Афарызмы – гэта ўзор гранічнай дынамікі думкі і слова, крыніца ўзбагачэння мовы і маўлення, душы і розуму.
Неспакойны голас Дануты Бічэль не знікае і сёння ў шматгалоссі новых, сучасных паэтаў. Шмат якія думкі паэткі ў духоўных вершах XXI стагоддзя выкладзены сцісла, лаканічна і ўяўляюць сабой яскравыя афарыстычныя выслоўі.
Перагарнуўшы старонкі “Выбраных твораў”, мы сабралі “Паэтычныя пацеркі”, каб яшчэ раз пабыць з мудрай і светлай, пяшчотнай і чуйнай душою паэтэсы.
Адбор матэрыялу носіць суб’ектыўны характар, але нры падборы афарызмаў асаблівая ўвага надавалася зместу, улічвалася іх мастацкая вартасць.
Зборнік адрасаваны вучням, настаўнікам, усім, хто цікавіцца сучаснай паэзіяй, асветленай Божым словам.
Бог і Айчына
Няхай на крылцах галубок падыме
наш Край з дрыгвы аж да нябёсных брам
і прывядзе ў высокі Божы Храм.
(“Маўчанне над крыжам”, с. 161)
Памудрэем, разбудзім малых
і паднімем з каленяў слабых.
(“Малітва да Апостала Андрэя”, с. 165)
Калісьці прачнецца народ-пілігрым,
рассцеле свабоды прыгожы кілім!
(“Да 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш
(9 жніўня 2010 г.)”, с. 195)
Прагналі мы ворага з роднай зямлі,
а крыжык на сэрцы насіць пачалі.
(“Крыжовы шлях збаўцы нашага
Езуса Хрыста”, с. 206)
Загінуўшых за Айчыну да сябе прытуляе Бог.
(“Пілігрымка ў Катынь”, с. 224)
Шчэ ніхто не прыходзіў, каб знікнуць:
душам трэба да неба прывыкнуць…
(“Стогнуць стагоддзі…”, с. 154)
Дух Святы, Твой галубок,
добрых дзён збірае пёркі…
(“Вячэрняя малітва”, с. 157)
Да адзінай заступніцы усіх занядбаных
прыляціць вырай душаў па зорках заспаных, –
усіх паклічуць і выберуць нас…
(“Вострая брама, Белагруда, Будслаў”, с. 165)
Агонь душы ў паэзію ўдыхні,
ідзі на дожджык, слова барані…
(“Святлане Варонік”, с. 228)
Продкі нам пратапталі сцяжынкі
паміж зямлёй і блакітам …
(“Лісты да сястры “, с. 235)
Найвышэйшая асалода –
на Тваёй Рэзурэкцыі
запаўняць душу святым кіслародам
з Уваскрослага Сэрца.
(“Ранняя малітва падзякі”, с. 241)
Бог і чалавек
Можна выйсці з духовай галечы,
перад Богам высокім укленчыць
і згарэць перад Ім без агню.
(“Не прызнаная песня бядача”, с. 154)
Адна пры ўсім небакраі
каменне ў жменю збіраю.
Апроч неба – нічога не маю.
(“Утварае дарога…”, с. 150)
Каляды… пасярод начы ступае
Божанька па снезе…
(“Каляды”, с. 150)
Маю ў нябёсы квіток,
Там не дастане ніхто.
(“Зімовае”, с. 153)
Святое святло тваё, Ойча,
святла не тушы, не азмрочвай!
(“Ружанец”, с. 161)
Іду праз бяду на Твой голас.
(“Ружанец”, с. 161)
Добры Божа мне рукі прасцёр
і падняў мяне ўгору.
(“Ішла”, с. 162)
Гучыць ўва мне боская нота
і ласка.
(“Анёлы Гародні”, с. 162)
Парасон Божай Маці заўсёды над намі…
Мы ў спрадвечнай вандроўцы
да Вострае Брамы.
(“Вастрабрамскае ўзнясенне”, с. 171)
Няхай ніколі ўжо не будзе
ў Тваім штодзённіку жыцця
да Пана Бога забыцця.
(“Стакроткі ў вяночак Маці Божай
Будслаўскай”, с. 174)
Нарадзіўся, таму не згубіўся,
той згубіўся, хто не нарадзіўся.
(“Стакроткі ў вяночак Маці Божай
Будслаўскай”, с.178)
Хлеба нашага штодзённага дай,
Каласкамі перажагнай!
(“Ойча наш. Малітва Панская”, с. 190)
Як мне добраму Богу адбіць тэлеграму,
каб у ласцы святой прытуліў маю маму?
(“Ойча наш. Малітва Панская”, с. 190)
Божа высокі, будзь пахвалёны,
пакуль па зямлі мы, ціхія, ходзім.
(“Памяці Валодзі Конана”, с. 200)
Адчыні нам, Божа, за далёкім краем
на ўзыходзе сонца на канцы зямлі
брамы той Айчыны, якой мы шукаем,
каб з Табой застацца там змаглі.
(“Крыжовы шлях збаўцы нашага
Езуса Хрыста”, с. 201)
Крыві Хрыстовай цурок
Сагрэў гарачы пясок –
Не на пажар, на любоў.
(“Крыжовы шлях збаўцы нашага
Езуса Хрыста”, с. 209)
Бог назірае за ўсімі здалёк –
з хмаркі на небе, схаванай у змрок…
Бог людзей да людзей пасылае.
(“Крыжовы шлях збаўцы нашага
Езуса Хрыста”, с. 213)
Як спыняецца сэрцабіццё,
Езус вяртае жыццё!
(“Крыжовы шлях збаўцы нашага
Езуса Хрыста”, с. 217)
Езус усіх нас пакутна, цярпліва вырошчвае,
нібы перамолатае пшанічнае зерне…
Мы – каласкі Тваёй Таямнічай Гостыі
на Ахвярніку Усеспалення…
(“Малітва на заканчэнне
Крыжовага шляху”, с. 219)
… Забойцы страляюць, ды Бог носіць кулі.
Шалёныя кулі людзей абмінулі…
(“Маці Божая з вёскі Ражкоўка”, с. 232)
Сніцца мне хатка –
нізкі парог,
Бог не застрэміць
стомленых ног.
(“Сніцца мне хатка”, с. 238)
Пакуты і выратаванне
Ціхі ветрык ледзь чутна зайграў на аргане –
і забралі нябёсы ўвесь боль памірання.
(“Рукі каштана”, с. 156)
Маленькае сэрца, не бойся балець,
не бойся свайго паражэння.
(“Пан Езус дарогай Апостала вёў”, с. 151)
Дротам скручваюць дужых
ля слупоў бічавання…
Толькі Боская Ружа
ад няволі не вяне.
(“Вастрабрамскае ўзнясенне”, с. 172)
Моўчкі пад крыжам стаім.
Кожны маўчыць аб сваім.
Крыж – таямніца заўсёды.
(“Крыжовы шлях збаўцы нашага
Езуса Хрыста”, с. 203)
Цярпенне – лек ад параз.
(“Крыжовы шлях збаўцы нашага
Езуса Хрыста”, с. 209)
Таямніца жыцця – крыж на крыж.
(“Крыжовы шлях збаўцы нашага
Езуса Хрыста”, с. 204)
У сэрцах спакой і сакральная ціша.
Смерць адступае ад Божага крыжа.
(“Крыжовы шлях збаўцы нашага
Езуса Хрыста”, с. 205)
Не трэба баяцца ўпасці
Ні ў горы, ні ў шчасці.
Езус упаў на калені
Перад крыжам збаўлення.
(“Крыжовы шлях збаўцы нашага
Езуса Хрыста”, с. 209)
Воля ходзіць сама.
Няволя шукае ярма –
на душаў бяздушных упадак.
(“Крыжовы шлях збаўцы нашага
Езуса Хрыста”, с. 212)
Роду крыжовае дрэва
Ўглыб прарастае і ў неба.
(“Крыжовы шлях збаўцы нашага
Езуса Хрыста”, с. 214)
Крыжам усе паяднаны!
(“Крыжовы шлях збаўцы нашага
Езуса Хрыста”, с. 214)
Я не буду вучыцца ў сяброў на памылках,
памінальнаю знічкай згару на магілках,
іх любоў незямная і ёсць мне заслонай…
Узнімуся ўздагон аблачынкай замглёнай.
(“Эпітафія”, с. 223)
Упрыгожвайце сцежкі сіротаў
у вязанкі вясновых руж!
(“Пілігрымка ў Катынь”, с. 225)
Божанька, я Твае знакі з адчаю
ў цярнёвы вяночак злучаю.
(“Да Маці Божай з Каложы “, с. 245)
Вера і малітва
З малітваў будуем надзеі хаціну
Жыровіцкай Маці і Божаму Сыну.
(“Да Маці Божай Жыровіцкай”, с. 159)
Ружанец – канат у нябёсы.
(“Ружанец”, с. 161)
На каленях найлепшы спосаб
узляцець да светлых нябёсаў.
(“Вастрабрамскае ўзнясенне”, с. 167)
Малітвай сатканы масток…
Ніхто ад Маці не ўцёк…
(“Стакроткі ў вяночак Маці Божай
Будслаўскай”, с. 177)
Заглыбілася ў светлую любоў,
як у прастору белых алтароў, –
каб сэрца распаліць, не трэба дроў…
(“Белая навэнна”, с. 180)
Згоршаны свет не збаўляецца бітвай,
але збаўляецца ціхай малітвай.
(“Белая навэнна”, с. 181)
Чыстае слова камень паднімае…
Маўчанне з Табою нямым не бывае…
(“Ойча наш. Малітва Панская”, с. 189)
Калі пташкі малыя пачынаюць маліцца,
адчыняецца неба, усміхаецца сонца…
(“Ойча наш. Малітва Панская”, с. 189)
Колькі на свеце свеціцца вочак,
столькі малітваў спляцем у вяночак…
(“Ойча наш. Малітва Панская”, с. 191)
Болем сэрца складаю малітву, слязьмі…
А як б’юць мяне, Ты засланяеш грудзьмі.
(“Ойча наш. Малітва Панская”, с. 192)
Праз краіны, межы, сусветы
між сабой размаўляюць паэты…
(“Да 100-годдзя з дня нараджэння
Ларысы Геніюш (9 жніўня 2010 г.)”, с. 198)
Аднаві нас, Божа, у вясновыя ранкі,
не вырывай з карэннем, як лясныя паганкі…
Прышчапі чаранком вінаграду
з Твайго нябеснага саду…
(“Крыжовы шлях збаўцы нашага
Езуса Хрыста”, с. 218)
Божая Маці, сагрэй немаўлятак –
тых, хто на свеце долі не мае…
(“Малітва за Яначку, які пабыў тут некалькі гадзін,
і за ўсіх ненароджаных”, с. 220)
Спрадвечнай цемрай не карай нас, Божа!
У ясныя шляхі перамяні!
(“Да бабуляў Францішкі і Канстанцыі,
да дзядуляў Адама і Вінцука”, с. 226)
Ад думак глыбеюць разоры –
а розум тупее – хворы.
(“Ранняя малітва падзякі”, с. 241)
Словы шукаю – знаходжу вечнасці знакі –
Бога дыханне, укрытае у табернакулюм.
(“Думкі каля Каложы”, с. 242)
Паэтычныя пацеркі: зборнік афарыстычных выслоўяў Дануты Бічэль / склад. Ксенія Астаніна; рэд. С.Л. Бяляўская. Камп’ютарнае афармленне Т.І. Зенюкевіч. Адказны за выпуск Г.А. Хвайніцкая –
Ліда, 2022. – 24 с.
Выданне грунтуецца на матэрыяле вершаваных твораў з кнігі: Бічэль, Д. Выбраныя творы / Данута Бічэль; прадм. Марыі Новік. – Мінск : Беларуская навука, 2016. – 604 с.: іл. – (Беларускі кнігазбор).