыумфам савецкага ваеннага майстэрства. Гэта бітва ўвайшла ў гісторыю як буйнейшае паражэнне фашысцкіх войскаў у Другой сусветнай вайне.
Амаль 400 тысяч салдат, афіцэраў, генералаў вермахта і СС былі знішчаны і ўзяты ў палон. Іх паказалі ўсяму свету. Правялі ганебным маршам па Краснай плошчы, адразу змываючы сляды нямецкіх ботаў вадой.
Новаяўленым нацыстам не шкодзіла б перагледзець гэтыя кадры кінахронікі. Яны хочуць забыць, але мы з вамі не павінны гэта дазволіць. Гэта ніхто не павінен забыць. Не павінны забыць, каб не паўтарылася зноў.
Беларусь шануе і памятае подзвіг савецкага народа.
Сёння ўсе нашы мемарыялы ў кветках. У кожным кутку Беларусі. Самы маленькі помнічак, народны помнік, магілка савецкіх воінаў у кветках.
Прыходзячы да іх, да гэтых магіл і помнікаў, схіляем галаву перад сваімі суайчыннікамі. Дзякуем воінам братэрскіх рэспублік. Тысячы знайшлі апошні прытулак на нашай зямлі. Імёны многіх носяць вуліцы нашых гарадоў, яны будуць жыць у сэрцы ўсяго беларускага народа. Вечна будуць жыць.
Нізкі паклон і вечная памяць пераможцам!
Давайце ўшануем хвілінай маўчання загінулых герояў і па-зверску забітых мірных жыхароў…”
Святочныя мерапрыемствы ішлі па ўсім Менску, па абласных і раённых гарадах. Сярод іх патрыятычная культурна-адукацыйная акцыя “Цягнік Памяці”, якая стартавала 20 чэрвеня ў Берасці і фінішуе 6 ліпеня ў Маскве. Прыпынкі цягніка ўключаюць шэсць гарадоў Беларусі і восем гарадоў Расіі. У гэтым годзе акрамя школьнікаў з Беларусі і Расіі ў акцыі таксама ўдзельнічаюць навучэнцы з Арменіі і Кыргызстана.
У Беларусі ведаюць цану свабодзе: у Вялікай Айчыннай вайне загінуў кожны трэці жыхар рэспублікі.
Традыцыйна 3 ліпеня беларускі народ аддае даніну павагі гераізму і стойкасці салдат, самаахвярнай барацьбе падпольшчыкаў і партызан, бяспрыкладнаму працоўнаму подзвігу тых, хто ўзнімаў краіну з руін.
БелТА.