Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Случчына ў жыцці і творах Якуба Коласа

Случчына ў жыцці і творах Якуба Коласа

26 ліпеня 2022, 22:13 Выданні 43
Случчына ў жыцці і творах Якуба Коласа

Сёлета ў канцы траўня менскае выдавецтва “Ковчег” выпусціла ў свет тыражом 80 экземпляраў (176 старонак з ілюстрацыямі) кнігу жыхара горада Слуцка Анатоля Жука “Якуб Колас. Случчына. Случакі”. Як напісана ў анатацыі, яна адрасуецца ўсім, хто цікавіцца мінуўшчынай роднага краю.

На старонках выдання аўтар расказвае пра некаторыя факты, звязаныя са знаходжаннем Якуба Коласа (сёлета ў лістападзе спаўняецца 140 гадоў з дня яго нараджэння) на Случчыне ў пачатку 1920-х гадоў. Тады ён працаваў лектарам на настаўніцкіх курсах і жыў у Слуцку, а праз некаторы час перабраўся на жыхарства ў вёску Новы Двор.

У нашым горадзе Якуб Колас пазнаёміўся з шэрагам ураджэнцаў і жыхароў Случчыны, а каго-нікаго з іх называў сваім сябрам (напрыклад, Язэпа Дылу). Яго знаёмствы са случакамі адбываліся і пазней, на працягу жыцця і творчай дзейнасці. Сярод слуцкіх знаёмцаў паэта – настаўнікі і дзяржаўныя дзеячы, пісьменнікі і літаратуразнаўцы, навукоўцы. Аўтар расказвае пра тое, як склаўся іх лёс, як пасля знаёмства з некаторымі случакамі Якуб Колас ледзь не стаў “врагом народа”, але ў выніку быў толькі сведкам на судовым працэсе па “справе лістападаўцаў” у 1926 годзе. Тая справа мела шырокі розгалас у друку (не толькі беларускім), некалькі разоў была тэмай для пасяджэнняў Бюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, а 28 студзеня 1926 года значылася ў парадку дня пасяджэння Палітбюро ЦК ВКП(б) у Маскве. Менавіта там было вызначана (а не ў судзе!), што прыгавор случакам, якія праходзілі па “справе лістападаўцаў”, “должен быть не выше 3-5 лет тюрьмы”.

Як сказаў у размове Анатоль Жук, наўрад ці кола слуцкіх знаёмцаў народнага паэта абмяжоўваецца названымі ў кнізе прозвішчамі, іх можа быць значна больш. Іншая справа, што не ўсім меркаваным знаёмствам удалося знайсці дакументальнае пацвярджэнне. У кнізе змешчаны ўспаміны некаторых случакоў пра сустрэчы з Якубам Коласам (напрыклад, пісьменнікаў Алены Васілевіч, Юркі Гаўрука, Сцяпана Ліхадзіеўскага, настаўнікаў Андрэя Лешчанкі, Аляксея Новіка).

Якуб Колас не абмінуў увагай Случчыну і ў сваёй літаратурнай творчасці. Напэўна, многія памятаюць радкі з паэмы “Новая зямля” пра тое, як Міхал і Антось паехалі на агледзіны гаспадаркі, якую мелі намер купіць, і як

“Прад імі Случчына ляжала,

Старонка міла і багата”.

А ці звярнулі ўвагу на тое, што Случчыну і случакоў Якуб Колас згадвае некалькі разоў у трылогіі “На ростанях”? Пра гэта таксама расказваецца ў кнізе “Якуб Колас. Случчына. Случакі”.

Калі не памыляюся, у гэтым выданні ўпершыню ў такой колькасці і ў такім фармаце пададзены чытачам факты, што аб’яднаны тэмай “Якуб Колас і Случчына”. Тэкст выдатна дапаўняюць фотаздымкі з указаннем іх крыніц, хоць, на мой погляд, здымкаў магло быць крыху больш. Немалаважна і тое, што аўтар дапоўніў сваё даследаванне спісам літаратуры, якая паслужыць дадатковай крыніцай інфармацыі для тых, хто пажадае больш падрабязна пазнаёміцца з названай тэмай.

Набыць кнігу Анатоля Жука “Якуб Колас. Случчына. Случакі” можна ў менскім магазіне “Акадэмкніга” (праспект Незалежнасці, 72), а даведацца пра яе наяўнасць у продажы – па тэлефонах: +375 (17) 379-46-52; +375 (17) 379-50-43.

Алесь Красавіцкі,

жыхар г. Слуцка.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0517
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2816
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3416
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2116
Далучайцеся да нас