Беларусаў заўсёды можна пазнаць па шчырай усмешцы і спрадвечнай гасціннасці. І ў журбе, і ў радасці нашы землякі змогуць гасцінна прыняць ды смачна накарміць. Вось і ў мінулую нядзелю ў аграмястэчку Беліца сталы ламаліся ад разнастайных пачастункаў. Тут у чарговы раз адбыўся раённы конкурс традыцыйных страў “Спазнай смак сваёй кухні” – не проста кулінарнае свята, а сапраўдны культурны брэнд Лідчыны.
Таркаваная бульба ў свіным кундзюку, дзеруны па-дакудаўску, дварышчанская кішка-наліванка, а яшчэ сок з гарбуза і ўзвар з шаўкоўніцы… Гледзячы, як руплівыя гаспадыні расстаўлялі талеркі з духмянымі прысмакамі, падумала: “Ох, і не зайздрошчу я журы гэтага конкурсу – як тут можна выбраць пераможцаў?!”
– Беларуская нацыянальная кухня – гэта спадчына, якую пакінулі нашы продкі. Да нашых дзён захаваліся ў Беларусі ўнікальныя вёскі, у якіх дзякуючы моцным традыцыям і абрадам, цікавыя рэцэпты нацыянальных страў бабулі і дзядулі захоўваюць і перадаюць будучым пакаленням. Сённяшняе мерапрыемства, на запрашэнне прыняць удзел у якім адгукнуліся амаль усе ўстановы культуры Лідскага раёна, добра адлюстроўвае каларыт і звычаі нашага рэгіёна, – расказвае загадчыца філіяла “Беліцкі дом культуры” Ала Малец.
Пры падрыхтоўцы да конкурсу “Спазнай смак сваёй кухні” работнікі мясцовых клубных устаноў правялі каласальную працу: сабралі багаты матэрыял пра кулінарныя традыцыі Лідчыны і запісалі шмат найцікавейшых рэцэптаў і спосабаў прыгатавання страў. Акрамя таго, яны грунтоўна падрыхтаваліся да прэзентацыі сваіх сталоў. Напрыклад, калектыў з Ваверкі ўразіў сваёй тэатральнай пастаноўкай пра Востраўскае мірнае пагадненне, якое было падпісана ў 1392 годзе пад Лідай. Работнікі Першамайскага Дома культуры павесялілі арыгінальнымі прыпеўкамі пра капусту, а гаспадыні з Тарнова частавалі нарыхтоўкай з расліны, якую прывезлі да нас аж з вострава Родас!
– Узвар з шаўкоўніцы і чырвонай парэчкі – безумоўна, іскрынка нашага стала. Галоўны інгрэдыент гэтай стравы – салодкая паўднёвая ягада шаўкоўніца, якую амаль два стагоддзі таму прывёз з Грэцыі тагачасны ўладар тарноўскай сядзібы Дзмітрый Маўрас. Ён пасадзіў некалькі кустоў гэтай расліны, але праз неспрыяльны клімат прыжыўся толькі адзін, які прыносіць свае плады і сёння. Тарноўскія гаспадыні збіраюць шаўкоўніцу і робяць з яе смачныя вітамінныя нарыхтоўкі, – дзеліцца загадчыца філіяла “Тарноўскі дом культуры” Святлана Антонік.
Бульба сёння, бульба ўчора, а без бульбы проста гора!
Сухапарыкі, прэжанкі, смажанкі, целяпанікі, парункі, салёнікі, топчанкі, пігаркі, крышэнікі, рэзанкі, камакі, таўкуны, глаўкуніцы, галганы, драчы, цыбульнікі, кнышы, сукольнікі, мыльцы… Не, гэта не лаянка на нейкай тарабарскай мове, а рэальныя стравы з бульбы, якія беларускія гаспадыні гатуюць па сённяшні дзень.
Незвычайныя назвы, а колькі ў іх дасціпнага народнага гумару! Напрыклад, бульбяныя хапуны. Адразу ўяўляеш карцінку: гаспадыня смажыць іх, а побач дзеці напагатове і не паспявае яна перакласці дранікі ў міску, як дзеці хапаюць іх кожны сабе. Вядома ж, самыя смачныя – адразу з патэльні. На конкурсе “Спазнай смак сваёй кухні” гаспадыні прапаноўвалі паспрабаваць бульбяныя стравы свайго рэгіёна, прыгатаваныя як па агульнапрынятых, так і па ўнікальных рэцэптах. Праўда, інградыенты сваіх шэдэўраў яны ў таямніцы не трымалі, а з задавальненнем дзяліліся з прысутнымі кулінарнымі сакрэтамі.
– А ці каштавалі вы нашы знакамітыя дранікі-запарнікі, якія гатуюцца з таркаванай бульбы? – пытаецца ў мяне Ала Іосіфаўна, працягваючы талерку з гарачымі блінамі. – На смак як дранікі, а выглядаюць як аладкі. Дарэчы, у мінулым годзе стравы з таркаванай бульбы былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Беларусі.
***
Нарэшце настаў доўгачаканы момант – падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў. І калі для мяне ўсё было відавочна (усім – першыя месцы!), то ў ацэнцы страў меркаванні журы разышліся. Гарачыя спрэчкі спынілі галасаванне і колькасць набраных балаў. У выніку першае месца ў раённым конкурсе “Спазнай смак сваёй кухні” дасталося філіялу “Ваверскі дом культуры”, другое – калектыву з Ганчароў, трэцяе – гаспадыням і гаспадарам з Тарнова.
Наталля Ваўканоўская.
https://lidanews.by/news/dosug/29061news.html.