Як вядома, у наступным годзе старажытны і адначасова малады горад Ліда адзначыць свой 700-гадовы юбілей. У гэты знакавы для горада год юбілярам стане і адна з лідскіх вуліц, якая, дарэчы, раней так і называлася – Лідская. Цяпер гэта вуліца Валянціна Таўлая, і ў 2023 годзе ёй споўніцца 60 гадоў. Праект, прымеркаваны адразу да двух юбілеяў – горада і вуліцы, – запланаваў Дом паэта Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея.
Пра ўзнікненне Ліды напісана многа, і ў гэтым артыкуле нагадаем пра ўзнікненне вуліцы Таўлая. 11 красавіка 1963 года ў вуліцу Таўлая была перайменавана вуліца Лідская. У той дзень выканаўчы камітэт Лідскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне за нумарам 124:
“Улічваючы шматлікія просьбы і пажаданні грамадзян горада аб увекавечванні памяці таленавітага беларускага паэта і мужнага рэвалюцыянера, які доўгі час жыў і працаваў у г. Лідзе, вырашана перайме-наваць вуліцу Лідскую ў вуліцу В. Таўлая”.

Дарэчы, гэтая вуліца не адзіная ў Беларусі, якая носіць імя заходнебеларускага паэта-змагара. У гонар Валянціна Таўлая таксама названы вуліцы ў гарадах Баранавічы, Гародня, Маладзечна, Слонім, у вёсках Ганькі і Жыровічы Слонімскага раёна.
А ўвогуле, у Лідзе нямала вуліц, названых у гонар вядомых пісьменнікаў, – па падліках старшага навуковага супрацоўніка Лідскага гістарычна-мастацкага музея Валерыя Сліўкіна, больш за трыццаць. Усе яны заслугоўваюць таго, каб быць згаданымі ў юбілейны для нашага горада год. З мэтай адзначыць юбілей вуліцы Валянціна Таўлая супрацоўнікі Дома-музея, у будынку якога жыў паэт, вырашылі сабраць матэрыялы для фотавыставы “Лідскімі сцежкамі: Ліда ў імёнах пісьменнікаў”. Гэта значыць, вуліца Таўлая збярэ іншыя “пісьменніцкія” вуліцы, так сказаць, пад адным дахам – у Доме паэта. На выставе можна будзе ўбачыць зафіксаваныя з дапамогай фотакамеры моманты з жыцця той ці іншай вуліцы. Пажадана, каб яны былі прадстаўлены ў розныя поры года: летам, восенню, зімой, вясной.



– Праект быў задуманы даўно, – расказвае куратар новага праекта, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун, – але супрацоўнікам Дома Таўлая трэба было займацца іншымі пытаннямі, і да рэалізацыі яго мы прыступілі толькі з 1 верасня гэтага года. Так што зрабіць фотаздымкі “пісьменніцкіх” вуліц каляндарным летам ужо не атрымаецца. Але яшчэ радуе нас па-летняму цёплымі дзянькамі верасень. Як ужо адзначалася, вуліца Таўлая, якая ў наступным годзе адзначыць свой юбілей, у ходзе рэалізацыі праекту як бы “павядзе за сабой” іншыя вуліцы Ліды, якія носяць імёны пісьменнікаў. Гэтую вуліцу я першай абышоў са смартфонам – як толькі выйшаў з водпуску. Хаця фатаграфаваў я яе і раней – яшчэ калі рыхтавалася да выхаду кніга нашага музейнага супрацоўніка Анастасіі Каладзяжнай “Этапы жыццёвых дарог” (да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая). З пачатку верасня мы з музейным фатографам Гражынай Лянцэвіч хадзілі па “пісьменніцкіх” вуліцах, фатаграфавалі іх: я – з дапамогай смартфона, яна – з дапамогай фотаапарата. Некаторыя вуліцы знаходзілі з дапамогай навігатара або карты. Абыходзілі чатыры-пяць вуліц за дзень. Скажу, што справа гэтая нялёгкая: трэба ўбачыць адметнасці вуліцы, знайсці незвычайны аб’ект і, што важна, зафіксаваць яго пад тым ракурсам, які ўпрыгожыць фота. Гэта ж дзясяткі кіламетраў, якія мы праклалі праз горад! Ёсць вуліцы кароткія, як, напрыклад, Янкі Купалы і Лермантава, ёсць доўгія – напрыклад, Максіма Горкага і Чарнышэўскага. Будзем лічыць, што сфатаграфавалі мы “пісьменніцкія” вуліцы яшчэ ў летнюю пару. Нашы “фотапаходы”, магчыма, паўторым восенню (ужо калі лісце на дрэвах пажаўцее), зімой, вясной.
– Звяртаюся да жыхароў горада Ліды, – працягвае Алесь. – дарагія лідзяне, мы, супрацоўнікі Дома паэта Валянціна Таўлая, хочам сумесна з вамі ажыццявіць задуманае. Калі вы пражываеце на “пісьменніцкай” вуліцы або яна знаходзіцца недалёка ад вашага дома, дашліце ў Дом Таўлая зробленыя вамі яе фотаздымкі: як яна іграе пад промнямі яшчэ летняга сонца, як купаецца ў залацістай лістоце, як патанае пад снежнай коўдрай або амываецца вясеннімі ручаямі. А можа, у вашых сямейных альбомах ёсць фотаздымкі вуліц ранейшых гадоў, якія захоўваюць гістарычную памяць? Таксама будзем рады іх атрымаць. Дасылаць фотаматэрыялы можна да красавіка 2023 года на электронную пошту Лідскага гістарычна-мастацкага музея (mus@ lixmuseum.by), Дома Валянціна Таўлая (lixmtavlaj@mail.ru) або ў сацыяльныя сеткі “Вконтакте”, “Одноклассники”, “Фейсбук” з паметкай “На конкурс “Вулічнымі сцежкамі: Ліда ў назвах пісьменнікаў” (абавязкова пазначыць назву сфатаграфаванай вуліцы і аўтара фотаздымка). Найлепшыя фотаздымкі будуць змешчаны на фотавыставе ў Доме Таўлая, іх змогуць убачыць наведвальнікі экспазіцыі. Магчыма, будуць вызначаны пераможцы конкурсу, якія атрымаюць прызы.
Але да выстаўкі яшчэ далёка. Пакуль што супрацоўнікі Дома Таўлая заклікаюць лідзян: фатаграфуйце, дасылайце, зрабіце свой уклад у святкаванне юбілею горада і вуліцы Таўлая, ва ўшанаванне памяці пісьменнікаў, чые імёны носяць вуліцы Ліды!
Аляксей КРУПОВІЧ.

