79 гадоў таму назад, у далёкім 1943 годзе, перастала існаваць беларуская вёска – Хатынь. Семдзесят дзевяць гадоў прайшло з таго часу… Але людзі не забыліся тых, хто загінуў за нашу светлую будучыню. Жалобна і ўрачыста б’юць хатынскія званы, чарнеюць каміны спаленых хатынскіх хат. Зелянеюць тры далікатныя бярозы – сімвал жыцця, а на месцы чацвёртай шугае полымя. Вечны агонь на зямлі Хатыні – гэта вечная памяць жывых, гэта гімн мужнасці і любові да Радзімы. Званы гучаць па рознаму, але Хатынскі набат чутны ва ўсім свеце. Тут могілкі ўсіх вёсак, спаленых у Беларусі ў часы Вялікай Айчыннай вайны…
Гэтаму журботнаму дню ў гісторыі беларускага народа бібліятэкары дзяржаўнай установы культуры “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” прысвяцілі цыкл мерапрыемстваў “Хатынь – святыня нацыянальнай памяці”, якія ўвайшлі ў бібліятэчны праект “Памяць аб мінулым для будучых пакаленняў”. У ходзе мерапрыемстваў, прысвечаных трагедыі Хатыні, гучалі словы аб захаванні памяці і адказнасці беларусаў за мірную будучыню краіны.
Так, у філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 3” прайшла гадзіна памяці “Хатынь – наша памяць і боль”. Падчас размовы былі закрануты падзеі таго часу, якія адбыліся 22 сакавіка 1943 года. Юныя чытачы здейснілі віртуальную экскурсію ў мемарыяльны комплекс “Хатынь”, а таксама пачулі аб ваенных падзеях, якія адбываліся на тэрыторыі Лідскага раёна ў вёсцы Леснікі. У завяршэнні мерапрыемства дзеці абмяняліся ўражаннямі аб пачутым.
У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы была прадстаўлена да ўвагі наведвальнікаў кніжная выстава “Хатынь – гэта памяць сэрца”. Гісторыя трагедыі беларускай вёскі, цалкам спаленай фашыстамі, нікога не можа пакінуць абыякавым. Боль, смутак і памяць аб гэтай падзеі перададзены на выставе праз творы мастацкай літаратуры і графікі.
22 сакавіка ў філіяле “Бярозаўская гарадская бібліятэка” ладзілася завочная экскурсія “Хатынь: сімвал вечнай памяці і смутку беларускага народа”. Удзельнікам паведамілі пра жудасную падзею Вялікай Айчыннай вайны, 79-годдзе якой мы адзначаем у сакавіку бягучага года, затым прысутныя праглядзелі і абмеркавалі даку-ментальны фільм “Каты Хатыні”.
У мэтах выхавання пачуцця любові да сваёй Радзімы, адказнасці за сучаснасць і будучыню краіны ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 4” адбылася інфармацыйна-выхаваўчая гадзіна “Дзень Хатынскай трагедыі”. Хвілінай маўчання ўдзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць нявінна загінуўшых мірных жыхароў Хатыні і іншых вёсак Беларусі, цалкам спаленых фашысцкімі акупантамі.
У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 2” прайшоў інфармацыйная гадзіна “По кім звоняць званы Хатыні”. Гэтае мерапрыемства – даніна памяці кожнаму трэцяму беларусу, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Размова вялася аб трагедыі генацыду беларускага народа. Цікава было школьнікам убачыць ваенныя рэліквіі, франтавыя фотаздымкі, якія выкарыстоўваліся ў якасці дадатковага матэрыялу. Таксама падчас інфармацыйнай гадзіны наведвальнікі пазнаёміліся з выставай, прымеркаванай да Года гістарычнай памяці.
Выставу-напамін “Званы Хатыні” падрыхтавалі супрацоўнікі філіяла “Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя Валянціна Таўлая”.
Беларусам ніколі не забудуцца страшныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а пакуль жывая памяць пра той страшны час – будзе жывы і беларускі народ.
Загадчык аддзела бібліятэчнага
маркетынгу ДУК “Лідская раённая
бібліятэка імя Янкі Купалы”
Дар’я Марцінкевіч.