Гэта і многае іншае дарослыя творцы падрыхтавалі для дзяцей у адыходзячым годзе
Гучалі вершы для дзяцей, уручаліся дыпломы і падзячныя лісты, прэзентаваліся кнігі, іграў акардэон… Днямі ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы адбыліся ўрачыстае падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў V адкрытага рэгіянальнага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям”.
Конкурс носіць імя дзіцячай пісьменніцы Веры Навіцкай, якая ў пачатку мінулага стагоддзя ўзначальвала Лідскую прыватную жаночую гімназію і напісала шэраг кніг для дзяцей, у тым ліку тэтралогію пра гімназістку Мусю Старабельскую. Многія свае кнігі Вера Навіцкая напісала ў Лідзе.
Конкурс імя дзіцячай пісьменніцы праводзіцца з 2014 года, раз у два гады. У ім прымаюць удзел лідскія (і не толькі лідскія) паэты і празаікі. Конкурс заахвочвае іх да напісання твораў для дзяцей. Спачатку гэты літаратурны конкурс быў раённым, а з цягам часу набыў статус адкрытага рэгіянальнага.
У V адкрытым рэгіянальным літаратурным конкурсе імя Веры Навіцкай прынялі ўдзел 10 чалавек (некаторыя з іх удзельнічалі ўпершыню). Амаль усе канкурсанты – сябры літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. На разгляд журы было прынята больш за 120 твораў для дзяцей. Акрамя вершаў, былі дасланы апавяданні, казкі, загадкі і (упершыню!) вершаваная азбука. Творы, дасланыя на конкурс, увайшлі ў выдадзены бібліятэкай зборнік “Дарослыя – дзецям”.
Пераможцамі сёлетняга конкурсу імя Веры Навіцкай сталі пісьменнік і літаратуразнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын (дыплом ІІІ ступені), лідская пісьменніца Тарэза Смольская (дыплом ІІ ступені) і лідскі дзіцячы паэт, работнік лакаматыўнага дэпо Кастусь Якубчык (дыплом І ступені). Менавіта Сяргей Чыгрын даслаў на конкурс вершаваную азбуку – “Птушыны алфавіт” – падабраўшы амаль да кожнай літары назву адпаведнай птушкі, якая з пэўнай літары пачынаецца. Нялёгкая задача, але вопытны пісьменнік з ёй справіўся! Тарэза Смольская, больш вядомая лідзянам як аўтар соцень і соцень вершаў для дарослых, прапанавала на разгляд журы навагоднія казкі ў прозе (вынікі конкурсу падводзіліся якраз незадоўга да Новага года), а таксама некалькі вершаў для дзяцей, некаторыя са сваіх загадак (а іх у яе ледзь не паўтары сотні!). Шэраг вершаў для дзяцей на самыя розныя тэмы даслаў адзін з самых маладых удзельнікаў конкурсу Кастусь Якубчык, які, можна сказаць, знайшоў сябе як творца менавіта ў дзіцячай паэзіі, у сваіх творах праявіў сябе выдатным знаўцам дзіцячай душы. Дарэчы, Канстанцін Іосіфавіч – тата цудоўнай дачкі-чацверакласніцы Жэні, якую ён узяў з сабой на цырымонію ўзнагароджання пераможцаў конкурсу. Жэня, канешне, рада за тату і ганарыцца ім і яго перамогай!
Падзячныя лісты за ўдзел у конкурсе атрымалі Таццяна Сямёнава, Людміла Русь, Людміла Шот, Ала Юшко, Станіслава Белагаловая, Валянціна Троцкая, Ларыса Лайкевіч. Трэба адзначыць, што дасланыя найстарэйшай удзельніцай конкурсу Таццянай Іванаўнай Сямёнавай вершы і апавяданні ў даступнай дзецям форме расказваюць пра Вялікую Айчынную вайну і Вялікую Перамогу, садзейнічаючы патрыятычнаму выхаванню. Жыхарка аграгарадка Дворышча Людміла Шот напісала вялікую вершаваную казку пра прыгоды мышаняці Пі, па якой, як адзначыла вядоўца імпрэзы, галоўны бібліёграф раённай бібліятэкі Галіна Курбыка, можна стварыць мультфільм. Цэлы зборнік вершаў для дзяцей прадставіла на конкурс Людміла Русь, больш вядомая лідзянам як аўтар вершаў для дарослых. Багата ілюстраваная кніга называецца “Удивительное – рядом” і, як і дарослая паэзія Людмілы Іванаўны, прасякнута святлом і дабрынёй, выказвае ўменне аўтара заўважаць незвычайнае ў кожным імгненні жыцця. Экзэмпляр сваёй кнігі (дарэчы, сваёй першай кнігі) паэтэса падарыла раённай бібліятэцы. Прэзентацыя кнігі з паказам буктрэйлера па ёй (яе відэа-агляду) адбылася ў канферэнц-зале бібліятэкі ў той жа дзень.
Літаратурны конкурс “Дарослыя – дзецям” – гэта і прапаганда творчай спадчыны Веры Навіцкай. Натхняльнік конкурсу, адзін з яго ініцыятараў і арганізатараў, пісьменнік, краязнавец, рэдактар часопіса “Лідскі летапісец” і літаратурна-мастацкага зборніка “Ад лідскіх муроў” Станіслаў Суднік у чарговы раз прэзентаваў перад прысутнымі рэдкую кнігу. У 2016 годзе гэта была першая кніга тэтралогіі Веры Навіцкай на беларускай мове “Добра жыць на свеце”, у 2018 годзе – дзіцячая кніга Марыі Канапніцкай “Ад вясны да зімы”, у 2020 годзе – “Я сумавала па вучобе. Дзіцячыя і школьныя гады Альжбеты Табенскай з-пад Васілішак. Успаміны”. У гэтым годзе свет пабачыла перакладзеная ім жа на беларускую мову кніга Веры Навіцкай “Вясёлыя будні” (другая частка тэтралогіі пра Мусю Старабельскую). Гэтую кнігу, свайго роду дзённік гімназісткі пачатку мінулага стагоддзя, энцы-клапедыю яе жыцця, можна пачытаць у раённай бібліятэцы, а таксама ў Доме Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Яшчэ адна прыступка поўнага ад-крыццяў вучэбнага шляху дзяўчынкі-гімназісткі Мусі стане вядомай лідскім чытачам!
Дзяржаўная ўстанова культуры “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” выказала Станіславу Вацлававічу Судніку глыбокую падзяку за падтрымку ў арганізацыі і правядзенні адкрытага рэгіянальнага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям”.
Застаецца дадаць, што на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу музычным падарункам для ўсіх прысутных сталі выступленні юных акардэаністаў Лідскай дзіцячай школы мастацтваў Ігната Ількевіча і Мацвея Вайцяхоўскага.
Аляксей КРУПОВІЧ.
Фота Дар’і Марцінкевіч.