Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Лідзе справілі раённае свята Багач

У Лідзе справілі раённае свята Багач

4 кастрычніка 2022, 22:57 Культура 13
У Лідзе справілі раённае свята Багач

Культура беларусаў надзвычай шматгранная. Кожны абрад раскрывае адну з важных рыс характару нашага народа – імкненне адарыць усіх увагай, добрымі пажаданнямі, прыўнесці часцінку радасці ў кожную хату. 24 верасня ў Лідскім раённым цэнтры экалогіі, турызму і краязнаўства яблыку не было дзе ўпасці: тут ладзілася раённае свята Багач.

У народзе казалі: “Прыйшоў Багач – кідай рагач, бяры сявеньку – сей памаленьку”, а яшчэ: “Будзь багаты, як восень”. Этымалогія назвы народнага свята цалкам адпавядала стану гаспадаркі людзей у гэты час: у палявых работах пастаўлена кропка, а ў засеках – збожжа, садавіна і агародніна.

– У вёсках існаваў звычай, згодна з якім ад кожнага члена сям’і прыносілі па жменьцы жыта, абмалочанай з першага снапа на Зажынках. Жыта складалі ў агульную каробку (лубку), якая ўвесь год захоўвалася ў адной з вясковых хат, – расказвае намеснік дырэктара Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства Любоў Прадка. – У хаце, дзе знаходзіўся багач, святар служыў малебен “за новы лёс i Божую шчодрасць да людзей”. Потым здзяйсняўся абыход вакол вёскі з каробкай, у цэнтры якой у зерне была ўстаўлена запаленая свечка. Пасля абыходу ішлі да хаты, у якой увесь наступны год павінна была захоўвацца каробка з жытам. Лічылася, што багач павінен прыносіць гаспадару дабрабыт, дастатак і здароўе.

Урачыста, з музыкай і народнымі песнямі ладзілася свята. Асабліва радуе тое, што ў рэканструкцыі абраду прымалі ўдзел мясцовыя школьнікі – пакаленне, якому выпала захоўваць памяць і несці беларускую культуру, традыцыі продкаў у заўтрашні дзень. У імправізаванай “хаце” (ёю стала пляцоўка каля экалагічнага цэнтра) працавалі творчая майстэрня “Лаўка цудаў” па вырабе народных абрадавых абярэгаў з саломы, пляцоўка “Ко-шык фарбаў”, дзе хлопцы і дзяўчаты займаліся стварэн-нем карцін з выкарыстаннем прыродных матэрыялаў, а таксама дэгустацыйная пляцоўка “Смачна есцi”, якая ўяўляла сабой калейдаскоп традыцыйных страў беларускай нацыянальнай кухні з агародніны, садавіны, збожжавых культур. Праходзілі творчая сустрэча “Смак восені” (майстар-клас па стварэнні вырабаў з агародніны) і выстава-продаж дароў восені “Восеньскi вiнегрэт”. З вялікай зацікаўленасцю госці свята ўдзельнічалі ў дажыначных абрадавых гульнях, конкурсах, танцах.

– Цікава было акунуцца ў свет народных абрадаў, атмасферу таго часу, паўдзельнічаць у конкурсах, – адзначыў Мацвей Дудзіч. – Гэта вельмі добра, што на Лідчыне імкнуцца зберагчы тую багатую спадчыну, якая дасталася нам ад нашых бабуль і дзядуль. Народнае свята жыве, пакуль пра яго памятаюць і працягваюць шанаваць.

– Вельмі рада, што прыняла ўдзел у такім прыгожым мерапрыемстве. Дзякуй арганізатарам, – падтрымала размову Людміла Андрушкевіч, мама дзяўчынак Дашы і Дамінікі. – На свята прыйшлі выхаванцы цэнтра, жыхары нашага новага мікрараёна. Яно атрымалася вельмі душэўным, яркім, народным і запомніцца кожнаму надоўга.

Цікавыя факты

Багач – свята, якое заканчвала цыкл вырошчвання ўраджаю. Адзначалі яго нашы продкі 21 верасня па народным календары.

У гэты дзень было прынята сядзець у хаце з агнём. У святліцы запальвалі свечку і ставілі яе ў міску са збожжам або проста праводзілі вечар пры лучыне і чыталі малітву. Лічылася, што агонь валодае ачышчальнай сілай і зараджае энергіяй жыцця.

Асаблівае значэнне пры святкаванні Багача меў культ Маці. У гэты дзень вясковыя жанчыны вадзілі карагоды, дарылі падарункі бабкам-павітухам, хадзілі ў госці да старэйшых сваячак.

Некалькі гадоў назад была выпушчана памятная манета, прысвечаная народнаму святу Багач.

 Вольга Капцевіч.

http://lidanews.by/news/life/26768news.html

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5919
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
На дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мінску перамагла дзяўчынка з Польшчы
Грамадства

На дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мінску перамагла дзяўчынка з Польшчы

26 лістапада 2018, 09:1715
Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Грамадства

Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

9 ліпеня 2024, 19:3215
Далучайцеся да нас