Пошукі сябе ў гэтым свеце, сваёй песні і шчасця, нястрымныя жарсці кахання і глыбінны вір роспачы, зацятасць барацьбы і ўсёабдымнае пачуццё лучнасці з блізкімі па духу людзьмі – усё гэта ёсць у зборніку гістарычна-біяграфічных твораў пад назвай “Слаўная кампанія: рэANIMAЦЫЯ” (Мінск, БудМедыяПраект, 2022), які дапаможа чытачу перанесціся ў ХІХ стагоддзе, адчуць атмасферу часу.
Пад вокладкай выдання – дзясятак дакументальна-мастацкіх біяграфій і біяграфічных твораў, якія былі напісаны для аднайменнага конкурсу, што праводзіўся ў 2018 і 2019 гадах, арганізаваны рэдакцыяй часопіса “Мала-досць” і філфакам БДУ пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі. Прысвечаны творы ў зборніку постацям айчынных літаратараў пазамінулага стагоддзя. Перад канкурсантамі стаяла мэта папулярызаваць гісторыю айчыннага пісьменства, змяніць успрыманне сучаснікамі асоб тых пісьменнікаў: напоўніць жыццём іх схематычныя забранзавелыя партрэты, наблізіць да нашага часу праз разуменне як людзей са сваім, у многім падобным да нашага, светам пачуццяў, радасцю і смуткам.
Што да герояў расповедаў, то імёны некаторых з іх упрыгожваюць назвы нашых вуліц, іх творчасць вывучаецца ў межах школьнай праграмы. Імёны іншых, выцягнутыя з невараці, выхапленыя ўчэпістымі рукамі даследчыкаў з забыцця, стануць адкрыццём для многіх чытачоў. Аўтары выдання таксама вельмі розныя: некаторыя з іх маюць адну альбо некалькі ўласных мастацкіх кніг, абароненую ступень кандыдата навук. Іншыя, занятыя ў разнастайных галінах дзейнасці, зрэдку друкуюцца ў айчыннай перыёдыцы. Але не падлягае сумненню тое, што ўсе яны без выключэння надзвычай крэатыўныя і таленавітыя, бо змаглі праз сілу мастацкага ўяўлення і неабмежаванасць творчай фантазіі настолькі моцна прасякнуцца духам часу, пра які напісалі, што ў чытача, хоць і не паўсюль аднолькава, узнікае эфект прысутнасці “там і тады”, дзе разгортваюцца падзеі…
І назва, і змест твора Маргарыты Латышкевіч, што стаў пераможцам І тура спаборніцтва – “Цень крыжа на каляінах”, – сімвалічныя. Аўтарка паказала станаўленне асобы Яна Баршчэўскага, гістарычныя варункі, у якіх выспяваў яго талент. Ранняе дзяцінства ў бацькоўскай сядзібе, няўцямны покліч таямнічай неўсвядомленай сілы, гады вучобы ў Полацкім калегіюме і каханне, што пакінула шнары на чулай уражлівай душы, пецярбургская рэдактарска-выдавецкая дзейнасць, уцёкі ад паліцэйскага пераследу – неўтаймоўныя падарожжы па жыццёвых “каляінах”, а часам і па бездарожжы – душэўныя пакуты героя апісаны з майстэрствам, якое не пакідае сумненняў у іх натуральнасці: “…Ля прыдарожнага каменя з выціснутым следам сеў адпачыць і з’есці лусту хлеба з соллю. Побач з каменем стаяў дагледжаны драўляны крыж, перавязаны свежым ручніком. Цень ад крыжа павольна поўз па пыльных каляінах дарогі, узвальваўся на цень ад каменя і цень ад чалавека.
Яго перасмыкнула. <…> Цень крыжа караскаўся па каляінах”.
Ці не найбольш яскрава ў творы паказана асэнсаванне галоўным героем сябе як прыналежнага да роднага краю, народа з яго пранізлівай песняй; палёў, пагоркаў, азёр з павалокай легенд і паданняў… Разуменне гістарычнага шляху Айчыны неаддзельна ад разумення свайго паклікання: “Цень крыжа павольна караскаўся па каляінах бясконцай дарогі, што ішла на ўсход і на захад. А ён сядзеў пасярэдзіне, не жадаючы ісці ні туды, ні туды, ні на Захад, ні на Усход. Жадаючы, нарэшце, свайго шляху. Трэцяга. Уласнага”…
Зусім іншы па настраёвасці і стылёва твор пераможцы ІІ тура спаборніцтва, “Шалгуноў” Змітра Кузменкі. Героя яго расповеду – Кастуся Каліноўскага – чытач бачыць пераважна на допытах у вязніцы Базыльянскага кляштара незадоўга перад пакараннем смерцю. Яшчэ ў першай публікацыі “Шалгунова” (“Маладосць”, № 2, 2020) арганізатары конкурсу адзначалі надзвычай удалы выбар назвы твора: маўляў, калі б у пераліку крытэрыяў ацэнкі конкурснага апавядання быў пункт, датычны яго назвы, то гэтае набрала б яшчэ большую колькасць балаў. Разыначка ў тым, што асоба кіраўніка паўстання 1863 – 1864 гг. пададзена праз успаміны царскага афіцэра, адстаўнога генерал-маёра Паўла Шалгунова, які кіраваў допытамі “мяцежнікаў”. Нягледзячы на тое, што прачытанне твора асацыіруецца з праглядам дакументальнай стужкі, нельга не адзначыць дакладнасць створанага псіха-эмацыянальнага партрэта К. Каліноўскага. У пэўныя моманты з’яўляецца адчуванне, быццам глядзіш на свет вачыма галоўнага героя, думаеш яго думкамі і разам з ім перамагаеш адчай і безнадзейнасць сітуацыі намаганнямі па стварэнні іншай будучыні для народа… Хаця нічога дзіўнага ў гэтай эмпатыі аўтара да свайго героя няма: на працягу другога дзесяцігоддзя Зміцер Кузменка – стваральнік і адміністратар сайта “Свіслацкія аркушы – Кастусь Каліноўскі”, дзе аб паўстанні 1863 – 1864 гг. і яго ўдзельніках сабрана вялікая колькасць дакументаў, якія і былі ўзятыя за аснову пры напісанні “Шалгунова”.
Нельга не адзначыць апавяданне Надзеі Скрыпнік, якое мае ці не самую інтрыгоўную назву – “Калі ў пекле сумна”. У цэнтры твора – постаць Уладзіслава Сыракомлі. Што ўражвае, акрамя лірычнасці і драматызму лёсу галоўнага героя, дык гэта незвычайны ракурс, у якім паказаны насельнікі пекла: Чатыры Вершнікі Апакаліпсісу – Мор, Голад, Вайна і Смерць. Асабліва рамантык – Смерць выклікае сімпатыю любоўю да кветак і схільнасцю да пэўнай паэтычнасці ў сваіх дзеяннях і звычках, што з’яўляецца адсылкай да булкагаўскага “Майстра і Маргарыты”. Прычым аўтарка быццам пакеплівае са здагадлівага чытача, прыводзячы назву гэтага твора ў адным з дыялогаў…
У форме камп’ютарнай гульні ці квэсту напісана “Памылка?!” Андрэя Луміны, што распавядае пра Вінцэся Каратынскага. У назве твора – адлюстраванне факта наяў-насці ў коле даследчыкаў пэўных літаратуразнаўчых спрэ-чак, датычных спадчыны паэта.
Адным з самых яскравых апавяданняў, з найбольшым эмацыянальна-драматычным напалам выступае твор Уладзіміра Мажылоўскага, героем якога з’яўляецца Франц Савіч, змагар за нацыянальнае адраджэнне забранага краю. Лёс доктара, багаты на падзеі і выпрабаванні, з тых, аб якіх ствараюцца героіка-эпічныя летапісы…
Адназначна заслугоўваюць увагі, вывучэння, абмеркавання і астатнія расповеды пад вокладкай выдання. Біяграфіі Вікенція Равінскага, Яна Чачота, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Карафы-Корбута Войслава Савіча-Заблоцкага пададзены з веданнем матэрыялу. Псіхалагічнае напружанне не адпускае да апошняй старонкі. Асабліва часта ловіш сябе на думцы аб тым, што хоць цябе і аддзяляе ад апісаных падзей каля двух стагоддзяў, многія моманты, асабліва датычныя пошуку свайго месца ў свеце, застаюцца актуальнымі і цяпер. Зборнік адрасуецца шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй і культурай Айчыны.
Яна БУДОВІЧ.

