Літаратурнае аб’яднанне “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” мацуе сувязі як з Гарадзенскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, так і з рэгіянальнымі літаратурнымі суполкамі. На днях у госці да лідскіх літаратараў завітала дэлегацыя паэтаў са Слоніма – прадстаўнікі Слонімскага раённага літаратурнага аб’яднання імя Анатоля Іверса Ірына Войтка (кіраўнік літаб’яднання), Тамара Пяцеліна, Надзея Салейка. Сустрэча адбылася ў Лідскай раённай бібліятэцы ў рамках чарговага пасяджэння “Суквецця”.
Перадгісторыя гэтай сустрэчы звязана з новым праектам Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – літаратурным рэгіён-фэстам. Мэта гэтага доўгатэрміновага фестывалю рэгіянальнай літаратуры, які не мае аналагаў у Беларусі, – пазнаёміць грамадскасць з творчасцю літаратараў з розных раёнаў Гарадзеншчыны. Стартаваў Гарадзенскі літаратурны рэгіён-фэст у кастрычніку мінулага года з прэзентацыі творчасці літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. А ўжо ў лістападзе ў Гародні адбыўся яго другі тур – на гэты раз сваю творчасць прэзентавала Слонімскае раённае літаратурнае аб’яднанне імя Анатоля Іверса. Два літаб’яднанні пазней праглядзелі відэазапісы сваіх выступленняў у Гародні, лідзяне праглядзелі выступленне слонімцаў, а слонімцы – лідзян, і тыя, і другія ўразіліся ўбачаным і вырашылі бліжэй пазнаёміцца паміж сабой.
Суквеццеўцы першымі запрасілі да сябе ў госці слонімскіх калег па літаратурным цэху, і на днях дэлегацыя паэтаў з горада над Шчарай завітала ў Ліду, падчас чарговага пасяджэння літаб’яднання “Суквецце” ў раённай бібліятэцы сустрэлася з лідскімі літаратарамі. Кіраўнік слонімскага літаб’яднання Ірына Войтка расказала пра ўзначальваемы ёю калектыў творчых людзей, усе тры паэтэсы расказалі пра сябе, чыталі перад слухачамі свае вершы – пра сінявокую Беларусь, пра родны горад Слонім, пра родную мову, пра паэзію і паэтаў, філасофскую лірыку, – Надзея Салейка да таго ж выканала некалькі песень. Госці перадалі ў дар бібліятэцы зборнікі сваіх вершаў, а таксама альманах “Старонка”. Мелі магчымасць набыць зборнікі і лідскія паэты.
Вось ужо шмат гадоў суполка літаратараў Слонімшчыны носіць імя вядомага земляка, удзельніка нацыянальна-вызваленчага руху, паплечніка Максіма Танка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, паэта Анатоля Іверса (сапраўдныя імя і прозвішча – Іван Міско). Гэтае імя даў аб’яднанню яго былы кіраўнік, удзельнік вайны ў Афганістане Іван Сяргейчык (яго кніга афганскай прозы “Без права на літасць” была перададзена ў дар Лідскай раённай бібліятэцы гасцямі са Слоніма падчас сустрэчы). У слонімскага літаб’яднання выходзіць свая літаратурная старонка пры раённай газеце “Слонімскі веснік” (як і ў нашага “Суквецця” пры “Лідскай газеце”). Выйшлі тры калектыўныя зборнікі з творчасцю пісьменнікаў Слонімшчыны: “Золак над Шчарай” (1994), “Пад гукі паланэза” (2005) і “Старонка” (2019, да Дня беларускага пісьменства ў Слоніме). Выдадзена каля дваццаці кніг сяброў літаб’яднання. Шмат гадоў слонімскай літаратурнай суполкай кіруе член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса Ірына Антонаўна Войтка, якая прайшла працоўны шлях ад выхавальніка да загадчыцы беларускамоўнага дзіцячага садка. Выйшлі тры яе кнігі паэзіі: “Спасціжэнне”, “Пагляджу вачамі неба” і “Кранаюся вечнасці”.
Найстарэйшая з гасцей, Тамара Афанасьеўна Пяцеліна, родам з Новасібірскай вобласці, але ўжо больш за 60 гадоў жыве ў Слоніме, куды некалі пераехала да месца службы мужа. Горад над Шчарай даўно стаў для яе другой радзімай. Нядаўна ўбачыла свет яе другая кніга вершаў “А я пройду по сентябрю”. Тамара Афанасьеўна – жанчына вельмі актыўная.
Доўгі час спявала ў слонімскім хоры ветэранаў “Памяць”, кіруе клубам “Ліра” пры Слонімскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Надзея Пятроўна Салейка – паэтэса, аўтар і выканаўца песень, член СПБ, аўтар кніг паэзіі “Перекресток”, “Портрет души”, “В разомкнутом круге”. А яшчэ яна жывапісец, графік, разьбяр, скульптар-кераміст. Пра яе знята некалькі дакументальных фільмаў.
Суквеццеўцы і работнікі бібліятэкі цёпла, гасцінна прынялі паэтэс са Слоніма. Лідскія паэты таксама чыталі гасцям свае вершы, галоўны бібліёграф раённай бібліятэкі Галіна Курбыка правяла для гасцей экскурсію ў чытальны і абанементны залы. Цеплыню сваіх сэрцаў дарылі праз творчасць прысутным і самі госці. Лідскія калегі па пяры атрымалі асалоду ад іх выступленняў, штосьці з іх творчага почырку і манеры чытання пачарпнулі для сябе. Яшчэ бліжэй пазнаёміцца з творчасцю лідзян слонімскія паэты цяпер маюць магчымасць, чытаючы 9-ы і 10-ы літаратурна-мастацкія зборнікі “Ад лідскіх муроў”, падораныя ім рэдактарам зборнікаў, паэтам, краязнаўцам Станіславам Суднікам.
У заканчэнне сустрэчы дэлегацыя слонімскіх паэтаў запрасіла суквеццеўцаў да сябе ў Слонім. А значыць, сяброўства двух літаб’яднанняў будзе працягвацца і мацнець.
Аляксей КРУПОВІЧ.