16 сакавіка 2023 года ў Менскай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога Літаратурны клуб “Экватар” правёў творчую вечарыну паэта з Гарадзеншчыны Мікалая Іваноўскага – лаўрэата прэміі імя А.І. Дубко за 2022 год у галіне літаратуры за кнігу “Суквецце любові”. Вядоўцамі мерапрыемства сталі паэты, пісьменнікі, журналісты, кіраўнікі літаратурнага клуба “Экватар” Вячаслаў Корбут і Інга Вінарская. У рамках вечарыны выступілі: паэт, пісьменнік, музыкант Зміцер Захарэвіч; паэт і бард Кірыл Бандзерс; оперны спявак, пісьменнік Дзмітрый Марозаў; паэт, празаік, драматург Глеб Ганчароў; паэтка, кіраўнічка Мінскага аддзялення Беллітсаюза “Полацкая галіна” Ксенія Ярмілава; паэт, пісьменнік Валянцін Шведаў; паэт, празаік, бард Юрась Нераток; паэт і грамадскі дзеяч Валянцін Бронаў; паэтка, пісьменніца, навукоўца, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Таццяна Барысюк. Прысутнічалі выкладчыкі і навучэнцы некалькіх сталічных каледжаў. Вечарына Мікалая Іваноўскага была праведзена з нагоды блізкага Сусветнга дня паэзіі. Асноўнай тэмай творчай сустрэчы стала, канешне, вядомая цяпер ужо на ўсю краіну кніга “Суквецце любові”. У выкананні аўтара прагучала шэраг вершаў з усіх пяці яе раздзелаў.
Цікавы ён чалавек, Мікалай Пятровіч Іваноўскі. Трыццаць пяць гадоў свайго працоўнага жыцця аддаў аднаму буйному прадпрыемству – ААТ ,,Гродна Азот”. Пагадзіцеся, ад сферы мастацтва і насамрэч літаратуры гэта дастаткова далёка, калі не сказаць, – вельмі… Дык адкуль узяўся пісьменнік, тым больш, – паэт?.. Загадка. Хаця, у шматдзетнай сям’і Іваноўскіх, дзе Мікалай Пятровіч – старэйшы сын, гэта не першы прыклад творчых дасягненняў. Малодшы брат спадара Мікалая – Дзмітрый Іваноўскі быў славутым беларускім мастаком. Ягоныя палотны дагэтуль упрыгожваюць буйныя замежныя галерэі і музеі. Нажаль, ён рана пайшоў з жыцця… І вось у 2015 годзе Мікалай Іваноўскі вырашае выдаць кнігу ў памяць свайго памерлага брата Дзмітрыя,”Нашчадкі роду Іваноўскіх” і паспяхова ажыццяўляе гэты праект. У той кнізе змешчаны 209 палотнаў Дзмітрыя Іваноўскага з 3000 ягоных карцін, надрукаваны вершы Мікалая Пятровіча – у адпаведнасці з тэмамі жывапісных палотнаў…
Дастаткова хутка творчая скарбонка паэта Мікалая Іваноўскага папоўнілася яшчэ чатырма кнігамі: “Пяром і сэрцам” (2017 год, лірыка), “Загадкі на ўсе выпадкі” (2018 год, загадкі для дзяцей), ”Сцяжынка дзяцінства” (2018 год, лірычная паэзія), “Вострым зрокам” (2020 год, гумарыстычныя творы), “Кроплі расы” (2020 год, лірыка).
Па меркаванні Мікалая Пятровіча Іваноўскага, вельмі спрыяе творчасці жыццё ў роднай вёсцы Пачуйкі, куды ён пераехаў пасля выхаду на пенсію і дзе жыве дагэтуль. Бо цішыня і спакой – гэта галоўнае, што трэба творцы. Канешне, вясковыя справы і клопаты з агародам, садам і пасекай займаюць многа часу і адбіраюць шмат сіл, аднак ёсць жа ж доўгія і ўтульныя вечары, а таксама зімовы перыяд, у які, дарэчы, як сцвярджае наш аўтар, ён і напісаў большасць сваіх твораў.
І вось новая кніга паэта з Гарадзеншчыны Мікалая Іваноўскага “Суквецце любові”. Смелая назва, асабліва калі ўзгадаць, што выдаецца яна з нагоды 70-гадовага юбілею аўтара. Але ж, любові пакорлівыя ўсе ўзросты, як некалі пісаў класік рускай літаратуры Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. І спрачацца з ім мы, канешне, не будзем.
Менавіта тэме кахання прысвечаны першы раздзел гэтай кнігі пад назвай “Вясной вяртаецца любоў…”, і ён самы, бадай, буйны раздзел зборніка. Тут можна прачытаць пра каханне ва ўсіх яго праявах, шчаслівае і няшчаснае, што дорыць акрыленасць альбо пакуты, але без якога жыццё немагчымае…
Няхай прыпомніць кожная з жанок –
Адам ахвяраваў сваю рабрыну.
Яе аддаў ён Богу назнарок,
Каб Бог стварыў прыгожую жанчыну.
З тае пары мужчынская далонь
Прытуліць цеплынёю днём і ўночы.
Мужчыны ўсе трапляюць у палон –
Чаруюць іх заўжды каханых вочы…
(Чарговы сакавік.)
Другі раздзел зборніка “Памяць не парвецца…” змяшчае вершы патрыятычнай тэматыкі. Тут ёсць творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне і яе героям, вершы пра Чарнобыльскую трагедыю, а таксама патрыятычныя опусы, у якіх аўтар лічыць сваім прамым абавязкам сказаць сваё “не” вайне і сучасным варожым палітычным заклікам…
Назва раздзела “А вёсачка вабіць…”, які ідзе ў кнізе трэцім, гаворыць сама за сябе. І дакладна, тут змешчаны вершы, прысвечаныя малой радзіме Мікалая Іваноўскага – вёсачцы Пачуйкі, што на Ваўкавышчыне, якую аўтар бязмежна любіць. Таксама тут ёсць творы пра родную беларускую мову, у якіх аўтар заклікае любіць яе і размаўляць на ёй. Асобна ж можна выдзяліць верш памяці Алеся Мікалаевіча Белакоза, выбітнага чалавека і патрыёта Беларусі:
… На мовы роднае пакос
Ён вывеў сотні нас з-за парты.
Вучыў Алесь нас Белакоз,
Што беларусам звацца варта.
Ён нам прывіў, і ў нас жыве
Ягоная любоў да мовы,
І кросны ткуць, чаўнок плыве,
Музей Дзяржаўны тут аснова…
(Мне беларусам звацца варта.)
У пэўнай ступені тэматыку трэцяга раздзела кнігі падтрымлівае раздзел чацвёрты “Пах палёў, збажыны…”, дзе знаходзіцца лірычныя вершы пра прыроду і поры года. І канешне, усе гэтыя прыродныя з’явы і змены аўтар назіраў на сваёй малой радзіме, у любімай вёсцы.
Не адчуваецца больш спёкі.
Кароткім стаў асенні дзень.
Злятаюць птушкі ў край далёкі,
І не хавае кронаў цень…
Даўно грамы не б’юць у бубен.
Чарговы клін плыве гусей,
І бульбяны схаваны клубень,
І плачуць хмаркі ўсё часцей…
(Спяшае восень папярэдзіць.)
Завяршае кнігу пяты раздзел “Байкі і жарты”. У ім змешчана гумарыстычная паэзія. І гэта першы выпадак, калі Мікалай Іваноўскі змешвае розныя жанры ў адной кнізе – лірыку і гумар. Але ад гэтага новы ягоны вершаваны зборнік, насамрэч, горшым не стаў. Атрымалася нават больш цікава і эмацыянальна насычана.
Вось такое паэтычнае суквецце свайго жыцця і любові прапаноўвае паэт Мікалай Іваноўскі сваім чытачам. Кніга атрымалася, на маю думку, разнапланавая, цікавая і каларытная.
Паэтка, пісьменніца, журналістка
Інга Вінарская.