ДЫПЛОМ і САЧАНКА
Куратарам нашай першай групы на журфаку Белдзяржуніверсітэта ў быў малады дацэнт, будучы доктар гістарычных навук, прафесар Іван Іванавіч Сачанка, які выкладаў замежную журналістыку і літаратуру. Між ім і паступіўшымі вайскоўцамі, у ліку якіх быў і я, сяржант Барысенка, з першага курса ўсталяваліся вельмі прыязныя таварыскія адносіны, якія з часам перараслі ў шчырае сяброўства. Мае сябры-нябожчыкі Мікола Дым і Валера Драздоў ніколі не крыўдзіліся, калі ён увесь час блытаў іх прозвішчы. Разам мы толькі смяяліся!
Калі прыйшла пара напісання дыпломаў, у нас зайшла размова пра багатую спадчыну Якуба Коласа, і Сачанка нечакана прапанаваў : “Слухай, напішы-ка ты пра ягоную творчасць у вайну!” Так нарадзілася мала тады вывучаная тэма “Публіцыстыка Я. Коласа ваеннага перыяду”. Кіраўніком дыпломнай стаў сам Сачанка, а рэцэнзентам – наш непаўторны дэкан Рыгор Васільевіч Булацкі. Абараніўся я, з адзнакай, 29 траўня 1975 года… З тага даследавання і пачалося маё бясконцае знаёмства з унікальнай творчасцю песняра.
Калі збіраў, аналізаваў і асэнсоўваў матэрыял (чытаў, як заўжды раблю, не толькі “па тэме”, але і вакол яе) знайшоў прызнанне Коласа ў тым, што ён лічыў сябе ў абсалютна аднолькавай ступені паэтам і празаікам. І сапраўды: што лепш (калі гэта ўвогуле можна неяк параўноўваць) – ліра-эпічная паэма “Новая зямля”, якую Пятрусь Броўка назваў своеасаблівай “Калевалай” беларускага народа, ці эпічная трылогія “На ростанях”, якую Іван Навуменка лічыў першым буйным празаічным творам беларускай літаратуры, дзе ва ўсім сваім багацці і бляску заззяла беларуская мова?!
Вось урывачак з трылогіі: “Яму па душы быў і гэты глухі куток Палесся, і гэты народ з яго асаблівай моваю і звычаямі, так не падобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх выйшаў Лабановіч, гэты некрануты край старажытнасці, якая на кожным кроку кіда-лася яму ў вочы і затрымлівала на сабе ўвагу, і гэты выгляд самой мясцовасці, агульнага тону якой не мог яшчэ ўлавіць, але ў якой таксама было многа цікавага і, на яго погляд, павабнага”, – чытаем у першай частцы твора.
А цяпер нагадаю пачатак “Новай зямлі”:
Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны маёй убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю.
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцця па парадку
Прайсці яшэ раз, азірнуцца,
Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя, –
К вясне б маёй хацеў вярнуцца.
Да “Новай зямлі” трэба дадаць яшчэ адзін шэдэўр нашай паэзіі пачатку мінулага стагоддзя – ліра-эпічную паэму “Сымон-музыка”, пяць частак якой, адзначаў памерлы ў 38-м у Паўночным чыгуначным лагеры таленавіты літаратуразнавец Адам Бабарэка, адпавядаюць пяці кругам жыцця і “блукання паміж нябёсаў і зямлі” галоўнага героя. “Сымон-музыка” стаў вобразам беларускага паэта-адраджэнца, які, па словах таго ж рэпрэсаванага Бабарэкі, перадусім аддаў сваю пяснярскую энергію на змаганне за нацыянальную і сацыяльную свядомасць беларусаў. Таму ён і тварыў адпаведную песню ды сам пракладаў ёю ў жыцці “пяснярскую каляіну”. Кожны раз, калі перачытваю гэты вершаваны расказ пра адоранага ад прыроды вясковага хлопчыка, якога бацька выгнаў з хаты, і які апынуўся сярод добрых і злых людзей, здзіўляюся ўнікальнасці і разнастайнасці зместу, падтэкставым, як кажуць, плыням, філасофскаму сэнсу, моўнаму багаццю і гучанню… Прачытайце-перачытайце, хто гэтага яшчэ не зрабіў, і вы адчуеце, акрамя ўсяго, сапраўдную асалоду ад пейзажных замалёвак! А з якім замілаваннем намалёваны прыродныя стыхіі і ўсе поры года!
Працу над геніяльным творам пясняр распачаў у верасні 1911-га, адразу пасля выхаду з турмы. Стварэнне твора, героя якога наш знаны філосаф і літаратуразнавец Уладзімір Конан параўноўваў з героем антычнай міфалогіі Арфеем, было для паэта, як распавяла ў сваёй кнізе “Якуб Колас. Пясняр зямлі і неба Беларусі” ягоная ўнучка Вера Міцкевіч, “своеасаблівым выратаваннем ад цяжкіх думак, беспрытульнасці, неўладкаванасці і беспрацоўя”. Колы пакутаў Сымонкі, якому мудры стары пастух Курыла дорыць спачатку дудку, а перад смерцю – скрыпку і смык, “выклікалі асацыяцыі з асабістым тупіковым становішчам, коламі свайго жыцця. Але, калі паэт тварыў, сваё набалелае адыходзіла на другі план”.
Дарэчы, задума напісання абедзвюх паэм прыйшла да аўтара менавіта ў турме. “Была ўжо ноч, калі прывялі мяне ў мінскі астрог разам з маімі двума сябрамі… – распавядае ён у публіцыстычным артыкуле “Цені мінулага”. – Камера мела выгляд бруднае запушчанае клеткі, куды сходзяцца нанач цёмныя людзі, аматары глухіх дарог, Голыя, колісь беленыя сцены, пазіралі панура пры бледным асвятленні невялічкай куравай лямпачкі. Усе мясціны ў сценах былі на дзірках, як пабіты воспаю твар. Гэта – сляды ад цвікоў, на якіх арыштанты вешалі свае манаткі. У галовах над пасцелямі віселі торбачкі з убогім скарбам іх гаспадароў і бушлаты – суконныя арыштанцкія курткі. Каля дзвярэй пры сцяне стаялі збітыя з дошак паліцы, дзе ляжаў хлеб, арыштанцкія дзённыя пайкі, лыжкі і іншы скарб. Угары над дзвярыма красаваўся напісаны вуглём каляндар.
… Столь была ўся ў рыжых плямах і падцёках. Камера была набіта людзьмі розных узростаў і сацыя-льнага палажэння. Усе катэгорыі арыштантаў таксама былі тут перамешаны…”.
БРОЎКА І ЗБОРНІК
Колас быў глыбоканаглядальным, удумлівым і палымяным публіцыстам. Гэта падкрэсліў у прадмове да ягонага зборніка публіцыстычных і крытычных артыкулаў, якія ўпершыню былі сабраныя разам толькі ў 1957 годзе, згаданы вышэй Пятрусь Броўка. У кнізе на 600 старонках, якая стала падарункам журфакаўскага настаўніка, і якую я, вядома ж, захаваў да гэтага часу, змешчаны амаль усе публіцыстычныя артыкулы, выказванні, заметкі і прамовы паэта. У ліку прамоў – “К мести, братья-славяне!”. З ёй Колас выступіў 9 траўня 1943 года на Трэцім Усеславянскім мітынгу ў Маскве.
Вось яе крыху скарочаны тэкст: “Без малого два года зверствуют фашистские грабители на белорусской земле. Дорого обошлись немецким оккупантам попытки придавить к земле свободолюбивый белорусский народ. За время войны народные мстители Белоруссии уничтожили более 150 000 гитлеровских солдат и офицеров.
Где бы ни находился белорус – на фронте, в партизанском отряде, в тылу, – он всюду горит одним желанием: истребить взбесившееся фашистское зверьё, избавить от этой напасти родную Белоруссию. Во имя этой возвышенной и благородной цели самоотверженно борется и доблестно трудится белорусский народ.
Братья белорусы! Наступила весна. Пусть вдохнёт она в сердца новые силы, ещё выше поднимет ваш дух непреклонной воли к борьбе! Пусть вся наша земля -от Беловежской пущи до Приднепровья, от Бреста до Гомеля, от Белостока до озёрной Витебщины – запылает под ногами врага! К мести, братья славяне! К беспощадной и неугасимой мести! Пусть гитлеровские палачи захлебнуться в своей собственной крови!”.
Зычны голас публіцыста пясняр узняў супраць фашызму і прыгнёту пілсудчыкаў у Заходняй Беларусі, за захаванне міру і культуры ва ўсім свеце яшчэ ў сярэдзіне трыццатых. Ён стаяў у радах лепшых пісьменнікаў, якія сваім вострым словам выступалі ў абарону прагрэсу, супраць вайны і разбурэння.
У Вялікую Айчынную публіцыстыка Коласа набыла асабліва дзейснае значэнне. Побач з гнеўнымі вершаванымі радкамі пра тое, што змяіны зброд спыніць можна толькі дубінай, што месца цемрашалаў – на эшафоце, што не трэба даваць перадышкі гітлераўскай зграі, каб спусціла дух і кішкі яна ў родным краі, з’яўляліся палымяныя, як прыведзены вышэй, заклікі да бязлітаснай барацьбы супраць ненавісных захопнікаў. Яны гучалі не толькі з трыбун народных мітынгаў. На акупаванай тэрыторыі, у партызанскіх атрадах, на фронце, у тыле іх чыталі ў газетах і лістоўках, слухалі па радыё. А як уславіў народны паэт у сваіх палымяных артыкулах перамогу! “Радостно видеть, – пісаў публіцыст-змагар у надрукаваным у “Советской Белоруссии” за 8 жніўня 1944-га артыкуле “Чудо-богатырям Красной Армии”, – как после мрачных дней, окутанных густым туманом, вдруг проглянет солнце и в его животворных лучах раздвигаются дали земли, а над ними свешивается ясное, глубокое небо. Такую радость испытывает сегодня каждый из нас, когда мы оглядываемся на огненный путь по-беды, пройденный вами, воины-герои, легендарные богатыри великой Красной Армии”.
Прыводжу гэтыя радкі і адначасова ўспамінаю верасень 1996-га – размову з Нілам Гілевічам, якога шмат хто недалюбліваў. На пытанне, якія жыццёвыя факты яму больш за ўсё запомніліся, апошні народны паэт, які пайшоў ад нас 29 сакавіка 2016-га, адказаў, што найперш – дзень вызвалення, калі ён убачыў, як стомленыя, брудныя ад поту і пылу, але са “Священной войной” на вуснах уваходзілі ў вёску савецкія салдаты. Тады ўпершыню ад шчасця ён не стрымаў слёз… А самы дарагі ўспамін ягонай літаратурнай маладосці быў звязаны менавіта з Якубам Коласам. Гілевіч паспеў не толькі шмат разоў пабачыць і паслухаць Коласа, але і адчуць бацькоўскі поціск яго рукі. На сваім юбілейным вечары сусветна вядомы класік падзякаваў яму, студэнту-другакурсніку філфака, за прысвечаныя вершы, якія яму вельмі спадабаліся.
Сярод іншых публіцыстычных артыкулаў я з вялікай цікавасцю перачытаў “Пездку на Асінбуд”. І гэта зусім не выпадкова, бо пачынакцца ён з успамінаў пра маю родную Воршу. Па дарозе ў траўні 1929-га на Асінбуд да Коласа далучыўся мастак з Украіны. У Воршы яны ўзыйшлі на высокую дняпроўскую кручу (дзе ж яна цяпер?!.) і палюбаваліся прыго-жымі відамі горада. Увечары схадзілі ў аршанскі чыгуначны клуб. Аглядалі будынак, знаёміліся з яго бібліятэкай, чытальняй, усімі дастасаваннямі для культурнага адпачынку гараджан. Клуб зрабіў вельмі моцнае ўражанне, быў падобны сваім знадворным выглядам на палац. Двор перад ім шырокі, прасторны. Граў духавы аркестр. У бібліятэцы , даведаліся, – трыццаць тысяч кніжак. У чытальні – спіс часопісаў, што ўстанова выпісвае. Наведалі і дзіцячы прывакзальны сад. “Рэзідэнцыя загадчыцы – малюсенькі пакойчык, вельмі бедна абстаўлены. Тут яна і жыве і тут жа вядзе кіраўніцтва сваёй установай. Трудная гэта справа, і пры цяжкіх умовах прыходзіцца весці работу, але маладая спецыялістка дасканала спраўляецца з ёю, выступаючы ў ролі і адміністратара, і дзелавода, і бухгалтара, і настаўніцы”. Сёння некаторыя спецыялісты ад культуры і што-небудзь адно толкам зрабіць не могуць…
Колас піша, крамя іншага, што аднайменная станцыя заўсёды набіта народам. Вельмі цяжкае ўражанне пакідаюць сем’і перасяленцаў. “На запыленых і забруджаных лахманах, на цвёрдым каменным памосце – маткі з малымі дзецьмі… За выступам сцяны стан-цыённага будынка хіліцца сям’я: бацька. маці і трое дзяцей. Гэта селянін з Полаччыны, едзе ў Прыўралле, дзе ўжо асела яго “радзіна” (радня). Маленькі хлопчык гадоў пяці, прыкрыты кажушком, капрызіць і плача, просіцца дадому. На яго шчасце, у мяне знайшоўся кусок шакаладу, што на нейкі час яго супакоіла і пагадзіла з горкаю доляю перасяленца”.
НАРОД І КЛАСІК
Пра лёс свайго народа Колас думаў пастаянна. З народам ён быў звязаны ўсё сваё жыццё. Выразна бачыў мэту, дзеля якой працаваў, – свабода і шчасце людзей, бо з малых гадоў зразумеў несправядлівасць, якая яго акаляла. Княжацкія палацы з аднаго боку і пахілыя, абімшэлыя, курныя хаты – з другога. Раскошныя вопраткі паноў і панят і збуцвелае зрэб’е на сялянскіх плячах. Адкрытыя шляхі да навукі багатым і немагчымасць вучыцца бедным. Неабдымныя прасторы княжацкіх уладанняў і вузенькія гіблыя палоскі бацькоў і аднавяскоўцаў. Усё гэта выклікала з дзяцінства горкі і сумны настрой. Дзякуй Богу, матчын голас не траціў дабраты і мяккасці. Кастусь вельмі любіў, як мама спявала. У сваіх успамінаў Канстанцін Міхайлавіч распавядаў : “Прыедуць госці, падгуляюць і тады заводзяць песні і жанкі, і мужчыны. Тут ішлі ў ход найболей жартоўныя мелодыі. Галасы, у тым ліку і матчын, рабіліся прарэзлівымі, як бы штучнымі. А мне падабала ся іншае. Управіўшыся з чарнейшаю работаю па хаце і па гаспадарцы, маці садзілася, як на адпачынак, за верацяно, або за шытво. Яна спачатку адзывалася ледзь чутна, тонка-тонка, як шчыгол, прабуючы голас, ці не ахрып часам за ноч. Потым матчына песня бралася ў сілу і запаўняла хату… І калі пачынаю ўяўляць гэту хату і маці пры рабоце – здаецца, чую і песню…” З матчынай песняй у сэрцы і ствараў Колас да канца свайго жыцця незабыўныя творы, сярод якіх і “Рыбакова хата”:
Пытае вецер у раслінак:
– Чаму зіма вас не ўзяла?
І кажуць тысячу былінак:
– Мы ад зямельнага цяпла!
Пытае холад у крыніцы:
– Чаму цябе я не спыніў?
Яму адказвае вадзіца:
– З зямлі струменіць мой разліў.
Пытае бура старца-дуба:
– Чаму цябе я не зламлю?
І кажа дуб:
– Я ўрос ў зямлю,
З зямлёю жыць у дружбе люба.
Што тут дадаць? Толькі тое, што я працягваю сваё бясконцае знаёмства з неўміручай творчасцю волата нашага працалюбівага народа Якуба Коласа.