* * *
Блiскавiца, роўна небыль,
Раскалола свет у прах –
Ясакар трымае неба
На малiтвеных руках.
Навальнiца па-над гаем
Змыла жнiвень у яры.
Перад ёй запабягае
Марна ясакар стары.
Штось бракуе мне паветра,
Штось паменшала святла…
Цi ў нябыт сыходзiць лета,
Цi то сталасць адышла?
Нешта мала мне прыпару –
Надвячоркам, спакваля,
Як рыззё, звiсае хмара
З распрастанага галля.
Што задзьмула, завiхрыла,
Размятаўшы дзён шмаццё?
Што свой бег iмкне да схiлу:
Непагода цi жыццё?..
НА СОЖЫ ВОСЕНЬ
На Сожы восень. Рэчышча ракі
Навостраным лязом булатнай шаблі
Прасечана праз скаты і пяскі.
Варушацца няспрытна і па-краб’і
Ля кладак нехлямяжыя чаўны.
Матляе вецер шалікі спадарынь,
I цешацца над трункамі паны
Ў нірване рэстаранаў і кавярань.
На Сожы восень. На душы – лягчэй.
I, з-пад нябёс аглядваючы цэрквы,
Кружляе, не знікаючы з вачэй,
Над плынню рудаватай кропкай беркут.
Ляціць, нібыта адзінотны ліст,
Як згаладалы ліс на паляванні,
I зверху альбо клёкат, альбо свіст
Губляе пакрысе ў адлюстраванне,
Туды, дзе абрамляюць берагі
Раку, як быццам створаную з плоці,
I безнадзейнасць роспачнай тугі
Праглядвае ў задумлівым палёце.
Паветраны разведвальнік мяжы
Ў няспешным і разважлівым гуморы,
Ён кожнай чмарай клетачкай – чужы
I часу, і тутэйшае прасторы.
Раскрыжаваны ў небе на крыле,
Ён зазімку чакае нетаропка,
Пакуль не пахаваецца ў імгле
Яго амаль утоеная кропка.
Хай будзе гэтак! Прысмакам тугі
Шамціць лісцё пад крокамі прыгожа.
Пажоўклыя ў туманах берагі
Сціскаюць цела ветранага Сожа,
Заблытанага ў хмызе і траве,
Пазбаўленага сонца і сузор’яў.
I восень перакулена плыве
Па водах Сожа да Міжземнамор’я.
РАГАЧОЎ
Памяцi майго дзеда М.А. Лашкевіча
Цягнiк спыніўся. Доўгія палі
Ўступілі месца дробнаму паўстанку.
Iмжой аблокі шэрыя скублі
Прадзьмутую з усіх бакоў альтанку.
Рачулка Друць нявесела цякла,
На трох віно цягнулі пустамелі.
Аскепкі ад бутэлечнага шкла
Хрусцелі, як агрызкі карамелі.
О, Рагачоў! Сюды прыехаў зноў
Я, быццам да фамільнай багадзельні.
Куродымам палохаў груганоў
Вялізны комін вугальнай кацельні.
I я падумаў: тая ж прастата,
I тыя ж дні ў штодзённае самоце.
Царква набожна славіла Хрыста,
Людзьмі раскрыжаванага ў ківоце.
Паўз вуліцу – начлежкі і карчмы,
I праз раўчук – раздзёўбаныя кладкі:
Прадзедавы даходныя дамы
Вярэдзілі гурмой мае здагадкі:
Нашто я тут? Чаго забыўся я?
Каму патрэбен з думкамі сваімі?
Бо горад – як далёкая сям’я
З такім упартым, непахісным імем!
Тут не збярог бы нават абярэг!
Мне быў чужым правінцыяльны горад.
Я натыкаўся на калючы смех,
Як беспрытульны пасынак на голад,
Як печкурок на донку рыбака…
Паўзла смуга з чыгункі, што з кадзіла.
Блакітная бляшанка малака
Ўспаміны аб мінулым саладзіла.
БЕССАНЬ
Б’е гадзiннiк на моцным камiне,
А камiна няма i ў памiне –
Ён прыснiўся. А я i не спаў.
I засну, вiдавочна, не скора:
Штосьцi б’ецца на даху сабора –
Ён ад дома ўсяго праз квартал.
А гадзiннiк на сценцы пакоя
Мне на вуха прабухаў такое:
– Тры гадзiны бяссонню твайму!
Час павольна i нудна бруiцца.
Калi ноччу чамусьцi не спiцца,
То нiхто не адкажа: чаму?
Са стварэння шаноўнага свету
Не знайшлася ў бяссонiцы мэта –
Ёсць бяссэнсiца i каламуць:
Гэта ўсё ў чалавечай прыродзе,
Бо пра вестку, што з неба прыходзiць,
Немагчыма наперад прачуць.
Толькi слухаць i мяцца цярплiва,
I зазнаць падабенства матыву
Ў рэдкiх гуках начных за акном,
I запомнiць а шостай гадзiне,
Што гадзiннiк грымiць на камiне, –
I заснуць непрадбачаным сном.
ПРАДЧУВАННЕ МОВЫ
Не вер, што час беспаваротны!
Глядзi, падобна гвяздару,
Як лiвень з лужыны вiльготна
Падняўся хмарай угару;
Як флейты спеўнае начынне
Ператвараецца ў сцябло;
Як выяўляецца ў мужчыне
Дзiцяцi мудрае чало;
Як перад адчуваннем слова
Свет нараджаецца спярша;
Як з думкi вынiкае мова,
I пазнае сябе душа.
* * *
Яна была зусім не парай
Ні мужу кемнаму, ні мне;
Не распявалася гітарай
I не гучала ўслед струне.
Яна маланкай выбухною
Iмкнулася супроць радкоў,
Бо і сама была струною,
Нацягнутай напагатоў!
Яе – напоперак парадам –
Праносіў вецер вараны
Бесперапынным вадаспадам
Рэтушаванай сівізны.
Я не жадаў вар’яцкай долі –
Стаць попелам яе агню.
Гукаў яе адно – не болей! –
I чуў насустрач цішыню.
Яна, з прэлюдыі на коду
Змяняючыся ўсім назло,
Не адчувала перашкоду
I прасякала цераз шкло.
Яна была. I дзякуй Богу!
I дзякуй Богу, што была –
Нібыта промiльг ветравога
Стрэлападобнага крыла.