Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Ён пісаў, як змагаюцца крэсы

Ён пісаў, як змагаюцца крэсы

29 лістапада 2022, 14:10 літаратура 115
Ён пісаў, як змагаюцца крэсы

Да 120-годдзя пісьменніка і грамадскага дзеяча Міхася Машары

18 лістапада споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння пісьменніка і ўдзельніка нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі Міхася Машары (1902-1976).

Міхась Машара быў родам з Шаркоўшчыны. Скончыўшы Шкунцікаўскую народную школу, працаваў пісарчуком. Потым вучыўся ў вышэйшай пачатковай, а пасля 1915 года – у адзінай працоўнай школе 2-й ступені ў Глыбокім. У час акупацыі Беларусі польскімі войскамі быў арыштаваны, але адпушчаны як малалетак. Вясной 1920 года Міхаіл Машара добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях. 11 месяцаў адбыў у лагеры ў Саксоніі. Затым 8 месяцаў правёў у прафілактычным лагеры ў Польшчы, а потым вярнуўся на радзіму і паспеў у 1923-1925 гадах паслужыць у польскай арміі. Пасля дэмабілізацыі прыняў актыўны ўдзел у нацыянальна-вызвольным руху. У Вільні рэдагаваў прагрэсіўную газету “Наша воля”. У 1928 годзе быў арыштаваны і зняволены ў віленскай турме Лукішкі, дзе прасядзеў больш за чатыры гады. Пасля астрогу зноў вярнуўся на радзіму і жыў выпадковымі заробкамі. Быў лесарубам, плытагонам, капаў канавы, рамантаваў дарогі, батрачыў… Пасля верасня 1939 года Міхась Машара кіраваў аддзелам народнай адукацыі ў Шаркоўшчынскім раёне. У час вайны працаваў у газетах “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Партызанскае слова” і на радыё, пасля вайны – у беларускіх часопісах і газетах.

Першыя вершы паэт напісаў яшчэ ў час вучобы ў Глыбоцкай школе, але стала заняўся паэтычнай творчасцю толькі ў канцы 1920-х гадоў. Першы паэ-тычны зборнік “Малюнкі” пабачыў свет у 1928 годзе. Потым былі выдадзены зборнікі “На сонечны бераг!”, “Напрадвесні”, паэмы “Вяселле”, “Смерць Кастуся Каліноўскага”, “Мамчына горка”, п’есы “Вось тут і зразумей”, “Лёгкі хлеб”, “Чорт з падпечча”. А зборнік “Беларусь” адносіцца да ліку лепшых творчых дасягненняў паэта. Пасля Другой сусветнай вайны з друку выйшлі кнігі Міхася Машары “Урачыстасць”, “Ад родных аселіц”, кніга выбранай лірыкі “Мая азёрная краіна”.

Пісаў творы для дзяцей, выдаў казкі ў вершах “Зязюльчыны слёзы” і “Зелянушка і Кракатушка”. Дзіцячыя вершы Міхася Машары даўно пара выдаць асобнай кніжкай. Міхась Машара шмат прысвяціў сваіх твораў Заходняй Беларусі. Да сённяшніх дзён цікава чытаюцца яго выданні “Крэсы змагаюцца”, “Сонца за кратамі” і “Лукішкі”, а таксама “Ішоў дваццаты год”, “І прыйдзе час…”, кніга ўспамінаў “Старонкі летапісу”. У празаічных тварах пісьменнік выкарыстоўваў многія факты са свайго жыцця, апісваў падзеі, якія адбываліся ў яго родных ваколіцах, ствараючы шырокую панараму падзей 1920-1930-х гадоў. Памёр і пахаваны Міхась Машара на Паўночных могілках у Менску.

Сяргей Чыгрын.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5920
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0019
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0017
Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Грамадства

Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

9 ліпеня 2024, 19:3216
Далучайцеся да нас