Home
Культура

Этнакрама “Цудоўня” адзначыла сямігоддзе

Этнакрама “Цудоўня” адзначыла сямігоддзе

Гарадзенская этнакрама “Цудоўня” адзначыла першыя сем год. Здаецца, невялікі час, але для людзей, якія яе стварылі, развівалі і правялі праз незлічоную колькасць выпрабаванняў, гэта сапраўды значны тэрмін. “Месца, дзе жывуць цуды” – так пазіцыянуе сябе крама, і бясспрэчна тое, што – з улікам усіх грамадска-палітычных падзеяў апошніх дзесяцігоддзяў – само яе існаванне і ёсць проста цуд.

 Цёплы вясновы дзень, гарадзенскія вуліцы запоўнены ўрачыстай мітуснёй: вернікі спяшаюцца ў касцёлы пасвяціць велікодныя стравы. І ў ціхім дворыку ў самым цэнтры таксама святочная атамсфера, але з іншай нагоды. Менавіта тут знаходзіцца “Цудоўня”, і сёння яна працуе ў напаўсвяточным фармаце – таму што, нават адзначаючы дзень народзінаў уласнай крамы, яе гаспадары ні за што не адмовяць тым, хто завітаў за годнымі беларускімі рэчамі.

Заснавальнік “Цудоўні” Андрэй Несцяровіч узгадвае, як у 2015 годзе крама нарадзілася і пачала свой неверагодны жыццёвы шлях. Ужо на той момант у Андрэя быў вялікі досвед удзелу ў гістарычных фэстах, у асноўным у Расіі – і гэта наштурхнула яго на разважанні пра стан беларускай традыцыйнай культуры. “Тое, што я бачыў у Расіі, як яны шануюць, як папулярызуюць свае рамесныя традыцыі… А нават тое, што не сваё, выдаюць за сваё і таксама папулярызуюць. Мне было вельмі крыўдна за беларускую культуру ў гэтым плане, за тое, што мы беларусы так мала ведаем пра свае традыцыі”. Так і ўзнікла ідэя стварыць “Цудоўню”. Пачатковую канцэпцыю крамы складалі сучасныя вырабы паводле гістарычных узораў, але даволі хутка асартымент пачаў развівацца ў этнаграфічным і нацыянальным кірунку.

 Сёння палічкі крамы цікавыя і разнастайныя: тут можна знайсці керамічны і парцалянавы посуд, самыя розныя драўляныя рэчы для дома, упрыгожанні, цацкі, адзенне, торбы і заплечнікі, сувеніры і гравюры, і вельмі цікавыя традыцыйныя і сучасныя музычныя інструменты. Уся гэтая разнастайнасць паяднаная важнымі адметнымі рысамі: усе рэчы створаны менавіта беларускімі майстрамі і зроблены ўручную. А кожная рэч ручнога вырабу – абсалютна непаўторная, гэта сапраўдная раскоша, якую тым не менш вельмі лёгка ўпісаць у сваё паўсядзённае жыццё і карыстацца не проста таму, што трэба, а яшчэ і з вялікай асалодай. “Цудоўня” яднае пад сваім дахам творчасць каля 150 майстроў з усёй Беларусі, і ў гэтым надзвычайная каштоўнасць гэтага месца. Ці часта мы ведаем нават пра тых рамеснікаў, што могуць жыць зусім побач і штодня займацца стварэннем прыгожых густоўных рэчаў? Далёка не заўжды. А між тым менавіта такімі таленавітымі працавітымі людзьмі мае ганарыцца краіна. І як мінімум жыхарам Гародні вельмі лёгка адкрыць для сябе гэты свет дзякуючы “Цудоўні”. Ну а ўсім астатнім заўжды можна завітаць на сайт крамы.

 Значнае і ганаровае месца ў краме займаюць палічкі з беларускімі кнігамі. Гэта адзінае месца ў горадзе, дзе можна знайсці столькі самай разнастайнай літаратуры па-беларуску: дзіцячай і дарослай, мастацкай і гістарычнай, класічнай і сучаснай. “Сучасная беларуская літаратура клёвая і цікавая, – заўважае Андрэй. – А людзі яшчэ так шмат аўтараў не ведаюць, памятаючы толькі Коласа і Купалу”. 

Алёна Несцяровіч, дзякуючы якой у “Цудоўні” пануе казачная і высокаэстэтычная атмасфера, некалі патрапіла сюды выпадкова, на фотасесію ў вышыванках для газеты. Цяпер Алёна ўзгадвае, што некалі нават не ведала пра краму, хаця ўвесь час захаплялася культурай Беларусі, шукала кнігі на беларускай мове, адзенне ў этнастылі. І атрымалася так, што не толькі знайшла шмат цікавага і патрэбнага адразу, але і стала часткай “Цудоўні”, засталася працаваць і прыўносіць у гэтае месца новыя ідэі.

 Але зусім несправядліва лічыць і называць “Цудоўню” проста крамай.  Усе сем год існавання гэтае месца выконвала важную ролю культурнай пляцоўкі, на якой адбываліся дзясяткі разнастайных імпрэзаў: выступы пісьменнікаў, журналістаў і гісторыкаў, творчыя вечары, канцэрты і тэатральныя прадстаўленні, майстар-класы, танцы, выставы, курсы беларускай мовы. Уся тая значная частка беларускай культуры, якая па вядомых прычынах не знаходзіла падтрымкі ў дзяржаўных установах, трапляла да людзей дзякуючы “Цудоўні”. Алёна ўзгадвае і ўласны праект пра кінапрагляды па-беларуску на свежым паветры ў дворыку каля крамы і плануе яго аднаўленне і працяг.

З культурнымі пляцоўкамі падобнай значнасці ў беларускіх гарадах, цяпер ужо нават у сталіцы, вельмі складана. А што тычыцца беларускай мовы, без яе сапраўдная беларуская культура проста немагчымая. На жаль, нават у такім гістарычна значным месцы, як Гародня, беларуская мова – нячастая з’ява. Таму такую важную ролю для горада адыгрывае “Цудоўня” – месца, дзе заўжды ёсць з кім і аб чым паразмаўляць па-беларуску.

 Калі ў 2020 годзе здарылася эпідэмія каронавіруса, “Цудоўні”, канечне, давялося няпроста. Не абмінулі яе і ўвага ўладаў. Але “Цудоўня” выжыла, цалкам захавала свой фармат і працягвае развівацца. На тле эміграцыі беларусаў за мяжу і перамяшчэння туды самых розных ініцыятыў ды ўстаноў часам можа падавацца, што ў самой Беларусі ўжо нічога і не засталося – але гэта зусім не так, і “Цудоўня” – адзін са шматлікіх таму доказаў.

 …Пакуль гаспадары прымаюць віншаванні ад сяброў і знаёмых, “Цудоўня” працягвае жыць сваім жыццём, ні на хвіліну не спыняючы сваю важную місію. Пара, якая завітала па падарунак для сяброў за мяжой, хлопец, якому спатрэбіліся кантакты беларускіх гісторыкаў – кожны зможа знайсці тое, што яму трэба.

– Ёсць людзі, якія пастаянна крычаць: “Куды коціцца гэты свет?”, а ёсць людзі, якія коцяць гэты свет, – заўважае адзін з гасцей, маючы на ўвазе пад апошнімі, канешне ж, каманду “Цудоўні”. Напэўна, у гэтым яна і ёсць, беларуская нацыянальная ідэя: у руплівай стараннай працы, у любові да сваёй краіны, яе самабытнасці, яе гісторыі і жаданні рабіць усё магчымае, каб навучыць гэтай любові іншых.

Кацярына Шуст.

Previous article Пастырскае пасланне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Вялікдзень 2022 года
Next article Зміцер Захарэвіч. ВЯЛІКДЗЕНЬ ПРЫЙДЗЕ

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202526
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202516
Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША
Спорт

Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША

жнів 6th, 201915
"Ідуць касцы, звіняць іх косы, вітаюць іх буйныя росы…"
Культура

"Ідуць касцы, звіняць іх косы, вітаюць іх буйныя росы…"

ліп 13th, 202115