Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“ДЗЯДЫ, хадзеце сюды…”

“ДЗЯДЫ, хадзеце сюды…”

9 лістапада 2022, 07:09 Грамадства 25
“ДЗЯДЫ, хадзеце сюды…”

Недзе там, за туманным небакраем нашага зямнога пабытавання, жыткуе Божае Таемства, якое ўсё ведае, памятае і ўтрапёна прадчувае. А мы, заблукалыя ў нястомных пошуках існасці, спакваля звыкаемся з думкай, што так яно і мае быць тут, на Зямлі: шляхі людскія пралягаюць праз невядомасць, і толькі смерць злёгку прыўздымае заслону над сцэнай сусветнага Быцця ды адмяжоўвае святло ад цемры, хуткабежнасць ад вечнасці, знікласць ад Узыходжання. Ды і тое нам не дадзена, на жаль, дарэшты ўведаць і ўсвядоміць.

Прынамсі, куды зручней меркаваць звыкла зматэрыялізавана: свет, падзелены надвая з’яўленнем і сконам, падаецца сучасніку, разгубленаму ў касмічнай бясконцасці, больш-менш зразумелым, лагічна зладаваным, ці што…

Між тым, прапродкі нашы таемную формулу светаладу ведалі, за святы закон вызнавалі. І нам знакі пакінулі – не на спамін адчайны, але на кантакт, на повязь – Усяго з Усім і ўчорасці з наступнасцю. На збудову тонкіх масткоў – ад сябе сённяшніх да сябе вечных, пад наглядам і апекаваннем тых, хто быў, і тых, хто будзе.

Вось на сцяжыне, што мае выбегчы да тых нябачных масткоў, мы якраз і пачнем гаварыць пра патаемнае – расчытваць летапіс прадаўніх традыцый, што вястуюць, скуль і куды ідзем…

Восень… Сум лістападны. І ціша.

Восень. Продак насустрач мне выйшаў.

Я стаю на мастку, што спружыніць

паміж Неба й Зямлі, па-над светам.

Я чытаю замовы пражылак

на лістоце, што падае ў Лету…

 

Даўно-прадаўна, калі людзі яшчэ верылі Сонцу, травам і дрэвам, аднойчы ўвечар, наскрозь прадзьмуты вятрамі ростаняў, да весніц самотнай спадарыні Долі прыляцеў Птах, белы-белы, са срэбнымі крыламі. Сутонне, прапахлае горкім палыном загасання, неўпрыкмет запаліла першыя зоркі, і яны, здавалася, закалыхаліся ў пранізлівай цемры свечкамі-згадкамі. Згадкамі пра былыя часы і падзеі, пра людзей, што абжывалі колісь гэты Край і сышлі ў бязмежнасць, пра тужлівыя спевы вандроўнікаў і зажураны голас гусляў.

Не трапятаўся Птах насустрач гаспадыні, не біўся стрывожаным крыллем да шыбін, а толькі ўнікліва пазіраў з мудрым спакоем у самую глыбіню прасторы, поўнай жыцця і спамінаў. У нейкі міг падалося, што ён несапраўдны – прымроіўся ці ўзнік ніадкуль і знікне ў нікуды. Але спадарыня Доля ўмела чуць шэпты Прыроды – і прыняла нязнанага, быццам, Госця ветла, даверыўшы дрыготкай начы светлы сум па ўсіх, каго забрала з Дому праведнае Неба.

Так яно і надараецца з тае пары на белай зямлі нашай: штовосень з’яўляюцца да сядзіб сваіх і брам, да Роду-народу прывідныя птахі-Дзяды і вядуць даверныя размовы з усімі, каго пакінулі некалі ў смутку. І такія гэта зладныя-складныя спатканні, такія праніклівыя гаворкі – не вуснамі, не вачыма, не рукамі, а самой Сутнасцю, схаванай ва ўсяленскіх абсягах, скуль жывяцца магутнай сілай і святлом эпохі, прамільгнулыя і яшчэ не запачаткаваныя. Бо шчыльней за гэтую празрыстую лучнасьць Быцця з Нябытам не бывае ў цэлым свеце і ў нязмоўклых плынях эраў.

 

Дзяды… Дзяды… Чалавек, што паўстаў па-над Прыродай, адкаснуўшыся ад яе правечных завядзёнак, забыўліва пацісне плячыма: куды ўшчаміць самшэлыя прымхі ў час касмічных сягненняў і зрухаў? Ды і навошта ахоўваць зношанае зрэб’е, якое не свеціць, не грэе, адно зблытвае хаду цывілізацый?..

Але памятлівыя Дзяды, нашы ясныя памерлыя – жанчыны і мужчыны, малыя і старыя, родныя і чужыя-незнаёмыя – неадступна шукаюць дарог да сваіх зямных прыстанкаў і наведваюць радзіну і радзіму штогоду не аднойчы: на Каляды і ў Грамніцы, па вясне на ўзнёслую Радаўніцу, у Сёмушную Духаву суботу, пад жніво і на Асяніны, у Вялікую памінальную суботу. Бо Дзяды – і някемныя немаўляты, і ўсівелыя старэчы, умудрэлыя ў Вышы, спазналыя ўсяленскае Адзінства і Цэласць, – не зважаюць на залішні рацыяналізм нашчадкаў: прыходзяць прызначанай спаконвек парой і дараджваюць, саграюць, спытваюць літасціва за нашы памылкі і заганы. Ім жа, відушчым, адкрываецца сэнс, дзеля чаго ўсходзім на жыццёвых палетках і заходзім за небасхіл. Той сэнс, які не даецца растаеміць нам, блуканцам па ўтаптаных папярэд-нікамі гасцінцах прамаці-Зямлі.

Вось і патрапляем мы ўсе ў залатым гаспадарстве восені – хочам альбо не, пагаджаемся ці адпрэчваем – у абярожныя абдоймы продкаў, у валадарства Вялікіх Дзядоў, Асянін. Бо ўсярэдзіне самога бяскрайняга Быцця, распасцертага ўшыркі і ўвыш, да зямлі і паветра, вагню і вады, спрацоўвае нейкая няўтрымная магута, абуджаючы памкненне ў жывых і памерлых сысціся ў Адно, услухацца ў спрадвечную немату, нажыўленую подыхам самой вечнасці, і прыпасці да гаваркіх вытокаў. А каб учынілася гэткая святадзея, чалавек мае настроіцца на чуйную хвалю яднання, увайсці ў стан прымання і разумення інфармацыі, што віруе ва ўсім бяскраі ў гатовасці напоўна раскрыцца на падатлівай глебе родавай памяці.

Цёплае ўлонне памяці, дайнае поле Веды. Чысцінь і светласць – у думках, у душах, у хатах, сялібах і ў сціхлым наваколлі. Гэткія прыкметы Дзядовага прышэсця. Як ахіне зямлю празрыстым накрывам мілота і ласка нябесная, у трэцюю суботу пасля Пакроў, сходзяць родныя нашы, абаронцы нашы, абярожнікі з узвышанай далечы і чакаюць сустрэчы – памінальнай вячэры па радзіцелях. Дзеля гэтай падзеі ператворана ўсё клопатам чалавечым у трымцлівую беласць – пабелены столі ды печ, агорнуты белым набожнікам покуць і белымі фіранкамі вокны, што, як вочы, углядаюцца ў цемрадзь, засланы белымі абрусамі сталы. А ў кутнім вакне бялюткі ручнік-уціральнік – сімвалічная дарога павяртання – “заманьвае”-вабіць духі Дзядоў дамоў, да роднага гнязда… І нават конаўка з вадой на падваконніку напагатове – праз энергію вады, што чэпка зберагае інфармацыю, духі прымкнуць да сучаснасці.

Да першае зоркі на небе ўся хата-гаспода ператворана ў святую пачакальню: на покуці вось-вось успыхнуць памінальныя свеч-кі ў жытнім зерні, а на спаткальны стол сабрана няцотная колькасьць страў – найсмачных за цэлы год. Кажуць, шчадрэйшага за дзядоўскае частаванне нашы людзі і не ведаюць: акрамя неадменных куцці і блінцоў, памінальны стол повен усялякіх ласункаў – на радасць жывым і памерлым. Абавязковыя грыбны квас і поліўка, селядзец і клёцкі “з душамі” (нашпігаваныя мясам альбо гароднінай), сілкаваныя моцай усіх стыхій, замоўленыя на чатыры стараны свету паляндвіца і каўбасы, калдуны і дранікі, журавінавы морс і аўсяны кісель… – гасцей нябесных не толькі ж належыць задобрыць, але і сцвердзіць годнасць і вартасць наступнікаў у здабыванні і гаспадаранні, паказаць умельства і дбайнасць. Бо ўсё невыпадкова дзеецца ў гэты спавядальны вечар – кожная рысачка і кожная дэталь рытуальнага памінання “працуе” на спаўненне як найшчырага дыялогу: зярняты жыта сімвалізуюць няспынны кругазварот, з насення ў колас, з патэнцыйнага ў збылае; стравы “не да пары” – знак адзіноты чалавечай у народзінах і паміраннях.

Прычым, датычна гэткіх філасофскіх паняткаў, як смерць і вечнасць, старажытны насельнік нашага Краю таксама выстройваў сваю паслядоўнасць: увесь скліканы да памінання Род рассаджваецца адпаведна з узростам – найстарэйшыя бліжэй да дзвярэй, каб адважна прыняць адыход у свет іншы першымі і засланіць ад немачы маладых і памкнёных. Гэткі ж “практыцызм” выяўляецца і адносна розных бадзякаў-падарожнікаў, якіх ласкава запрашаюць да вячэры альбо адорваюць загадзя спечанымі хлябамі-бондамі: усе ж мы няўтомныя вандроўцы ў гэтым непазнаным, неўміручым прасцягу вечнасці, і кожнага з нас прытуляе аднойчы ў пуціне жыццё зямное ці пазасветнае.

 

Дзяды… Дзяды… Ад самага світанку гаспадыня выпякае ў помным улонні печы столькі блінцоў, колькі можа хата змясціць гасцей і колькі здольны ў сям’і згадаць нябожчыкаў – прадаўніх і блізкіх, сваякоў і слынных незнаёмцаў, што паўсталі колісь на ратунак ці прасвятленне Айчыны. Круглыя, як неўміручае жыватворнае сонца, гэтыя блінцы і явяцца на памінальнай вячэры кодам-шыфрам паяднання двух светаў – бачнага і нябачнага, фізічнага і Тонкага. Гэта ж дзеля самкнёнасці дум на мастку міжсветным, што выладоўваецца ў Дзядовыя 12 дзён – ад 26-га кастрычніка да 8-га лістапада – найстарэйшы з Роду распачынае таемную вячэру заклікам да Духаў: “Святыя Дзяды, прыходзце сюды, да свайго кута, да свайго парога. Чакаем вас і частуем вас набыткамі нашай нівы!..” Гэтак ці іначай прамаўляецца слова запрашальнае – не надта ўжо і важка. Блінцы на ўсіх талерках і смакаванне абрадавай куцці, згатаванай з ячменных круп, заскваранай альбо падсалоджанай, учыняюць сваю справу: энергія, вякамі назапашваная ў ячмені, жыце і пшаніцы, падмацаваная любоўюі і ўдзякай, хвалямі водару ўздымаецца ад нізу да верху, ад зямлі да неба, ад сёння да заўжды, працінаючы наскрозь прастору і час, ахопліваючы пакаленні.

Няверца не зловіць таго току і не ўразумее ўсяго адбыванага, а вось той, хто намерыўся ўвайсці ў прыадчыненыя ледзь-ледзь (каб не параніць Душы Сусвету!) дзверы Усеагульнага Дома, спрычыніцца сэрцам да здзяйснянай у Касмічнай Драме сакральнай дзеі Яднання. Нездарма ж да бляску вычышчаюць перад Дзядамі хаты і ваколіцы – высцілаюць шлях, нездарма змываюць надвячоркам у лазні ўсё састарэлае і аджылае, а затым апранаюць белыя ўбранні: усё мае быць у гэты восеньскі вечар аголена-адкрытым і вольным, здатным да ўспрымання і засваення інфармацыі па-надбыццёвай, прыхаванай у сусеках усяленскай памяці.

Як уверсе, так і ўнізе – гэты нязменны прынцып светаладу праўдзівы і наадварот: як унізе, так і ўверсе. І менавіта з непахіснай пэўнасці, што на гэткіх раўнаважных шалях толькі і мажліва адчуць узлёт да гармоніі, чалавек Прыродны збудоўваў стасункі з Верхам, куды выпраўля-юцца памерлыя, каб аддаць Богава Богу, у самыя энер-гетычна ўплывовыя дні ды згодна з самымі непарушнымі правіламі. А таму ўсё, што робіцца дзеля сустрэчы з продкамі, мае на мэце стварэнне адпаведнай праекцыі ўверсе. Чысцінёй і беласцю, руплівасцю і шчодрасцю мы і цяпер, чакаючы Дзядоў, паказваем, ЯК хочам кантактавацца з Вышаю і ШТО марым займець у жыцці штодзённым.

…Бо што сталася б з намі, з усім планетарным жыццём, калі б… Калі б раптам згубіўся ключ ад Памяці і жолуд забыўся, што быў і можа быць дубам, калі б насен-не не дало ўсходаў, а дзеці адсланіліся ад бацькоў. Вось ад чаго перасцерагаюць нас Дзяды – ад бяспомнасці і зруй-навання грунту, што ўзрошчвае парасткі з каранёў. Дзеля таго і ўзвіваюцца на вокнах белыя ручнікі і выходзяць нашы землякі насустрач продкам у бялюткіх апранках: белы колер спрадвек азначае Памятлівасць, Усязлучнасць. Дзеля таго ўзбіраецца найчуйная з Роду дзяўчына з завязанымі шчыльна вачыма на высокае дрэва – невідушча прачуць набліжэнне, надыход Дзядоў. Дзеля таго адзначаюць рыскамі на вушаках дзвярэй рост усяе дзятвы ў сям’і – і гэтак штогоду засведчваюць уздым новай змены на бацькоўскай зямлі. Дзеля таго занатоўваюць у Кнігу роду ўсіх, каго спамінаюць у часе вячэры, сягаючы ажно самых далёкіх сцямнелых глыбінь старавечча. Дзеля таго і аддаюць перавагу Дзядам у ласаванні – найперш кладуць куццю, блінцы ды іншыя прысмакі на “дзядову” талерку, падрыхтаваўшы духам загадзя перакуленыя ўніз лыжкі, ды пускаюць кругам па сонцы адзіны на ўсіх кілішак з гарэлкай альбо наліўкай.

І доўжыцца памінальная вячэра почасту да самага ранку: у пругкай цішыні прыгадвае Род Дзядоў-продкаў: як умелі працаваць, радавацца, жартаваць, спяваць альбо танчыць, якія мелі характары, звычкі, норавы. І вераць малыя і дарослыя ў добрую старую казку, у якой проста і нязмушана здараюцца дзівосы і з’яўляюцца дамоў колішнія жыхары Айчыны. Ваяры і асветнікі, героі і сціплыя працаўнікі, творцы і барацьбіты – усе дарагія, незабыўныя, светлыя. А казка тая праўдзівая. Прынамсі, пра тое цёпла апавядаюць у начы прадаўнія балады, наспяваныя пад гуд гусляў вандроўнымі музыкамі.

На тое яны і духі, Дзяды-памерлыя, каб лёгка і нячутна заходзіць у нашы свяцёлкі бязважкімі зданямі і разварушваць спасярод мітусні і паспешлівасці ў душах найсветлыя пачуванні. А здараецца, пакідаюць птахі-Дзяды ў лазні на попеле, папярэдне рассыпаным жывымі на палках, птушыныя сляды – пазнакі сваёй прысутнасці ў абрадавай начы. Маўляў, не зблудзілі, былі тут, прыходзілі…

А той срэбраны Птах, зляцелы з Нябёсаў да спадарыні Долі ў сцішэлы восеньскі вечар, адкрывае сваім з’яўленнем часціну шуканай людзьмі ісціны: непадатлівы, здавалася б, неабдымны свет, што прымае нас, гадуе і памудрае, ёсць гэткай знітаванай еднасцю, як шчыльная тканка бабулінага радна, у якой усе валаконцы сплецены ў суцэльны малюнак. Ды ўзор гэты толькі звабна выдае на непарушны, застыглы праз вякі, а ўсярэдзіне яго, бязмежнага свету, няспынна-зменліва ўсё рухаецца, злучаецца і расстаецца, сыходзіць і ўзнікае…

Каб звяршалася і ўзносілася Адзінадзея, у якой нястомна збываецца яго Вялікасць Пераўтварэнне, і ўсё існае пазлучвана дзеля гэтага высокага Пераўтварэння ў моцны абярожны звяз – мінуласць і прышласць, жыццё і нябыт, з’явы і падзеі, увачавіднае і схаванае, продкі і нашчадкі.

Антаніна Хатэнка.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1418
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5416
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3416
Далучайцеся да нас