Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Творчасць без бар’ераў. Тварэнні добрай душы і ўмелых рук

Творчасць без бар’ераў. Тварэнні добрай душы і ўмелых рук

12 красавіка 2023, 22:07 Грамадства, Культура 17
Творчасць без бар’ераў. Тварэнні добрай душы і ўмелых рук

Вось ужо трэці год Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея збірае ў сваіх сценах людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія валодаюць тым ці іншым відам мастацтва. Тут пабы-валі паэты, спевакі, мастакі, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такія сустрэчы праходзяць у рамках інклюзіўнага праекта “Перадай дабро па крузе”, куратарам якога з’яўляецца навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун. Дзякуючы гэтаму праекту людзі з абмежаванымі магчымасцямі раскрываюць наведвальнікам дома-музея свой багаты і неабмежаваны ўнутраны свет, радуюць іх сваімі творамі і работамі.

Мінулы 2022 год у дзейнасці праекта быў багаты на выставы. Ладзяцца выставы ў сценах Дома Валянціна Таўлая і сёлета. На днях эстафету дабра перанялі два творчыя наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў горада Бярозаўкі – Дзяніс Бубноўскі і Надзея Санкевіч. У доме паэта адкрылася сумесная выстава іх работ, якая называецца “Тварэнне душы і рук”. Дзяніс Іванавіч выставіў творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – мяккія цацкі і шкатулкі, Надзея Іванаўна – жывапіс і каляровую графіку. На адкрыццё выставы прыйшлі наведвальнікі аддзялення, а таксама спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення Галіна Чаброўская, кіраўнік гуртка Дзіна Ціхановіч.

Вырабам мяккіх цацак Дзяніс Бубноўскі пачаў займацца сем гадоў назад. Гэта карпатлівая ручная праца, якая патрабуе цярпення і ўседлівасці. Элементы цацкі Дзяніс Іванавіч шые і сшывае сам, над вобразам жа цацкі працуе разам з кіраўніком гуртка Дзінай Мікалаеўнай. Напрыклад, галаву мядзведзя сшыў, не ўстаючы з месца, за чатыры гадзіны – атрымалася як фабрычная.

– Мяккія цацкі добра раскупляюцца на розных святах, – адзначае майстар. – Успамінаю, як на свяце дзяцінства ў Бярозаўцы нават чатырнаццацігадовая дзяў-чынка ўгаворвала бацькоў купіць ёй зробленага маімі рукамі зайца.

 Наведвае Дзяніс Бубноўскі і іншыя гурткі пры аддзяленні: кулінарны, тэатральны, інтэлектуальны, з’яўляецца салістам мужчынскага вакальнага гурта “Братаны”.

Надзея Санкевіч малюе са школьных гадоў. Доўгі час у гэтым яе захапленні быў перапынак, але ў аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі яна зноў вярнулася да выяўленчага мастацтва. Асабліва любіць яна маляваць пейзажы, кветкі. А яшчэ Надзея Іванаўна прыгожа спявае, любіць рыбачыць разам з мужам, вырошчваць кветкі і агародніну на дачы. З вясны і да самай восені яна ўся ў дачных клопатах, нават гурткі ў гэты перыяд не наведвае.

У творчых планах Дзяніса Бубноўскага – асвоіць вырабы з саломы, а Надзея Санкевіч плануе заняцца і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. А значыць, наперадзе ў гэтых людзей з неабмежаваным імкненнем тварыць – новыя выставы. Магчыма, і ў сценах Дома Валянціна Таўлая.

Аляксей КРУПОВІЧ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
У Валожыне ўшанавалі Міжнародны дзень роднай мовы
Мова

У Валожыне ўшанавалі Міжнародны дзень роднай мовы

10 сакавіка 2020, 17:1515
Міжнародны дзень абароны дзяцей у Доме Таўлая
Культура

Міжнародны дзень абароны дзяцей у Доме Таўлая

6 чэрвеня 2024, 23:1915
Далучайцеся да нас