Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Выйшаў з друку наваградскі літаратурны альманах “Стольны град” № 2

Выйшаў з друку наваградскі літаратурны альманах “Стольны град” № 2

27 красавіка 2022, 06:33 Выданні 28
Выйшаў з друку наваградскі літаратурны альманах “Стольны град” № 2

У Лідзе выйшаў з друку другі выпуск наваградскага літаратурнага альманаха “Стольны град”. Уклала альманах наваградская паэтка Святлана Абдулаева пад рэдакцыяй Станіслава Судніка. Альманах распачынаецца вершамі таленавітага паэта з Наваградчыны Андрэя Пяткевіча (1966-1995). З паэтычнай спадчынай Андрэя Пяткевіча чытачоў знаёміць Васіль Кузьміч. А вершы Андрэй Пяткевіч пісаў цудоўныя:

Сівы вечар, сіні вечар

Ля парога ціха енчыць.

Смела ты заходзь у хату,

Бо я скінуў з вокнаў краты…

 

Парадуюць чытачоў лірычныя паэтычныя радкі Святланы Абдулаевай, Зміцера Арцюха, Марыі Быт, Уладзіміра Гайдука, Міхася Зізюка, Васіля Кузьміча і Янкі Паддубіцкага.

 

Белы голуб

У нябеснай сінечы

Белы голуб лунае…

І мяне вабіць нечым

Воля-вольная тая.

З гэтай птушкай на роўных

Я лятаю без крылаў –

І ў снах каляровых

Шлюць анёлы мне сілаў.

У нябеснай сінечы

Белы голуб лунае –

Повязь цесная з вечным –

Траекторыя тая…

Святлана Абдулаева.

 

*   *   *

Ты – загадка мая.

Я ўжо месяц гадаю,

Варыянты кручу.

Невядомасць – грызе.

І не ведаю я:

Ці люблю, ці кахаю…

Проста думкі лічу,

Як кругі на вадзе.

 

Ты – загадка мая.

Дні, як дзённік, гартаю.

Кожны позірк – акно…

Час няўмольна ідзе.

І не ведаю я,

Што пішу, што чытаю.

Толькі знаю адно –

Разгадаю цябе!

Зміцер Арцюх.

 

Свінарка

 Мне знаёмая Прузына

Ідзе на працу балярынай.

Зграбнаногая, на шпільках.

Павадок, сабака Філька.

Падмалёваныя вочы.

Не жанчына – фея крочыць.

На губах – ну кветка ружа.

У “прыкідзе” і без мужа.

Не пазногці – кіпцюры,

Сантыметры мо па тры.

Міні верх і міні ніз,

Не Прузына, а сюрпрыз.

Рот адкрыеш, не маргнеш,

Пройдзе, дых перавядзеш.

Уся ў гонары і шпаркасць,

Так на працу ідзе свінарка.

Боты там надзене з гумы

Да свінячага парфуму.

Вось вам імідж яркі

Ад мясцовае свінаркі!

Уладзімір Гайдук.

 

З прозай у “Стольным градзе” выступаюць усё той жа Міхась Зізюк і Раіса Крывальцэвіч. Раіса Крываль-цэвіч цікава разважае ў сваіх мініяцюрах пра жыццё і восень, бо “хутка настане час астраў – рознаколерных восеньскіх зорак…”. Па-беларуску загучалі вершы ў альманаху Гаўрылы Шутэнкі, Яраслава Яраша, Уладзіміра Высоцкага, Аляксандра Пушкіна, Валерыя Брусава, Зінаіды Гіпіўс, Максіміліяна Валошына, Уладзіміра Хадасевіча, Юны Морыц, Аляксея Суркова, Іосіфа Бродскага ў перакладзе Уладзіміра Бармуты.   

Наталля Кузьміч і Галіна Кавальчук у сваіх даследаваннях распавядаюць пра апавяданні Антона Чэхава і Максіма Гарэцкага як спробу тыпалогіі мастацкага свету, пра паэтыку апавяданняў Кузьмы Чорнага, пра асаблівасці мастацкага часу ў апавяданнях Галіны Багданавай, а таксама пра лёс храмаў Наваградчыны ў другой палове ХХ стагоддзя.

Сяргей Чыгрын,

г. Слонім.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4720
Збіральнік скарбаў зямлі беларускай
Навука

Збіральнік скарбаў зямлі беларускай

14 верасня 2023, 22:5319
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0516
Вучні 11-й лідскай школы аб захаванні гістарычнай памяці
Грамадства

Вучні 11-й лідскай школы аб захаванні гістарычнай памяці

17 мая 2022, 20:4215
Далучайцеся да нас