Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Урачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў

Урачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў

1 верасня 2022, 08:07 Грамадства 21
Урачыстасці  ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў

Удзень 20 жніўня на палявым алтары-караблі, што побач з касцёлам нібы плыве па-над азёрамі Браслаўшчыны, адбылася цэлебрацыя святой Імшы, якая стала кульмінацыяй урачыстасцяў у гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў.

Сёлета Браслаўскі фэст праходзіў пад дэвізам “Маці супакою, маліся за нас”. Ён распачаўся ў пятніцу 19 жніўня прыбыццём пілігрымаў і святой Імшой, падчас якой 76 юнакоў і дзяўчат з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Працягнула ўрачыстасць начная працэсія са свечкамі вакол Замкавай гары і святая Імша апоўначы перад цудадзейным абразом Маці Божай Браслаўскай.

 На наступны дзень, у суботу, галоўную ўрачыстую цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Перад Імшой арцыпастыра шчыра прывітаў гасцінны гаспадар, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, ураджэнец Браслава.

Словы вітання пастыр Касцёла на Віцебшчыне скіраваў таксама пілігрымам і сваім сабратам: найстарэйшаму каталіцкаму іерарху ў Беларусі біскупу Казіміру Велікасельцу з Пінскай дыяцэзіі, біскупам Юрыю Касабуцкаму і Аляксандру Яшэўскаму SDB з Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Апостальскаму візітатару для беларускіх грэка-католікаў архімандрыту Сяргею Гаеку, а таксама ксяндзу Юзафу Фігелю SDS, Правінцыялу супольнасці сальватарыянаў, прадстаўнікі якой ўжо шмат гадоў нясуць служэнне ў Браслаўскай парафіі пры дыяцэзіяльным санктуарыі Валадаркі Азёраў.

 Біскуп Буткевіч асобна прывітаў прысутных на ўрачыстасці прадстаўнікоў мясцовай улады: старшыню Браслаўскага райвыканкама Вячаслава Грышчанку і яго намесніцу Вольгу Вялічку.

– Да нашай Нябеснай Маці, якую тут, у Браславе, ушаноўваем як Валадарку Азёраў і нашых сэрцаў, прыходзім зноў, вандруючы з розных куткоў нашай краіны. Тут, пад Яе Матчынай апекай сапраўды можам назваць сябе шчаслівымі. Яна любіць нас і туліць да свайго сэрца як сваіх дзяцей.

Няма кутка на нашай зямлі, дзе б не ўзносілася хвала нашай Нябеснай Маці: з поўдня на поўнач і з захаду на ўсход мы праслаўляем Тую, якая нарадзіла нам Божага Сына і засталася найпрыгашэйшым узорам чысціні і паслухмянасці. Бялынічы, Брэст, Баруны, Лагішын, Будслаў, Менск, Жыровічы, Гародня, Тракелі, Гудагай і вось тут, між блакітных азёраў у Браславе прагнем праславіць Яе, а разам з Ёй Яе Сына і нашага Бога ў Тройцы адзінага. Будзем прасіць Яго, каб сваёй прадбачлівасцю кіраваў лёсамі свету, нашай краіны і жыццём кожнага з нас, – сказаў з пачуццём біскуп Буткевіч.

 – З надзеяй углядаемся ў цудоўны твар нашай Маці і прагнем адчуць сябе на Яе руках. Прыносім Ёй наш клопат за нашу краіну і ўвесь свет, які сёння, як, магчыма, ніколі дагэтуль, патрабуе асаблівай Божай ласкі і міласэрнасці.

Да Яе, Маці супакою, а разам з Ёй да Нябеснага Айца з даверам прагнем узнесці малітвы аб паратунку і літасці да сучаснага свету. Аб навяртанні і Божай мудрасці для тых, ад каго сёння залежаць лёсы свету.Аб навяртанні і Божай мудрасці для нас, бо мы і ёсць тая Божая ніва, якая павінна прыносіць багаты плён годнага хрысціянскага жыцця, трывалых сем’яў, адданага пастырскага служэння і адказнага служэння грамадству.

 Вядзі нас, Маці, да свайго Сына, бо толькі маючы Яго ў сэрцы мы можам трываць у супакоі і несці супакой іншым, – падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч непасрэдна перад Імшой, пасля чаго запрасіў арцыбіскупа Станеўскага ўзначаліць цэлебрацыю.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу на сардэчнасць і пяшчоту, якую ў Божы дом – святы Касцёл – прыўносіць чулая любоў Маці.

 Напрыканцы Імшы іерарх, які ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’яўляецца адказным за моладзь, асаблівым чынам звярнуўся да маладых удзельнікаў урачыстасці, запрасіўшы іх у наступным годзе ўзяць удзел у Сусветных днях моладзі, што пройдуць у Лісабоне.

Арцыбіскуп таксама прапанаваў юнакам і дзяўчатам разам заспяваць спеў праслаўлення Нябеснага Айца і Маці Божай, прысвяціўшы яго старэйшаму пакаленню, і сам ад алтара заінтанаваў папулярную моладзевую песню “О, праслаўляйце Яго, ўсе народы”.

Яе з энтузіязмам падхапіла прысуная на ўрачыстасці моладзь, а таксама ўдзельнікі вялікага зводнага хору, што ўпрыгожыў сваім спевам урачыстую літургію. У склад гэтага вялікага калектыву ўвайшлі ўдзельнікі хора браслаўскай парафіі пад кіраўніцтвам Іны Сапун, а таксама хору Salutaris пад кіраўніцтвам Вольгі Янум і іншыя ўдзельнікі летняй школы касцёльнага спеву, якая ўжо ў пяты раз праходзіла сёлета ў Браславе па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам галоўнага арганіста менскага катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі, дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіміра Неўдаха.

 Здавалася, што менавіта дзякуючы спевакам і іх велічнаму спеву гімна Te Deum пасля Камуніі на нейкі момант хмарнае неба праяснілася, і з-за шэрых аблокаў заззялі залатыя промні сонца.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Алег Буткевіч уручыў дыпломы падзякі святарам, якія сёлета адзначылі 35-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння: Генеральнаму вікарыю Віцебскай дыяцэзіі ксяндзу прэлату Францішку Кіселю і брату Тадэвушу Кавальскаму OFMCap, душпастыру Цэнтра дапамогі залежным ад алкаголю. На наступны год пастыр Віцебскай дыяцэзіі сардэчна запрасіў усіх прысутных у Браслаў на чарговы фэст у гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў.

Тэкст: Мікола Гракаў.

Фота: Віталій Палінеўскі.

Catholic.by.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3619
Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію
Грамадства

Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію

28 сакавіка 2019, 17:0618
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
З Новым 2025 годам!
Грамадства

З Новым 2025 годам!

4 студзеня 2025, 17:5017
Далучайцеся да нас