Таварыства Вольных Літаратараў (ТВЛ) было заснавана 8 траўня 1993 года на ўстаноўчым сходзе ў Наваполацку. Галоўным арганізатарам устаноўчага мерапрыемства выступіў Алесь Аркуш. Падзея рыхтавалася некалькі месяцаў. Побач з Аркушам асноўнымі ініцыятарамі стварэння літаратурнай суполкі з’яўляліся Юры Гумянюк, Ігар Сідарук і Вінцэсь Мудроў, якія і ўтварылі арганізацыйны камітэт.
8 траўня 1993 г. Устаноўчы сход ТВЛ
Зацятым прыхільнікам стварэння ТВЛ быў Юры Гумянюк, які ў сваіх лістах да Алеся Аркуша (надрукаваныя ў альманаху “Асоба і час” № 7, 2016) горача абмяркоўваў, як ствараць суполку, каго запрашаць, як планаваць сваю дзейнасць. Менавіта Юры Гумянюк запрасіў у сябры ТВЛ Юрася Пацюпу, Сержа Мінскевіча, Алеся Туровіча, Міколу Касцюкевіча. Устаноўчы сход ТВЛ праходзіў у памяшканні Наваполацкага цэнтра культуры. У ім удзельнічала 15 літаратараў з розных куткоў Беларусі – з Гародні, Менска, Віцебска, Паставаў, Кобрына. А таксама прысутнічаў шэраг журналістаў і культурных дзеячаў Полаччыны. Адбылася дыскусія, у выніку якой было вырашана стварыць літаратурную суполку, заснаваць свой часопіс і нават літаратурную прэмію. Галоўным каардынатарам ТВЛ быў абраны Алесь Аркуш. А таксама была прынята “Заява Таварыства Вольных Літаратараў”, у якой сярод іншага адзначалася: “Камуністычная дэспатыя на Беларусі зліквідавана, а ў літаратурным жыцці Рэспублікі нічога не змянілася. Прыйшоў час на практыцы ажыццяўляць змены”.
У адрозненне ад іншых літаратурных суполак, якія паўставалі ў той час, Таварыства Вольных Літаратараў было сапраўднай літаратурнай арганізацый – з афіцыйнай рэгістрацыяй, з уласным часопісам “Калосьсе”, літаратурнай прэміяй “Гліняны Вялес”, з пячаткай і нават рахункам у банку. Праўда, зарэгістраваным удалося праіснаваць зусім непрацяглы час. Ужо на наступны год Таварыства здолела правесці міжнародную літаратурную канферэнцыю, на якую былі запрошаны госці з Украіны і Расеі. Сярод украінскіх гасцей, напрыклад, быў малады паэт з Харкава Сяргей Жадан, які затым стане славутым празаікам. А першыя ўгодкі заснавання ТВЛ былі адзначаны мастацкай выставай “Тэвээлаўская рэтраспектыва” ў полацкай галерэі “Рысы”, на адкрыцці якой была наладжана літаратурна-музычная імпрэза з удзелам Лявона Вольскага, Касі Камоцкай, Алеся Кузьміна і інш.
1994 год. Полацкая галерэя “Рыса”. Выстава-
імпрэза “Тэвээлаўская рэтраспектыва”. Спявае
Алесь Кузьмін (“Мясцовы час”)
1995 г. Полацак. Літаратурная канферэнцыя ТВЛ
Усяго ТВЛ правяло чатыры міжнародныя літаратурныя канферэнцыі. Але найбольшага поспеху сябры ТВЛ дасягнулі ў выдавецкай справе. У 1989 годзе Алесь Аркуш і Вінцэсь Мудроў заснавалі андэграўдны літаратурны альманах “Ксэракс Беларускі” і пачалі яго выдаваць, стварыўшы выдавецкую ініцыятыву “Полацкае ляда”. У 1991 годзе яны выдалі ў Полацкай друкарні першую кнігу – зборнік вершай Алеся Аркуша і Паўла Бурдыкі “Тайніца”. І такім чынам распачалі кнігавыданне на Полаччыне. Іх вопыт і быў скарыстаны для выдавецкіх праектаў ТВЛ. Найбольш вядомымі сталі тэвээлаўскія кніжныя серыі “Паэзія новай генерацыі” і “Бібліятэчка часопіса “Калосьсе”. Усяго было выдадзена больш 30 кніг, 11 нумароў часопіса “Калосьсе” і 6 нумароў альманаха “Ксэракс Беларускі”.
Паэтычныя зборнікі серыі “Паэзія новай генерацыі”
З 1993 года прысуджаецца першая незалежная беларуская літаратурная прэмія “Гліняны Вялес”. Сярод яе лаўрэатаў – Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Алег Мінкін, Міхась Скобла, Альгерд Бахарэвіч, Ігар Бабкоў, Андрэй Феларэнка, Міхал Андрасюк і інш. У другай палове 90-х, пасля абрання прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі пачаўся наступ на незалежны грамадскі сектар. ТВЛ пазбавілі рэгістрацыі, новыя правілы рэгістрацыі грамадскіх арганізацый Таварыства ўжо не здолела пераадолець, і дзейнасць суполкі перайшла цалкам у андэграўнд.
Полацак. 2003 г. На 10-годдзе ТВЛ
Да пачатку ХХІ стагоддзя яшчэ адбываліся імпрэзы, выходзілі кнігі. Але дзейнасць суполкі паслядоўна затухала. Дасёння ладзяцца толькі асобныя праекты, перадусім па-ранейшаму прысуджаецца літаратурная прэмія “Гліняны Вялес”.