Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Зміцер Захарэвіч. ПРАДЧУВАННЕ ВОСЕНІ

Зміцер Захарэвіч. ПРАДЧУВАННЕ ВОСЕНІ

20 верасня 2022, 21:14 Культура 16
Зміцер Захарэвіч. ПРАДЧУВАННЕ ВОСЕНІ

РАНІЦА  ПАСЛЯ  НАВАЛЬНІЦЫ

 

Ціхамірная,

Світанкавая,

Росная…

У лагу туман здарожаны прыснуў.

Ні вятрыскі ўсцяж,

Ні паўдрабінкі цёхкання,

Аблачынку вяз самотны прыгарнуў.

 

Адшалела навальніца,

Адсваволіла.

Не зважаючы, што пра яе вярзлі,

Шчодра смагу

                     спапяляльную спатоліла,

Напаіўшы

Грудзі ссохлыя зямлі.

 

Да пары было

Зіхценне зораў засціла

Крэпам цемрадзі

У шнарах бліскавіц

І сцябала сквар пражэрлівы

З нянавісцю

Бізунамі неба ўспененых крыніц,

 

Што струменямі

Звінелі жыватворнымі,

Ды спачылі,

Блаславіўшы на ўраджай.

Гэтаксама немым ранкам

Да спакою мкні,

Адгарэзіўшы ўначы,

Мая душа.

 

У  МЁРТВЫ  ШТЫЛЬ

 

І вятры сыходзяць на спачынак –

Склаўшы крылы на вяршынях скал,

Пазіраюць соннымі вачыма

На застылы ў цішы мой карсар.

 

Ён са шторму выйшаў толькі ўчора,

Адылі яму не да душы,

Калі ўсцяж апанаваў прастору

Неабсяжнай сінню мёртвы штыль.

 

Засталіся ва ўзбярэжных водах

Мітуслівых чаек галасы.

Пустата. Ці ж гэткае свабоды

Я шукаў, падняўшы парусы?

 

Не для форсу апрануў матроску –

Да нязнаных вырушыў зямель,

А цяпер праз прыхамаці лёсу

Нібы з ходу наляцеў на мель.

Дзень пры дні ў ром дадаю надзею,

Што вятры згадаюць пра азарт,

Каб між хвалямі

                           знік штыль без следу

І вярнуўся ў штормы мой карсар.

 

 

АМБРОЗІЯ  ЗОЛКУ

 

Цішыня свет навакольны прымарозіла,

Шэрань легла павуціннем на палі,

А над імі

Арабінавай амброзіяй*

Золак шчодра

Неба напаіў.

 

Неба НАШАЕ –

Над прошчамі і пушчамі,

Нескаронае дасюль нікім здавён,

Пракаветнае,

Святое,

Непарушнае,

Непрыступны

Духу бастыён.

 

Да краёў яно

Кожнага ранку поўнае

У спякоту,

У мароз –

Любой парой –

І пакутнікаў, і ваяроў

Зняпомненых,

Ды ўзышоўшых на яго,

Крывёй.

 

Разам з продкамі

У непарыўнай злучнасьці

Да пляча плячо стаім,

Нібы ў шыхце,

Бо і ў нашых жылах

Праўдай неўміручасці

Арабінавы настой цячэ.

 

Сувязныя

Між мінуўшчынай і прыйшласцю

Мы,

Цяперашнія,

Ведаем адно –

Тым хутчэй

Світанак збаўны цемру высляпіць,

Чым чарнейшая пануе ноч!

 

*Амброзія (грэцк. міф.) – на-пой (нектар) антычных багоў, які нада-ваў ім маладосць і неўміручасць.

ВАСІЛЬКОВЫ  ВЯНОК

 

Заўтра новы світанак

           уздыме пунсовую голаў

І ў гадзінніку стрэлкі

           завіруюць, бы часу на злом,

А ў далонях маіх

           уначы ўзгадаванае слова

Пачне біцца сініцай

           і ў неба ўзляціць жураўлём.

 

Дык шчаслівай дарогі

           да нам недасяжных дзівосаў,

Да якіх у лятунках

           апантаны я сам стырнаваў,

Дзе залевамі знічак

           прадказваюць блізкую восень

Ды аблокаў муку

            насыпае правечны млынар.

 

Там сустрэнеш сваіх

          у гасціннай блакітнай гасподзе

І па шчырым вітанні,

          пэўны, будзеш улучаны ў клін.

Перадай, калі ўспомніш

           за клопатамі, пры нагодзе

Васільковы вянок ім

            з бяскрылых абшараў зямлі.

 

АПОШНІ  ВЕРШ

 

“…Ma Main

Dans la nuit trace

                       avec peine ces lignes.

Adieu, mon cаur…”

(Guillaume Apollinaire Poеmes

а Lou, 1914-15.)1 

 

Пракураны бліндаж,

                                  святляк газніцы,

Смерць цемрай з-за пляча

Нядрэмныя ўтаропіла вачніцы

На ліст, які пачаў

 

Насуперак ёй, і канчар-аловак

Радкоў выводзіць вязь,

Хоць цягам месяца ўжо ні паўслова

Ад збегу літар – “Вас”.

 

У чым маўчання

                       прыкрага прычына?

Аднак, што ні пішы,

Важней на фронце

                       спраўнасць карабіна

За румзанні душы.

 

Няхай кладуцца на паперу гладка

Прачулых строф карэ –

Не ўспомніш

            пра няўдзячнасць адрасаткі

У згубны артабстрэл,

 

Калі зямля ад выбухаў здрыгнецца

І “цёпленькі” яшчэ

Стальным аскепкам

                              звольненая з сэрца

Кроў верш твой паглыне.

 

ПРАДЧУВАННЕ  ВОСЕНІ

 

Лета будзе наўздзіў доўгім.

А калі сады напоўніць

Іржой жухлая лістота,

Ці ўзгадае пра яго хто?

І караблік папяровы,

Змайстраваны з чулых словаў

Незакончанага верша,

На асфальце рэйс завершыць.

Перазвон начных трамваяў,

Што да парку ад’язджаюць,

Замест спеваў зніклых птушак

Застануся моўчкі слухаць.

 

Мяккі фільтар цыгарэты,

Звыкла вуснамі сугрэты,

Клапатліва нагадае,

Як даўно мяне чакаюць

Не, не сто гадоў самоты,

Праз адчай добраахвотных,

А яны, што стала пішуць

Нават у рэжыме цішы, –

Панна Чорная і Лыбідзь,

Але ў шкло пачнуць дажджы біць

І прастуджанае сэрца

Не адкажа ў тэмпе скерца.

 

Хай пакуль не веру ў восень,

Тое, знаю, хутка пройдзе.

 

МЯДЗЯК

 

Сышоўшы з бальшака жыцця,

Сачу маўкліва плынь падзеяў,

І аркуш на стале бялее,

Старонні, нібы зняты сцяг.

 

Унік паўпраўдаў мітульгі,

Што ў спрэчках,

                         як Сусвет бясконцых,

Бязлітасна, страшней за стронцый

Атручвала душу й мазгі.

Аглух для ўзрушвальных прамоў, –

Хоць сам гарохам сыпаў словы, –

Бо ад гаворачых галоваў

З вушэй напорна хвошча кроў.

 

Свядомасць мучыцца радком –

Было ў пачатку Слова Богам…

Але цяпер сакральны Логас

Звініць разменным медзяком.

 

У твань з размаху той мядзяк!

Не меў багацця – не збяднею.

Хай аркуш на стале бялее,

Нібыта беззаганны сцяг.

 

ГОСЦЯ  ВОСЕНЬ

 

У нязнанай краіне

            блукае самотная Восень,

Там залевы плюскочуць

            не часцей, чым кожны дзень,

Хмары ў небе маркоцяцца

            праз тое, што не адбылося,

А туман на палях

             штораніцу кужаль прадзе.

 

Там пажухлае лісце –

             напамін пра адгаслую спёку –

Вецер носіць бязмэтна

             па натамлёнай зямлі,

Выдзьмуваючы з посвістам

       з прасторы надстрэшнае клёкат,

Які рэхам жыцця

                   пакінулі ўлетку буслы.

 

У паветры лунае

             несціханы матыў развітання

Вачмі той, незабыўнай,

             поўня блішчыць у акне,

На сярэбраных струнах,

        нібы любаму ў часе спаткання,

Сваім мяккім святлом

          цалуючы пальцы мае.

 

Насланнё альбо одум

           апавілі відзежаю голаў? –

Глядзіць жнівень няўцямна

           з пялёсткаў календара.

Толькі Восень, пачуўшы

            настальгічныя гукі акордаў,

Падзяліцца самотай

            сціпла на каву зайшла.

 

1 “…Мая рука

Уначы выводзіць гэтыя радкі.

Бывай, мая дарагая…”

(Гіём Апалінер, з франтавога цыклу “Вершы да Лу”, 1914-15 гг.)

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5518
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
З Новым 2025 годам!
Грамадства

З Новым 2025 годам!

4 студзеня 2025, 17:5016
Далучайцеся да нас