Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Зміцер Захарэвіч. АРГАН УНАЧЫ

Зміцер Захарэвіч. АРГАН УНАЧЫ

4 красавіка 2023, 21:59 літаратура 26
Зміцер Захарэвіч. АРГАН  УНАЧЫ

АРГАН  УНАЧЫ

 

Супынілася поўня над фараю,

Схамянулася вышы імгла,

Калі раптам прадонне захмарнае

Працяў зыкам спічастым арган.

 

Над пляцамі заснулага горада

І блішчастым дражэ ліхтароў

Залунала мелодыя гордая,

Перарваўшы зняменне муроў.

 

Па малітве адклаўшы ўбок пацеры,

Каб узрушыць змарнелых жывых,

У клавір вузлаватымі пальцамі,

Як карэннем, музыка сівы

 

Утрапёна ўрастаў глыбей, граючы,

І акорды ўладарна плылі,

Стынь нябёсаў начных насычаючы

Спевам з нетраў праматкі-зямлі.

 

Стурбаваныя гукамі месцічы

За фіранкамі вокнаў сваіх

Чуйна ўслухваліся ў голас велічны,

Затаіўшы спалохана дых.

 

Але фуга гула з новай сілаю,

Да званіцы ж, на дзіва вятрам,

Поўня дзеўчынаю прытулілася,

Закахаўшыся ў дзёрзкі арган.

 

З  СІБІРЫ

 

Дзе Айчыны

Вольнасць залатая?

На чужыне –

Тут тайга сівая,

Тут віхуры

Снежныя над намі

На хаўтуры

Звоняць кайданамі.

 

Тут сканчэнне

Катаржных этапаў

У здранцвенні

Выстылых баракаў,

Тутка плачу

Пра дзяцей, пра матак

Не прабачыць

Унтэр прыганяты.

 

Паланёны

Браце, сцісні зубы –

Па-над Нёмнам

Рэй вядзе загуба:

За маскалем,

За разборам шляхты

Скрозь паўсталі

Шыбеніцаў машты.

 

Бо зраклася

Нашай справы ўдача –

Прадалася

У баі гарачым,

Літву катам

На спажыў пазбыла,

Арлянятам

Абпаліўшы крылы.

 

Зваяваны

Край, калісь свабодны,

Мо, выгнаннік

З попелішчаў родных

У Парыжы

Выдасць успаміны,

Як без крыжа

У зямлю сышлі мы.

* * *

 

Спелы яблык у далонь –

Ці спакусы?

Ці разладу?

Ані слова пра яго,

Апякла адно

паглядам…

 

І не важна,

што цяпер.

Бачыць Бог:

не мне да раю.

Веру

ў існую Цябе,

Ды сябе

ў Цябе скрадаю.

 

Ты

не выбачыш злачын.

Зноў я

праз няўвагу хворы.

Восень плаціць

Лісцем чынш

Часу

ў мёртвую разору.

 

Восень плача.

Скрозь звіняць

Драбязой прыватнай капкі.

Быць?

Не быць?

І не баляць

Ні пытанні,

ні адгадка.

 

 

СУКВЕЦЦЕ

 

Адразу я і не прыкмеціў –

І даравання мне няма –

Тваіх вачэй спакусны май

Адразу я і не прыкмеціў.

Свет забяліла ўсцяж зіма,

Але агністае суквецце

Адразу я і не прыкмеціў –

І даравання мне няма.

 

 

ПРА  “ЛюбоFF”

 

Ці даўно яно было? Дай, Божа, памяці…

Разам хуталіся ў лістападу замяці.

 

Вечар, вецер, заблукалы між прысадамі,

Ціша й прыцемкі нас да сябе завабілі.

За аблокі адышлася далікатная

Поўня, каб на рукі легла мне падатліва

 

Цела гнуткае тваё, каб я пакорліва

Піў усмак з вачэй-крыніц нябёсы зорныя.

 

Без патрэбы былі ў жарсці словы марныя –

Вусны мелі тое, пра што моўчкі марылі.

 

Пальцы тонкія няўзнак мяне кудлацілі,

І туліўся да цябе, як да Прамаці, я.

 

І здавалася, ніколі не спатолімся –

У грудзях дваіх адно гарэла полымя.

 

Ах, якая ты была тады сапраўдная!..

Ці пра ўчора тая ўзгадка ці пра даўняе?

 

 

ЗІМОВЫЯ  ХАЙКУ

 

1.

Ручай гаманкі

За ноч знямеў пад ільдом.

С’est l’hiver. C’est la vie.

 

2.

Ані ягады

На сівой арабіне –

Галодны гіль здзёўб.

 

3.

На снезе канчар,

Пунсавее памада.

Смяюся – не мой.

 

4.

Дзякаваць Богу,

Спрахла палярная ноч.

Хоць ззяння шкада.

 

5.

Зімняя казка.

Крылцамі чмель наслядзіў

У снегападзе.

 

6.

Кроплі на вейках –

Замець выела вочы.

Што я не ўбачыў?

 

7.

Наўпрост у Калёсы

Парай сэрца курэе.

                 Назаўтра мароз.

 

У  АПОШНІ  ДЗЕНЬ  ЛЮТАГА

 

На снезе люты вывеў цені

Сцяжынамі сакавіку,

Нібы радкі ў чарнавіку,

На снезе люты вывеў цені.

У свой апошні дзень, праменнем

З нябёсаў змёўшы прэч смугу,

На снезе люты вывеў цені

Сцяжынамі сакавіку.

 

 

ШУКАЮЧЫ  ВЯСНУ

(рандэль)

 

Шукаючы ў сабе вясну

Сярод замглёных крэпам датаў,

Клады надзеяў, як адплату

Заслужаную, не міну.

 

Дарма рваць жылы – не вярну

Калісь, здалося, дробных стратаў,

Шукаючы ў сабе вясну

Сярод замглёных крэпам датаў.

 

Але дачасна не спачну –

Не для мяне зацішак спрату

Магільнага. Пакуль не сцяты

На грудзі поўныя ўдыхну,

Шукаючы ў сабе вясну.

 

 

ІЗНОЎ  ВЯСНА

(тэрцыны)

 

Хоць снег сышоў, а стаў святлейшым вечар,

Гараць дарма а шостай ліхтары –

Прыродзе людзтва звыкла супярэчыць.

 

Палю нахабна ў акадэмдвары –

Яе чакаю на супольны шпацыр,

І ўзрушана гудзе прашпэкт стары.

 

Ізноў вясна – далоў з пачуццяў панцыр!

Заходзяцца, вярнуўшыся, шпакі

Пакуль рахую на ўзаемнасць шансы.

 

Наштось ранейшых стрэчаў чарапкі

Збудзіліся і непакояць памяць,

Нібы з юнацтва ўскрэслыя радкі.

 

Руды прамень, растаючы, не раніць –

Самоты час згасае пакрысе,

А цыферблат часцей мой позірк вабіць.

 

Вось постаць тонкая ў дзвярах… Ідзе!

 

ГУЛЕЦ

 

Паставіў не на тых ізноў,

Не змогшы рады даць сваволі,

Сярод дасведчаных гульцоў,

Як выкляты блазенствам долі.

 

Калі яна сляпым круп’е

Шпурнула шарык на рулетку,

Замерлі бурбалкі ў віне

І куля ў рулі пісталетнай.

 

Усчаўся лічбаў колабег

Мільганнем дзён чырвоных, чорных,

А ў іх знікае чалавек

Зярняткам у пудовых жорнах.

 

Ды, каб не кісла ў жылах кроў

Ці каб зрабіць іспыт удачы,

Пасунуў фішкі на zero

Усе, што меў, я – без астачы.

 

Не збляк ад хвалявання твар,

Хаця джаз-банд бяду прарочыў

І цераз стол руды махляр

Нахабна шчэрыўся мне ў вочы.

 

Такім з даверлівых сыцець

Пакуль нячысцік пакрывае,

Ніколі ім не зразумець,

Навошта на жыццё гуляю,

 

Калі – альбо ракой шампан,

Альбо адзін стрэл да магілы,

Бо як гідуе хамаў пан,

То – аut Caesar, aut nihil!

 

НАДЫХОД  НОЧЫ

 

Прэч сплыве, у цемрадзі патоне

Без астачы кволае сутонне.

 

Паўабрыс навязлівае здані

У чарноцці пакрысе растане.

 

Спрэс гадзінніка заціхнуць крокі

У густым запанавалым змроку.

 

Знікне час, заваблены свабодай,

У разліве беспрасветных водаў.

 

Сумятня трывог, надзеяў, мараў

Утаймуецца пад хмар цяжарам.

 

Згасне прага піць альбо прарочыць

Па прышэсці безаблічнай ночы.

 

ІСКРЫНКІ

 

Адно сагрэцца – не згарэць

Цяпельца распаліў на ўзлессі,

Але іскрынкі ў паднябесся

Разлог наўмеліся ўзляцець.

 

І прэч з прамерзлае зямлі

Зіхоткім шуганулі роем,

Калі ж сягнулі лапак хвояў –

Агнём ігліцу занялі.

 

Праз момант лес усцяж палаў,

Яшчэ някемячы спрасоння,

Што вышы чорнаму прадонню

Бакі балюча абпякаў.

 

Абшар змяняўся на вачах:

Пужліва адступала цемра

З выццём нязмоўчным хіжай хеўры,

Пад крык адчайны крумкача.

 

Ад шалу зыркіх языкоў

Паблякла зораў мігаценне,

А месяц кволыя праменні

Прыбраў у пазахмарны схоў.

 

Праз зглумлены паўночы крэп

Бязлітасным лязом пажару

Глядзелі, сцяўшыся, амшары,

Як танчыць Саламандра стэп.

 

Агонь да золку шчыраваў,

І я, дымамі апавіты,

Абноўленага краявіду

Па ўсходзе сонца не пазнаў.

 

Дазвання згінуў свет стары,

Аднак іначай не сагрэцца

Пакуль з гарна жывога сэрца

Іскрынкі рвуцца дагары.

 

 

ПАЧОСТКА

 

Цела маё і кроў –

Шчодры на стравы дом,

Нібы на хлеб з віном, –

Кожнаму, хто прыйшоў.

    Цела маё і кроў –

    Кожнаму, хто прыйшоў!

 

Сэрца палкае – вам,

Поўна ў кубках пітва,

Смажанка з кумпяка,

Косткі – на двор крукам.

    Сэрца палкае – вам,

    Косткі – на двор крукам!

 

Думак ліхіх гайня

Вас абміне заўжды –

Рэшта парваных жыл

Знікла ў пашчы агня.

    Думак ліхіх гайня

    Знікла ў пашчы агня.

 

Дзякую за “Сто год!” –

Ешце, госці, – даў Бог!

Мне ж, бо сыты сабой,

Луста не лезе ў рот.

    Дзякую за “Сто год!” –

    Луста не лезе ў рот.

 

Лішняга не хачу,

Хай больш іншы займеў.

Пры накрытым стале

Чым магу, тым плачу.

    Лішняга не хачу,

    Чым магу, тым плачу.

 

Толькі вельмі прашу

На зычэнні ў адказ –

Балю пасля і ў час

Не чапайце душу.

    Толькі вельмі прашу –

    Не чапайце душу!

 

Цела маё і кроў –

Шчодры на стравы дом,

Нібы на хлеб з віном, –

Кожнаму, хто прыйшоў.

    Цела маё і кроў –

    Кожнаму, хто прыйшоў…

 

 

НЯМА  КУДЫ  ВЯРТАЦЦА

 

Напэўна ведаю, калісьці ўсё мінецца:

Смуга растане, адліюцца слёз дажджы,

І нам будзённы абавязак застаецца, –

Сабе не здрадзіўшы, нягоды перажыць.

 

Не сцяцца ў норах ад прагнозаў у пакоры –

Пашчэнкі сціснуць, як грымоты забасяць,

Пакуль шпакі – вясны спавеснікі – у горад

Сшарэлы з добрай навіной не прыляцяць.

 

Тады, каб радасна вітаць былых выгнанцаў,

На плошчы ўзрушаная выйдзе грамада.

А мне няма куды з надзеяю вяртацца,

                 Таму што я край злыбяды не пакідаў.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0517
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2817
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3417
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2116
Далучайцеся да нас