У рамках дзейнасці аматарскага музычнага салона “Свет класічнай музыкі” 11 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася лекцыя Маргарыты Рукевіч, прысвечаная таленавітым жанчынам-кампазітарам розных эпох і жанчынам-музам, якія натхнялі вялікіх музыкантаў свету на напісанне цудоўнай музыкі.
У гісторыі было так, што не заўсёды жанчынам была даступнай музычная адукацыя, яны не маглі адкрыта выступаць, выконваць уласныя творы і друкаваць нотныя зборнікі.
Слухачы даведаліся на лекцыі, што адной з першых жанчын, якая стварала і распаўсюджвала музыку, была італьянская манахіня Ізабэла Леанарда, якая стварыла 17 канцэртаў, 12 санат і псалмаў.
Марыянна фон Мартінес заснавала ў сваім доме школу па навучанні спевакоў, а Нанета Штрэйхер сябравала з Л. Бетховенам.
Цікавая інфармацыя прагучала пра Марыю Шыманоўскую і піяністку-віртуоза Клару Шуман, жонку кампазітара Шумана, пра Фані Хэнзель, сястру Мендэльсона і пра Этэль Сміт, якая насуперак волі бацькоў скончыла Ляйпцыгскую кансерваторыю, дзе ў час навучання пазнаёмілася з Дворжакам, Грыгам, Чайкоўскім і іншымі кампазітарамі. Яна пісала сімфоніі, харавыя творы і оперы.
Толькі ў 20-тым стагоддзі жанчыны атрымалі магчымасць вывучаць такія прадметы, як тэорыя музыкі і кампазіцыя, граць на такіх інструментах, як кантрабас і трамбон, узрастаць да ўзроўню прафесароў у кансерваторыях і ўзначальваць аркестры як дырыжоры. Венскі і Берлінскі сімфанічныя аркестры знялі свае табу і сталі адкрытымі для жанчын-дырыжораў.
На канцэрце-лекцыі Маргарыта Рукевіч узгадала пра паспяховую дзейнасць вядомых беларускіх музычных дзеячаў-жанчын, такіх, як Ларыса Сімаковіч, Галіна Гарэлава, Аліна Безен-сон, Алена Атрашкевіч, Вольга Падгайская і іншых.
На канцэрце-лекцыі прагучалі творы Фані Хензель (Мендэльсон), Ф. Ліста, Галіны Гарэлавай, Вольгі Падгайскай і Ж. Металідзі.
Эла Дзвінская,
фота аўтара.