5 чэрвеня ў саборы Узвіжання Крыжа Гасподняга Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку прайшла бажэственная літургія, якую ўзначаліў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Найсвяцейшы патрыярх прыбыў у Беларусь на святкаванне 1030-годдзя праваслаўя на беларускіх землях.
На святочным набажэнстве прысутнічалі ўсе беларускія епіскапы і чальцы Святога сінода Рускай праваслаў-най царквы (РПЦ). Патрыярх Кірыл памаліўся за мір ва ўсім свеце, а таксама павіншаваў вернікаў, святароў і прадстаўнікоў абласной і мясцовай улады з вялікім святам. Ён падкрэсліў, што Полацкая епархія, якая з’явілася на беларускіх землях больш за тысячу гадоў назад, перажыла шмат выпрабаванняў, асабліва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ды і ў паваенны час святары вытрымалі нямала ганенняў, але не зракліся сваёй веры.
– Прыняцце хрысціянства менавіта ў гэтым месцы паслужыла моцным штуршком да распаўсюду веры Хрыстовай ва ўсіх ускраінных землях. Гісторыя гэтай епархіі, як і Полацкай зямлі, няпростая. Тут праходзілі франты. Самы складаны і цяжкі – той, які склаўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але было і шмат іншых нашэсцяў іншапляменнікаў. Памежная частка вялікай Русі, усёй гістарычнай Русі, гэта зямля прымала на сябе шматлікія ўдары, – падкрэсліў найсвяцейшы патрыярх.
Ён правёў аналогію з чалавекам, які вырас у цяплічных умовах і без досведу не можа супрацьстаяць няўдачам і выпрабаванням. Толькі той грамадзянін, тая краіна, што вынеслі нямала нягод, могуць загартавацца і стаць мацней.
– Што значыць выбіты з каляіны чалавек? Той, хто не можа ўносіць уклад у жыццё сваёй сям’і, грамадства, дзяржавы. Звычайна вонкавыя ворагі, заваёўваючы зямлю, сеюць страх, замяшанне, страту арыенціраў у душах, каб народ і зямля сталі лёгкай здабычай, – адзначыў патрыярх Кірыл і дадаў, што ў Беларусі і Расіі гэтага не здарылася, таму што ў самыя цяжкія моманты гісторыі захоўваўся дух народа.
Царква для дзяржавы – духоўная апора не толькі ў славянскіх краінах. Па меркаванні кіраўніка РПЦ, вялікі дар праваслаўнай веры неабходна ўмацоўваць у сэрцах людзей, асабліва моладзі, якая знаходзіцца пад уздзеяннем сучаснага інфармацыйнага струменя, а ў большасці прадстаўнікоў падрастаючага пакалення не выпрацавалася крытычнае стаўленне да ўсяго, што даходзіць да іх з інтэрнэту. Важна больш працаваць з моладдзю, развіваць і падтрымліваць нядзельныя школы, будаваць узаемаадносіны з сістэмай адукацыі, каб і ў агульнаадукацыйнай школе выкладалі асновы праваслаўя.
– Гэта трэба, каб дзеці маглі далучацца да самага галоўнага, на чым засноўваецца ў тым ліку і сапраўдны патрыятызм, – любові да Айчыны. Не можа хрысціянін, якога Бог заклікае любіць блізкага, не любіць сваю краіну, свой народ, – акцэнтаваў увагу прадстаяцель РПЦ.
Найсвяцейшы патрыярх таксама распавёў, што Віцебская зямля для яго блізкая, бо ён 25 гадоў служыў на Смаленшчыне.
– Той досвед, які я атрымаў у гэтым нечарназем’і, ніколі б я не атрымаў ні ў Пецярбургу, ні ў Маскве, ні ў якіх-небудзь іншых месцах і не мог бы быць сёння патрыярхам, дасведчаным у жыцці нашай царквы ў глыбінцы. Вось чаму я заўсёды з увагай і любоўю наведваю епархіі нашай царквы, тут вось і фармуецца духоўнае жыццё нашага народа, – распавёў найсвяцейшы патрыярх.
Ён пажадаў усім жыхарам Віцебскай вобласці ўмацоўвацца ў веры і памятаць, што яна першасная.
– Усе астатнія лаяльнасці другасныя, але без гэтай веры і любові да Бога не можа па-сапраўднаму фармавац-ца ніводная чалавечая лаяльнасць. Мы ведаем, як руйнуюцца шлюбы, каханне, калі няма веры і адказнасці перад Богам, народам, краінай. Чалавек, які баіцца Бога і дасведчаны, што здрада – гэта вялікі грэх, ніколі гэтага не зробіць, – павучаў вернікаў патрыярх Кірыл і выказаў надзею, што Віцебская зямля і далей будзе ўяўляць прыклад веры і набожнасці.
Святары таксама ўспомнілі шлях вялебнай Ефрасінні Полацкай, якая была ўзорам чысціні і адданасці Богу.
– Нездарма яе імя ўслаўлена ў стагоддзях. Каго яшчэ так шануюць народы Беларусі і Расіі, перад кім схіляюць калені, да каго звяртаюць свае малітвы? Да той самай Ефрасінні, якая злучыла і дзяржаўнае служэнне, і несумнеўны ўплыў на грамадства з найглыбокай верай, а таму здзяйсняла вялікія і добрыя справы, – з цеплынёй адазваўся пра подзвіг беларускай заступніцы найсвяцейшы патрыярх.
Алеся Пушнякова, БЕЛТА.
Фота Аксаны Манчук.