Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Герб горада Добруша

Герб горада Добруша

15 верасня 2022, 19:29 Грамадства 99
Герб горада Добруша

Правядзенне Дня беларускага пісьменства ў Добрушы запатрабавала звярнуць увагу на даволі незвычайны герб гэтага горада. 

Герб: у зялёным полі французскага шчыта тры бухты каната срэбнага колеру з чорнымі швамі.

Сцяг: прастакутнае палатно зялёнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры аверснага боку якога гербавая эмблема – тры белыя бухты каната.

Герб і сцяг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 6 красавіка 2001 г. № 54

 

Горад Добруш вядомы з 1560 г. у Вялікім Княстве Літоўскам як вёска Гомельскага стараства Рэчыцкага павета. З 1772 г., пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, у складзе Расійскай імперыі. Каля 1795 г. тут было заснавана некалькі мануфактур, у тым ліку палатняна-ветразінавая, на якой у 1812 г. працавала 60 працоўных.  Статус горада Добруш атрымаў толькі ў 1927 г.

Зафіксаваны ў гістарычных крыніцах з сярэдзіны XVI ст., Добруш не валодаў Магдэбургскім правам, а такім чынам, на першы погляд, і сваім афіцыйным гарадскім знакам – гербам.

Калі 1 чэрвеня 2000 г. Добрушскі райвыканкам звярнуўся ў Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь з просьбай распрацаваць герб горада, то супрацоўнікам аддзела геральдыкі і генеалогіі ўдалося знайсці цікавую інфармацыю, якая тычыцца мінулага дадзенага райцэнтра Гомельскай вобласці. У “Гербоведе”, які выдаецца Рускай Геральдычнай калегіяй, гаворыцца, што Добруш развіўся “з прамысловага, акружанага з усіх бакоў лясамі, мястэчка, вядомага вытворчасцю канатаў, ветразяў і драўляных вырабаў”. І далей: “У … (дата не паказана) годзе быў Найвысока зацверджаны герб Добрушу з наступным апісаннем: “У зялёным полі тры бухты каната срэбнага колеру з чорнымі швамі”. Наданне герба гораду Добрушу, дапускае С.Е. Расадзін, “адбылося ў валадаранне Кацярыны ІІ, у канцы XVIII ст., бо менавіта тады афіцыйна зацвярджаецца цэлая серыя гарадскіх гербаў, распрацаваных Расійскай герольдмейстарскай канторай у такім жа стылі. Гербы такога роду адлюстроўвалі вытворча-эканамічную спецыфіку населенага пункта”.

Такім чынам, стаяла задача не стварэння, а ўзнаўлення гістарычнага герба.

Што ўяўляюць з сябе гэтыя бухты каната, якія вырабляліся ў Добрушы і ішлі на продаж два стагоддзі назад? Асноўная цяжкасць пры рэканструкцыі герба складалася менавіта ў правільнай перадачы малюнка. У энцыклапедычным слоўніку Ф.А. Бракгаўза і І.А. Ефрона, выдадзеным у 1891 г., прыводзіцца апісанне прадмета, які цікавіць нас: “Бухта – так званая ўсякая снасць (трос, вяроўка), складзеная ў выглядзе кругоў, цыліндраў, эліпсаў ці іншай формы. У продаж гэты тавар (канат) паступае наматаным у клубкі, на цыліндрычныя дзеравякі”. Па правілах геральдыкі гербавы малюнак павінен займаць найбольшую плошчу шчыта, таму лагічна было змясціць тры бухты каната так, як яны прадстаўлены ў эталонным варыянце.

Аўтар рэканструкцыі М.М. Ялінская.

Крыніцы: Адамушка, В. І. Гербы і сцягі Беларусі / В. І. Адамушка, М. М. Ялінская. – Менск : Беларусь, 2006. – 254 с.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды
Мова

Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды

21 лютага 2026, 19:4920
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

15 лістапада 2025, 12:4220
Беларускія і польскія гісторыкі абмяркоўваюць складаныя пытанні
Грамадства

Беларускія і польскія гісторыкі абмяркоўваюць складаныя пытанні

4 снежня 2018, 16:0918
Названы лаўрэат “Мядовай літаратурнай прэміі- 2018”
Выданні

Названы лаўрэат “Мядовай літаратурнай прэміі- 2018”

13 снежня 2018, 10:5117
Далучайцеся да нас