Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Новае выданне. Кніжка вершаў для дзяцей “Загадка ад сінічак”

Новае выданне. Кніжка вершаў для дзяцей “Загадка ад сінічак”

20 красавіка 2023, 08:39 Выданні 90
Новае выданне. Кніжка вершаў для дзяцей “Загадка ад сінічак”

У Гомелі ў выдавецтве “Барк” выйшла з друку новая кніга вершаў паэта са Слоніма Сяргея Чыгрына. Яна прызначана дзецям. Гэта паэтычны зборнік “Загадка ад сінічак”.

Прыгожа аформлены зборнік складаецца з трох раздзелаў: “Воўк і аўтамабіль”, “Свеціць месячык знаёмы”, “Люлі-люлечкі-люляйкі” і “Птушкі і літары”. Вершы гэтых раздзелаў вельмі шчырыя, простыя, лёгкія для чытання і запамінання. Яны прысвечаны розным лясным звярам, дзецям, прыродзе, прыгодам і вясёлым жартам. Многія вершы юным чытачам можна вывучыць на памяць і чытаць са сцэны. Яны выхоўваюць любоў да роднай зямлі, павагу да людзей і нашай прыроды. А таксама быць шчырымі, працавітымі і добрымі.

Змешчаны ў кнізе і арыгінальны верш “Птушкі і літары”. На кожную літару беларускага алфавіта Сяргей Чыгрын прыдумаў чатырохрадкоўі. Напрыклад:

 

А.

Ён бліжэй да неба, гор,

Дом ягоны – ўвесь прастор.

Бачыць сонца ён вакол –

АРОЛ.

 

Б.

Вышыня заўсёды сніцца,

І яе ён не баіцца.

Сімвал нашай Беларусі –

БУСЕЛ.

 

В.

Да зярняткаў ён крадзецца,

Хоча есці ды пагрэцца.

Асцярожны да людзей

ВЕРАБЕЙ.

 

І г.д.

 

Вельмі шмат у зборніку вясёлых, гумарыстычных вершаў пра звяроў і пра дзяцей. Такія паэтычныя радкі выклікаюць толькі ўсмешкі і настрой. Верыцца, што яны спадабаюцца не толькі юным чытачам, але і дасрослым. Прапануем чытачам некалькі вершаў са зборніка Сяргея Чыгрына “Загадка ад сінічак”.

 

Метро

 

– Першы раз, – сказаў Пятро, –

Я праехаў у метро:

Пад зямлёй ляцеў стралою

Думаў, выскачу на волю,

Ў неба птушкай узлячу…

Зноў, сябры, ў метро хачу.

 

Васілёк і кісялёк

 

Любіць хлопчык Васілёк

Піць вішнёвы кісялёк,

А нап’ецца кісяльку –

Паляжыць крыху ў цяньку.

А пасля, як ёсць работа,

Робіць ён усё з ахвотай,

І заўсёды мама з татам

За свайго сыночка рады…

Але больш за ўсё сынок

Любіць смачны кісялёк.

 

Дзіўны кватарант

 

Кінуў дзед на плот пінжак,

Правісеў ён месяц так.

А калі вісеў пінжак –

Пасяліўся ў ім хамяк.

Бо ў кішэні пінжака –

Добры дом для хамяка.

“Хто такі?” – спачатку дзед

Зразумець не мог як след,

Ды па-свойму даў адказ:

“Не хамяк, а верхалаз!”.

 

Санкі для Аксанкі

 

Для унучанькі Аксанкі

Дзед купіў у краме санкі,

Санкі лёгкія, з маторам,

І распісаныя ўзорам,

Самі едуць па двары,

І пад горку, і з гары

Возяць пестачку Аксанку,

Як багатую дваранку…

Ды пакуль каталі санкі –

Рукі змерзлі у Аксанкі.

Поні

 

У мяне падняўся ціск –

Не паеду ў Ваўкавыск,

Там ваўкоў магчыма многа –

Не туды мая дарога…

Не паеду я у Кобрын

Там вужакі ёсць і кобры.

Нават Жабінку аб’еду –

Жабы квакаюць там летам…

Разважала гэтак поні

І… паехала у Слонім.

 

Мышка

 

– Дзе была ты ўчора, мышка?

– Я чытала дзеткам кніжку.

– Пазаўчора дзе была?

– Ледзь ад коткі уцякла.

– Што рабіла сёння зранку?

– Ела ціхенька смятанку…

– А на заўтра маеш штосьці?

– Сем сясцёр чакаю ў госці.

 

Пеўнік і ліса

 

Пеўнік Пеця вельмі рана

Назбіраў грыбоў крамяных,

А калі дадому нёс –

Ўбачыў ліску ля бяроз.

Як убачыў яе Пеця –

Паляцеў хутчэй за вецер,

Не дагнала яго ліска,

Бо было да вёскі блізка.

Яраслаў Грынкевіч.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5920
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0019
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0017
Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Грамадства

Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

9 ліпеня 2024, 19:3216
Далучайцеся да нас