16 лютага 2023 года ў Менскай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога Літаратурны клуб “Экватар” прадставіў імпрэзу “Вітаем лютаўскія святы!”, прысвечаную святочным датам, што адзначаюцца у апошнім зімовым месяцы. На мерапрыемстве прысутнічалі пісьменнікі, журналісты, навукоўцы, музыканты, бібліятэчныя супрацоўнікі, а таксама выкладчыкі і навучэнцы архітэктурна-будаўнічага і энергетычнага каледжаў сталіцы.
Вядоўцам імпрэзы стаў паэт, пісьменнік, журналіст, кіраўнік літаратурнага клуба “Экватар” Вячаслаў Корбут. Ён зазначыў, што выступоўцы літаратурна-музычнай сустрэчы будуць распавядаць на працягу вечарыны пра розныя лютаўскія святы і чытаць адпаведныя творы. Сам жа спадар Вячаслаў сваё выступленне прысвяціў Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца паўсюдна 21 лютага. Прачытаў некалькі вершаў у тэму, сярод якіх быў твор пад назвай “Пра роднае”:
Звярстаецца слова, згалосіцца з раду,
Дзе крэўная спеласць халодага складу,
Крывіцкая стома і летняя пожня.
У слове народным – малітва, а можа,
Былога не стане, былога не будзе,
І сонца высокае ранкам астудзіць
Хлапечую сілу высокага лесу,
Што нам аздабляе зямля, як прынцэса.
А там і муры, і высокія замкі,
І залы з бурштыну, і цуда-альтанкі,
Прамыя галіны – як Рэмбранта рукі,
І воблакі ў небе – з Агінскага гукі.
Чужыя, свае ці далёкія спевы,
Нам разам здаюцца яны так няўмела,
Наўкол працінаюць і вобраз сусвету
На зорных пакінуць расінках-каметах.
Згалосяцца гукі, зрыфмуюцца словы,
І родная ўголас абудзіцца мова,
І роднаю стане нам кожная сцежка,
Адзінства народу не ведае межаў.
У кожнага вобраз свой ладзіцца ў сэрцы,
І сіняе неба з’ядае нас, верце,
Як толькі звярстаюцца шчырыя словы –
У голасе кожным за светлай размовай.
Далей Вячаслаў Корбут распавёў прысутным, што зараз у Беларусі праходзіць Тыдзень роднай мовы, у рамках якога паўсюдна праводзіцца 16-я Агульнанацыяна-льная дыктоўка. У такой дыктоўцы вядовец імпрэзы заклікаў прыняць удзел усіх прысутных: і моладзь, і дарослых. Большасць пагадзілася. І вось ужо раздадзены загадзя падрыхтаваныя лісты паперы і асадкі. Дыктоўка пачалася. Дарэчы, Вячаслаў Корбут сам надыктоўваў прысутным у той вечар у першай сталічнай бібліятэцы тэкст Янкі Маўра “Чалавек ідзе”, папярэдне абраны з варыянтаў, размешчаных на сайце газеты “Наша слова”.
Па заканчэнні дыктоўкі спадар Корбут сабраў лісты з напісанымі тэкстамі і адправіўся іх правяраць, бо сам не адзін год выкладаў беларускую мову і літаратуру. Кампанію ў праверцы яму склаў пісьменнік Глеб Ганчароў, які з’яўляецца вялікім педантам у плане стаўлення да мастацкага тэксту.
Імпрэзу ж прадоўжыла весці паэтка, пісьменніца, журналістка, шэф-рэдактар альманаха “Літаратурны экватар” Інга Вінарская, якая надалей і прадстаўляла выступоўцаў. Але папярэдне спадарыня сама ўзяла слова, і канешне, пачала з таго, што распавяла пра новы нумар альманаха “Літаратурны экватар” (11 (13)), які нядаўна выйшаў у свет. Інга зазначыла, што па заканчэнні імпрэзы ў бібліятэкі кожнага з каледжаў, прадстаўнікі якіх прысутнічаюць на мерапрыемстве, будзе перададзена па экзэмпляры новага нумага альманаха з аўтографамі ўсіх прысутных выступоўцаў-пісьменнікаў.
Далей Інга Вінарская ўзгадала Дзень Святога Валянціна, што адзначаўся не так даўно – 14 лютага, і прачытала сабраўшайся аўдыторыі некалькі сваіх вершаў на тэму кахання са сваёй кнігі “Гучы, маё сэрца, гучы…” Прагучаў і гэты пяшчотны твор:
Калі так бэзавым цяплеюць ліхтары,
І вечар мякка ў цені сінія кладзецца,
Ты пра любоў мне нешта ціха гавары,
Пра тыя гарады, дзе ўсім лягчэй жывецца.
Мой мілы, што ж, хлусі. Маною стаць журбе.
Ўвайдзі, бы срэбра дождж, у лёсавы спляценні.
Мне – сёння зразумець, а можа, і табе,
Што на дваіх у нас адно ёсць прызначэнне:
Па глебе, па раллі прайсці жыццём сваім:
Не выпаўшы з гнязда, той праўды не пазнаеш…
Шаптала столькі раз сабе праз лёсу дым:
“Не бачна берагоў – не адыйсці ад краю…”
Адметнай рысай лютаўскай вечарыны “Экватара” стала актыўнасць маладзёвай аўдыторыі мерапрыемства, асабліва дзявочай яе часткі. Можна сказаць, што млоладзь не проста прысутнічала на імпрэзе: гучалі пытанні, на якія нашыя аўтары з задавальненнем адказвалі. А наву-чэнка сталічнага архітэктурна-будаўнічага каледжа Дар’я Чэкліна нават папрасілася выступіць перад аўдыторыяй, што ёй практычна адразу і было дазволена. Дзяўчына прачытала, прычым напамяць, свой любімы паэтычы твор Генрыха Гейнэ ў перакладзе з нямецкай мовы.
Паэт і бард Кірыл Бандзерс адказваў увечары 16 лютага за музычную частку мерапрыемства. Да выканання гэтай задачы спадар паставіўся з усёй магчымай адказнасцю. Да слова сказаць, высокі светлавалосы малады хлопец Кірыл Бандзерс адным сваім знешнім выглядам адразу здатны ўразіць аўдыторыю. А як на гітары зайграе! А гэты ягоны нізкі голас і брутальныя спевы!.. І ўсё – пачынаюць біцца хутчэй дзявочыя і жаночыя сэрцы. Так было і на вечарыне “Вітаем лютаўскія святы!” Вельмі ўразіў прысутных Кірыл Бандзерс аўтарскім выкананнем уласных песень пад гітару.
Паэтка Таццяна Пратасевіч адзначыла важнасць беларускага слова, асабліва паэтычнага, для нашага грамадства і краіны ў цэлым. Яна прадставіла сабраўшымся нізку сваіх вершаў на беларускай мове. Адзін з іх меў эпіграф з “Паэтаграфічнага рамана” Леаніда Дранько-Майсюка: “Сум генетычна разбаўлены ў нашай крыві”. Верш гэты вельмі цікавы, бо ў ім распавядацца пра тое, што для паэткі галоўнае каханне – гэта напісаныя ёй радкі, яе творчасць. Вельмі актуальная выснова для большасці жанчын-творцаў…
Сум генетычна разбаўлены ў нашай крыві.
Мне прапаноўваюць лекі: віно і каханне.
А выбіраю я вершы – душой, што крывіць!
Гэта маё безназоўнае выратаванне.
Не называю, каму, для чаго і нашто.
Вершы запісаны з думак, пачуццяў і стрэсаў.
Як перасаджана кветка ў другое кашпо,
Гэтым змяніўшы жыццё, ды насуперак лёсу.
Сум падмацую самотай у дзённым жыцці.
Тут не атрута, а пэўнае суіснаванне.
Час застывае, ці крыху марудней ляціць…
Добры мой сум, яму дзякуй за ўсе вершаванні.
Навукоўца і грамадская дзяячка Раіса Марозава чытала прысутным вершы свайго нябожчыка-мужа Уладзіміра Марозава. Жанчына распавяла прысутным, што яе з мужам звязвала каханне даўжынёй у жыццё і што яна жыве ўспамінамі пра свайго блізкага чалавека і пра іх глыбокае пачуццё… Напрыканцы ж свайго выступлення Раіса Пятроўна зазначыла, што яе муж быў навукоўцам, фізікам-ядзершчыкам і добра ведаў, якую небяспеку можа несці атам, калі ён перастане быць мірным. Невялікую антываенную паэму Уладзіміра Марозава прачытала сабраўшымся спадарыня Раіса, што падалося ўсім вельмі актуальным.
Паэт і бард Зміцер Захарэвіч апошнім часам эксперыментуе з формамі вершаў. Вынікі сваіх эксперыментаў ён прадставіў публіцы, сабраўшайся 16 лютага ў першай сталічнай бібліятэцы. Далей спадаром Зміцерам быў прачытаны дастаткова жорсткі паэтычны твор “Калі завыюць ваўкі…”, які ўжо паспеў напалохаць беларускую інтэрнэтсупольнасць. Цікава, што верш гэты быў напісаны аўтарам 14 лютага бягучага года…
Асобна ж спадар Захарэвіч вырашыў спыніцца на свяце, што адзначаецца штогод 15 лютага, і ў народзе мае назву “Грамніцы”. Зміцер дастаткова падрабязна распавёў прысутным пра гісторыю гэтага свята, а потым прачытаў свой твор пад назвай “Святло Грамніцаў”:
Поцемкі. Люты. Грамніцы.
Тонкая жычка святла
Мякка сплыла на масніцы
І да нябёс пралягла.
Гэтак скрозь крык парадзіхаў
Па гартаванні агнём
Душы курэюць аціхла,
Свой пакідаючы дом.
Каб прэч ад сіверу злога
Праз Сіта зор угары
Рушыць Птушынай дарогай
Ў край, дзе Зніч продкаў гарыць.
Нас – і жывых, і памерлых –
З ім ад няпомных вякоў
Лучыць насуперак цемры
Дрогкіх Грамніцаў святло.
Пісьменнік Глеб Ганчароў – гэта, без перабольшвання, сапраўдны майстар слова, прычым, як паэтычнага, так і празаічнага. Ён дасканалы аўтар, у творах якога рэдкі рэдактар знойдзе сабе працу. Палітра тэмаў у гэтага творцы шматгранная і разнастайная. Адметнай жа рысай таленту спадара Ганчарова з’яўляецца тое, што ён аднолькава лёгка стварае як вельмі сур’ёзныя творы, так і гумарыстычныя. Прычым гумар можа быць “чорны”, на грані фолу. Вось і на лютаўскай “экватарыяльнай” вечарыне Глеб Ганчароў прачытаў вялікі гумарыстычны твор, можна нават сказаць, што гэта была амаль паэма. Тэмай твора стала чалавечае жыццё – ад нараджэння да скону, а вось напісаны ён быў аднымі(!) назоўнікамі. Нічога падобнага на імпрэзах літаратурнга клуба “Экватар” дакладна ніхто раней не выконваў!..
У выступленне паэта Валянціна Шведава былі ўключаны вершы, маючыя дачыненне да розных лютаў-скіх святаў. Пачаў спадар Шведаў з твораў, прысвечаных Дню роднай мовы і любові да яе. Былі настраёвыя вершы на тэму кахання, ягонай прыгажосці, а таксама пакутаў, звязаных з ім. Завяршыў жа сваю прамову Валянцін Шведаў вершам, прысвечаным Дню абаронцаў:
Люты. Дзень абаронцаў.
Па ўсёй роднай старонцы
Мы праславім салдата,
Павіншуем са святам
Тых франтоў ветэранаў,
Змагароў-партызанаў,
Засланіў хто сабою
Той ваеннай парою.
Хто спачыў за Айчыну,
Нам забыць немагчыма.
Мы паклонімся нізка
Каля ўсіх абеліскаў.
Ад даўнейшага веку
Вораг рваўся аднекуль.
Баранілі зацята
Свае землі і хаты.
Агонь цепліцца вечны –
Жальбы знак чалавечай.
Як павагі даніну,
Памаўчым мы хвіліну.
Аддалі доўг адзіны
Ветэраны Радзімы.
Справу ўзялі мы ў рукі –
Дзеці іх, ды і ўнукі.
Быць удзячнымі трэба
Тым за мірнае неба,
Хто трымае “сухою”
Нашу моцную зброю.
Мы ж у Дзень абаронцаў
Ганарымся бясконца
Тым народам славутым…
Дваццаць трэцяга… Люты…
Паэтка, музыкант, выканаўца ўласных песень Святлана Ефіменка не так часта бывае на імпрэзах “Экватара”, таму што жыве не ў самым Менску, а ў пасёлку Дружны, дзе некалі жыў верны і адданы сябр суполкі Валеры Скакун… Спадарыня Святлана – веруючы чалавек, для якога царкоўныя святы – гэта не пусты гук. Яна таксама ўзгадала лютаўскія Грамніцы і зазначыла, што гэта вялікае свята, таму што ачышчальны агонь ягоных свечак мае вялікую сілу. Святлана прачытала сабраўшымся некалькі сваіх вершаў на царкоўную тэматыку, а таксама твор, прысвечаны апошняму месяцу зімы, – “Лютаўскі настрой”.
Пісьменніца і навукоўца, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Таццяна Барысюк практычна штогод друкуе свае новыя творы ў клубным “экватарыяльным” альманаху. Нізка вершаў аўтаркі “Платанічнае каханне” была надрукавана ў восьмым нумары выдання, а таксама ў польскім часопісе “Тэрмапілы” – пайшла, што называецца, за мяжу. І вось не так даўно спадарыня Таццяна стварыла новую нізку любоўных вершаў пад назвай “Кармічнае каханне”. Узгадваючы свята 14 лютага, Таццяна Барысюк прачытала прысутным некалькі вершаў з новага цыклу. Верш “Эротыка” быў прадстаўлены таксама:
Абдымкi, пацалункi, еднасць –
энергiй танец разам зведаць.
Моц прыцягнення незямная.
Якi магнiт у сэрцы маеш?
Забуду правiлы й патрэбы.
Сваiм цяплом цябе сагрэць бы!
Напрыканцы ж свайго выступлення Таццяна прачытала трыялет, прысвечаны свайму першаму мужу і адначасова першаму каханню, заклікаўшы прысутных берагчы сваю любоў:
Не прыходзь да мяне, не прыходзь.
Сэрца поўнае смутку і болю.
Так яскрава мінулае помню!
Не прыходзь да мяне, не прыходзь.
Зазірнеш, быццам прывідны госць.
Цыгарэтны міраж у пакоі.
Не прыходзь да мяне, не прыходзь.
Сэрца поўнае смутку і болю.
Напрыканцы канцэрту весяліў публіку, як заўжды яркі і эпатажны, паэт, празаік, бард Юрась Нераток. Калі нават проста глядзіш на гэтага паважанага пана, то настрой звычайна ўздымаецца аўтаматычна. Вось і на імпрэзу 16 лютага спадар Юрась апрануўся, як і заўсёды, ярка: адно толькі спалучэнне чырвонага швэдэра і жоўтай кашулі чаго каштуе! І вершы шаноўны пісьменнік чытаў у той вечар такія ж яркія, радасныя і запамінальня. А яшчэ зазначыў, што працягвае перачытваць новы нумар альманаха “Літаратурны экватар” і робіць гэта з зада-вальненнем!
Калі была завершана канцэртная праграма святочнай вечарыны, кіраўнік літаратурнга клуба “Экватар” Вячаслаў Корбут абвясціў вынікі праверкі дыктоўкі, прведзенай напачатку мерапрыемства. Былі адабраныя пяць лепшых работ, і ўсе пяць самых граматных удзельнікаў акцыі былі ўзнагароджаны падарункамі. Між іншым, з пісьменнікаў, што ўдзельнічалі ў дыктоўцы, лепшы вынік паказаў паэт Зміцер Захарэвіч, за што таксама атрымаў прыз.
У бібліятэкі сталічных архітэктурна-будаўнічага і энергетычнага каледжаў, як і абяцалася папярэдне, былі перададзены экзэмпляры альманаха “Літаратурны экватар” № 11 (13) з аўтографамі ўсіх пісьменнікаў – выступоўцаў вечарыны 16 лютага 2023 года.
Завяршылася мерапрыемства агульнай фотасесіяй творцаў, узяўшых удзел у літаратурна-музычнай імпрзе “Вітаем лютаўскія святы!” Здаецца, святы гэтыя на “Экватары” прывіталі добра!
Інга Вінарская,
Глеб Ганчароў.